• Газеты, часопісы і т.д.
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Міхал, гэта ўжо занадта! Ты што, хочаш гэтага хама зрабіць шляхціцам? He ганьбі нашы святыя ідэалы!
    — Як кажа Жан-Жак Русо, цётачка, усе людзі маюць ад прыроды роўнасць і адрозніваюцца толькі асабістымі якасцямі, — насмешна прамовіў пан Міхал.
    — Ваша княская мосць, пане-браце, я разумею ваша захапленне Дыдэротам ды іншымі французішкамі, але прадстаўнік нашага старажытнага роду не павінен так абыякава ставіцца да шляхецтва! — ускрыкнула і княгіня Алена і злосна зірнула на Саламею, быццам тая ва ўсім і была вінавата.
    Але князь Багінскі, падобна, быў толькі рады «паказаць казу» старэйшай сястры і цётцы, якія звыклі з дзяцінства яго павучаць. Княгіня Алена сцвярджала, што нізкіх людзей найлепш заахвочваць бізуном... Пані Альжбэта бурчэла наконт праклятых вальнадумцаў, якімі захапляецца пляменнік, пра ягоныя музіцыраванні і пэцканіну, што ўводзяць у грэх легкадумства, адрываючы ад такіх важных спраў, як палітыка і вайна. Але Міхал Казімір развесяліўся напоўніцу і пачаў абмяркоўваць з Лёднікам нашумелы трактат Русо, ігнаруючы выкрыкі цётачкі, што Русо — лёкай, і філасофія ягоная лёкайская!
    Між тым паперы былі складзеныя, падпісаныя высокімі персонамі і зачытаныя. 3 іх вынікала, што полацкі мешчанін Баўтрамей Лёднік, па-першае, лічыцца адгэтуль зноў вольным чалавекам, бо разлічыўся з даўтамі, а падругое, ён цяпер становіцца шляхціцам, панам Лёднікам.
    — Герб сабе сам знойдзеш! — весяліўся Багінскі. — Прымажашся да якога роду... Хоць да Вырвічаўскага «Гіпацэнтаўра»... Былы гаспадар пазычыць жа табе свайго герба? Ты ж яму цяпер брат у шляхецкай роўнасці?
    — Няхай лепей з клісцірных трубак ды ланцэта герб адмысловы складзе! — рагатаў Марыконі.
    — Гэта негалантна, — далучылася да тонкіх здзекаў і Паланэя. — Вы ж разумееце, што хутчэй за ўсё гэтым гербам будзе карыстацца і тая панна! А вы — клісцір...
    Паны рагаталі, нібыта глядзелі ў балагане на дрэсіраваных медзвядзёў, якіх прымушаюць таньчыць, выяўляць з сябе свецкіх хлюстоў у багатых касцюмах. Пранцысь моўчкі глядзеў, як Лёднік і Саламея Рэніч на каленях дзякуюць дабрадзеям за гэткую высокую міласць. Кланяюцца, стараюцца... А паны ўсё рагочуць... Паланэйка какетліва закідвае галаву, паказвае белыя вострыя зубкі, маці Альжбэта прыкрывае танкагубы рот рукой, абцяжаранай пярсцёнкамі, дарма што мнішка, Багінскі ўжо выцірае слёзы са свайго пульхнага твару... Рогат нібыта ператвараўся ў перліны, якія затаплялі пакой, як у колісь убачаным жахлівым сне.
    У шкаляра ў галаве было пуста, быццам пасля добрай папойкі, калі яшчэ не пачалі балець атрыманыя сінякі ды гузакі, але стан «мора па калена» паступова праходзіць.
    — Ну вось, на другім тыдні посту адпраўляецеся ў Полацк, — прамовіў, адсмяяўшыся, Багінскі, якому зноў пачало рабіцца сумна. — Сапегі і Радзівілы ў гэты час будуць на сойме ў Варшаве.
    — Няхай яны ў Варшаве выракуюць што хочуць, а мы ведаем, хто стане наступным каралём Рэчы Паспалітае! — абвясціў Марыконі.
    — Віват каралю! — выкрыкнуў, аддана вырачыўшы на Багінскага вочы, чыноўнік Раманоўскі, жадаючы, відаць, дагадзіць пану перш за іншых, але яго падхалімскага выкрыку ніхто не падтрымаў, князь дык нават скрывіўся, нібыта раскусіў гнілы арэх, і пан Раманоўскі збянтэжана адступіў у цень.
    — Калі рамфея трапіць у твае рукі, пляменнік, трэба будзе неадкладна засведчыць аб гэтым перад усім светам! — папярэдзіла маці Альжбэта. — Цябе падтрымае святы касцёл! Асабліва калі паабяцаеш, што ахвяруеш яму святыню...
    — Я яшчэ падумаю, як распарадзіцца гэтай святыняй. I ці варты я яе... — задумліва прамовіў пан Міхал, круцячы ў руках медальён з партрэтам будучай расійскай царыцы з самым мройлівым выразам на мяккім твары.
    Пані Алена і цётка шматзначна перазірнуліся.
    — Вядома, ты і толькі ты варты ўладання рэліквіяй і польскага трона! — з націскам прамовіла пані Альжбэта.
    — Брат, падумай, ты зможаш здзейсніць усе свае планы па паляпшэнні жыцця народа, мужычкоў нашых няшчасных прасвятляць станеш. Пры табе расцвітуць мастацтвы, запросіш, урэшце, свайго ўлюбёнага Дыдро да двара і будзеш з ім раіцца! — хаваючы раздражненне, лісліва прамовіла княгіня Алена, а панна Паланэя, парушаючы ўрачыстасць моманту, фыркнула.
    — Магчыма, і так... — млява прамовіў Багінскі, з тугой гледзячы некуды ў столь і відавочна марачы вярнуцца да флейты альбо мастакоўскіх фарбаў замест трывожных палітычных размоў, якія абяцалі толькі нежартоўныя клопаты.
    На ягоным прыгожым санлівым абліччы проста напісана было: адчапіцеся... Я жыву ў свеце музаў... Такога цяжкавата ўявіць каралём.
    У пакоі пад лесвіцай на Вырвіча, нарэшце, навалілася ўсведамленне таго, што ён за гэты дзень натварыў. I як ставіў Лёдніка на калені, і як красаваўся перад Багінскім
    і ягонымі сёстрамі ў ролі ўладальніка каштоўнага слугі, як спрабаваў слугу прадаць...
    Дзвесце дукатаў плюс раней атрыманыя сто... За гэтыя грошы можна было набыць і каня, і адзенне, купіць і слуг, і нават дом...
    А Лёднік быў нябедны, калі пачаў здабываць філасофскі камень, раз такіх даўгоў нарабіў.
    Лёднік... Пан Лёднік. Вядома, да новаспечанай шляхты адносіны былі іранічныя, і ніхто з імі, як з «панамі-братамі», не лічыўся. Пляваліся ды абураліся гэтымі «патэнтамі» — раней толькі на полі бітвы вялікі гетман мог рыцарскае званне выбітному вою надаць альбо сойм такую пастанову прыняць... А тут каралеўскія фаварыты ўказамі, саксонцам падпісанымі, гандлююць! Ганьба! Над фальшывымі шляхціцамі смяяліся, але гэта не былі ўжо мешчукі, і ўсе прывілеі ім належалі.
    Што ж, Лёднік цалкам справіцца з захаваннем сваёй шляхецкай годнасці... Раз яму ўдалося захаваць гэтую годнасць, нават стаўшы рабом.
    Вырвіч цяпер можа вярнуцца дадому на ўласным кані... Хоць у карэце. Але больш ніколі нізкі строгі голас яму не раскажа пра шляхі планетаў і ўласцівасці раслінаў, пра Мантэня і Дзідро... He будзе перад кім даказваць сваю мужнасць і спрыт і здольнасць разумець самыя высокія матэрыі... Саламея Рэніч больш не назаве яго мілым хлопчыкам і не падорыць усмешку, ад якой хочацца жыць і рабіцца лепшым. I ў полацкія сутарэнні з сабой Пранціша яны дакладна не паклічуць, а ён спадзяваўся там праявіцца героем, самому вынесці на свет Божы рэліквію... Праявіўся. Цяпер — усё...
    Пранцысь упершыню падумаў, а што б ён рабіў, каб Лёднік сапраўды зламаўся, стаў яго нахвальваць, цалаваць у ручку, прыніжана цярпець пабоі і радавацца падачкам? Яму патрэбны быў такі Лёднік — прыручаны, на ланцугу? Ці яму патрэбны чалавек, якога ён паважае і чыё адабрэнне так важнае? Настаўнік, якога Бог паслаў
    яму за шэлег на дарозе да Валожына, якога ён абразіў і ўрэшце прадаў за дзвесце дукатаў?
    Пранціш кінуў вацок з манетамі на падлогу, быццам ён апякаў рукі. Якая пустэча... Сам усё загубіў... Адзінае вартае, што ў яго было... Як тады, з Вараняцем! Ён жа так ніколі адкрыта і не прызнаў яго сябрам — каб не прынізіцца. I прамаўчаў, калі таго цягнулі ў карцэр за чужую правіну.
    Вырвіч упаў тварам уніз на сяннік. Прасіць прабачэння дарэмна, такое не прабачаюць. Гнаявік... Ён жа атрымліваў задавальненне, прыніжаючы доктара, гэтак жа, як «лібертэн» Прашковіч у сутарэннях Слуцкага замка з дапамогай бронзавага стрыжня. Вось табе праўда, хлопец, пра шляхецкую зухаватасць.
    Прайшлі гадзіны, а можа, дні, а можа, стагоддзі... Юнак не зважаў, што там праплывае побач, — ён хацеў застацца на дне свайго адчаю назаўсёды.
    На лесвіцы пачуліся крокі — Лёднік выходзіў ад сваёй Саламеі... Вось гэта каханне — не пабаялася прызнацца прылюдна ў граху, каб каханага не пакінулі закладнікам.
    Пранціш не зварухнуўся. Ляжаў ніцма і марыў толькі, каб былы слуга нічога не сказаў... He дабіў атрутным справядлівым словам. Няхай пагардліва маўчыць і абыходзіць былога гаспадара, як кучу гною... А можа, выкліча яго на двубой за абразу — ён жа цяпер мае права! I няхай, няхай заб’е...
    Але доктар падышоў да Пранціша і прысеў на край ягонага сенніка.
    — Ну што, адыграў спектакль? Задавальненне атрымаў?
    Як ні дзіўна, у голасе Лёдніка не гучэла пагарды альбо нянавісці, толькі стома і дакор.
    — Будзеш выяўляць з сябе паміраючага Цэзара альбо ўсё-ткі зробіш літасць устаць і павячэраць?
    Пранціш не верыў сваім вушам. Пасля ўсяго доктар клапоціцца, каб ён павячэраў?
    — Хочаш, каб цябе з лыжачкі кармілі?
    Вырвіч адчуў, што з вачэй упершыню за столькі часу пацяклі слёзы. Вось жа ганьба... Нават у слуцкім сутарэнні не плакаў. Яго аж затрэсла ад невымоўнага жалю. А Лёднік раптам крануў яго за плячо:
    — Заканчвай істэрыку, у мяне з сабой лекаў няма. He ведаю, што ты там сабе напрыдумваў, але я цябе не пакіну. I не збіраўся. Хаця часам ты паводзішся проста як свіння.
    Пранцысь замёр, потым сеў і неўразумела зазірнуў узвыкла незадаволены твар Баўтрамея. Той цярпліва, як малому, паўтарыў:
    — He пакіну я цябе... I не ўцяку. Хаця часам вельмі хацелася. Дакладней, мы з Саламеяй цябе не пакінем, калі сам таго не захочаш. Ты ж без нагляду ды на прыкладзе тытулаваных самадураў ператворышся ў чарговага буяша ды пустадомка з дыяментавым гузам на шапцы. А ўсё-ткі пробліскі інтэлекту ў цябе апошнім часам назіраліся.
    Вырвіча затрэсла яшчэ больш, ён прыхінуўся галавой да пляча доктара і скрозь слёзы пачаў нешта прагаворваць:
    — Я не збіраўся цябе прадаваць! Праўда! Толькі папалохаць... Каб ты сказаў, што хочаш са мной застацца... I каб мяне ў сутарэнні ўзялі...
    — He варта было б табе ісці з намі, — з уздыхам прамовіў Лёднік. — Гэта не на шпацыр. Але, падобна, у атачэнні нашых дабрадзеяў нам больш небяспечна знаходзіцца, чым пад зямлёй. Нам з Саламеяй здаецца, што гэты дождж міласці — ажно з патэнтам на шляхецтва — хавае не вельмі прывабную для нас прышласць. Дзе гаспадар кладзе самы смачны кавалак сыру, ведаеш? У пастцы. I пра лёс рамфеі мы павінны думаць. Князь можа па слабасці характару аддаць яе ў рукі расійскай царыцы, каб падлагодзіцца... Альбо патрапіць святыня ў Рым, замест таго каб умацоўваць сілай сваёй наш Полацак.
    — Дык можа... уцячы? — прапанаваў Вырвіч.
    — Каб мы былі іншымі — уцяклі б... Але Саламея прысягнула. Выкупіла нашыя жыцці цаной згоды пайсці
    ў сутарэнні і адшукаць дзіду святога Маўрыкія. Цяпер памрэ — прысягу не парушыць. Але ж і бацьку яна слова давала хаваць таямніцу... Карацей, зноў паміж жорнамі, хлопец, мы трапляем. Ну, ну, перастань раўсці... Урэшце, дзякуючы тваім выбрыкам, я атрымаў волю і шляхецтва, а ты — грошы. Хаця ці ўдасца скарыстаць табе твае дукаты, а мне маё шляхецтва, невядома. Супакойся, a то змушу заняцца нямецкай зараз жа.