• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Цмок! Цмок! Цмок!
    I наўрад гэткім чынам ён намякаў на пацалункі. Што ж, простыя людзі, вядома, і саву палічаць нячыстай сілай. Калі небаракі, спатыкаючыся на вільготных карэннях, абдзіраючыся аб голле, адбегліся дастаткова далёка, Лёднік і Вырвіч з належнай асцярожнасцю рушылі далей: тое, што напалохала мужыкоў, павінна было знаходзіцца на дарозе трохі наперадзе.
    Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор’е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.
    Пранціш і ягоны слуга вызірнулі з-за кустоў, на якіх засталіся вісець пераможанымі сцягамі толькі асобныя рудыя лісты. Пасярод дарогі стаялі дзве павозкі. Адна —
    звычайны дарожны экіпаж, брычка з наладаванымі ззаду куфрамі. А вось другі ўяўляў сабой нешта падобнае да невялікай адрыны на колах, шчыльна накрытай прасмоленымі палотнамі. У гэтую адрыну было запрэжана ажно восем коней, але й яны не маглі зрушыць з месца волатаўскі воз, які патрапіў двума левымі коламі ў велізарную калюжыну так, што пагрозліва пахіліўся. 3 аднаго боку палотны, якімі быў шчыльна схаваны таямнічы груз, разышліся, і між імі нешта металічна паблісквала. Каля воза мітусіўся невысокі пузаты чалавечак у чорным камзоле з простым белым каўняром, з-пад капелюша з высокім верхам звісалі пасыпаныя пудрай буклі. А на нагах, зусім недарэчна на ліцвінскіх восеньскіх дарогах, былі чаравікі і калісьці белыя панчохі. Менавіта гэты чалавечак і сыпаў праклёнамі. Высокая худая кабета ў каптуры, захінутая ў дорожны плашч, час ад часу перакрывала ягоныя крыкі пранізлівым:
    — Якаб, вазьмі сябе ў рукі!
    Вусаты фурман, таксама апрануты ў нямецкі строй, завіхаўся ля коней...
    — Няхай будзе пракляты той дзень, калі я атрымаў ліст са Слуцка і зажадаў княскіх дукатаў! — гарлаў чалавек у капелюшы, прынамсі, менавіта так Пранціш, у якога поспехі ў нямецкай былі даволі сціплымі, разумеў ягоныя скаргі. Але ясна было, што экіпажы кіруюцца ў Слуцк! Лёднік перарывіста ўздыхнуў, як паляўнічы, што нарэшце пабачыў з засокі вепрука:
    — Вось табе і літасць лёсу... Здаецца, гэты немчык мне знаёмы. Аднакурснік мой па Лейпцыгу... Калісьці мы няблага праводзілі час. Але як ён павядзецца, калі даведаецца, што мы збеглі з-пад арышту?
    — А ты што, вось так сабраўся яму ўсё пра нас вываліць? — Пранціш ледзь не засмяяўся — вось наіўная дзівачына гэты доктар.
    — А як патлумачыць, чаму мы тут апынуліся, ды яшчэ ў такім выглядзе?
    Пранціш агледзеў сябе й Бутрыма прыдзірлівым вокам: так, не з балявання паны... Абцерханыя, брудныя... Добра, што ўзброеныя, але ж — пешкі ідуць! А які гэта высакародны пан без каня?
    — Гэх, каб ён толькі па-нашаму разумеў... — з прыкрасцю прамовіў Вырвіч.
    — Якаб Пфальцман? Ды ён моваў дваццаць ведае, і ліцвінскую разумее дакладна, — запэўніў доктар.
    ІПкаляр драпежна ўсміхнуўся:
    — Тады ніякіх праблем! Рушылі! А ты толькі з усім згаджайся, што я скажу. Homo semper in ore aliudfert, aliud cogitat. Чалавек заўсёды адно гаворыць, а іншае думае.
    Сямейства Пфальцманаў сустрэла з’яўленне чужынцаў, калі мякка казаць, насцярожана: фрау схавалася за невядомую канструкцыю на возе, a гер Пфальцман проста наставіў на прыхадняў з лесу два пісталеты. Але пры набліжэнні Лёдніка немец разгублена апусціў сваю зброю і нясмела заўсміхаўся.
    — Гер Лёднік? He можа быць! Майн Гот! Гэта вы, мой сябра, альбо інкуб у вашым абліччы?
    Былы алхімік расцягнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі.
    — Вітаю пана Пфальцмана!
    — Эльза! Гэта доктар Бутрымус Лёднік, з Лейпцыгу, той, што вынайшаў дваццаць тры спосабы трахеатаміі! Колькі піва, сябар мой! Колькі добрага піва ў карчомцы «Пад карасём» мы папілі! Генрых, апусці зброю, усё ладам!
    Апошнія словы на нямецкай Пфальцман скіраваў фурману, які ўвесь гэты час стаяў за возам, наставіўшы на гасцей вялізную, з раструбам, рулю стрэльбы. Між тым Лёднік з чыста навуковай цікавасцю наблізіўся да канструкцыі, прыкрытай палотнамі, і зазірнуў у дзірку, чым гер Пфальцман быў вельмі незадаволены і, падобна, каб мог, не падпусціў бы туды старога сябра. На возе грувасцілася нейкая незразумелая жалезная прылада, відочная частка якой сапраўды выглядала як рэбры цмока.
    Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:
    — Машына-чарапаха? Ты ўсё-ткі зрабіў яе, Якубе?
    Пфальцман з пачырванелай фізіяноміяй кінуўся захінаць таямнічую канструкцыю.
    — Прабач, сябар, але... У навуцы кожны сам за сябе... Мне б не хацелася раней часу дэманстраваць сваё вынаходніцтва, якое далёка не кожны здольны ацаніць.
    Лёднік насмешна паківаў галавою.
    — He бойся, Якуб. Я не збіраюся красці тваё вынаходніцтва. Тым больш мы ж з табой разам бачылі ягоныя чарцяжы ў нататніку Леанарда да Вінчы.
    — Там быў эскіз! Накід! Нічога канкрэтнага! — пакрыўдзіўся Пфальцман. — Пра мой вадзяны рухавік твой Леанарда нават памысліць не мог!
    — I мы з табой гаварылі, што такая бязлітасная зброя была б занадта вялікай спакусай для тыранаў, — цвёрда прагаварыў Лёднік.
    — I дазволіла б за адзін дзень завяршыць любую вайну і тым зберагчы жыцці! — раздражнёна запярэчыў Пфальцман, відаць, працягваючы старую спрэчку.
    — А калі кацёл узарвецца, — а ён напэўна ўзарвецца, калі папрацуе хвіляў дваццаць, — то зварыцца найперш той, хто будзе сядзець у гэтай скрынцы.
    — Я ўдасканаліў рухавік! Ён звонку, аддзелены ад унутранага памяшкання двайным сталёвым лістом. Я сам ездзіў у гэтай машыне, і нічога, жывы! — раз’юшыўся Якуб.
    — Але пасярод калюжыны беларусінскага лесу гэтая цуда-машына выратаваць свайго стваральніка не можа! — з’едліва зазначыў Лёднік, і Пранцысь ледзь не пхнуў свайго слугу нагой — знайшоў калі дыспут учыняць.
    Твар Пфальцмана пайшоў плямамі, так што фрау Эльза, якая не разумела ні слова з размовы, пачала дужа няўхвальна паглядаць на дзюбаносага прыхадня, які крыўдзіў ейнага геніяльнага мужа.
    Пфальцман зноў выдаў порцыю лаянкі наконт кепскіх дарог і дзікуноў-мужыкоў... Як зразумеў з ягоных слоў Пранцысь, нямецкі вынаходнік вёз сваю канструкцыю князю Гераніму Радзівілу, які паабяцаў немалыя грошы. Такія, што фрау Эльза, кабета практычная і не баязлівая, не наважылася адпускаць мужа ў дарогу аднаго. Хацелася і ўцячы з ахопленай вайной Саксоніі. Аднак падарожжа ад пачатку не заладзілася. Даводзілася праязджаць кружнымі шляхамі, мінуючы ваенныя дзеянні, а вайна — гэта ж не паненка, якую можна замкнуць у асобным пакоі. Вялізны груз, які Пфальцман выдаваў за дэкарацыі для тэатра пана Гераніма Радзівіла, выклікаў нездаровую цікаўнасць. У Варшаве адзін з памочнікаў гэтак зайграўся ў адным саславутых клубаў для гульні, што нібыта растварыўся ў напоўненым азартам і віннымі выпарэннямі паветры. Другі памочнік ад мясцовай ежы захварэў на жывот, давялося яго пакінуць у Берасці. He паспелі ад’ехаць ад Берасця — карэта звалілася з моста так, што нагадвала тыя выкапнёвыя парэшткі, якія засталіся ад Ноевага каўчэга на гары Арарат. Фурман пакалечыўся, добра, самі Пфальцманы мудра перачэквалі на беразе, пакуль іх экіпаж праедзе небяспечны мост. Жалезную чарапаху перацягвалі праз раку двое сутак, дрэвы валілі, як звар’яцелыя бабры. У Камянцы Пфальцман ледзь раздабыў новую павозку, вось гэтую нехлямяжую брычку з сеннікам замест абцягнутых зялёным сукном сядзенняў. Наняў і некалькі мясцовых мужыкоў. Тыя, аднак, да немца паставіліся падазрона, калі адварочваўся, хрысціліся, да груза на павозцы дакранацца баяліся. Давялося павысіць плату. Але патрапіў aus dem Staub in die Muhle kommen, з пылу ў млын. Калі здарылася няшчасце з калюгай і накрыўка расхінулася, неадукаваныя найміты вырашылі, што пабачылі самога д’ябла ў выглядзе жалезнага цмока, і разбегліся, кінуўшы гаспадара ў самым бядотным становішчы.
    — А якім чынам лёс паслаў сюды вас і хто гэты юнак? Ці не сын твой?
    Пранцыся аж перасмыкнула. Якое падабенства можна ўгледзець між ім і алхімікам? Належала браць справу ў свае рукі, пакуль Лёднік не пачаў сенсацыйную споведзь, a то яшчэ ў прыступе самабічавання распавядзе і пра тое, што яго прадалі ў рабства малаадукаванаму шкаляру. Тады не чакай павагі і, адпаведна, дапамогі.
    — Толькі прашу пана Пфальцмана захоўваць пачутае ў таямніцы! — інтрыгуюча пачаў Пранціш.
    А з расповеду ягонага вынікала, што Пранціш — малодшы сын багатага і радавітага шляхціца, толькі не варта прамаўляць ягонае імя ўслых, таму што Пранціш сям’ю сваю раззлаваў, увязаўшыся ў авантуры.
    — Амурныя справы, разумееце? — даверліва пазіраючы блакітнымі вачыма, гаварыў Вырвіч.
    Амурныя справы тыя наносілі крыўду другой, яшчэ больш радавітай сям’і, і юнака з разбітым ад нешчаслівага кахання сэрцам давялося адправіць падалей ад непрыемнасцей пад прыглядам ягонага хатняга настаўніка, шаноўнага доктара гера Лотмана — менавіта так цяпер належала называць Бутрымуса Лёдніка.
    У гэтым месцы расповеду Бутрымус нібы пракаўтнуў нешта, што перасела ў горле. Але прамаўчаў.
    Вядома, выправілі Пранціша («Можаце называць мяне Франц Магнус!» — сціпла прапанаваў Вырвіч, стараючыся не глядзець на слугу) не голым-босым, былі і гладкія коні, і куфры з дабром, і грошы... Вось толькі мінулым вечарам на іх з настаўнікам напалі падступна грабежнікі і ўсё адабралі, нават распранулі, давялося ахвярам скарыстацца з тых абноскаў, што латругі праклятыя, з сябе зняўшы, ім кінулі. Пры гэтых словах Пранціш патрос перад сваймі вачмі паедзенай моллю шапкай, быццам веры на даваў, што мог апрануць гэткую непаглядную рэч.
    Але жменьку грошай захаваць ад грабежнікаў усёткі ўдалося, так што Пранціш і ягоны настаўнік будуць вельмі ўдзячныя, калі пан Пфальцман падзеліцца з імі адзеннем за разумную плату... А яны ахвотна дапамогуць
    пану ў ягоным бядотным становішчы, прыкладуць усе сілы, каб выцягнуць павозку з калюжыны і даставіць у Слуцк, бо дзве шаблі і пісталет у руках людзей баявітых і смелых у дарозе не лішнія, а надалей і ў дэманстрацыі цуда-машыны паспрыяюць.
    — Бо як мяне выправілі ў свет за навучаннем, дык я рады буду пазнаёміцца з такім дасведчаным панам, як вы, гер Пфальцман, і паназіраць за цуд-машынай... Толькі трымайце ў таямніцы, хто мы, — а то могуць быць непрыемнасці і для нас, і для вас. Можаце мяне прадстаўляць, як Франца, асістэнта гера Лотмана.