Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Спаць Лёдніку і Вырвічу належала на сенніках, кінутых на падлозе пад вітой лесвіцай. Але й гэта было добра. Гэта было нават раскошна. Яшчэ ў іх распараджэнні мелася лесвічная пляцоўка цокальнага паверха ўнізе, але ўсе дзверы пакояў — і там, і вышэй — былі надзейна зачыненыя, зберагаючы дабро бернардзінак. Можна было ўзняцца па лесвіцы на самы верх, на гарышча, да круглага акенца. Ход у сутарэнні закрываўся плітой у падлозе, і сэнсу рвацца туды пакуль не было.
Раніцай Саламея спусцілася ўніз, пераапранутая ў простую брунатную сукенку, наўрад з гардэробу ваевадзянкі, хутчэй, якой простай паслушніцы. Як пры гэтым яна ўмудралася па-ранейшаму прыпадабняцца Сільфідзе, была загадка. Пранцысь назіраў за яе плаўнымі рухамі, сачыў тонкія абрысы твару, ганарыстую постаць... I крамольныя думкі ўзнікалі: чым гэтая мяшчанка горшая ад шляхцянкі? Пастаў побач яе і любую магнатку, недасведчаны чалавек менавіта ў палачанцы пазнае блакітную кроў. А Міхалішыўна са Слуцкага тэатра, такая ж вытанчаная і гожая, увогуле з прыгонных!
Выратавальная думка вярнула пахіснуты свет на месца: а хто сказаў, што ў гэтых паненках няма блакітнае крыві? Ну, далі плён пазашлюбныя забавы магнатаў... Справа звычайная. Можа, і ў Лёдніка, сына гарбара, такі выбітны розум менавіта таму, што ягоная маці ці бабуля спадабаліся высакароднаму пану. А кроў — не вада!
— У мяне для вас падарунак!
Сільфіда ласкава ўсміхнулася — менавіта ад такой усмешкі Мінатаўры пачынаюць прысаромлена прыгладжваць космы на звярынай пысе і ўспамінаюць, калі апошні раз чысцілі іклы, — і перадала ў рукі Пранцысю знаёмы клуначак. Шляхецкая шапка з аблезлым собалем і дыяментавым гузам, фамільны сыкгнет Вырвічаў, мяшэчак з дукатамі ад Паланэйкі, да якіх цяпер можна
было далучыць ажно сто дукатаў ад ейнага брата... Эх, сюды б яшчэ і дзядоўскую шаблю! Далей у клунку былі доктарскі дыплом Баўтрамея Лёдніка з Пражскага ўніверсітэта, ягоны ж дыплом з Лейпцыгскага ўніверсітэта, некалькі шкляначак-бутэлечак з зеллямі і доктарская трубка, перавязаны суровай ніткай стосік аркушыкаў, спісаных драбнюткім почыркам, малітоўнічак, ясна, таксама Лёднікавы, ягоны ж аловак, нататнік Вараняці і — папера аб продажы даўжніка Баўтрамея Лёдніка, полацкага мяшчука, ва ўладанне шляхціцу Пранцысю Вырвічу.
— Гэта мне ягоная княская мосць Аляксандр Сапега перадаў — калі ўпэўніўся, што вы загінулі, — знак таго, што вы былі ягонымі пасланцамі, і я мушу яму давяраць, — патлумачыла Саламея.
— Ты бачыла нас, калі мы стаялі на Лысай гары, — спытаў-сцвердзіў Лёднік.
— Так. У падзорную трубу, — пацвердзіла палачанка. — Пан Багінскі перайграў усіх. Я паставіла ўмову: спушчуся за рамфеяй у сутарэнні толькі для таго, хто выратуе вас. Князь Багінскі ціхенька паабяцаў, што гэта зробіць, і калі пакажа мне вас жывымі і ў бяспецы — я мушу таемна сысці з ягонымі слугамі, каб Сапега не даведаўся. Калі людзі Багінскага мяне вывелі з кавалергардыі, акно пакінулі адкрытым, а ўнізе там рэчка. Каб абвясціць, што я з гора, што мой жаніх... прабач, Бутрым, так цябе назвалі, — загінуў, скінулася праз акно. Так што для ўсіх, акрым некалькіх змоўшчыкаў, мы мёртвыя.
— Гэта не самае горшае становішча ў гэтым паганым свеце, — ціха прамовіў Бутрым. — Шкада толькі тых, хто ў Слуцку застаўся.
Пранцішу зрабілася трохі непамысна ад звесткі, што ён лічыцца нябожчыкам, аднак у галаве адразу пачалі ўзнікаць цікавыя планы, як можна падаваць сябе ў выглядзе прыхадня з таго свету і што вясёлага і карыснага з гэтых з’яўленняў паймець.
Рэнічаўна падышла да Лёдніка і памацала яму лоб:
— Фаўст, у цябе гарачка!
— Глупства... — прабурчэў Лёднік.
Але Пранцысь, які ўчора меў сумніўнае задавальненне бачыць на целе слугі вынік працы старажынагрэцкага сціла, калі яны па чарзе мыліся ў падрыхтаванай манашкамі балеі з гарачай вадой, рашуча прамовіў:
— Бутрыма трэба было б змазаць якім бальзамам для зажыўлення ранаў. На Лысай гары ён прыкладваў адвар кары дуба і жывіцу, але...
— Што з табой зрабілі? — ускінулася Саламея да Лёдніка, а той толькі фыркаў і адварочваўся:
— Нічога страшнага і небяспечнага для жыцця.
— Я цябе ведаю, Бутрым, — ледзяным голасам прамовіла Рэніч. — Можа, ты і здабыў філасофскі камень, але не здольны выцягнуць сябе нават з маленькай лужыны. А я, хоць і не атрымала дыплом лекара, магу пазнаць, калі чалавек сапраўды хворы, але ад дурнога гонару храбрыцца.
Пранцысь задаволена ўсміхаўся: знайшоўся хтось, хто мог лёгка ставіць Бутрыма на месца. Хутка Саламея раздабыла праз Паланэю бальзам, які рыхтавалі тутэйшыя манашкі.
— Распранайся!
Лёднік падазрона скасавурыўся на слоік з жоўтым смярдзючым рэчывам, схіліўся, прынюхаўся:
— Аснова з драўлянага алею... Восем гран жоўтага воску, пяць белага, дзесяць гран жывіцы, адзін гран ладану, адна частка сметанковага масла... Здаецца, не пераварылі залішне. Давай, я сам.
— Ты ўжо шмат чаго зрабіў з сабою сам, — цвёрда вымавіла Саламея. — I з гэтага выйшла мала добрага. He забывайся — я шмат гадоў, як і ты, лекавала людзей. Ці ты хочаш, каб табе мазаў спіну сам пан Вырвіч?
Лёднік злосна скасіў вочы на Пранцыся, які прадаваў зубы, седзячы на сваім ложку, і пацягнуўся расшпільваць кашулю. Калі палачанка пабачыла яго без адзення,
прамовіла толькі два словы, якія не вельмі падыходзілі да пекных вуснаў, але выразна абмалёўвалі становішча:
— Ёлуп хвашчоўскі!
Пасля буркатлівы доктар быў напоены адварамі... Твар ягоны трохі паружавеў, а панна Саламея рэшткі мазі панесла да сябе наверх. Пранціш здагадаўся, навошта. Ехалі яны сюды ўсю ноч і раніцу, а панна — вершнік не надта вопытны, трымалася пад канец дарогі ледзьледзь, на адной упартасці, якой ёй таксама не пазычаць... I цяпер ходзіць з цяжкасцю. Эх, Лёднік, зоркавед няшчасны... Пад носам нічога не заўважае.
На змену радасці ад выратавання, такога малаверагоднага, зноў прыходзіў цяжар чакання і невядомасці. Яны ў чарговы раз апынуліся вязнямі, на гэты раз у Багінскіх. Каб не жорсткі рытм заняткаў — ад матэматыкі да фехтавання, — Пранцысь бы знудзіўся, як непрыгожая дзеўка, якую ніхто за ўвесь баль не запрасіў на танец. Ясна, што князь Міхал вырашыў перачакаць, пакуль пра страчаную полацкую таямніцу забудуцца Радзівілы і Сапегі. Але ж у Полацк ехаць змусіць. Панна Саламея па-ранейшаму захоўвала маўчанне наконт спадчыны бацькі, так што не было зразумелым, наколькі небяспечна і рэальна здабыць рэліквію і як з ёй найлепей абысціся.
Палачане ўвесь час пад’южвалі адзін аднаго, размовы ў іх былі цікавыя і рэзкія, частку іх вучоных бяседаў Пранцысь увогуле не разумеў, але за словамі вымалёўвалася такая еднасць душаў, што завідкі бралі. Часам доктар і Сільфіда змаўкалі, і здавалася, што ў гэты час яны і вядуць самыя важныя размовы праз погляды, жэсты, стук сэрца і дыханне.
А вось амурныя справы самога Пранцыся патрабавалі рашучых дзеянняў. Асабліва крыўдна было ведаць, што ў гэтым жа будынку поўна прыгожых самотных дзяўчат, а яму ад гэтага ніякай карысці. Часам да шкаляра даляталі малітоўныя спевы, з акна ён мог бачыць постаці ў шэрых базыльянскіх сукнях. Магчыма, сярод іх ёсць тая, якую
аддалі жорсткія сваякі ў кляштар гвалтам, і яна марыць адсюль збегчы альбо хаця б не супраць перакінуцца слоўцам з гожым юнаком. Але да мнішак не было дабрацца аніяк, у гэтую частку кляштара яны не заходзілі, а старая Дамініка, што прыносіла ежу, не лічылася.
Вядома, асноўнае месца ў мроях займала Паланэя Багінская, якая ў сваім паслушніцкім строі болын не здавалася такой недаступнай. Чаму б не выманіць паненку Паланэю для размовы ў які ціхі і бязлюдны куток кляштара, ну хоць на гарышча? Скарыстацца тым, што ваевадзянка, сасланая да цёткі дзеля адбыцця нейкай епітыміі, тут сумуе, і ў адсутнасці баляў і кавалераў можа задаволіцца і гаворкамі з блакітнавокім шкаляром. Цікава, што ж яна такога натварыла, што брат адправіў яе сюды? Хаця такая што заўгодна ўчыніць можа...
Яны з Багінскай сядзелі ля круглага акенца і глядзелі на Менск, які патанаў у вечаровым змроку, як магутны карабель з белымі ветразямі храмаў і каржакаватай мачтай ратушы. Паланэйка прыладзілася проста ў аконнай нішы, з-пад шэрага крыса манаскай сукенкі паказвалася яе ножка ў цалкам свецкім, вышытым зялёнымі каменьчыкамі чаравічку на высокім выгнутым абцасіку. Пранцысь прыстроіўся ніжэй, ля ног сваёй чароўнай дамы, і млеў ад шчасця і гонару: ён, сын шарачка Вырвіча з Падняводдзя, які пасвіў каровы ды ўласнаручна раскідваў на полі гной, сядзіць сам-насам з Паланэяй Багінскай, што гайдалася ў залатой калысцы і ела з дыяментавых талерак! Шкаляр толькі што закончыў квяцісты расповед пра свае подзвігі ў страшным Слуцкім замку, выратаванне Сільфіды, уцёкі ў жалезнай чарапасе, атрымаў сваю долю зацікаўленых усмешак і цяпер спадзяваўся на нешта большае, чым дукаты.
Дзесьці далёка, на Кальварыйскіх могілках загарэліся агеньчыкі на магілах, нагадваючы, што мінаюць Дзяды. У Траецкім мігцела свечка ў акенцы нядаўна адчыненай аптэкі Шэйбы — вось Лёднік бы там параскашаваўся, сярод зелляў. Цьмяна свяціліся вокны храмаў. Нават
Жоўтай царквы, якая пасля пажару зусім заняпала, упачарнелых сценах засталося ўсяго некалькі мнішак. Але Пранцысю раптам захацелася апынуцца ў тым напаўзруйнаваным храме, ля кволага агеньчыка, запаленага ў імя Гасподне...
— А чаму ты не перайшоў ва ўніяцтва? — амаль абыякава папыталася Паланэя, у якой так міла з-пад шэрай хусткі паслушніцы выбіваліся неслухмяныя пасмачкі валасоў — як лёгкі дымок.
— Бацька кажа, нядобра адмаўляцца ад таго, што дзяды бераглі, — памаўчаўшы, ціха адказаў Пранцысь, зусім не жадаючы нарвацца на багаслоўскія спрэчкі пра перавагу той ці іншай веры. He пераказваць жа расповеды бацькі, як палачане садралі з гарадской брамы ўніяцкія абразы, і войт скардзіўся каралю, што яны «лжат, дэспектуюць, дзяруць, топчуць, насмейваючыся», і тым абразам «насы вышарпваюць», а потым у праваслаўных паадбіралі храмы.
— Дзяды лічылі, што мыцца шкодна, — насмешна прамовіла Паланэйка. — А твой доктар нам з цёткай цэлую лекцыю прачытаў пра «гігіену чыстага цела».
— Ён можа... лекцыю... — сярдзіта прамовіў Пранцысь — і тут нельга абысціся без Лёдніка! Затое добра, што тэму памянялі і можна ўзяць галантную ноту. — Я пэўнены, што асабліва пекныя паненкі маюць прыродную чысціню і надзвычай прыемны водар, як кветкі. Вось скура ваша, мая панна, пахне найлепшымі ружамі... — Пранціш насмеліўся схіліцца да ручкі паненкі.