• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Пранцысь падрапаўся ў акно:
    — Міхась! Гулец, ты тут? Міцкевіч!
    Да шкла прыліпла заспаная фізіяномія, акно ціха прыадчынілася (разумны шкаляр заўсёды трымае шлях да рэтырацыі і пракудаў напагатове).
    — Што за ная тут?
    — Міхась, гэта я, Пранцысь! Пранцысь Вырвіч! Толькі ціха...
    — Аёй! Матка Боска Чанстахоўска... Перахрысціся! — той, хто шаптаў, пераляканы быў не на жарт.
    — На, перахрысціўся... Калі ты ў гэтай цемры забачыў. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Усё, вылазь, Гулец, справа ёсць!
    Пранцысь саскочыў на зямлю, і хутка ля яго апынуўся жвавы шчаўлік Міхась Міцкевіч, лепшы гулец у косткі і карты за ўсю гісторыю калегіюма. Дзякуючы чаму, а яшчэ свайму авантурнаму адчайнаму характару Міхась і быў прыняты ў банду Вырвіча. I праславіўся тым, што аднойчы выкраў з кабінета рэктара сканфіскаваныя астрагалы — свае шчаслівыя косткі для гульні. Лепшага кампаньёна па вызваленні Гіпацэнтаўра нельга было і прыдумаць.
    — Нам сказалі, ты загінуў! — трохі падазрона паведаміў Міхась, відавочна змагаючыся з жаданнем памацаць старэйшага сябрука і праверыць на прадмет прыналеж-
    насці да нячыстай сілы. Пранціш хмыкнуў, тлумачыць ні сваё знікненне, ні ўваскрашэнне не стаў, аднак прымусіў Гульца паклясціся, што нікому не скажа аб сустрэчы. У іхняй бандзе клятваў ніхто не ламаў, і прыдумалі яны такія заклёны, закавырыстыя ды велягурыстыя, што іх вымаўляць было страшна, не тое што парушыць. Адзін заклён Гулец і прашаптаў Пранцысю на вуха, паабяцаўшы ў выпадку здрады сярод іншага знайсці свае зубы ссыпанымі ва ўласны бот і аддаць пячонку на з’ядзенне гадзюкам.
    Калі Пранціш патлумачыў, што прыйшоў па сваю шаблю, Міхась задумаўся.
    — Няйначай яна ў рэктара ў кабінеце. Ёсць там такі куфар, куды сканфіскаванае ды ахвяраванае трапляе... Калі ў Шастовіча нож забралі за тое, што парту зрэзаў, ён дакладна бачыў, што айцец Рамановіч паклаў яго туды.
    — Ведаю той куфар, — задуменна прамовіў Пранцысь.
    — Але на ім замок...
    — Гэта не перашкода! — запэўніў Вырвіч, навучаны Лёднікам адчыняць любы замок шпількай усляпую. — Пойдзеш са мной?
    — А то! — пасміхнуўся Міцкевіч. — Усё жыццё марыў з нябожчыкам банду стварыць!
    Ноччу прыстойным людзям, якія не абцяжараныя вызваленнем радавых шабляў, належыць спаць. Ноччу ніякая навучальная ўстанова працаваць не павінна, калі там не рыхтуюць вупыроў альбо ваўкалакаў.
    Але калі Пранцысь і Міхась прабраліся цёмным калідорам да кабінета рэктара, пана Рамуальда Вайніловіча, з-пад дзвярэй прабівалася палоска святла. Пранціш прыслухаўся: ціха. Зазірнуў у адтуліну для ключа: пуста, далібог, пуста! А свечка гарыць, абгарэлы кнот нахіліўся, як п’яны. Нібыта нехта выйшаў на хвілю і зараз вернецца, альбо нябачныя духі ў пакоі балююць. Але айцоў-езуітаў духі павінны баяцца, таму...
    — Давай хутчэй, я павартую! — шапнуў Міцкевіч, і Пранціш тузануў дзверы, якія аказаліся адчыненымі. Замок на куфры, вялізным, як човен, ён прыкончыў за пару імгненняў — не тое што на назе Сільфіды ў Слуцкім замку, засталося радавацца, што ў кабінеце светла — бо сярод наваленага ў куфры дабра сваю шаблю ў цемры ён бы да раніцы шукаў... Там былі складзеныя дылеі і жупаны, срэбныя кубкі і падбітыя футрам кунтушы, кінжалы і куфэрачкі...
    Вось ён, Гіпацэнтаўр! Пранціш пацалаваў з дзяцінства знаёмае лязо, надзеў на сябе перавязь з похвамі са скуры вугра...
    — Ідуць! — трывожна шапнуў Міцкевіч, і шкаляры замітусіліся, як печкуры ў нераце. На калідоры ўжо чуліся нечыя крокі, таму рэтыравацца не атрымлівалася... Куды схавацца? Міцкевіч першы нырнуў у куфар, за ім сунуўся Пранціш, шчыра спадзеючыся, што ў прыцемку ніхто не зважыць на адчынены замок куфра і што грымучыя прадметы іх прысутнасці не выдадуць. Нешта цвёрдае адразу ўпілося Пранцішу ў бок...
    — Сюды, пан Марыконі!
    У кабінет, мяркуючы па галасах, зайшлі трое.
    — Дзякую, пан рэктар, што падтрымалі нашыя памкненні дабіцца справядлівасці.
    Гэта гаварыў Марыконі.
    — Як служка Божы, я не магу пакінуць грэх беспакараным. Асабліва пасля гісторыі са святым айцом Аблачынскім... — у голасе заўжды вытрыманага рэктара Рамуальда Вайніловіча чуўся гнеў. — Святы айцец дасюль адысці не можа ад ганьбы.
    — А вы чулі, што Валадковіч яшчэ і айцоў-францысканцаў разагнаў, калі тыя ішлі са святымі сакрамэнтамі і з труною па нябожчыка? А музыкаў прымусіў ісці з ім на гаўптвахту, дзе сядзеў ягоны сябар, такі ж разбойнік, і граць полечкі...
    — Чуў, пан Длускі... — змрочна прагаварыў рэктар. — I лічу, што гэтыя злачынствы трэба спыніць.
    Длускі быў адным з радцаў магістрату, і Пранцысь зразумеў, што яны прысутнічаюць пры змове супраць Міхала Валадковіча, сябрука Пане Каханку. А паколькі справа гэтая была дужа небяспечнай, не дзіўна, што змоўшчыкі сабраліся ўночы, у такім месцы, дзе ніхто не западозрыць сход.
    Нешта яшчэ больш балюча ўпілося ў бок шкаляра, і Пранцысь пачаў успамінаць гісторыю пра спартанскага хлопчыка, які, каб не зварухнуцца ў прысутнасці старэйшых, цярпеў, пакуль схаванае пад кашуляй лісяня выядала яму вантробы. А між тым змоўшчыкі ажно трэсліся ад нянавісці.
    — Ён бязбожнік! Гэта дакладна! Проста ў зале суда выкрыкваў страшэнныя блюзнерствы... А тое, што ён святое распяцце рассек! — крычаў з нянавісцю Марыконі. — Гэта страшней, чым рассечаная рука пана Длускага...
    — I гэта праўда, панове... — зазначыў Вайніловіч. — Але мы нічога не можам зрабіць, як не змаглі асудзіць ягонага брата Юзафа за здратаванне шляхціца Яцыны. Пан Міхал выбраны скарбнікам Трыбунала... Паводле закона, за рассечаную руку ён можа адліць для пана Длускага срэбную руку, а за блюзнерства — хіба што тры месяцы вежы. I тое сумняюся, што ён іх адседзіць.
    — Менская шляхта — за нас! — Длускі ледзь не дыхаў агнём, як слуцкі цмок. — У Быхаве, Варшаве, Вільні, Гародні — паўсюль ёсць людзі, якім радзівілаўскія бясчынствы ў горле пераселі. Полк Масальскага нас падтрымае! Галоўнае — не адступаць! Асудзіць паскудніка на горла! I адразу ж — расстраляць.
    — Дык ён на суд не з’явіцца... — засумняваўся Вайніловіч. — У горад прыехаў радзівілаўскі найміт, суддзя Юдыцкі, жыве ў праклятым доме на Падгорнай, а шпегаў рассылае ад Татарскага канца да Залатой горкі. Вынюхаюць, папярэдзяць разбойніка, каб не прыязджаў.
    — З’явіцца! — запэўніў Длускі. — Валадковіч даводзіць, што нікога і нічога не баіцца. Ягоны гаспадар расказаў чарговую байку, як з чортам біўся і перамог, дык гэты блюзнер цяпер, напіўшыся, бегае па могілках і выклікае нячыстую сілу на двубой. Вось бы Госпад папусціў, каб яна яму з’явілася ды скруціла паганую шыю! He, панове, Валадковіч прыйдзе ў суд, нават калі дакладна будзе ведаць, што яго збіраюцца страціць. Нават яшчэ вярней з’явіцца — каб даказаць сваё бясстрашша і ўсемагутнасць. Тады — ніякай літасці! Законы не для такіх, як ён. Пасля каляднага карнавалу і абвесцім суд!
    — А што зробіць з намі пасля ягамосць Караль Радзівіл? — асцярожна папытаўся Вайніловіч.
    Марыконі раззлавана фыркнуў:
    — Радзівілы таксама не ўсемагутныя. Прыйдзе сіла і на іх!
    — Вось як... — працягнуў Вайніловіч. — Чуў я, што хутка на Беларусі з’явіцца адна святыня... дужа магутная... I аб’явіцца яна ў руках наступнага караля, якога ніхто не пераможа. I гэта, магчыма, будзе не Радзівіл. Вы нічога не чулі пра гэтую святыню?
    Голас рэктара гучаў мякка, як быццам ён асцярожна раскладаў сіло са слоў.
    — Нічога, — коратка адказаў Марыконі.
    — А што за святыня? — зацікавіўся Длускі.
    — Тая, якую варта вярнуць у Рым, святому прастолу, — гэтак жа мякка, але з затоенай пагрозай, прамовіў рэктар. — Запэўніваю вас, што той, хто гэта зробіць, займее магутную падтрымку ад касцёла... Калі ж не — накліча на сябе вечны праклён.
    — Я б на месцы вашай правялебнасці не надта верыў чуткам, — суха прамовіў Марыконі.
    — Наш айцец Ігнаці Лаёла вучыў быць пільнымі да ўсяго... — мякка запярэчыў Вайніловіч. — Пад кожным недарэчным забабонам можа выявіцца рэальная таямніца альбо пракуды д’ябальскія. У Полацку нашыя
    браты з ласкі караля-нябожчыка Стафана Баторыя збудавалі касцёл Святога Стафана. Падчас будоўлі сустрэліся з дзіўнымі з’явамі... I чуткамі.
    Езуіт памаўчаў, відаць, чакаючы каментароў, не дачакаўся і працягнуў:
    — Магчыма, пан Марыконі, вы нешта даведаецеся пра пэўную святую рэч і падкажаце тым, хто на яе палюе, як трэба ўчыніць.
    — Калі раптам даведаюся, васпан, падкажу, — холадна запэўніў Марыконі.
    — I галоўнае — ні слова пра нашыя намеры нават на споведзі! Лепей да мяне на споведзь прыходзьце! — напаўжартоўна папярэдзіў Вайніловіч.
    Калі свечка была затушаная, дзверы кабінета зачыніліся і крокі на калідоры змоўклі, шкаляры наважыліся пакінуць куфар. Пранцысь з палёгкай расцёр знямелы бок...
    — Яны ж на ключ кабінет зачынілі! — з роспаччу прашаптаў Міхась. Але Пранціш толькі паблажліва паляпаў малодшага сябрука па плячы... Пасля навукі Лёдніка Вырвіч мог узначаліць банду злодзеяў і шарыцца па дамах, нягледзячы ні на якія засаўкі — праўда, доктар ашалеў бы, каб такое пачуў.
    На вуліцы быў холад сабачы... Раптам паваліў мокры снег. Шкаляры подбегам рушылі да інтэрната... Сталі пад дрэвам.
    — Ну, слава святому Францыску, абышлося! — радаваўся Міхась. — Шабля твая ў цябе, ніхто нас не ўбачыў! Чаго ты кіслы, як капуста?
    — Мне не падабаецца справа з Валадковічам... — прыгнечана прызнаўся Вырвіч. — Гэта не высакародна — без суда і закона расстраляць шляхціца.
    Дзесьці на Верхнім рынку забрахаў сабака, і яму адазваліся супляменнікі па ўсім горадзе.
    — А што табе да Валадковіча? — паціснуў плячыма Гулец. — Каб перастрэў яго дзесь, думаеш, ён бы цябе дукатамі асыпаў? Лупцаваць бедных шляхціцаў бізунамі, як ён, — гэта, па-твойму, высакародна?
    Вырвіч уздыхнуў, адчуваючы сябе апошнім дурнем. Але ўжо ведаў, што не можа ўчыніць іначай.
    — Трэба яго папярэдзіць.
    Гулец ажно падскочыў.
    — Ну ты вар’ят! Яго ж і ў Менску няма.
    — Можа, праз суддзю... Юдыцкага таго... — неахвотна прагаварыў Вырвіч, успамінаючы непрыемныя хвілі свайго і Лёдніка зняволення, і як Юдыцкі разбіў доктару лоб, і пагражаў праверыць Пранцысева шляхецтва... Але нават дзеля помсты ворагу сармацкія ідэалы прадаваць нельга. Двубой — так... Перайграць ворага, перамудрыць — пачэсна. Схапіць гуртам аднаго ды расстраляць — ганьба! Няхай ён тройчы заслугоўвае. Цяпер Пранціш разумеў, чаму Лёднік збіраўся лекаваць у лесе параненага канваіра, што не перашкодзіла б яму раней ці пазней засячы свайго пацыента шабляй у бойцы. Высакародны чалавек — гэта той, у каго ёсць прынцыпы, якія ён не пераступіць нават дзеля ўласнага выратавання.