Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Пранцысь гатовы быў хоць нямецкай, хоць ненавіснай лацінай заняцца, калі доктар зажадае. Жыццю вяртаўся сэнс... Наперадзе чакалі подзвігі! Нават успамін пра Паланэю Багінскую больш не ірваў сэрца.
— Саламея, ідзі сюды! I талерку нясі. Пан Вырвіч выйшаў са стану сусветнае тугі і больш не хоча гуляць ва ўтаймавальніка наравістых слуг.
Раздзел трынаццаты.
ЯК ПРАНЦІШ ЗА ГІПАЦЭНТАЎРАМ ХАДЗІЎ
На абразе Прасвятая Багародзіца мела такі прыгожы, рахманы, сумны твар... А яе палаючае любоўю capita праціналі ажно сем мячоў! Малады шляхціц Пранціш Вырвіч ад жалю глыбока ўздыхнуў і на хвілю ўявіў, як бы ён абараніў Прасвятую, адбіўшы тыя варожыя мячы сваім Гіпацэнтаўрам, знуджаным у палоне езуіцкага калегіюма.
Пранціш, вядома, ведаў, што мячы на абразе проста сімвалізуюць той боль, які Прасвятая Дзева перажыла, страціўшы Сына. Без зброі не абыходзіцца нават у святых рэчах... У Апакаліпсісе сказана, што з вуснаў Госпада нашага Ісуса Хрыста сыходзіць меч — сымболь непераадольнай нябёснай праўды... 3 вогненнымі мячамі стаяць архангелы ля ўваходу ў страчаны рай, каб грэшныя нашчадкі Адама і Евы не ўлезлі да спакусных пладоў, не спаганілі цікаўнасцю сваёю святое месца. 3 мячом малюецца святы Павал... Мячом святы Пётр, самы баявіты апостал, адсек вуха
рымскаму жаўнеру з варты, якая прыйшла схапіць Госпада ў Гефсіманскім садзе... Каб там быў Вырвіч, жаўнер адсечаным вухам не абышоўся б! Вядома, вучыць нас Святое Пісанне прабачаць ворагам, падстаўляць другую шчаку... Але як жа шляхціцу без зброі, асабліва той, што пабывала ў руках бацькі, дзеда і прадзеда? На дзяржальне якой выгравіраваны «Гіпацэнтаўр»? Нездарма ў дзяржальны мяча ўкладвалі святыя рэліквіі. Іспанскі паладын Раланд дык умудрыўся ў свой меч Дзюрандаль укласці зуб святога Пятра, сасуд з крывёй святога Базыля, волас святога Дзяні ды кавалак адзення Прасвятой Дзевы.
У радавым мячы Вырвічаў нічога падобнага не было, ён сам быў рэліквіяй. Дзед Пранцысеў з ім у руках загінуў на полі бойкі. Пранціш у роздуме блытаўся па пакоі і напяваў:
— Ехаў Ліцвін ды па Сініх Водах Тры дні, тры начы, Тры дні, тры начы, Меч крывавячы.
Скокаў Ліцвін ой ды пад Смаленскам Тры дні, тры начы, Тры дні, тры начы, Шабляй рубячы.
Кляўся Ліцвін у святой Дуброве На старым мячы, На старым мячы, Чужынцаў сячы...
Увушшу гучэлі павучальныя словы Лёдніка пра сапраўдную адвагу і ўяўную, што спраўджваецца за кошт тых, хто не можа абараніцца. I Вырвічу надта карцела давесці доктару і пекнай панне Саламеі, ягонай сардэчнай сяброўцы, а таксама фанабэрыстай паненцы Паланэі
Багінскай, а найперш сабе самому, што ён здатны на адважныя ўчынкі. Сядзець бязвылазна ў кляштары ў чаканні ды навучанні моцы ўжо не ставала. Лёдніку лепей — у яго Саламея ёсць, ды яшчэ кожны дзень да маці Альжбэты ў якасці доктара ходзіць — як жа кабета без усялякіх балячак! А доктар хоць і схізматык, але з дыпломам, і справу сваю ведае як найлепш. Пачаў лекі для ўсяго кляштара рыхтаваць, дзеля чаго яму адчынілі на першым паверсе скарбніцы яшчэ адзін пакой, ссунуўшы ў кут куфры з дабром. Былы алхімік зладзіў там невялічкую лабараторыю, ганяючы сястру Дамініку на кухню за прыпасамі ды прыладамі. Аптэчку кляштара, да якой Лёдніка ўночы звадзілі на тую ж кухню, ён напалову збракаваў, параіўшы выкінуць запасы мышынага тлушчу, сушаных жаб і кажаноў, настоі на шчанючках ды іншыя неабходныя ў кожным доме рэчывы. А яшчэ ён з Саламеяй дарваліся да кляштарнай бібліятэкі. Пранцысь гэтак жа замілавана мог паглядаць хіба на свежы пірог з зайчацінай пад канец Вялікага посту, як гэтыя двое на пыльныя, пажаўцелыя фаліянты, якімі здаровых пацукоў забіваць можна.
— «Апостал»! Скарынаўскі! — гладзіць пяшчотна старонку, а ў самога аж рука дрыжыць, і ў голасе ад замілавання слёзы. Цьху, вар’яты!
I калі на брукаванку лёг першы снег, нібыта святы Франтасій пасцяліў дыван дзеля дарагога госця, Пранцысь вырашыў: час выручаць свайго Гіпацэнтаўра!
Натуральна, што Лёдніка ў такія планы не пасвяціш — раскрычыцца, забароніць... Хоць і шляхціц цяпер, але ж натуры настаўніцкай не змяніў, дый шляхецтва свайго нібыта ўсур’ёз не прымаў. Хаця мог, як такія ж «фальшывыя шляхціцы», зараз жа адрасціць вусы, на падараваныя яму ў дадатак да патэнту княскія грошы замовіць адпаведны строй, панадзяваць пярсцёнкі ды паяс і патрабаваць звароту «пан». Але Лёднік ні на гран не змяніўся, быў пачцівы без ліслівасці, і адначасна строгі, патрабавальны ды з’едліва-іранічны, і гэта цешыла. Бо Пранцысь усё ж
лічыў такое «шляхецтва» шалберствам — не на полі бойкі здабытае, з рогатам падоранае... I, падобна, Лёднік ставіўся да сітуацыі гэтак жа.
He, у справе з Гіпацэнтаўрам патрабаваўся іншы паплечнік.
I вось у змрочную пятніцу пашанцавала: манашка Дамініка, пагардліва бліскаючы вачыма колеру выцвілай лістоты, абвесціла, што яе княская мосць ваевадзянка Багінская жадае асабіста перадаць загад сваёй цёткі, маці Альжбэты, якая з раніцы ў ад’ездзе, пану Вырвічу. Што, на думку шкаляра, азначала, што паненка гэтак жа, як ён, нудзіцца і скарысталася ад’ездам цёткі, каб пабачыцца хоць з нявартым увагі, але ж кавалерам, і атрымаць сваю долю пакланення і куртуазных размоў.
Сястра Дамініка ўсім сваім выглядам паказвала, што не ўхваляе гэткія вольныя норавы, але ваевадзянка была цяпер у кляштары самай уплывовай асобай, і Вырвіча з належнымі перасцярогамі праводзілі да келлі на першым паверсе. Госця сустрэла прыслуга панны, якой ён раней не бачыў — танклявае дзяўчо з сумнымі цёмнымі вачыма ў сукенцы паслушніцы.
Прыслуга завяла Пранцыся ў перадпакой, па-манаску аскетычны, толькі распяцце на сцяне і драўляная лаўка, і асцярожна пастукала ў дзверы:
— Ваша мосць, прыйшоў пан Вырвіч!
Тое, што панна Багінская падрыхтавалася да прыходу госця, можна было зразумець па тым хаця б, што яна знарочыста не звярнула на ягоны прыход увагі, седзячы ў крэсле, павернутым да акна, але ножка ў вышытым чаравічку была пастаўленая на абцягнуты аксамітам зэдлічак менавіта так, каб той, хто ўвайшоў, адразу пабачыў гэтую маленькую, падобную да чоўніка мятлушкі, ножку і ацаніў дасканалы французскі чаравічак на выгінастым чырвоным абцасіку ў тры вяршкі. Дый замест сукенкі паслушніцы на паненцы была няхай не парадная, але шляхецкая жаўтлявая шаўковая сукенка з галандскімі ка-
рункамі. Пакой прыкрашалі прадметы, адрозныя ад манаскага ўставу, якія асабліва выбіваліся раскошай на тле голых сценаў: кітайская шаўковая шырма з паўлінамі, два люстэркі ў пазалочаных рамах, парцалянавы набор для гарбаты на століку з чырвонага дрэва...
Вырвіч успомніў усё, што вычытаў пра свецкія паводзіны ў трактаце Рэя з Наглавіц «Зерцала, альбо Жыццё сумленнага чалавека», пастараўся трымацца як мага болей годна, раскланяўся, падышоў да ручкі паненкі... Паланэйка зрабіла выгляд, быццам толькі цяпер пабачыла госця, і адразу настроіла голас на халодна-паблажлівы тон:
— А, пан Вырвіч... Я і забылася, што загадвала вас прывесці.
— Заўсёды гатовы служыць чароўнай панне! — ветліва адказаў Пранціш, намагаючыся не ўпусціць у capita нікому не патрэбную крыўду.
Багінская павярнула да яго фанабэрысты тварык (a нос напудрыла не дзеля манашак жа!) і строга вымавіла:
— Пан Вырвіч, мушу перадаць вам загад маёй цёткі, яе княскае мосці, маці Альжбэты. Сярод сясцёр-бернардзінак пайшлі нядобрыя чуткі пра тое, што адбываецца ў левым крыле кляштара. Таму што да іх далятае лязгат зброі і выкрыкі! Я разумею, што заняткі фехтаваннем неабходныя для мужчын, але ў гэтым месцы мужчын быць не павінна! Перадайце і вашаму доктару: трэба паводзіцца цішэй!
Пранціш самым галантным чынам пакланіўся і запэўніў паненку, што яны выправяцца... Але ёсць адна акалічнасць, якая пры згадцы пра зброю і фехтаванне надрывае сэрца вырвічаўскае...
Паланэйка фанабэрыста прыўзняла броўку, паказваючы, што яе мала кранае, што там робіцца ў сэрцы нейкага загоннага шляхцюка, але ж не перапыніла — яна б зараз, напэўна, і крумканне жабы паслухала дзеля разнастайнасці.
I Пранціш як мага болей выразна распавёў ёй пра сваю ўзятую ў палон зброю, якую мусіць цяпер любым коштам вызваліць. Асаблівы ўпор робячы, што з гэтай зброяй ягоны дзед служыў у палку пад началам дзеда панны, ваяводы троцкага Марцыяна Багінскага, і паранены быў смяротна ў славутай Хацінскай бітве на Днястры з войскамі Гусейн-пашы. I ўсё, што просіць ад панны — памагчы яму выбрацца ўночы з кляштара, і дае сваё шляхецкае слова, што да раніцы вернецца.
I далібог — вочы паненкі загарэліся, і Пранціш гатовы быў прысягнуць, што ёй больш за ўсё на свеце зараз хацелася б пайсці з ім і перажыць Вялікую Прыгоду. I зразумеў, што не памыліўся, звярнуўшыся да фанабэрыстай магнаткі, за абліччам якой хавалася гарэзнае бясстрашнае (і бязлітаснае) дзяўчо. Паланэйка пляснула ў далоні, і зараз жа прыбегла прыслуга, спалохана паглядаючы вялікімі цёмнымі вачыма на гаспадыню.
— Ганулька, калі пані цётка вернецца?
— Заўтра, пасля ранішняй службы, ваша мосць, — ціхім пяшчотным галаском адказала прыслуга.
— Тады вось што...
Вырвіч марыў скарыстацца сутарэннямі — але цяжкую пліту адзін нават Ватман не падыме, дый паказаць шлях няма каму. I Пранціша вывела з кляштара Ганулька — самым банальным шляхам, праз дзверы, калі ўсе паснулі. Баязліўка дрыжэла, як асіна, і спынялася на кожным кроку, нервуючы Пранціша. Як яна прасядзіць у цёмным калідоры да раніцы, чакаючы ўмоўнага свісту Вырвіча?
Вецер падзьмуў у твар калючымі мокрымі сняжынкамі. Воля! А шкаляр і забыўся, якая яна на смак! Пранціш паправіў за поясам пісталет, пагладзіў шаблю: добрая, але ж не свая! Менск спаў на дне чорнай лістападаўскай прорвы, і былі ў гэтай цемры свае пачвары і свае Тэзеі... I як светач Арыядны, свяцілася вакенца панны Паланэі, la belle dame sans mersi — Чароўнай Дамы, якая не мае літасці, дзеля якой варта паміраць, але не варта чакаць удзячнасці і спагады.
Ваколіцы езуіцкага калегіюма Пранціш Вырвіч ведаў, як цыган ведае, на якую нагу пачне кульгаць прададзены ім конь. Колькі разоў шкаляр пакідаў свой пакой у канвенце не праз дзверы... Так што ўскараскацца з дапамогай знаёмага да апошняй галінкі дрэва да акна спальні малодшага курса не было аніякай замінай. Багацейшыя шкаляры сяліліся асобна, куды ў лепшых умовах, з прыслугай... А тут, у канвенце, напханыя ў пакоі, па колькі змяшчалася, начавалі бурсакі з беднаты. I адзін з іх, той, што быў патрэбны Пранцысю, спаў якраз ля акна... Зусім не выпадкова, бо разумны шкаляр заўсёды рыхтуе сабе шлях да рэтырацыі і пракудаў.