Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Ватман пільна ўглядаўся некуды ў той бок, дзе бачыўся чырвоны дах кавалергардыі, у якой сабраліся аж тры магнаты дзяліць адну Сільфіду.
— Доктар, бліжэй да мяне! — скамандаваў Ватман.
Лёднік пад’ехаў, спыніў каня побач.
— Глядзі ў той бок! — Ватман паказаў пальцам у кірунку кавалергардыі. I нават памахаў камусьці рукою, хаця з такой адлегласці ніхто ўбачыць іх не мог.
— Што цяпер? — ветліва папытаўся Лёднік.
— Цяпер — мы адпачываем, чакаем і не задаём пытанняў.
Ватман лёгка саскочыў з каня і пазяхнуў.
— Туман падымаецца... Гэта добра. Ну што стаіш, шчаўлік, ідзі навяжы коней, а потым вогнішча развядзі, пакуль дажджу няма! Умееш?
Пранціш хацеў абурыцца, бо шчаўлікам абазвалі менавіта яго, але Ватман быў дваранінам і вайскоўцам, а вайсковая навука змушае нават самых радавітых займацца бруднай справай. Кожны вой павінен умець зацыраваць бот, натачыць лязо шаблі, перавязаць рану. Гэта магнатаў, кшталту Пане Каханку, вывозяць у юнацтве на вайну, як на парад, разам з кухарамі, лёкаямі і шаўковымі намётамі. А вось Андрэй Рымша, чые творы вывучалі ў калегіюме, так пісаў пра вяртанне гетмана Крыштофа Радзівіла па мянушцы Пярун у лагер падчас Лівонскай вайны, калі ваявалі з маскоўцамі:
Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху, Што казаці — было тут пану не да смеху: Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлі, Ляжа ў адзенні, да касцей прамоклы.
А калі пераходзілі ліцвіны Мядзведжае балота, дык
He пазнаць было, хто там гетман, хто паняты: У гразі ўсе таўкліся, быццам парасяты.
Усё гэта вельмі падыходзіла да іх сённяшняга становішча, таму Вырвічу, які марыў пра вайсковую славу, не пасавала скардзіцца. Ён сапраўды, на вайсковы погляд, быў шчаўлікам, якога трэба вучыць. Урэшце, пасля сутарэнняў Слуцкага замка нават будан на вяршыні Лысай гары падаваўся райскім палацам.
Пакуль відно, можна набраць грыбоў, пашукаць якіх арэхаў... Яны з Лёднікам, прынамсі, так і рабілі калісьці. Але
Пранцысь пабачыў, як нязломны доктар літаральна ўпаў на наваленае ў будане адсырэлае сена, і зразумеў, што лепей яго не турбаваць. Але зрабіў яшчэ дурней, бо пачаў цікавіцца радаводам гера Ватмана. На гэтую тэму любілі разважаць усе, бо шляхціц з маленства вывучваў свой радавод да драбніцаў, і часцей за ўсё можна было ў такіх размовах упэўніцца ў сваяцтве з чарговым «панам-братам» праз якога-небудзь згубленага ў вяках князя ці караля. Сам Вырвіч збіраўся пахваліцца, што галінкі ягонага радаводу цягнуцца аж да князя Палямона. Бацька Вырвіч увесь час паўтараў, што калі ляхі не мелі гербаў сваіх, ліцвіны ўжо шляхтай былі — ад старых рымлянаў. Але Ватман толькі пасміхнуўся:
— Да Палямона, кажаш? А я — сын маркітанткі! Нарадзіўся на полі бою, хрышчаны пад кулямі. Дваранства заслужыў шабляй. Ёсць у мяне і баронства — ад караля Густава, і шчэ пару ардэнкоў, якія ўмацоўваюць маю шляхецкую годнасць, як сталёвае лязо, і нават замак у Сілезіі, дзе мяне гадоў сем чакаюць вернападданыя нявесты на права першай ночы. Герб мне намалявалі з грыфонамі. Але мне на гэта на...ць.
Лёднік адабральна хмыкнуў, і Пранцысь пакрыўджана адышоўся ад гэтых хамаў, якія не разумеюць высакародных гутарак.
Знізу падымаўся сівы туман, нібыта збіраўся штурмаваць Лысую гару. Цяпер можна было не баяцца, што іх вогнішча заўважаць. Лёднік ляжаў ніцма, нерухома, і гэта было дрэнна. Добра хоць, не на зямлі — на дошках, прыкрытых сенам. Яшчэ ў будане знаходзіўся вузкі стол, упрыгожаны двума старымі глінянымі місамі з прэлым лісцем і здохлымі мухамі, і рэшткі ад лаўкі. Па другі бок стала на мокрым сене ляжаў, падклаўшы пад галаву руку, Ватман.
Пранціш прысеў побач з Лёднікам.
— Доктар, табе лепей бліжэй да агню. Непадалёк расце дуб, можна кары надраць... Ад запалення скуры заварыць. I галінкі асіны можна ўзяць... 3 хінінам... Ад гарачкі...
— Вывучыў, шкаляр, залічана, — Лёднік з цяжкасцю прысеў. — Давай, нясі... Яшчэ знайдзі смалы-жывіцы. I во-ось тых чырвоных ягад нарві. Усім прыдасца ад магчымай застуды.
Ватман пагардліва выгукнуў:
— Цывільныя! Жаўнер у снезе начуе і не застуджваецца.
— Яшчэ як застуджаецца, шаноўны, і колькі я ў такіх герояў у Прусіі ды Чэхіі адрэзаў адмарожаных рук ды ног — на воз не змясціліся б. Пілаваў і пілаваў, — не змаўчаў Лёднік.
Найміт ашчэрыўся, як звер:
— От я б зараз не адмовіўся ад добрага кавалка мяса.
Зрабіў застрашлівую паўзу і дадаў супакаяльна-насмешна:
— He, не чалавечага.
Зарагатаў, а потым ціха завёў прыемным хрыплаватым голасам мілую песню пра дзяўчыну, якая чакала з вайны свайго каханага, чакала, а той вярнуўся ў выглядзе прывіда і завёз яе з сабой у цёмную сырую магілу:
— Ой, ці не страшна табе са мной?
— Ой, мне не страшна, мой герой!
— А косткі мае не надта грымяць?
— За пацалункам іх не чуваць!
— А хутка і вусны мае згніюць!
— А зубы ж не хутка выпадуць!
Спіна Лёдніка, які зноў ляжаў ніцма, пачала трэсціся, як быццам ад ліхаманкі. Ён перавярнуўся і, не хаваючыся, зарагатаў, а потым пачаў падпяваць чорнавясёламу Герману:
— А што, калі ўсё разваліцца?
— Тады з костак булён зварыцца!
I Вырвіч зразумеў, што ўсё будзе добра.
А калі туман амаль дапоўз да верху, з ягонай прывіднай глыбіні пачуўся свіст. Уцекачы з’ехалі з гары, і да іх
далучыліся пяцёра вершнікаў, у якіх знайшлася для вымачаных у селядцовым расоле новая вопратка. Атрымалі згаладалыя мужчыны і прыпасы ў дарогу. Пранціш проста седзячы ў сядле ўпіўся зубамі ў кавалак вяндліны.
— Рушылі! — скамандаваў Ватман.
— Куды? — спытаўся, жуючы, Пранціш.
— У Менск, у кляштар бернардзінак!
I сэрца шкаляра забілася мацней: да Паланэйкі!
А Лёднік упарта закінуў галаву:
— Я нікуды не паеду без адной асобы!
Вершнік, невысокі, стройны, наблізіўся да яго ўшчыльную, прыўзняў белы твар з вялікімі вачыма і прамовіў няроўным ад радаснага хвалявання голасам:
— Думаю, гэта не праблема, мой бедны Фаўст!
Раздзел адзінаццаты.
ЯК ПРАНЦЫСЬ У ЖАНОЧЫМ МАНАСТЫРЫ ЖЫЎ
Гэтае лета было ў слаўным горадзе Менску не самым спакойным. Пане Каханку ўсю столь у зале Трыбунала ўратушы расстраляў на рэшата. Потым ягоны амарат пан Міхал Валадковіч горад на вушы паставіў, праходу панам радцам не даваў.
Усе чакалі сечы, а любая шляхецкая звада адбівалася на месцічах самым сумным чынам. Трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі пакляўся, што прымусіць Валадковіча адказваць па законе за ўсе бясчынствы. А які закон можа быць для пана, без якога ўсемагутны Пане Каханку кроку ступіць не можа, у лоб цалуе і братам называе? Нясвіжскі ксёндз Аблачынскі, якога ледзь не святым парафіяне лічаць, вунь паспрабаваў быў уМарыінскім саборы буяша прысароміць, дык той яму праз тыдзень імшу сарваў. Прывёў на плошчу музыкаў, цыганоў з мядзведзямі і малпамі ды бочку віна выкаціў. Асабліва радаваліся навучэнцы езуіцкага калегіюма.
Пранцішу тады ўдалося пабыць у натоўпе, скарыстацца з выбітнага відовішча і дармовага віна. Тады ён шчыра зайздросціў зуху Валадковічу і марыў стаць падобным да яго. Захацеў каму бізуноў даць — даў, захацеў пекную кабету памацаць — хай ейны муж церпіць... Сёння, успамінаючы шалёныя вочы Валадковіча і ягоны чырвоны, спіты твар — хаця пан быў яшчэ малады, — Пранцысь не быў упэўнены, што гэта ягоны ідэал.
3 вокнаў кляштара бернардзінак добра бачыўся Марыінскі сабор з дзвюма вежамі, якія ўпрыгожвалі два званы, адлітыя з велізарнага звона па імені Ян Салагуб, прывезенага з Караляўца і занадта вялікага для карыстання на мясцовай званіцы. Бачыўся і такі да болю знаёмы будынак езуіцкага калегіюма. Дзесьці там, у інтэрнацеканвенце, засталася радавая шабля Вырвічаў з выгравіраваным на дзяржальне «Гіпацэнтаўрам».
Лірнік пад акном заспяваў баладу пра магутнага гетмана Радзівіла, чым, напэўна, параніў бы сэрцы высакародных прадстаўнікоў роду Багінскіх, каб тыя лічылі вартым прыслухоўвацца да спяванняў нейкага жабрака:
— Радзівіл князь выязджае, Веліч нібы сонца ззяе
Моц і слава зямлі літоўскай Па-над ім лятае.
Моладзь і высока панства, Рыцары — Літвы ваярства, Коні рвуцца пад імі, чуюць вершнікаў штукарства.
Пранціш пацягнуўся да акна бліжэй... Толькі пры пані ігуменні асабліва па баках не пакруцішся. Маці Альжбэта, мажная і ўладная, сурова глядзела на гасцей, хаця й чаканых і добра аплочаных пляменнікам. Двое мужчын, да таго ж схізматыкаў, і кабета ў мужчынскай адзежы — у яе манастыры!
— Як хочаце, але ў келлях я іх пасяліць не магу! — строга сказала маці Альжбэта белагаловаму волату з перабітым носам, канфідэнту ваяводы Багінскага.
— Але ж, цётачка, яго княская мосць мой пан брат дужа прасіў... — мілым галаском прамовіла маладзенькая паслушніца з троху кірпатым носікам, ружовымі вуснамі і гарэзнымі не як у мнішкі вачыма. — Яго княская мосць запэўнівае, што госці гэтыя вельмі важныя, і іх бяспека — справа нашага сямейнага гонару і...
— Сціхні, сарока, — раздражнёна спыніла пляменніцу маці Альжбэта. — Каб не так — не пусціла б у святыя муры гэтую банду.
Агледзела яшчэ раз прыхадняў, як гаспадыня — няўдалыя булкі:
— Значыць, так... Паселіцеся ў левым крыле, дзе скарбніца. Туды хадзіць усім забаронена, ключ толькі ў мяне, маецца выхад праз сутарэнні... Самае то. Жанчыну — у верхні пакой, дзе складзеныя габелены. I каб замыкалася на ключ! Мужчынам прыйдзецца начаваць пад лесвіцай. Спадзяюся, не трэба папярэджваць, што тут — прытулак цнатлівасці...
— Я сама прасачу за іх паводзінамі, цётачка! — паслушніца пацалавала ігуменню ў руку.
— Ты ўжо прасочыш... — у голасе маці Альжбэты скрозь раздражненне чулася паблажлівая любоў. — За табой сачыць трэба, гарэза. А клапаціцца пра гасцей і праўда давядзецца табе. Бо лішніх вачэй і вушэй нам тут не трэба.
Спынілася поглядам на госці ў мужчынскім касцюме, чый апякаюча прыгожы твар быў такі бледны і змучаны, быццам зараз пані паваліцца, зірнула на ладнага юнака з нахабнымі вачыма і яго старэйшага спадарожніка, з разумным саркастычным абліччам, занадта разумным і занадта саркастычным для добрага хрысціяніна, нахмурылася...
— Распарадзіся, Паланэя, каб нагрэлі вады. Пах ад гэтых мужыкоў, як ад гнілых селядцоў. Дзеўка хай кладзецца ў ложак. I на ключ замыкайся, чуеш! Плюгаўства нейкае робіцца... Мужчыны ў жаночым кляштары...
На развітанне паслушніца падміргнула Пранцысю так, што ў яго радасна зайшлося сэрца.