• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Папершае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні... Па-другое, Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але, калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. I Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак...
    Ён нават не паабяцаў ёй нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці... Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку... He да таго было — вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся... Бо ўсведамленне «мяне чакаюць» павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека,
    і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынта.
    Сплылі гады, як сухое лісце па восеньскай вадзе, і вярнуўся Лёднік у заняпалы Полацк, дзе пошасць забрала і ягоных бацькоў, і бацьку панны Рэніч. Доктар прыйшоў у такі знаёмы дом пацікавіцца, чым можа дапамагчы дачцэ свайго настаўніка... I яна стаяла і глядзела на яго ганарыстымі сінімі вачыма, і яму страшэнна карцела папытацца, ці ўсё яшчэ ён уладарыць ейным сэрцам, і не асмельваўся...
    А яна проста сказала:
    — Мне — нічога не трэба. Але нічога і не змянілася. Я чакаю.
    Ён не хацеў траціць сябе на нешта, акрым таемных навук... I болып не бачыўся з паннай. Нават калі патрапіў у страшэнную нястачу з-за свае апантанасці — не пайшоў да яе... Бо ведаў, што спляжыць і ейнае майно, і ейнае жыццё. I Бутрым зрабіўусё, каб да Саламеі не дайшлі чуткі пра ягоную дамову з панам Агалінскім — выкупіла б... А ён таго няварты.
    Але ніхто яшчэ не змог уберагчы трэску ў сэрцы вогнішча.
    — Калі б я ажаніўся з ёю — яна б загінула... He ажаніўся — усё роўна загубіў яе.
    Пранцысю дужа не спадабалася адчайная нянавісць да сябе, што гучала ў голасе алхіміка. Нібыта зараз ён разаб’е сваю ўпартую галаву аб іржавыя краты. А той яшчэ дастаў запаветную шкеліцу з алхімічным золатам і паныла разглядаў, як увасоблены дакор.
    — Загубіў — дык ратуй! Чаго дарэмна плакацца?
    Для хлапца ўсё выглядала гранічна проста.
    I Лёднік прыжмурыў цёмныя вочы, нібы пабачыў сонца, і схаваў сваю шкеліцу...
    — Дзіця мудрэйшае за цара Саламона, так... Твая праўда, пан Вырвіч. Відаць, Гасподзь не дарэмна паслаў цябе на дарогу да Валожына.
    Доктар дастаў з кішэні хустачку, акуратна прамакнуў драпіну на ілбе, якая пачала ўжо зацягвацца, абцёр твар і агледзеўся вакол зусім іншым позіркам — як кухар глядзіць на тушку каплуна.
    — Зброя ёсць? — папытаўся. — Можа, хоць сцізорык які прыхаваў?
    Пранціш паматаў галавой. Акрым як зберагчы ліст ваевадзянкі, нічога яго не цікавіла падчас арышту. Алхімік палез у свой бот і дастаў нататнік Вараняці. Потым з сілай тузануў вокладку — Пранціш не паспеў яго спыніць — і вынуў з карэньчыка кнігі жалезны востры стрыжань. Вырвічу ажно дух заняло: гэта ж старажытнагрэцкае сціло Вараняці, з якім той так насіўся! Вось дык Лёднік, што значыць вучоны! За раніцу вынюхаў скарб, а Пранціш колькі нататнік з сабой цягаў — нават да канца прачытаць не даў рады.
    Між тым Бутрым нахіліўся і пачаў асцярожна калупацца сцілом у замку кратаў з такім выразам твару, нібыта рабіў складаную непрыемную аперацыю на гнайніку. Невядома, як хутка яго чакаў бы поспех і якім чынам намерваўся лекар, узброены сцілом, справіцца з жаўнерамі, але пачулася вар’яцкае галёканне, коні панесліся, фурман гарлаў, як падпечаны... Вязні стукаліся аб сцены, як дзве бульбіны ў гаршку, што коціцца з гары.
    Што б ні здарылася, у гэтым для іх была надзея. Тым болып што Юдыцкі лаяўся, зрываючы голас, пагражаў камусьці каралеўскім судом і радзівілаўскай помстай...
    Карэта тузанулася, рэзка пахілілася набок, відаць, страціўшы кола, яшчэ трохі працягнулася па зямлі і спынілася... Адразу дзверы расчыніліся: жаўнер Юдыцкага, на чыім мяккім твары заблукала абыякавая бязлітасная ўсмешка, трымаў два пісталеты скіраванымі на вязняў і не збіраўся траціць час на пагрозы альбо малітвы... Вось яна, смерць хуткая і неспадзяваная. Пранцысь, да свайго расчаравання, не паспеў прыняць мужнай паставы, хаця б горда скрыжаваць рукі на грудзёх,
    як належала сустракаць апошнюю хвілю носьбіту герба «Гіпацэнтаўр». А вось лекар паспеў нібыта чорная вужака слізнуць наперад і, наколькі мог у цеснай клетцы, захінуць сабой маладога гаспадара... А яшчэ зрабіў пры гэтым нейкі дзіўны маланкавы рух рукою ад шыі. Стрэлы з пісталетаў прагучэлі, але разам з крыкам болю.
    Пранцысь усвядоміў, што жывы... I нават не паранены. I Лёднік стаяў на нагах на пахіленым дне карэты... А вось жаўнер, енчучы, трымаўся рукамі, што згубілі пісталеты, за вока, з якога тырчэла жалезная спіца... Старажытнагрэцкае сціло, якім, магчыма, пісаў на васковых дошчачках вершы кучаравы паэт, а магчыма, нехта таксама даставаў вочы бліжняму свайму. Паранены выкуліўся з карэты... Але замест яго з’явіўся новы персанаж з тым жа атрыбутам, а менавіта настаўленым на зняволеных пасажыраў пісталетам. Твар незнаёмца быў завязаны шалікам, зверху яго прыкрывалі шырокія брылі капелюша... Разбойнік? Прыхадзень ссунуў шалік. Белыя бровы і вейкі, спаласаваны шнарамі ружовы твар, дзіўныя бяздонныя вочы... Пан Герман Ватман! Пранціш мімаволі сунуў руку ў халяву бота, дзе быў прыхаваны ліст Багінскай. I не ўцячы, і не абараніцца... Лёднік прасычэў скрозь зубы нешта падобнае да «не кароста, дык адзёр» і зноў паспрабаваў захінуць сабой Пранціша.
    Пачуўся стрэл... Але пан Ватман, якога, падобна, дужа забаўляў спалох пасажыраў, цэліў не ў іх, а ў замок на кратах. Куля перабіла дужку, краты нарэшце з незадаволеным рыпеннем адчыніліся. Але вязні неяк не спяшаліся выходзіць, надта няпэўным выглядала іх становішча. Ватман усміхаўся са злой весялосцю.
    — Ну што, кураняткі, па-ранейшаму хочацца да Радзівілаў на булён? Я б параіў не спяшацца на кухню. А ты, хлапчыска, падзякуй адной пекнай неслухмянай паненцы... Яна прасіла табе перадаць — выконвай даручанае. I асцярожней — наступны раз, можа, сам цябе прыдушу, калі пад руку пападзешся ды не на той бок станеш.
    Сунуў пісталет за пояс і выскачыў з карэты. Лёднік і Пранцысь асцярожна высунуліся за ім. Вакол былі сляды сапраўднай баталіі. Два жаўнеры — ці мёртвыя, ці непрытомныя — ляжалі ў кустах спінамі ўверх, у карэце застаўся запрэжаным адзін конь, які ўжо і не спрабаваў зрушыць яе з месца. Hi двух другіх жаўнераў, у тым ліку і параненага ў вока, ні пана Юдыцкага не было. Ватман падхапіў канцом шаблі з зямлі нешта бела-шэрае, калматае, падобнае да здохлай курыцы.
    — Ну, суддзя, усё-ткі згубіў свой парык!
    Ватман грэбліва кінуў судзейскае ўпрыгожванне на куст ядлоўцу, парык пачапіўся якраз на вершаліну, ад чаго куст адразу прыпадобніўся да прывіда з зялёным цёмным тварам.
    — Бывайце, чарадзейнічкі!
    Пранціш агаломшана глядзеў услед Ватману, які скакаў на белым дрыгканце прэч, у той бок, адкуль яны прыехалі... Каля павароту дарогі да Ватмана далучыўся яшчэ адзін вершнік. I шкаляр ведаў, хто той другі, зграбненькі ды невысокі, што нават рукой яму памахаў... He забылася, не кінула свайго пасланца! Ад гарачага пачуцця ў Пранцыся аж слёзы на блакітныя вочы навярнуліся — хоць хмарку здаля расцалаваць, хоць бліжэйшую ялінку абняць ад паўнаты душэўнай... Але грубы Лёднік, далёкі ад тонкасцяў куртуазных, тузануў хлапца за рукаў:
    — Пан, вядома, можа мроіць сабе тут да раніцы, але радзівілаўскія найміты вернуцца ў любы час. А мы, між іншым, збеглыя арыштанты...
    Пранцысь ачомаўся. I сапраўды, не да абдоймаў з ялінкамі, трэба ўцякаць, калі хочаш у будучым жывую дзяўчыну да сэрца прытуліць. Але Лёднік, замест таго каб выконваць свае ж словы, падышоў да аднаго з небарак, што ляжалі у кустах, стаў на калені, перавярнуў яго, памацаў шыю...
    — Жывы... Нічога... Паўгадзіны паляжыць, ачомаецца.
    Падышоў да другога, таксама агледзеў, нават павека прыўзняў:
    — I гэты выжыве, хаця сатрасенне мозга займеў.
    Ён што, лячыць сваю смерць магчымую збіраўся?
    Рука Пранцыся між тым сама схапіла шаблю-аўгустоўку, што ляжала каля рукі жаўнера. Нарэшце ён зноў трымае зброю! Махнуў на спробу раз, другі... Уга, цяпер беражыцеся ўсе Юдыцкія на свеце!
    — Вашае фехтавальнае ўменне, акрым вожыкаў, няма тут каму ацаніць, — з’едлівы голас Лёдніка вярнуў Пранціша з рыцарскіх пераможных мараў на калюжную лясную дарогу. — Рушылі, пакуль жаўнераў не наехала!
    Але ж і Лёднік не пагрэбваў зброяй разжыцца, расшпіліў свой чорны балахон і засунуў за пояс пісталет і шаблю, сканфіскаваныя ў пераможаных. Ды яшчэ прамовіў павучальна, заўважыўшы падазроны позірк гаспадара:
    — Як вучыў італіец Макіявелі, дурная справа спадзявацца на тое, што ўзброены чалавек падпарадкуецца няўзброенаму, a ferrum ferro acuitur, жалеза жалезам вострыцца.
    На галаве Лёдніка красаваўся таксама не ягоны чорны капялюш, і цяпер алхімік са сваім драпежным носам, цёмнымі патламі і свежым шнарам на ілбе дакладна прыпадобніўся да рыцара вялікай дарогі, а не да мужа вучонага.
    Ісці вырашылі ў бок Слуцка... Па-магчымасці, не па дарозе, а па гушчарах, наўзбоч. Кірунак спрэчак не выклікаў. Па-першае, Лёднік разважыў, што наўрад пераследнікі ўявяць, што вязні скіруюцца менавіта ў той бок, дзе мусяць знайсці пагібель. Па-другое, ясная справа, Лёднік ірваўся да сваёй Саламеі — Пранціш шчыра не разумеў, якую цікавасць у мужчыны можа выклікаць кабета, што мае пад трыццаць гадоў. Цётухна! Пекнай паненцы павінна быць год пятнаццаць-шаснаццаць, як Паланэйцы Багінскай. Але ў Слуцак і Пранцішу трэба... Выканаць даручэнне ваевадзянкі, знайсці Аляксандра Сапегу... Але слузе пра гэта ведаць не абавязкова.
    А падобна, Пранціш мае слугу не толькі абазнанага, але і вернага — пры ўспаміне, як Лёднік захінаў яго ў карэце ад куль, Вырвічу стала трохі няёмка, але й неяк цёпла на сэрцы... Ніхто раней не спрабаваў аддаць за Пранціша жыццё. Свой уласны ўчынак — адмову прадаць доктара з усімі наступствамі — Пранціш не лічыў чымсьці адметным.