Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
— Чым абражаць шляхту, ты б расказаў, што рабіць далей! — прамовіў Вырвіч.
Саламея ласкава ўсміхнулася раззлаванаму шкаляру, чамусьці толькі на адной яе шчацэ, левай, утварылася ямінка. Пранціш сумеўся.
— Гэта твой вучань, Бутрым?
— He зусім... — Лёднік паглядзеў на Пранцыся амаль бездапаможна, але Вырвіч не збіраўся прыніжаць яго ў вачах прыгажуні. Тым больш папера пра куплю алхіміка засталася ў Сапегі, перададзеная на захаванне ягонаму камердынеру ў невялікім клунку асабістых рэчаў, разам з нататнікам Вараняці і шляхецкай шапкай Вырвічаў. — Гэта... гэта высакародны юнак, якога даверылі мне дзеля выхавання. Ягонае сапраўднае імя — Франтасій.
— Пранціш, — ганарліва ўдакладніў шкаляр. — Пранціш Вырвіч, герба «Гіпацэнтаўр».
Сільфіда нават уздрыгнула, пачуўшы гучнае шляхецкае імя, яшчэ раз усміхнулася шкаляру, на гэты раз больш скавана, і схілілася ў паклоне.
— Прабачце, ваша міласць, я не ведала, хто вы. I вы рызыкуеце дзеля мяне, ваша міласць...
Пранціш паціснуў плячыма і прыняў важны выгляд, хаця яму больш было да спадобы, каб Сільфіда называла яго і надалей «мілы хлопчык». Але тая глядзела на доктара.
— Даўно хацела цябе спытаць... Гэта адкуль?
Яе пальцы кранулі шнар на ілбе алхіміка.
— Адзін шляхціц распісаўся, — незадаволена адказаў Лёднік.
— А гэта? — Саламея асцярожна правяла пальцам па яшчэ свежай драпіне на шыі.
— Другі шляхціц распісаўся.
— I шмат на табе такіх... арыстакратычных роспісаў? — у голасе Сільфіды пад насмешкай чуліся шкадоба і горыч.
— He мае значэння... Урэшце, за тое, чым я займаўся, трэба расплочвацца. I дзякуй Госпаду, што спыніў мяне... — Лёднік перахрысціўся. — Чым глыбей мы былі ў прорве — тым мацней нас трэба цягнуць наверх. I вялікая няўдзячнасць — скардзіцца, калі ад моцнай выратавальнай рукі засталася пара сінякоў.
Доктар спыніў непрыемную размову і дастаў з-пад ложка клунак, у якім аказалася нейкая дзіўная вопратка: шаравары з паркалю, кацавейка, стракатыя анучы...
— Павінен засмуціць цябе, Саламея, у бліжэйшыя гадзіны ты будзеш мурынкай.
Тая ціха засмяялася.
— Пасля ролі Сільфіды ты мяне нічым не засмуціш.
Хутка замест Саламеі Рэніч у пакоі стаяла дзіўнае стварэнне, захутанае ў танную стракатую тканіну,
наматаную паўзверх тоўстай кацавейкі. Лёднік задаволена агледзеў кабету:
— Постаць непазнавальная. Цяпер фарба...
Намацаў у клунку круглы слоік, зняў накрыўку...
— Вырвіч, гэта што?
Пранціш схіліўся над слоікам. Нават у прыцемку было відно, што фарба — не чорная і не брунатная, а чырвоная. Шкаляр засмуціўся.
— Джавані паказаў, дзе браць, сказаў, будзе напісана «для эфіёпаў».
— Гэта, па-твойму, слова «эфіёпы»? — злосна прашыпеў Лёднік. — Невук! Гэта для індыянаў! Чырвонаскурых!
Але не было часу высвятляць адносіны. Алхімік выклаў трохі фарбы ў сподак, затым дастаў з кішэні маленькую бутэлечку, высыпаў у фарбу яе чорнае змесціва з рэдкімі залацістымі іскрынкамі, перамяшаў проста пальцам і скамандаваў Саламеі:
— Павярніся да мяне!
Правёў па яе шчацэ цёмны пасак, акуратна расцёр, правяраючы адценне, асцярожна прыбраў пазногцем залатую іскрынку.
— Заўсёды марыў беспакарана перапэцкаць твой тварык!
— Бутрым, што ты робіш? У каміне навалам сажы! А гэта ж... — Пранцысь зразумеў, што за бутэлечку апрастаў Лёднік.
— Гэта ўсяго толькі попел, і тут яму самае месца, — цвёрда сказаў Бутрым, размазваючы па белым твары сяброўкі дзяцінства алхімічнае золата, за якое аддаў дзесяць гадоў жыцця і сябе самога ў дадатак.
Цяпер у цемры твар Саламеі можна было, бадай, прыняць за мурынскі, калі б, вядома, не сінія вочы. На галаву ёй накруцілі палатно. А зверху Лёднік накінуў радно:
— Прыкрывай твар і рукі, каб дождж фарбу не размыў. Аснова тлустая, але ўсё-ткі лепш не рызыкаваць. I вочы свае валошкавыя не падымай.
Можна было б над гэтым маскарадам пасмяяцца, але не цяпер...
Лёднік узяў свечку, падышоў да акна, сарваў аксамітную парцьеру, правёў свечкай справа налева нейкую загагуліну і зараз жа патушыў агонь. Дзесьці далёка ў цемры запаліўся агеньчык, які таксама апісаў зігзаг і згаснуў.
— Усё, цяпер будзем напагатове...
Дождж адбіваў шалёны рытм нялюдскіх скокаў. Заставалася няшмат часу, а пытанняў было як маку ў смаргонскім абаранку.
— Як ты даведаўся, дзе я знаходжуся? — прашаптала Сільфіда. — Я думала, самлею, калі пабачыла цябе...
— Калі мяне арыштавалі за шарлатанства, — усміхнуўся Лёднік, — то дэкляравалі, што будуць судзіць разам з яшчэ адной... вядзьмачкай.
— Мне трэба было быць асцярожней... — сумна прашаптала Саламея. — Падарожны папрасіў дапамогі. Маўляў, вочы забалелі, моцы няма. I я ж бачыла — нармальныя вочы, можа, кулаком нацёртыя. Дала слабое содавае расчынне — абы адчапіўся. Гэта ж зусім бясшкодна, хоць пі, хоць умывайся... А назаўтра — усё, цягнуць у суд. Аслеп! I аказалася — падарожны са Слуцку, адзін з княскіх паюкоў. Ясна, што адмыслова падасланы... Толькі дзядзька Лейба, аптэкар наш, засведчыў, што я бясшкодныя лекі дала, але яго добра пужанулі, каб змоўк. Дый што ягонае сведчанне ў судзе каштуе. I мяне хуценька звезлі ў Слуцк, бо я пакалечыла слугу слуцкага ардыната.
— А ваявода полацкі ўзяў ліст ад Трыбунала, каб цябе вярнуць у Полацак. Цябе не дзівіць такая ўвага?
Сільфіда прамаўчала, і Лёднік скрушна ўздыхнуў.
— Ясна... I як спадару Івану пашчасціла патрапіць утакую гісторыю, ды яшчэ і цябе ўцягнуць? Што за блёкат пра захавальнікаў дзіды?
— Бацька зрабіў вялікую памылку, — прагаварыла Саламея. — Ён вынес з сутарэнняў некалькі скруткаў...
I не ўтрымаўся, паказаў знаёмаму гандляру. He мог без захопленых слухачоў.
— Чакай... Дык ён усё-ткі знайшоў полацкую бібліятэку?
Саламея неахвотна адказала:
— Менавіта так той гандляр і вырашыў. А бацька, замест таго каб усё адпрэчваць, давай рабіць намёкі, цану сабе набіваць... Ну, ты яго ведаў. Прабач, і сам такі раней быў, як пачнеш разважаць пра Вялікае Дзеянне, аурумаргентум, хоць над вухам выстралі, хоць пацалуй — не заўважыш, — Саламея ціха засмяялася, відаць, успомніўшы нейкі не самы ганаровы для Лёдніка выпадак. — Вось і пайшлі чуткі, чым далей, тым болей фантастычныя. Гандляр данёс Марціну Радзівілу, які даваў самую высокую цану за любую магічную лухту.
Пранціш расчаравана ўдакладніў:
— Дык няма нічога? Hi рамфеі, ні місіі яе захавальніка?
Але Лёднік не быў такі легкаверны. Ягоны голас не стаў менш напружаным.
— Саламея, ты разумееш ці не, што стала важнай фігурай у буйной палітычнай гульні? Што сама прысутнасць цябе ў стане таго ці іншага магната нібы дае яму болып правоў на карону? 3-за Прыўкраснай Алены, між іншым, Троя загінула і куча небаязлівых дужых мужыкоў. Ты валодаеш нейкімі ведамі?
Саламея адказала крыху змененым голасам, у якім чулася нават уладнасць:
— He кожнай ведай можна валодаць, дарагі мой, як валодаюць каштоўным каменем альбо ўніверсітэцкім дыпломам. He кожную веду можна перадаць па сваім жаданні, як перадаюць права валодання домам альбо рабом. Вось я ведаю, што я — ліцвінка... Што ў мяне ёсць радзіма, за якую варта памерці, што я — са слаўнага вольнага горада. I бацька гэта ведаў. Але як перадаць гэтую веду таму, хто не можа яе падзяліць?
— Ты лічыш, што я моцна змяніўся і не заслугоўваю больш даверу? — намагаючыся гаварыць спакойна, папытаўся Лёднік. — Што я перастаў любіць свой горад?
— Ты занадта доўга жыў на чужыне, і занадта лёгка пакінуў радзіму, — прагаварыла Саламея. — I я памятаю, як за скрутак з формулай ты гатовы быў душу закласці, і пайшоў бы ў навучанне хоць да Харона, калі ён адкрые табе, як рабіць гамункулусаў... Ведаеш, як бацька цябе называў у часы тваёй адсутнасці? Фаўст. Наш бедны Фаўст. I цяпер, калі ты знік, а тваю маёмасць распрадалі, я вырашыла, ты зноў падаўся ў далёкія падарожжы.
Пранцысь адзначыў пра сябе, што Лёдніку ўдалося схаваць ад землякоў здзелку з панам Агалінскім.
— Што ж, я заслужыў такія словы. Але мяне можаш не баяцца, я на твае веды не прэтэндую — бо адмовіўся нават ад сваіх, — з цяжкасцю, нібы яму было балюча, прагаварыў Лёднік.— Так, я ўсё мог аддаць за новыя веды... Акрым душы. Верыў, што вось, няхай навучаюся ў бязбожнікаў, якія гавораць пра перасяленне душаў і сцвярджаюць, што зносяцца з духамі, але ж я толькі назіраю, і выбіраю, што варта пераймаць, і заўсёды змагу спыніцца, не пераступіць мяжы... Як быццам, ступіўшы ў брудную лужыну, можна выбраць сухое месца. I мне страшна ўявіць, як далёка я мог бы зайсці па дарозе ў бездань... Але ўсё ў волі Госпада, я зразумеў, што браць на сябе ролю абранца і носьбіта таемных ведаў — найвышэйшая праява гардыні. Я больш не алхімік і не астролаг. Я... лепш табе не ведаць, наколькі я мала цяпер значу.
Дождж ударыў у шыбу мяккай нябачнай лапай, нібыта аб чымсьці папярэджваў.
— Бутрым, я зусім не лічу сябе абранніцай ці цябе нявартым... — засмучона прагаварыла Саламея. — Я ж памятаю, як мы хадзілі ў Сафійку, сядзелі над Дзвіною і як ты мне распавядаў пра Рагнеду і Уладзіміра, пра Ефрасінню і Скарыну... I пра тое, як Іван Жахлівы заваёўваў наш горад, а тады Стафан Баторы. Як мы лазілі па мурах і сутарэннях
і як знайшлі іржавы рыцарскі меч з выявай вершніка... Павер, усё, што я маю, і я сама — належыць табе. Акрамя таго, пра што ты пытаешся. Проста гэта не мая таямніца, я яе не прасіла, і я над ёю не ўладная!
— Няважна... — прамовіў Лёднік. — Я за сваю гардыню расплочваюся напоўніцу. I не хачу, каб ты, няхай далучаная не па сваёй волі, расплацілася таксама. Бо калі нам нейкім цудам удасца выбрацца з замка — цябе зграбуць іншыя прагныя рукі... Сапегаў, Багінскіх, Чартарыйскіх, Панятоўскіх... Каго заўгодна. А я не дзеля таго спрабую цябе вызваліць.
— А дзеля чаго? — папыталася Саламея.
Лёднік уздыхнуў, як студэнт на іспыце, да якога не падрыхтаваўся.
— Ты павінна быць вольнай... Жыць як хочаш...
— Ты ведаеш, чаго... дакладней, каго я хачу, — голас кабеты гучэў нават насмешна. — Уласна кажучы, я ж дачакалася — ты прыйшоў! Мой бедны Фаўст...
I калі б доктар у гэты момант пачаў казаць, што яе няварты, Пранцысь перастаў бы яго паважаць. Але ў прыцемку, які пачаў трохі-трохі, кропляй белі, рабіцца святлейшым, Лёднік толькі паднёс да вуснаў руку жанчыны, нібыта дзюбнуў носам. У Вырвіча ў чарговы раз варухнулася крыўда: і чаму гэтага страхалюднага недарэку кахаюць самыя прыгожыя кабеты? I яшчэ мільганула думка: а Паланэя Багінская напэўна ж хоча займець тую рэліквію! Можа, з дапамогай рамфеі, дзіды святога Маўрыкія, мяккі па характары, але адукаваны і схільны да мастацтваў князь Міхал Багінскі стане каралём Рэчы Паспалітай? Гэта будзе, напэўна, куды лепей, чым чарговы саксонец, расейскі стаўленік ці вар’ят Геранім Радзвіл... I што, калі тую рамфею дастане шляхціц Пранцысь Вырвіч? На трон яго самога, вядома, наўрад пасадзяць, трэба нават у марах ведаць межы... Але ён можа ўрачыста перадаць святыню будучаму каралю і тым як бы ўзвесці яго на трон. Пранцысь Вырвіч, дабрадзей караля! Тады юная Багінская паглядзіць на яго, як на роўнага!