• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Пранціш уклаў у голас як мага больш пранікнёнасці, і гер Пфальцман размяк. Ён каротка пераклаў расповед Пранціша жонцы, і фрау Эльза ажно ўсхліпнула ад расчуленасці і ласкава паглядзела трохі пукатымі светлымі вачыма на блакітнавокага высакароднага юнака, які трапіў у бяду з-за палкасці пачуццяў, якім, вядома, жанчыны з вялікім сэрцам не спачуваць не могуць.
    Лёднік, прабачце, гер Лотман, мудра маўчаў.
    Мясцовы лясун відавочна прыйшоў у добры настрой і перастаў учыняць падарожным гадасці. Вецер Сутон працягваў наганяць хмары і плявацца халоднай вадой. Але Пранціш і Лёднік ехалі ў экіпажы Пфальцманаў. На абодвух былі нямецкія касцюмы, такія ж, як на гаспадары карэты. Двух дукатаў, вядома, шкада, але таргавацца не даводзілася — Пранціш выдатна адчуваў мяжу беражлівасці дабрадзеяў, за якую пераступаць нельга. 3 прычыны таго, што ўсе найміты збеглі, Лёдніку давялося быць за фурмана — бо вусаты Генрых кіраваў павозкай з застрашлівай жалезнай чарапахай.
    Між тым Пфальцман забыўся на непрыемны выпадак і набыў выгляд самазадаволены да агіды. Ён паблажліва паглядаў на спіну Лёдніка, чыя залежнасць ад ягонае ласкі была яму, падобна, страшэнна прыемнай, нарэшце перасеў бліжэй да былога сябра і загаварыў.
    — I чаму гэта, гер... Лотман, апошнія гадоў дзесяць я пра цябе нічога не чуў? — голас немца можна было на
    булку замест мёду мазаць. — Ты ж такім свяцілам быў... Трактат пра солі напісаў, артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе друкаваў. Прафесар Гофман лічыў цябе новым Парацэльсам. А ты, аказваецца, у хатнія настаўнікі пайшоў! Можа, таксама нешта вынайшаў за гэты час, але сціплічаеш?
    Лёднік пахмура скасавурыўся на былога аднакурсніка.
    — Хваліцца мне няма чым. На маім млыне малоліся адны камяні, а з іх хлеба не спячэш.
    Куртаты Пфальцман ад гэтых слоў яшчэ больш раздзьмуўся і ўмудраўся паглядаць на высокага суразмоўцу зверху ўніз. Пранцысю зрабілася страшэнна крыўдна — гэта ж, уласна кажучы, ставілася пад сумніў каштоўнасць таго, што належала яму, Вырвічу! Чаго гэты Лёднік сябе прыніжае! Ён жа, на погляд абазнаных у алхіміі, навуковы подзвіг здзейсніў, філасофскі камень знайшоў, алхімічнае золата здабыў, тут якраз ацанілі б!
    — Бутрым, ды пакажы яму шкеліцу! — штурхануў слугу пад локаць Вырвіч. Але Лёднік, не выпускаючы лейцы з рук, толькі працяў юнака цяжкім позіркам і ўпарта паўтарыў:
    — Мне няма чым пахваліцца.
    Пранціш ажно засычэў ад расчаравання. Сам ён ні хвілечкі б не прамарудзіў пакрасавацца, каб было чым. Як можна дапускаць, каб нехта, дурнейшы за цябе, над табой узносіўся? Але Бутрыма гэта, падобна, зусім не турбавала. Гэтак жа спакойна ён адмовіўся складаць зорны прагноз шляху, які іх чакае, чым невымерна Пфальцмана здзівіў — Пранцысь зразумеў, што Лёднік у маладосці лічыўся майстрам такой справы і прадказанні рабіў ахвотна.
    3 неба зноў ліўся паскудны дождж, які барабаніў аб скураны навес павозкі. Лёднік і Пфальцман пачалі ўспамінаць падзеі прускай вайны, падчас якой абодвум давялося зашыць нямала ран і адрэзаць горы раструшчаных канечнасцяў. Фрау Эльза час ад часу спрабавала
    спыніць крывавую гаворку, але мужчыны рассмакаваліся, і Вырвіч задрамаў пад натхнёны расповед пра цікавыя прэцэдэнты як даставанне кулі з сёмага пазванка.
    Пад вечар давялося зноў выцягваць павозку з калюжыны. Пасля фрау Эльза вылучыла ўсім па кавалку белага хлеба, лусце вяндліны і цыбуліне, а Пранцішу дык нават дастаўся кавалачак саксонскага перніка на мёдзе, які фрау ашчаджала, каб час ад часу ўспамінаць салодкі смак роднага дому. Да бліжэйшай карчмы было яшчэ гадзіны дзве, бо рухаліся яны з-за жалезнай чарапахі дужа марудна, дарога была больш падобная да рабрыстай дошкі, якой гаспадыні шаруюць бялізну, і коні стамляліся. Вось і зноў — чарговы адпачынак.
    Затое выпала магчымасць трохі пахадзіць па лесе, размяцца. Пранціш адышоўся да маладых хвоек і выхапіў шаблю: нельга закідваць высакароднае мастацтва фехтавання! Выпад, выпад, узмах, адбіць, прапароць... Вырвіч забыўся на ўсё на свеце, уяўляючы на месцы хвоек, з якіх так і абляталі ссечаныя галінкі, бяссілых супраць спрыту і сілы вырвічаўскай варожых рыцараў. Раптам пры выпадзе з разваротам шабля Пранціша стукнулася аб метал... Лёднік улез са сваёй шабляй! Паківаў галавой расчаравана, адступіў на крок, адсалютаваў зброяй, як робіцца перад кожным паядынкам, і па-настаўніцку скамандваў:
    — У пазіцыю!
    Гэты дактарок што, вырашыў выпрабаваць баявое ўменне шляхціца? Ну, зараз атрымаеш!
    Пранцысь кінуўся на Лёдніка, спадзеючыся збіць з таго фанабэрыю... Але неяк хутка аказаўся без шаблі. Выбітая з рукі нейкім невядомым чынам, яна ўторкнулася ў вільготную глебу побач з норкай лясной мышы.
    Лёднік занудным голасам тлумачыў Пранцысю ягоныя памылкі — і наконт паставы, і наконт увагі, і як правільна адбіваць удар... Вырвіч ужо нічога не чуў, толькі шум уласнай крыві... Схапіў шаблю — і на доктара...
    Ды што ж гэта такое!
    Задыханы Вырвіч, з потнымі кудзерамі, прыліплымі да ілба, хрыпла дыхаў і глядзеў на сваю шаблю, якая зноў ляжала на зямлі. Лёднік схаваў зброю ў похвы, падышоў да юнака і ўзяў за плечы:
    — Паглядзі на мяне! Чуеш? Удыхні і затрымай дыханне! Так! Цяпер выдыхні... Яшчэ раз... Пастарайся супакоіцца. Cave сапет, бойся сабакі, як казалі рымляне, і асабліва ўласнага гневу.
    Пранціш з прыкрасцю страсянуў з сябе рукі слугі. Хацелася плакаць, але слёзы былі б ганьбай. Яшчэ хацелася адлупцаваць паскуднага доктара, так, каб у нагах валяўся, падла. А той стаў перад панам, скрыжаваўшы рукі на грудзях, сур’ёзны, як прафесар на іспыце.
    — Я бачу ў табе два розныя тэмпераменты, якія, відаць, дасталіся ў спадчыну па родавых лініях і ўступаюць у канфлікт. 3 аднаго боку — ты жыццярадасны, здольны да спачування, празрысты і хуткі, як вада ў ручаі. 3 другога — у тваёй крыві занадта шмат агню, калі ты ўсхваляваны, абражаны, агонь успыхвае, кроў бяжыць хутчэй, і ты губляеш над сабой уладу і робішся жорсткім. Гэтая якасць узмоцніцца, калі пачнеш ужываць алкаголь. Кепска, што ў моманты перавагі другога, халерычнага, тэмпераменту ты нічога не чуеш, не ўспрымаеш... Калі размахваў шабляй, я да цябе лёгка падышоў са спіны. Ты мусіш вучыцца ўладаць сабою!
    — А ты мяне і навучыш, значыць? — раздражнёна прамовіў Пранцысь. — А я, між іншым, не дазваляў табе скрыжоўваць са мной зброю! Гэта ты што, адпомсціць захацеў за мінулае, калі я шаблю табе да горла прыставіў?
    Лёднік разгубіўся, нават пачырванеў.
    — Як табе ў галаву такое прыйшло? — злосна прамовіў ён. — Я сам усё жыццё кіраваўся тым, што, калі ёсць чаму і ў каго навучыцца, трэба не ўпускаць такой магчымасці! I калі можаш падзяліцца ведамі, трэба гэта
    рабіць. Але, відаць, некаторыя высакародныя асобы маюць устойлівую агіду да навукі...
    Лёднік пакрыўджана адвярнуўся. Пранцысь некалькі разоў паводле парады доктара глыбока ўздыхнуў. Два тэмпераменты... Агонь і вада... Што ж, лепей, чым чорная жоўць альбо флегма.
    — А дзе ты так фехтаваць навучыўся?
    — У Лейпцыгу, — неахвотна адказаў доктар. — Ва ўніверсітэце кожны бурш павінен удзельнічаць у студэнцкіх двубоях — на шаблях, з морам крыві... Спецыяльна ставяць навічка супраць самых моцных — каб выпрабаваць, ці зможа стрываць раны, ці не схібіць. Хочаш выжыць — вучыся біцца і цярпець. А я ў кожнай навуцы прагнуў дайсці да вяршынь. А потым... усялякія школы былі. На вайне і доктар павінен умець абараніцца.
    Пранціш памаўчаў, яшчэ раз уздыхнуў:
    — Гэй, доктар, пакажы той прыёмчык... Калі ты апошні раз у мяне шаблю выбіў.
    Лёднік, вытрымаўшы імгненні гонару, моўчкі павярнуўся. Выпрабавальна паглядзеў на гаспадара, маланкава выхапіў шаблю:
    — У пазіцыю!
    Цяпер Пранціш быў упэўнены, што кожную вольную хвілю знаходжання побач з доктарам той будзе выкарыстоўваць, каб напружваць альбо мазгі маладога гаспадара, альбо ягонае фізічнае цела...
    Адзіная выратавальная думка — затое гэты настаўнік пры ўсёй сваёй суровасці ні дысцыплінай не адхвастае, ні ў карцэр не пасадзіць. А вось Пранцысь яго можа адлупцаваць! I той нічога не зробіць і не ўцячэ, мураш бяскрылы.
    Шлях цягнуўся страшэнна марудна — пешкі, магчыма, дайшлі б хутчэй. Затое хапала часу на разважанні. Дапамагаць Пфальцманам — гэта вельмі добры і, магчыма, адзіны шанц патрапіць у Слуцкі замак. Але ж трэба і знайсці Аляксандра Сапегу! А той, як сцвярджалі чуткі, спыніўся са сваім войскам на падыходзе
    да горада, у будынку кавалергардыі. У горад яго не пускаюць, але й прагнаць не могуць: узброенае перамір’е, ён з Радзівілам усё роўна як два шчупакі застылі над маленькай паўжывой рыбкай, ведаючы, што, калі пачнуць біцца за здабычу, адзін аднаго зжаруць, ускаламуцяць усё возера, а рыбка, глядзіш, і выслізне.
    Пранціш сядзеў побач са сваім слугою на козлах брычкі, весела пабоўтваючы нагамі ў нямецкіх чаравіках і недарэчных белых панчохах, якія зрабіліся плямістымі, як леапард. Пфальцманы драмалі ззаду на сенніку, воз з жалезнай чарапахай цягнуўся за брычкай, як грахі за грэшнікам. Лёднік упэўнена кіраваў коньмі і вучыў Пранцыся вымаўляць без акцэнту нямецкія фразы.
    Апошнія елачкі расчыніліся ў прыцемку, замільгалі хаты... Наперадзе гарэлі цьмяныя агні ў вокнах камяніцаў...
    — Стой! Хто такія?
    Дарогу перагарадзілі людзі ў амарантавых жупанах каралеўскіх войскаў, асвятляючы падарожных паходнямі. Пранцысь насунуў капялюш як мага ніжэй, зрабілася млосна, як перад іспытамі. Няўжо зноў? Лёднік таксама апусціў галаву.
    Якуб Пфальцман вылез наперад.
    — Я доктар Якуб Пфальцман з Лейпцыгу! Вязу дэкарацыі і піратэхнічныя прылады да тэатра найяснейшага князя Гераніма Радзівіла!
    — А, Гераніма Радзівіла? А ці не ёсць гэтыя дэкарацыі толькі, так бы мовіць, дэкарацыямі? — з’едліва адгукнуўся высокі ўлан. — Можа, вы дапамагаеце пану Радзівілу рыхтаваць паўстанне супраць нашага законнага караля? Пакажыце, што везяце!
    — Па якім праве? — абурыўся гер Пфальцман, які звык, што імя Радзівілаў выклікае ў сустрэчных звычайна багавейлівы жах.
    — Па загадзе генерал-маёра Аляксандра Сапегі! — адказаў улан, і Пранціш ускінуўся: вось дык шанц!
    — А дзе зараз найяснейшы пан Сапега?
    — А табе што за справа, немчык? — пагардліва кінуў улан і нават палаш з похваў трохі высунуў, каб пастрашыць падшыванца. Пранцысь жа забыўся, у якім ён зараз абліччы. Але пазбаўляцца шанцу сустрэцца з Сапегам было немагчыма. Вырвіч саскочыў з брычкі, наблізіўся да ўлана і пачаў тлумачыць пра таемнае і тэрміновае пасланне.