• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Доктар, а калі чалавеку наканавана памерці ў катоўні, гэта ў гараскопе прадказваецца? I на далоні напісана?
    — Выкінь гэткія думкі з галавы! — бразнуў ланцугамі Лёднік. — Яшчэ нядаўна бег з шабляй на стрэльбы
    з крыкам «Гіпацэнта-а-аўр!», а цяпер? Нават лініі на руцэ могуць мяняцца, калі іх уладальнік не губляе галавы ў самай адчайнай сітуацыі.
    — Ага, зараз сільфы да нас прылятуць альбо красналюдкі праз зямлю прарыюцца... А можа, Гіпацэнтаўр у дзверы ўломіцца?
    Дзверы расчыніліся са страшэнным ляскатам, вялізная фігура намалявалася ў праёме, а нечае цела кулём упала на падлогу.
    Прыхадзень зрабіў крок у ярка асветлены пакой, святло ліхтароў засерабрылася на бровах і павеках, заблукала ў бяздонных вачах незразумелага колеру. Герман Ватман! Пранцысь не верыў сваім вачам. Перавёў позірк на таго, хто нерухома ляжаў на падлозе... Аднавокі «лібертэн» Прашковіч!
    Між тым Ватман са сваёй звычайнай жорсткай усмешкай няспешна абышоў вакол Лёдніка.
    — М-да, неяк не наважыўся б я хадзіць лекавацца да доктара, які так часта трапляе ў падобныя сітуацыі.
    — Пан прыйшоў праверыць, у якой я сітуацыі? — холадна пацікавіўся Лёднік.
    — He паверыш, але адгадаў! — Ватман патрос звязкай ключоў, прымерваючыся, які з іх — ад ланцугоў.
    — Вас прыслала Паланэя Багінская? — ускрыкнуў з радаснай надзеяй Пранціш.
    Ватман кінуў на юнака насмешны позірк.
    — Пан... Вырвіч, калі не памыляюся? Вы па-ранейшаму лічыце, што свет круціцца вакол вашай каштоўнай персоны і панне Паланэі больш няма пра каго ўспамінаць, як пра недавучанага шкаляра?
    Пачаў адмыкаць ланцугі Лёдніка.
    — Справа вельмі простая... Яго княжая мосць Геранім Радзівіл не сумняваўся, што адна зніклая з яго замка пекная асоба апынулася ў князя Сапегі. I прыскакаў да яго на перамовы, прыхапіўшы мушкецёраў. Вось такая там дыспазіцыя... Сапега з пэўнай асобай не можа пакінуць
    кавалергардыю, але да яго, даведаўшыся зноў-такі пра прысутнасць пэўнай асобы, прыехаў на дапамогу мой пан, ваявода Аляксандр Багінскі са сваімі жаўнерамі. А пэўная пекная асоба, вельмі, дарэчы, дзёрзкая, абвясціла панам Сапегу і Багінскаму, што перадасць цікавую ім рэч толькі ў абмен на жыцці двух асоб, якія знаходзяцца зараз у гэтым пакоі. Гэтага мы, вядома, не лічым... — Ватман кіўнуў у бок Прашковіча. — Таму Сапега адмовіўся весці перамовы з Радзівілам, пакуль той не прадаставіць дакладных звестак, што асобы жывыя і здаровыя... А пан Багінскі даручыў праверку мне. Вось я і прыехаў. 3 лістом ад князя Гераніма Лысага, Як Калена. Ну і з таемным даручэннем паспрабаваць вас вывезці.
    — Тады твой пан будзе галоўным прэтэндэнтам на таямніцу пэўнай асобы? — папытаўся Лёднік, з палёгкай апускаючы вызваленую руку.
    — Дакладна так! Вось я і зайшоў сюды... 3 двума праважатымі. Толькі ў іх адразу за дзвярыма ногі падвярнуліся і шыі скруціліся. Такая вось няёмкасць. А тут гэты... пад руку трапіўся. Пазнаў мяне, верашчаць пачаў, што я шпег...
    — Вы яго забілі? — папытаўся Пранцысь без асаблівай шкадобы да Прашковіча.
    — Затое цяпер у яго дакладна абодва вокі. На тым свеце калекаў жа няма, — павучальна прамовіў Ватман.
    Упаў апошні ланцуг з Лёдніка, і доктар стамлёна абапёрся рукамі аб слуп. Праз якую хвілю быў вызвалены і Пранцысь. Шкаляр падбег да доктара і зірнуў на ягоную спіну: сціло было ўторкнутае пад левай лапаткай. Вырвіч асцярожна дастаў тонкі скрываўлены стрыжань і хацеў грэбліва адкінуць убок, але Лёднік затрымаў яго руку:
    — Дай сюды...
    Ватман шматзначна перхануў:
    — Калі паны нікуды не спяшаюцца, я магу іх пакінуць у гэтым прыемным месцы. Але баюся, што якога-небудзь нябожчыка ў гэтых калідорах мне не ўдалося схаваць як
    след, і зараз проста да нас з’явяцца праблемы... са стрэльбамі, шабелькамі і шастапёрамі. Разумееце, дзе ні прайду апошнім часам, — сціпла заўважыў найміт, — вакол мяне свежанькія нябожчыкі з’яўляюцца. Планіда, відаць, такая.
    Лёднік усцягнуў на сябе адзенне, прычым малады гаспадар на гэты раз не пагрэбаваў сам яму дапамагчы.
    — Доктар, ты хоць можаш рухацца? — на ўсякі выпадак папытаўся Вырвіч, якога бянтэжыла, што кашуля яго слугі адразу афарбавалася чырвонымі плямамі.
    — Перастаньце хвалявацца з-за некалькіх драпін! — раздражнёна адказаў доктар, зашпільваючы чорны камзол, пад якім схавалася запэцканая кашуля, як быццам ніякай страшнай сцэны і не было.
    За акном прагрукаталі па брукаванцы колы...
    — Гэта мае хлопцы прыехалі. Хадзем! — скамандаваў Ватман, узяўшы ў адну руку пісталет, у другую шаблю. Зброя аднавокага па праве таго, хто выжыў, дасталася Лёдніку.
    Ватман ішоў, як дужы звер, трохі ўгнуўшы галаву, нібыта збіраўся прабіваць ёю сцены. Нікога жывога па дарозе не сустрэлася... Мёртвыя — так, былі. Часцей за ўсё з пераламанымі шыямі — відаць, улюбёны прыёмчык Ватмана. А вось калі дзверы з сутарэнняў прыадчыніліся, Ватман расчаравана ўздыхнуў. На выхадзе стаяла купка жаўнераў, якія паказвалі пальцамі ў бок нейкай павозкі, якую зараз абшуквалі. Усё паліваў панылы дождж.
    — Уліплі мае хлопцы. Трэба прыдумваць іншы план, — шапнуў Ватман Лёдніку і Пранцысю, якія хаваліся за дзвярыма, над трупам вартаўніка ватманскай работы. — Усіх мне не перабіць.
    У голасе найміта, калі ён вымаўляў апошнюю фразу, чулася задумлівая шкадоба.
    — Калі б прабіцца да Малога палаца, да стайні... Вось туды... — прамовіў доктар, паказаўшы на дзверы, за якімі
    Пфальцман даводзіў да ладу жалезную чарапаху. Ватман кіўнуў галавой.
    — Можам дабегчы. Калі вы будзеце ў мундзірах, — паказаў на труп вартаўніка. — I калі сюды раней часу не зойдзе нехта — звонку ці знізу. Скажу шчыра — калі б вас адвялі ніжэй, а дзе заканчваюцца гэтыя сутарэнні, я не ведаю, — нават у мяне магло нічога не атрымацца. Ну, калі патрапілі б у вежу Верхняга замка — усё, панове, магіла.
    Скрозь залеву постаці ў замкавым двары здаваліся размытымі, няпэўнымі, як адлюстраванні на вадзе. Калі трое трохі знерваваных жаўнераў наблізіліся да малога палаца, з Капыльскай брамы шалёным намётам, расплюхваючы дождж, слату і трывогу, уляцела кавалькада. Той, хто ехаў першым, гарлаў як рэзаны:
    — Загад князя! Шпегаў у вежу! Доктара з мальцам! Сцерагчы! He чапаць!
    — Усё, даклалі вар’яту пра гандаль, — прасіпеў скрозь зубы Ватман. — Будзе нам вяселле з расколатай дзяжой...
    — Хутчэй! — выкрыкнуў Пранцысь і кінуўся ў стайню, прыстасаваную пад майстэрню.
    Здавалася, сутарэнне Слуцкага замка бязгучна завыла ім у спіны, як галодная пачвара, са сківіц якой выкараскалася амаль з’едзеная смачная ахвяра.
    Раздзел дзясяты.
    АПОШНІ ШЛЯХ ЖАЛЕЗНАЙ ЧАРАПАХІ, АБО НАРАДЖЭННЕ СЛУЦКАГА ЦМОКА
    Жалезная чарапаха была на месцы, і Пфальцманы ў поўным складзе з іхнім слугою Генрыхам у дадатак. Толькі ніяк нельга было сказаць, што праца ў іх віруе, хаця з чарапахі ішла пара, відаць, гер Якуб правяраў працу рухавіка. Фрау Эльза злосна плакала на плячы ў мужа, вусаты Генрых, падобны да пазбаўленага хаткі бабра, панурыўшыся, як над труною, мучыў у руках шапку, а насу-
    праць злосны пан у мундзіры палкоўніка радзівілаўскага войска выгаворваў сурова:
    — За ўкрывальніцтва шпегаў! За здраду яго княскае мосці!
    Двое паюкоў шматзначна пакручвалі ў руках шаблі, час ад часу баязліва, з затоенай цікаўнасцю касавурачыся ў бок «цмока».
    Бойка была нядоўгай. Ватман грэбліва выпусціў з рук два целы з разбітымі галовамі, і цяпер іхнія вызваленыя душы няўцямна азіраліся дзесьці побач — што гэта з імі адбылося? Лёднік акуратна схаваў скрываўленую зброю ўпохвыізмрочнапаглядзеўнапераляканыхПфальцманаў. У Пфальцманавай жонкі быццам адпусціла нейкую спружыну, яна кінулася на Бутрыма з кулакамі:
    — Усё з-за цябе, пракляты ерэтык!
    Пераключылася на Пранцыся, нацэлілася худымі пальцамі да ягоных шчырых воч:
    — Ілжэц! Ілжэц!
    Вынаходнік схапіў фрау ў абдоймы, што мала дапамагло, і з адчайным запытаннем, туды-сюды хістаючыся воляю сваёй фрау, паглядзеў на аднакурсніка. Той паціснуў плячыма.
    — Парадаваць няма чым. Калі не сыдзем адсюль — смерць чакае ўсіх пакутніцкая і непазбежная. Геранім Радзівіл нічога не даруе.
    — Што ж рабіць? Што рабіць? — вусны Пфальцмана трэсліся, як халадзец на вясельным стале падчас скокаў.
    — Mary адразу прырэзаць, каб не пакутавалі, — ветліва прапанаваў немцу Ватман, як быццам прапаноўваў нюхальную соль.
    Пфальцманы ягоны своеасаблівы гумар не ацанілі, і фрау пачала са збляднелым тварам валіцца на зямлю.
    — Значыць, з бабы трэба пачынаць, вунь якая дохлая, толку ад яе... — меланхалічна заўважыў Ватман, і фрау хуценька ўстала на ногі, працінаючы злосным позіркам пукатых шэрых вачэй найміта Багінскіх.
    — Якуб, твая машына падрыхтаваная? — мякка папытаўся Лёднік.
    Пфальцман спалохана зміргнуў, румянец вярнуўся на яго азызлыя шчокі.
    — Ты хочаш... Ты хочаш... Каб мы...
    — А нічога іншага не прыдумаць. Давай выпрабуем тваю машыну, наколькі яна вартая.
    Якуб разгублена паглядзеў на жонку, але тая часова страціла здольнасць даваць парады, і наважыўся, чаму нямала паспрыяла тое, што ў замкнёныя на засаўкі вароты стайні пачалі настойліва грукацца.
    — Сядайце! Хаця цеснавата будзе ўсім... I горача.
    — Пацерпім, не васковыя! — азваўся Лёднік.
    Калі Пфальцман усеўся за рычагі свайго вынаходніцтва, адразу змяніўся: рухі і голас набылі ўпэўненасць, нават рысы твару падцягнуліся. Тым больш жонка ляжала цяпер літаральна ў яго пад нагамі, да якога становішча, як відаць, не звыкла. Але іншага месца для яе не знайшлося — усе і так ціснуліся адзін да аднаго, як арэхі ў горле каляднай гусі.
    Падтрымліваць агонь у катле паставілі Ватмана, хаця рваўся Лёднік, які па звычаі не жадаў прызнаць сябе пакалечаным і не самым дужым. Доктара ўсадзілі на скрыню з вугалем. Пранцысь і фурман Генрых прымасціліся з бакоў, там, дзе былі гарматы, іх паспелі ўсталяваць усяго восем. Між спінамі шкаляра і фурмана былі заціснуты бочачка з порахам і скрыня з ядрамі.
    Агонь у топцы гудзеў, вада ў катле, які знаходзіўся звонку, закіпела, запахла распаленым жалезам, чарапаха выплюнула струмень пары...
    — Шнэль! — гукнуў Пфальцман, тузануў падважнікі.
    Крануліся з месца шатуны, як быццам перабірала нагамі вялізная жамяра. Закруціліся колы і колцы, ляскатнулі шчыты чарапахі, змыкаючыся, ад чаго ўнутры стала цёмна і горача, як у лазні.