Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Пранцысь з цікавасцю паглядаў па баках, гадаючы, за якім паваротам мог быць запаветны ход да скарбаў. Ватман трымаў ліхтар, які асвятляў нізкія вільготныя скляпенні і рабіў твары падобнымі да твараў мерцвякоў. Асабліва гэта тычылася Лёдніка, ягонае худое змрочнае аблічча дакладна магло напалохаць выпадковага мінака, калі б такія тут трапляліся, але шматлікія сустрэчныя пацукі баяліся толькі святла і шуму. Саламея Рэніч таксама здавалася незямным стварэннем. Бледны твар з вялізнымі адчайнымі вачыма і тонкімі рысамі, дасканала акрэсленыя вусны, гордая шыя, танклявая пастава... Пранцысь выпадкова заўважыў цікавую сцэну, якая адбылася, калі яны выходзілі з сутарэнняў па лесвіцы і Ватман прапускаўусіх наперад, падсвечваючы прыступкі ліхтаром. Калі паўз яго апошняй праходзіла панна Рэніч, прыціснуў яе да сябе і паўжартоўна прапанаваў:
— Выйдзеш за мяне, вядзьмарачка? У мяне замак уСілезіі. Будзеш баранесай. Маю жонку ніхто пальцам не зачэпіць, ні магнат, ні кароль, а чараў я не баюся.
Саламея акуратна выслізнула з мядзведжых абдоймаў:
— Ваша мосць жартуе... Якая з мяне баранеса? Я простая кабета.
— А ты падумай...
Добра, што Лёднік гэтага не чуў.
Падобна, яны апынуліся ў дольнай зале ратушы, відаць, і прызначанай для таемных сходаў — ніводнага акна, цяжкія скляпенні, здавалася, ціснулі на самую душу. Свечкі спалохана міргалі, іх агеньчыкі цягнуліся да нябачнага праёма, нібы хацелі ўцячы.
Багінскі на гэты раз быў у сармацкім касцюме, даволі сціплым у параўнанні з параднымі, у якіх ён звычайна з’яўляўся. На ягоных грудзях матляўся залаты медальён, у якім, як казалі, знаходзіцца партрэт жонкі наследніка расійскага прастола і пасмачка яе валасоў: Багінскі яшчэ не страціў надзею адцясніць шчаслівага суперніка па заваяванні сэрца будучай царыцы і працягваў на ўсякі выпадак удаваць палка закаханага.
Князь Міхал абняўся з малодшай сястрой, пажартаваў з ейнага манаскага выгляду, паабяцаў, што хутка верне яе да свецкага жыцця, пры добрых паводзінах, зразумела, і ўсеўся за цяжкі дубовы стол, упрыгожаны разьбой у выглядзе скрыжаваных мячоў. Побач з ім уладкаваўся чарнявы пан з сівымі вусамі і скронямі, з разумнымі цёмнымі вачыма, якога называлі Марыконі, — Пранцысь успомніў, што гэта віцэ-маршалак менскага трыбунала, зацяты вораг Радзівілаў. За спінай Марыконі вырас малады шляхціц з такой фанабэрыстай мордай, якая магла належаць толькі малазначнаму судоваму чыноўніку. Герман Ватман таксама стаў за сваім гаспадаром, падманліва расслаблены, але гатовы вобмірг прыкласці да падлогі любога, хто выкліча незадаволенасць пана. Па правую руку ад Багінскага ўладкавалася маці Альжбэта, ягоная і Паланэі цётка, побач з ёю яшчэ адна кабета, з прыгожым уладным тварам з цяжкаватым падбароддзем, — старэйшая сястра Паланэі Алена, жонка маршалка дворнага Патоцкага. Сямейны савет Багінскіх з дарадчыкамі... Лёднік, Пранціш і Саламея стаялі перад імі, як падсудныя.
— Я выканаю, што абяцала ягонае княскае мосці, — ціха прамовіла палачанка ў адказ на бязмоўныя запытальныя позіркі. — Але абяцаць нічога пэўна не магу. Бо месцы небяспечныя, можна загінуць.
— 3 табой пойдзе ён, — Міхал Багінскі кіўнуў на Ватмана. Герман шырока ўсміхнуўся, ягоная ўмешка мала каму дадала б весялосці. — Mary паслаць і лепшых жаўнераў, колькі скажаш. А твой жаніх цябе тут пачакае.
— Са мной павінен пайсці чалавек, звязаны са мной крывёй і еднасцю душаў. Іначай не атрымаецца. Сутарэнні не дазволяць мне прывесці чужога чалавека, — цвёрда прамовіла Саламея.
Багінскі і Марыконі перазірнуліся, а Алена з Багінскіх раздражнёна нахмурылася, полацкая Сільфіда ёй відавочна не падабалася.
— Ты хочаш сказаць, трэба знайсці якога твайго сваяка? — удакладніла княгіня Алена.
— Або справа пра які-небудзь вядзьмарскі рытуал? — падазрона папыталася маці Альжбэта.
— He абавязкова сваяка, — Саламея пачырванела, але працягвала гаварыць. — Паколькі Гасподзь сказаў пра мужа і жонку, што двое будуць адзінай плоццю... Са мной пойдзе доктар Баўтрамей Лёднік.
— Але ж ён пакуль не муж табе, — сярдзіта прамовіла пані Альжбэта.
Панна Рэніч на хвілю апуціла вочы, але зноў смела працягвала:
— Перад небам і людзьмі — муж. Дэ-факта... Няхай і не дэ-юрэ.
Ватман злосна прыжмурыўся, але тут жа ўдавана весела зарагатаў:
— Ну, доктар, ну, пройда...
Лёднік стаяў, як бы гэта яго не тычылася, увесь такі годны і важны. Паланэя спрабавала схаваць усмешку, прыкрываючыся рукавом. Маці Альжбэта пачала гучна абурацца, што распуста пранікла ў святыя сцены, і гэта трэба жорстка караць, але Міхал Багінскі ветліва перапыніў яе сваім мяккім голасам:
— Прабачце, пані-маці Альжбэта, маральнасць — гэта важна, але мне здаецца, для нас важней зараз абмеркаваць зусім іншае... За рэліквіяй пойдуць, як я разумею, панна Рэніч і ейны амарат, але Ватман таксама. Як, Ватман?
— Ды няхай сабе ідуць удваіх, — адказаў найміт з крывой усмешкай. — He праблема, ваша мосць... Калі я пайду следам.
— Узнагарода будзе вам самая шчодрая, — запэўніў князь Багінскі.
— Няхай ваша княская мосць і ўсе прысутныя высокія госці даруюць, але дазвольце нагадаць пра адну акалічнасць, — Пранцысь ледзь дацярпеў, каб не ўмяшацца раней. — Справа ў тым, што гэты Лёднік не ёсць вольным чалавекам і не можа распараджацца сабою па сваім гледжанні. Ён мой пажыццёвы слуга, які прадаў сябе за даўгі.
Пранцысь падаў у рукі князю з самым свецкім паклонам паперу ад Агалінскага, і ўрачыста прамовіў фразу, якая змушала ягонае сэрца пераможна біцца.
— Доктар — мая маёмасць!
Багінскі прабег вачыма паперу і перадаў Марыконі, які пачаў уважліва яе вывучаць. Лёднік утаропіўся некуды перад сабой адсутным позіркам, Саламея сціснула рукі, быццам ёй стала холадна.
— Маёмасць шляхціца — справа святая, — прамовіў Багінскі. — Але я гатовы купіць у пана Вырвіча ягонага слугу за любую суму, якая яго ўсцешыць.
Пранціш задаволена ўсміхнуўся. Вось цяпер доктар адчуе, як трэба цаніць свайго гаспадара!
— Можа быць, і прадам, — прамовіў Пранціш, ад пачуцця салодкай помсты ў яго аж галава круцілася. Ну няхай не ў руку доктар пачне яго цалаваць, няхай хоць папросіць: «Не прадавайце мяне, пан Вырвіч», — хоць знак які падасць. Ды хаця б засмуціцца, Пранціш і ягоным спалохам задаволіцца. — Слуга мой наравісты, непаважлівы. Худы, але затое дужы, — Вырвіч схапіў Лёдніка за руку, нібы дэманструючы прысутным.
Лёднік павярнуўся да яго і спакойна папытаўся:
— Зубы паказаць?
— Што? — разгубіўся Пранцысь.
— На кірмашы ў рабоў звычайна яшчэ зубы правяраюць, — роўным голасам патлумачыў Лёднік.
Пранцысь дзесьці ў глыбіні душы адчуў, што перагінае палку са сваёй помстай.
— А я б яго купіў! — радасна прамовіў Герман Ватман. — Доктар, зоркавед, золата варыць... Толькі трэба зрабіць яму пэўную аперацыю, каб дзевак болей не псаваў.
— He забывайцеся, пан, тут дамы! — абурылася маці Альжбэта.
— А што, дамы супраць? — гарэзаваў Ватман. — Яны ўсе зацікаўленыя ў патэнцыі доктара?
На гэты раз свайго канфідэнта перапыніў сам Багінскі, строга азірнуўшыся на яго.
— Дык за колькі слугу свайго прадасі? — сур’ёзна пацікавіўся князь.
Пранцысь зрабіў належную паўзу, прыняў важны выгляд і набраў паветра ў лёгкія, каб прамовіць даўно загатоўленае: «Мой слуга не прадаецца! Таму ў сутарэнні з ім адпраўлюся я, каб абараняць яго і панну Рэніч і здабыць рамфею!»
Але прамовіць не паспеў, таму што трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі рыпучым голасам сказаў:
— Ніякай праблемы не бачу! Згодна артыкула дзевятнаццатага, раздзел дванаццаты Статута Вялікага Княства Літоўскага, калі вольны чалавек прадае сябе ў няволю, не ў змозе выплаціць даўгі, за ім застаецца права выкупіць сябе ў той жа час, як ён здабудзе адпаведныя грошы. I крэдытор не мае права ўтрымліваць яго.
Багінскі ўсміхнуўся.
— Вось і цудоўна... Колькі там Лёднік вінен?
— Дзвесце дукатаў, — зачытаў Марыконі.
— Усяго! — зноў усміхнуўся князь. — I на што пайшлі тыя дзвесце дукатаў, а, Баўтрамей?
— На алхімічныя доследы, — сумна адказаў Лёднік.
— I як, знайшоў філасофскі камень?
— Галоўнае, я зразумеў, што яго не варта шукаць, — гэтак жа змрочна адказаў доктар.
— Ватман, дзвесце дукатаў з сабой у нас ёсць? — папытаўся Багінскі.
Найміт выцягнуў са сваёй сумкі цяжкі вацок, высыпаў на стол манеты, пералічыў:
— Дзвесце нават з лішнім, ваша мосць!
— Выдатна! Перадай іх Лёдніку.
Ватман акуратна ссыпаў манеты назад ў скураны мяшэчак, ляніва падышоў да доктара, кінуў мяшэчак яму ў рукі.
— Так, цяпер пры сведках доктар Баўтрамей Лёднік павінен аддаць дзвесце дукатаў свайму гаспадару, шляхціцу Пранцысю Вырвічу! — скамандаваў Марыконі. — А вы, пан Раманоўскі, — загадаў чыноўніку, што стаяў за ягонай спінай, — зараз жа гэта ўсё юрыдычна аформіце.
Чыноўнік паслухмяна сеў за стол, расклаў прылады і пачаў хутка пісаць, пяро аж парыпвала. Князя Багінскага гэтая сцэна, падобна, вельмі забаўляла.
Пранцысь, як у сне, адчуў, што яму ў рукі ўкладваюць цяжкі скрутак, які ён ледзь не выпусціў.
— Бач, як радуецца хлопец, што столькі грошай займеў, — заўважыў Ватман.
— Алхімікі, ведзьмакі, чарнакніжнікі — яны ж апантаныя, — грэбліва прагаварыла маці Альжбэта. — Гэты варты жалю грэшнік усё роўна сваю волю не ўтрымае.
— Вось як... — задумаўся Багінскі. — А што, Лёднік, ты працягваеш свае доследы?
— Я адмовіўся ад алхіміі, астралогіі і ўсіх магічных заняткаў, ваша мосць, — цвёрда прамовіў Лёднік, у якога ад узрушэння гарэлі на худых шчоках чырвоныя плямы.
— Вельмі годны ўчынак, ці не праўда, цётачка і сястрыцы? — задумліва прагаварыў Багінскі, якому спадабалася гульня «дай волю доктару». — I лекар ты, відаць, добры... Дыплом ёсць?
— Нават два, ваша мосць! — прамовіла Саламея Рэніч, вось у яе голас дрыжэў. — Пражскага ўніверсітэта, доктара вольных навук, і Лейпцыгскага ўніверсітэта, доктара медыцыны.
— Вельмі годна! А што, пан Марыконі, у цябе яшчэ застаўся які каралеўскі патэнт набілітацыі? Ты, здаецца, ад Бруля атрымліваў...
Марыконі пасміхнуўся, пакруціў галавою.
— Ёсць адзін...
— Вось і ўпішы прозвішча доктара. Сёння абыхто шляхецтва сабе купляе, навалач усялякая, галантарэйшчыкі, бакалейшчыкі... А тут — двойчы доктар, у Еўропе вучыўся.
Ватман зноў зарагатаў, а пані Альжбэта ўсхадзілася: