• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Пранцысь кіўнуў галавой.
    — Шнур сплецены са сталёвых валокнаў, ён зусім тонкі, але трывалы і гнуткі. Калі слотнай ноччу ён павісне на сцяне, ніхто не заўважыць.
    — Раніцай заўважаць. Варты тут болей, чым простых слуг. Слуцак трэба пакідаць у тую ж ноч. Іначай — усё... Мыш не праслізне. I часу на другую спробу не будзе, — папярэдзіў Пучыні. — Карацей, трэба яшчэ раз усё вымераць, разважыць...
    — Ну, добра, перамераеце вы сцены палаца... А як уцякаць з замка? — пацікавіўся Пранціш. — Валы, мост, на кожнай браме варта...
    — Тут нам дапамогуць звонку, — няўважна сказаў Лёднік. — Пра гэта турбавацца будзем потым. Усё, сіньёр Пучыні. Мне яшчэ лекі рыхтаваць, да Пфальцмана трэба наведацца. Да таго ж мы і так выклікалі падазрэнне сваімі доўгімі размовамі за зачыненымі дзвярыма. Так што прывядзіце да мяне яшчэ некалькі артыстаў на агляд...
    — Тым больш ім цяпер лячэнне спатрэбіцца, — з’едліва сказаў Пранціш.
    Пучыні запытальна глянуў на юнака. Вырвіч пагардліва пакрывіў вусны.
    — Я толькі што бачыў, як у вашым тэатры выхоўваюць таленты. 3 дапамогай палкі.
    Дырэктар спахмурнеў.
    — Гер Пільшчын... Ён старанна выконвае распараджэнні княскае мосці. Што зробіш — насамрэч я не маю ніякай тут улады... Тэатр, здавалася б, раскошны, а які таленавіты мясцовы люд... Прыгонная дзяўчына, вырасла ў курнай хаце, і раптам — таньчыць як антычная багіня і перадае ўсе тонкасці перажыванняў царэўны Наўсікаі, іўглядаецца ў чаканні Адысея ва ўяўную марскую далячынь так, што свецкая публіка плача, змываючы пудру. А тая дзяўчына і мора не бачыла! Як добра ўсё пачыналася, на якім энтузіязме... Але хіба гэта храм мастацтва? Калі гаспадар патрабуе толькі муштры... — дабрэнны твар італьянца перакрывіўся ад нянавісці. — Артыстаў вярбуем паўсюль — у Кёльне, Вене, Кракаве, Варшаве... Але ніхто сюды ехаць не хоча, бо начутыя пра норавы. Князь можа хворага артыста на сцэну выгнаць, калі схібіць —
    у карцар пасадзіць. Закупілі партыю мурынаў — прывезлі іх проста ў жалезных клетках, як звяроў. Таксама іграць прымушаюць. Дзеці ў балетнай школцы паміраюць, як не лічаныя... Забіраюць іх ад бацькоў, сялян ды простых месьцічаў — гвалтам... На сцэну жаўнераў выводзяць! Ва ўзбраенні! Якому-небудзь ротмістру могуць галоўную ролю распісаць — бо добра маршыруе. Калі б я не меў надзеі на помсту... даўно б адсюль...
    Пучыні адвярнуўся, спрабуючы супакоіцца.
    — А што, сіньёр Пучыні, вы трымаеце тут якое-небудзь адмысловае італьянскае віно? — роўным голасам папытаўся Лёднік.
    Дырэктар неўразумела паглядзеў на яго.
    — Вы хочаце выпіць? Але князь не дазваляе...
    — Мы хочам выпіць, — падкрэслена прамовіў Лёднік. — Дакладней, менавіта гэтым мы з вамі і займаліся апошнюю гадзіну. Нават чаркі недапітыя не схавалі... Вось такое парушэнне дысцыпліны. Князь, вядома, раззлуецца, але ж не да сячэння галоў...
    — Што ж, ваша праўда, лепей такое тлумачэнне для шпегаў, чым ніякага, — італьянец падышоў да сакрэтніка з чырвонага дрэва, павярнуў ключ. За дзверцамі весела бліснула пузатая бутэлька.
    — Тасканскае... Каштую ў самыя горкія моманты жыцця.
    Паставіў на стол тры чаркі, наліў да паловы.
    — Ну што ж, за поспех!
    — За поспех! — адгукнуліся Лёднік і Вырвіч.
    Апошні глыток віна італьянец не дапіў, выплюхнуў на паркет, прамармытаўшы:
    — Табе, Лаўрэнсія... — і звярнуўся да Лёдніка.
    — Дарэчы, гер Лотман, даўно хацеў у вас папытацца, чым гэта вы так улагодзілі князя падчас першага агляду? Магія?
    Лёднік усміхнуўся.
    — Напаіў яго добрай супакаяльнай мікстурай. Ільвіная трава, півоня, валяр’яна... I трошачкі маку. Я з такімі кліентамі не раз сустракаўся. Уяўляеце, ён нават паказаў мне дыярыуш, які ўвесь час з сабою носіць і ў ім замалёўвае іголкі, цвікі, аскалёпкі шкла, якія яму дадаюць у стравы.
    Калі Пранцысь і Барталамей адсмяяліся, італьянец параіў:
    — Паболей маку цяпер дабаўляйце ў князевы адвары, мой дружа.
    — Пастараюся, — сур’ёзна прамовіў Лёднік.
    Раздзел восьмы.
    ПАЛЁТ СІЛЬФІДЫ
    Як сцвярджаў Парацэльс, сільфы і сільфіды — элементы паветра, па-сяброўску настроеныя да людзей, і нават былі выпадкі, калі яны запрашалі звычайнага чалавека пажыць на сваіх паветраных астравах.
    Але чалавек занадта цяжкі, каб жыць на паветраных астравах. Яму патрэбна грувасціць камяні на камяні, змацоўваючы збудаванае чужой крывёю.
    Лёднік, Пранцысь і малодшы брат сіньёра Пучыні Джавані, чарнавусы вясёлы спявак, любаваліся скрозь прыцемак Слуцкам, які ляжаў пад іхнімі нагамі — у прамым сэнсе гэтага слова. Бо названыя персоны стаялі на даху кутняй вежы, на тым яе схіле, які быў больш пляскаты. Вакол іх грувасціліся прыстасаванні, неабходныя для астранамічна-астралагічна-медычных рытуалаў, мелася нават невялікая падзорная труба, усталяваная на трох дрогкіх ножках, як пачварная жамярына. Санлівае восеньскае сонца амаль схавалася, і заходняе неба фарбавала дахі і муры ў барвовае адценне, нібыта памячала ілбы будучых ахвяр крывёй. Брамнік Капыльскай брамы празваніў ужо першую чвэрць шарай гадзіны, і жыхары
    горада пачалі гасіць агонь у сваіх печках. Толькі там-сям свяціліся вокны — рамеснікам дазвалялася працягваць працу пры святле каганцоў і свечак. Замыкаліся нават корчмы. Калі ж які-небудзь наведнік, асабліва натхнёны сустрэчай са шкляным богам, не жадаў пакідаць прыветныя сцены карчомкі, рызыкаваў назаўтра апынуцца на вале і цягаць там зямлю разам з жабракамі, непачцівымі жанчынамі альбо дзёрзкімі падмайстрамі, якіх адправілі на вал у пакаранне за тое, што выпала ім шчасце жыць у слаўным беларускім горадзе Слуцку.
    — А калісьці гэты замак належаў Алелькавічам, — задумліва прагаварыў Лёднік. — Вялікі палац пачынала будаваць княгіня Анастасія, удава, якая з мячом у руках стаяла на гэтых мурах... Потым тут пакутавала ціхая княжна Сафія, чакаючы з бясконцых паходаў свайго ганарлівага мужа Януша Радзівіла. А сёння...
    — Сёння тут пануе шалёны тыран! — злосна азваўся Джавані, які гаварыў па-беларуску практычна без акцэнту, і Лёднік спыніў на ім зацікаўлены позірк.
    — А чаму вы ўвязаліся ў нашу небяспечную справу, Джавані? Вы былі так прывязаныя да жонкі вашага брата? Выбачайце, што пытаюся, але ж мы не на баль збіраемся...
    Джавані сціснуў сківіцы, яго твар раптам набыў жорсткія, вострыя абрысы, як у рымскага легіянера.
    — Вы проста не разумееце, у якім жаху мы тут жывём. Паглядзіце на слупы з мерцвякамі... Гісторыя з Лаўрэнсіяй — гэта дробязь, князь усяго толькі хацеў пакараць яе мужа, які не выканаў ягоныя распараджэнні па спектаклі. Гэты вар’ят проста не ў стане ўявіць, што чужое жыццё чагосьці вартае... Думаеце, каб мы маглі з’ехаць, тут заставаліся б? — Джавані горка засмяяўся. — О мадонна, колькі разоў мы думалі збегчы! I не толькі мы. Некалькі год таму два курляндскія афіцэры самавольна пакінулі службу ў князя. Дык той не паленаваўся войска падняць. Небарак схапілі, інсцэніравалі смяротнае пакаранне, у апошнюю хвілю памілавалі, і больш пра іх ні-
    хто не чуў... Да ўчарашняга дня. Знаёмы мушкецёр расказаў, што начальнік турмы атрымаў прашэнне: тыя два афіцэры прасілі замяніць ім вопратку і абутак, бо старое ўсё пагніло. Уяўляеце, дзе яны сядзяць, калі нават абутак гніе? — Джавані сплюнуў уніз. — He хачу сказаць, што я такі смелы, што не баюся патрапіць у такія сутарэнні... Але адзіная надзея для нас — знайсці іншага апекуна. Сапегі абяцалі брату, што абароняць, дадуць працу, узнагародзяць. А калі давядзецца загінуць... Я — мужчына і неапалітанец. Галоўнае, каб хутка.
    Лёднік моўчкі кіўнуў галавой і агледзеўся вакол. Слуцкі замак быў падзелены на дзве часткі: Верхні замак і Ніжні, з’яднаныя мастом. Ад Верхняга засталася адна толькі вежа, ператвораная ў турму. Яна злавесна ўзвышалася над горадам, як увасобленая постаць смерці, альбо, хутчэй, яе адзіны гнілы, але ўсё яшчэ моцны зуб... Абарончыя пабудовы былі, як пры прадзедах, з зямлі і дрэва. За земляным валам у восем метраў вышынёй злучаліся рэкі Случ і Бычок, стаяла лазня. Галоўны выхад з замка быў праз чатырох’ярусную браму з гадзіннікам і звонам. На яе вежы красаваўся флюгер з двума арламі — чорным і чырвоным. Па абодва бакі ад брамы месціліся памяшканні для варты. Яшчэ адна брама была паўночней, між двума палацамі Ніжняга замка, ля лазні. Вакол самога Слуцка таксама былі валы і равы, праз якія вялі пяць брам. Пры гэтым Радзівіле горад ператварыўся ў моцную крэпасць. Жаўнераў гарнізона муштравалі ў цытадэлі, якая знаходзілася за межамі замка і ключ ад якой начальнік гарнізона Карлінг прыносіў асабіста князю кожны вечар. Пранцысь шчыра не разумеў, як можна спадзявацца адсюль уцячы, калі нават просты слуцкі мяшчук, пакуль дойдзе да свайго дома, некалькі разоў адкажа варце, хто такі, дзе быў і куды ідзе.
    Джавані ціха заспяваў арыю пра Царыцу Ночы... Сапраўды, імкліва цямнела, паказалася першая зорка,
    падобная на здзіўленае вока: што робяць трое дзівакоў на даху?
    — Ну, усё... Трэба пачынаць, a то хтосьці з назіральнікаў дакладзе князю, што мы тут проста вочы лупілі, як праўдзівыя шпегі.
    Алхімік у святле ліхтара з дрогкім сэрцам свечкі расставіў на пацямнелай ад часу гонце сасуды з рознымі вадкасцямі, прыклаўся да трубы, якую скіраваў у нейкую вядомую толькі яму кропку, змрочна прабурчаў:
    — Галоўнае, каб усе звыклі, што нямецкі доктар, апантаны сваёй навукай, кожную ноч падымаецца на дах, каб з дапамогай сілы зорак і эманацый эфіру рыхтаваць незвычайна моцныя лекі.
    — He хвалюйцеся. Заўтра ўвесь замак будзе ведаць з маіх слоў, якія складаныя і страшныя рытуалы вы тут праводзіце, — пасміхнуўся Джавані. — Людзі вочы падымаць на дах у гэты час збаяцца!
    — Толькі ні пра якую чорную магію не гавары! — трывожна папярэдзіў Пранцысь. — He хапала яшчэ, каб князь запісаў нас у ведзьмакі.
    I пачаў акуратна даставаць са дна доктаравага сакваяжа невялікае прыстасаванне з колцамі... Блок, праз які ў першую ж слотную ноч пройдзе выратавальны сталёвы шнур.
    Калі верыць прагнозам Лёдніка, такая ноч надарыцца ў наступную пятніцу.
    Дні цягнуліся, як смаўжы па магільнай пліце, пакідаючы агідны след на душы. Лёднік вяртаўся з лекарскіх візітаў да Сільфіды з такой фізіяноміяй, што хацелася чыста ад шкадобы яго прыстрэліць. А ён жа ўмеў хаваць пачуцці... Пранцысь толькі раз насмеліўся папытацца, як там панна Рэніч. Лёднік кінуў: