Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.
Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.
3 Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася — сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтка, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі, значыць няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала — дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы... Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай — пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць... Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў — адмысловага бізуна... Затое кпіць з яго насмель-
валіся толькі за вочы. А з Вараняці не здзекаваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свеціцца... I не плакаў ніколі, і не скардзіўся... Затое ў вучобе — першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром... Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму «горб раўняць». А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб некрыкнуць... I нештаПранцыся як за сэрца рукой схапіла. I ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці... А на наступны дзень той падказаў яму ўсё спражэнне лацінскага дзеяслова «глядзець». Так і завязалася між імі сяброўства не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што, каб на лекцыях такое распавядалі, Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага «Кніга таямніцаў». I яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо, калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ можна ўзяць кроў асла, тлушч марскога зайца і кветку клёна, змяшаць, падпаліць каля ўласнага ложка... I ў сне пабачыш, што цябе чакае ў прышласці. Пранціш і Вараня доўга гадалі, што гэта за пачвара — марскі заяц, аднак замяняць на іншыя інгрэдыенты не наважыліся.
Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў — Пранцысь ужо меў сваю банду, некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. АВараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць
не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была — дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло — старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы — сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны... Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў... Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.
Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было да чаго. I калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня — на што блазнюкі і разлічвалі. I адправіў небараку ў карцар, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.
А Пранцысь змаўчаў... He паспрабаваў абараніць Вараня... Даносіць на таварышаў — гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе... Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.
У карцары бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. I так перхаў, як у бочку, а тут... Згарэў за тры
дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі... Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы... Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.
Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменшыць пачуццё віны і гневу. I аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў... Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў... Гэтае «нешта» пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення ічалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.
Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае «цэнзары», прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком... Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра...
Так што назад, у Менск, дарогі няма.
— I як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? — зацікаўлена спытаўся Лёднік.
— А нератам! — зарагатаў Пранцысь. — Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах... Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!
Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.
— А сшытак сябрука твайго пры табе?
— Вось... — Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво,
ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стомлена адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:
— Гасподзь забірае лепшых... — памаўчаў, ціха папрасіў: — Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?
Пранцысь дазволіў... Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.
Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні... Вось ужо нехта лена лаецца на бліжняга свайго, а той, пазяхаючы, адбрэхваецца, і добрай раніцы, родная зямелька...
— Пайду здабуду пану ежы... — прабуркатаў Лёднік, захінуўся ў свой чорны балахон і выйшаў за дзверы. Шкаляр з цяжкасцю ўстаў з ложка, страсянуў галавою... Ну трэба ж, як разгаварыўся са слугою — бы на споведзі. Але шкадавання не было. Затое патроху, як бурбалкі са дна куфля са свежым півам, падымалася п’янкое прадчуванне чагосьці незвычайнага, небяспечнага і цікавага, бо прыгода, пазбаўленая небяспекі, — як зацірка без солі... Пранцысь нават схапіў качаргу, што прытулілася ў куце, і некалькі разоў удаў фехтавальныя рухі... Незаўважна перайшоў ад высакародных прыёмаў фехтавання на мячах і шаблях да шкалярскага змагання на палках-пальцатах, у якім Вырвічу не было роўных. Вось так табе, злыдзень, а ў пячонку не хочаш? А вось проста ў сэрца! Кубак упаў і закаціўся пад ложак, пакідаючы цёмную дарожку недапітага адвару, нібыта хацеў схавацца ад ваяўнічага пана.
— Я сказаў, з пакоя не выходзь! Дурное дзяўчо! Адвязу да цёткі ў кляштар, а там сабе скручвай галаву і іншым тлумі! Мала ў Варшаве нарабіла! Пакуль я за цябе галавой перад тваім высакародным братам адказваю, будзеш, паненка, сядзець ціха, як смажаны фазан у пірагу!
Голас належаў чалавеку грубаму і звыкламу выкрыкваць вайсковыя каманды. Але Пранціш, вядома, адразу высунуў у калідор цікаўны нос... Незнаёмец у чорным капелюшы з высокім верхам, абвязаным блакітнай
стужкай, у чорным каптане, з-пад якога бачыліся бялюткія карункавыя манжэты і каўнер-жорны, спускаўся па лесвіцы, прыступкі рыпелі пад ягонымі цяжкімі крокамі, пабразгвалі шпоры... Вырвіч з хваляваннем утаропіўся на непаглядныя, пасечаныя п’янымі пастаяльцамі дзверы суседняга пакоя, за якімі, падобна, пакутавала чароўная дама...
Раптам у адтуліне замка тых дзвярэй паказалася шпілька, бязладна закруцілася, як вусік хрушча, нешта шчоўкнула, і дзверы прыадчыніліся. У шчыліне збліснула блакітнае вока. Пранціша ўважліва, без усякай боязі вывучалі, і ён пастараўся надаць твару як мага больш самавіты, варты даверу выраз. Відаць, гэта ўдалося, бо дзверы прыадчыніліся шырэй, і Пранцысь пабачыў самае чароўнае аблічча, якое толькі магло прымроіцца шкаляру. Праўда, тварык паненкі з трошку кірпатым носікам і пышнымі цёмнымі валасамі, сабранымі ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатра падчас прэм’еры п’есы «Брама неўміручасці» аўтарства двух шкаляроў з апошняга курса, а насамрэч — Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоўезуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд