• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Паланэйка міла зморшчыла носік і ручку сціпла прыбрала.
    — Пан, напэўна, забыўся, што нават ружы растуць на зямлі, якая насычаная зусім не пекнымі водарамі. Трэба заўсёды памятаць, што мы з зямлі выйшлі і ў зямлю сыдзем.
    Багінская відавочна паўтарала павучанні цёткі, і яшчэ ўздыхнула пры гэтым удавана скрушна.
    — Няўжо паненка ў манашкі збіраецца? — галантна здзівіўся Вырвіч.
    Паланэйка засмяялася, зубкі яе, белыя, акуратныя, чамусьці здаваліся вострымі, як у драпежнага звярка.
    — Спадзяюся, гэтая доля мяне праміне. Ды я ўжо і прасватаная.
    — За каго? — трохі нацягнута папытаўся Вырвіч, хаця ясней поўні было, што шарачок у якасці жаніха для сястры магната і прэтэндэнта на карону падыходзіў не больш, чым драбіны да калыскі, і любая праява рэўнасці тут недарэчная.
    — За Адама Чартарыйскага, падчашага, — легкадумна адказала Паланэйка.
    — Ён жа... стары, — буркатнуў Пранціш.
    — Ну і што? — какетліва паціснула плечыкамі паненка, як быццам яны былі дэкальтаваныя, а не хаваліся пад шчыльнай тканінай паслушніцкай сукенкі. — У яго тры мястэчкі, дзесяць маёнткаў, душ, мабыць, сотня тысяч. А суцешыць сэрца я знайду з кім!
    — Як бы я хацеў суцешыць сэрца паненкі — хоць цяпер... — па ўсіх правілах куртуазнасці прагаварыў Пранцысь, але сустрэў халодны насмешны позірк.
    — Можа быць, калі пан Вырвіч пачне з’яўляцца пры двары... На балях...
    Пранціш пачырванеў, нешта балюча заварушылася пад сэрцам, як быццам ён зноў пачуў выгукі на калідорах езуіцкага калегіюма: «Гнаявік! Гнаявік!» Так не павінна больш быць! Ён перарос гэтае вартае жалю становішча.
    — Але ж гэты каралеўскі двор можа быць вашым, мая панна! Калі я, рызыкуючы ахвярна жыццём сваім і не шкадуючы крыві сваёй, прынясу ягонае княскае мосці, пану Міхалу Багінскаму, рамфею, дзіду святога Маўрыкія, рэліквію, якая надае мудрасці і вялікасці, і ён стане каралём... Можа быць, пры вашым двары знойдзецца месца і для мяне?
    Паланэйка паглядзела на Вырвіча зверху, і ён на хвілю жахнуўся, бо твар яе падаўся яму тварам антычнай багіні, больш мармуровым, чым удавалі прыгонныя актрысы Гераніма Радзівіла.
    — Безумоўна, брат узнагародзіць вас шчодра і знойдзе пачэснае месца. Напрыклад, мог бы зрабіць вас Ka-
    валерам... Праз тры гады навучання вы атрымалі б неабходны свецкі бляск і годныя манеры і маглі б працягнуць сваю кар’еру.
    Пранціша як абліло халоднай вадой. Пры магнацкіх дварах заўсёды былі кавалеры, іначай — пажы: юнакі са шляхецкіх сем’яў тры гады служылі як загадаюць, насілі за панам зброю, за пані — малітоўнік. Калі напаскудзяць — атрымлівалі па спіне карбачамі, на дыване, вядома. Праз тры гады гаспадар даваў такому юнаку поўху, прапіваў з ягоных рук чару, узнагароджваў зброяй і чым яшчэ ад шчодрасці сваёй, і лічылася, што юнак спасцігнуў свецкую ды вайсковую навукі. Раней Пранцысь мог толькі марыць пра такое. Але няўжо гэта ўсё, чаго Паланэйка лічыць Пранціша вартым? Нават пасля таго, як ён з шабляй бег на ўзброеных стрэльбамі жаўнераў у Слуцкай браме ва ўпэўненасці, што зараз гераічна загіне?
    Злосць і крыўда падымаліся з глыбіні душы крывавым туманам... Можа, проста справа ў тым, што ён занадта галантны, а жанчыны любяць рашучых? Вунь як яна зняважліва згадвае пра свайго «мяккацелага», баязлівага брата, якога трэба ў спіну штурхаць, нават каб на невялікі ўзгорак узышоў, і які ад боязі перад невялічкім такім скандальчыкам пры каралеўскім двары саслаў сваю сястру сюды, нудзіцца і адмольваць зусім даравальныя высакароднай паненцы грахі. Сябар пана Міхала рускі пасол Рапнін яго ледзь не ў вочы называе мокрай курыцай, а князь церпіць. Adonis in Eskarpnis, Адоніс у лёгкіх чаравіках, а не сармацкі рыцар. На месцы расейскай прынцэсы Паланэя таксама б такога ў сэрца не ўпусціла!
    Вырвіч жа не быў мокрай курыцай... I паспрабаваў сарваць з вуснаў паненкі пацалунак. Урэшце, ён быў яму дакладна абяцаны! Яшчэ тады, у карчме.
    Але пацалунак не атрымаўся, хаця Пранцысь лічыў сябе ў гэтай справе спрактыкаваным, як стары паляўнічы — у стральбе. Паненка скрывілася, нібыта датыкнулася да жабы, адштурхнула хлопца і папыталася
    насмешна, колькі ў ягонага бацькі прыгонных, колькі вёсак і гарадоў... I як даўно пан удзельнічаў у прыдворнай каруселі — рыцарскім паядынку. I ці не ён быў у першым шэрагу каруселі ў Кракаве, у чорных даспехах, на арабскім скакуне з зялёнай збруяй? He? А пан увогуле каня мае?
    Яна сапраўды шчыра лічыла такіх, як Вырвічы, людзямі іншай, ніжэйшай пароды. Гэтаксама, як Вырвічы пагардліва глядзелі на простых мужыкоў, няхай тыя побач з імі аралі зямлю і смяяліся за вочы: «Два паны — адны штаны». Але калі маленькі Пранцысь гуляўся ў яшчара і чыжа з сялянскімі дзеткамі, старэйшы Вырвіч пільна сачыў, каб мужыцкія лапы не выцялі шляхецкага сына, а пасля гульні каб кожны пацалаваў руку малодшага Вырвіча ды падзякаваў панічу за ласку пагуляцца з імі. Што, праўда, не заўсёды выконвалася, асабліва наконт кухталёў, якімі малечы зазвычай абменьваліся, не зважаючы на тытулы.
    «Гнаявік! Гнаявік!» — гучэла ўвушшу Пранцыся, і мсціліся ля сценаў постаці, што затыкалі сабе насы пры ягоным набліжэнні.
    Такі дасканалы свецкі тон, які крышыў годнасць суразмоўцы на дробныя ашмёткі, быццам бліскучае лязо турэцкай шаблі — пераспелы гарбуз, Вырвіч чуў упершыню. Але злавацца на паненку было ўсё адно, што на залеву, якая цябе вымачыла, — а няма чаго выходзіць пад нябёсны вадаспад. Ён проста адчуваў сябе мізэрным, няўклюдным, нікчэмным і разумеў, што, якія подзвігі ні здзейсніў бы ў будучым — у вачах гэтых Сапегаў, Багінскіх, Радзівілаў усё адно застанецца Гнаявіком. He панам-братам, а «братоўчыкам»... Цяпер ён разумеў цынічны тон Ватмана ў адносінах да тытулаў: прусак ведаў, што, хоць ён барон, хоць герцаг, гаспадары баяцца, паважаюць і адначасова грэбуюць ім.
    — Пан Вырвіч, што здарылася? — настаўніцкім тонам папытаўся Лёднік, калі Пранціш моўчкі паваліўся на свой сяннік.
    Яшчэ знайшоўся апякун... Калі Вырвіч — гной пад нагамі Багінскай, дык доктар — гной пад нагамі Пранціша! Так, кантроль за дыханнем, лічыць пульс...
    — Вырвіч, я задаў пытанне!
    — He твая справа... — толькі і змог прасіпець юнак.
    — Можа, нам заняцца фехтаваннем? — задумліва прамовіў Лёднік. — Перад сном, вядома, шкодна, але я чую па тваім дыханні, як цябе перапаўняюць гнеў і нянавісць, а фізічныя практыкаванні — найлепшы сродак з імі справіцца.
    — He хачу! — ледзь стрымліваючыся, каб не пачаць лаяцца на доктара, прамовіў Пранціш.
    — Тады паспрабуем выгаварыцца... На каго так угневаўся?
    — На свайго бацьку! — нечакана выгукнуў Пранціш, і адчуў, як гараць шчокі ад гневу. — Ён мог не пляжыць сваё майно і матчын пасаг! He зводзіць маці ў магілу сваімі п’янкамі і бойкамі! I ў мяне было б нармальнае шляхецкае жыццё! Усё Падняводдзе калісьці належала нам. На полі працавалі б мужыкі, а не мы. Я б меў каня, парчовы жупан, шаблю-карабэлу... Ведаеш, як мы дарэшты згалелі? — Пранціш нервова зарагатаў. — Напіліся бацька з суседам і пайшлі ў заклад, хто болын уласнага майна спляжыць — бо рыцар не павінен ад майна залежаць і ў любы момант можа шабляй сабе новае здабыць. Коней параздавалі, футры і жупаны проста пасеклі... Нават пуні спалілі! Бацька перамог, усё без жалю панішчыў ды раздаў, хоць і так няшмат меў. Вось толькі новага нажыць не адолеў. Мне год быў, калі я застаўся па ягонай міласці жабраком. Ён ніколі мяне не любіў! Акрамя кухталёў ды дранага азадка, нічога я ад яго не меў! Ненавіджу!
    I пачаў біць кулакамі ў сяннік так, што ўзняліся клубы пылу.
    — Насамрэч ты любіш свайго бацьку, і ён вельмі шмат для цябе значыць, — ціха прамовіў Лёднік. — Ты сам не заўважаеш, як увесь час спасылаешся на ягонае
    меркаванне, спрабуеш паводзіцца, як ён. Ты наракаеш, што ён не даў табе багацця... Але ж ён не кінуў цябе, не пайшоў у кліенты да багатага пана, каб лізаць яму азадак і распраўляцца з ягонымі ворагамі. Сумленна апрацоўвае сваю зямлю, цяжка здабывае хлеб і нічога ні ў кога не просіць. Ваяваў за айчыну. Веру дзядбўскую захаваў, не збаяўся застацца абмежаваным у правах дысідэнтам. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. А ягоныя слабасці... Іх трэба дараваць. Бо і нам нашыя слабасці нехта павінен дараваць. Ты калі апошні раз паслаў бацьку ліст?
    Вырвіч яшчэ раз стукнуў кулаком у сяннік.
    — Навошта яму мае лісты? Яму пляваць!
    — Упэўнены, ён думае пра цябе. Я таксама лічыў, што бацьку на мяне пляваць, і з Еўропы ні разу не паслаў яму звестак пра сябе. А калі вярнуўся, не было ўжо каму сустракаць мяне ў маім доме. А Саламея расказала, ён штодзень пытаўся ў Івана Рэніча, ці не чуваць пра Бутрыма, прыкідваўся, быццам проста паўз іх дом ішоў, а сам у любое надвор’е... 3 другога канца горада... Але мне цяпер няма ў каго прасіць прабачэння. — Лёднік нахіліўся да Пранціша і паляпаў яго па плячы: — Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Я разумею, што табе хочацца зраўняцца з багацейшымі і знатнейшымі... Але ці не лепей — з самымі адважнымі і разумнымі? Ёсць такі малады французскі мысляр Жан-Жак Русо. Ён кажа, што ўсе людзі маюць прыродныя правы, адну кроў і аднаго Бога. Павінна існаваць грамадзянская дамова — паважаць адно аднаго, не сягаць на волю адно аднаго. Тады ўтворыцца ідэальнае грамадства, дзе не будзе магната і шарачка, пана і мужыка, раба і гаспадара, толькі асабістыя якасці дапамогуць узвысіцца. А якасці ў цябе маюцца добрыя, павер. Цябе ёсць за што паважаць, больш, чым якога разбэшчанага магнацкага сынка, які ледзь чытаць умее і якому цалуюць ручкі прыдворныя шляхцюкі. Мне сябар з Парыжа напісаў, як прынц Кантэ ў оперы ўгледзеў сімпатычную бедную правінцыялачку, пасадзіў на калені і даў, моцна трымаючы, сто аплявух, так што ў дзяўчынкі
    пайшла кроў з носу і разбітых вуснаў. А прынц, рагочучы, біў на вачах усяго тэатра і прыгаворваў: «А я не ўмею даваць аплявухі!» I ніхто, ніводзін высакародны рыцар не рэкнуў.
    — Я б заступіўся! — усклікнуў Пранціш.
    — Я ведаю, — усміхнуўся Лёднік. — Таму й кажу, што ты варты павагі. Ну, а цяпер, хлопча, давай пачытаем вячэрні канон... Гэта — найлепшы спосаб атрымаць параду і супакой.
    «Ведаю, Госпадзе, што няварты чалавекалюбства твайго, але варты ўсялякага асуджэння і пакуты. Але, Госпадзе, ці хачу, ці не хачу, уратуй мяне... Хай не адолее мая злосць Тваёй невымоўнай дабрадатнасці і міласэрнасці: і калі хочаш, учыні мне гэта»...