Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Словы малітвы сціхлі, але не расталі бясследна. Вырвіч глядзеў на беленыя сцены сухімі вачыма і думаў, што вось хаця б Лёднік у яго ёсць. Суцешыць, патлумачыць, дапаможа. Да таго ж ён цалкам залежны ад Вырвіча, ад ягонай волі, ён нікуды не падзенецца... Ёсць нешта пэўнае ў гэтым свеце і для недавучанага шкаляра! Цёмная злосная моц, якая жыла ў душы і якой Вырвіч сам баяўся, патроху суцішвалася. Пранціш павярнуўся на бок і задрамаў...
Пабудзіў яго шэпт:
— Саламея, навошта ты так!
— He будзь дурным. Я занадта доўга чакала. I чакала б яшчэ... Але цяпер у нас няма часу. Магчыма, заўтра... Пазаўтраму... Прыйдзе смерць. I ў чым тады сэнс майго чакання? Калі ты зараз мне адмовіш, не зробіш сваёй, гэта будзе бессардэчна...
— He мучай мяне. Калі б у мяне не было сэрца, калі б я цябе не кахаў, я б згадзіўся. Але я не магу табе прапанаваць нічога, нават самога сябе. Я больш сабе не належу. Я...
— Ціха, каханы, я ведаю... Я прачытала тую паперу ў клунку. Але ж твой часовы гаспадар — добры хлопчык, адважны і сумленны...
— Ён — шляхціц, з усімі недахопамі сваёй касты, я — яго слуга. Дакладней, раб. Нават калі мы ўсе выжывем, я не змагу з табой ажаніцца. Пакуль не вярну сабе волі.
— Значыць, ты яе вернеш... Чалавек не павінен быць рабом іншага чалавека. Гэта супярэчыць прыродзе і Божай волі.
— Начыталася Вальтэра...
— Цябе палохае, што ты падзеліш каханне з вучонай жанчынай?
— Мяне палохае, што я яшчэ больш прычыню табе зла, звязаўшы цябе са сваёй фатальна нешчаслівай персонай.
— Ведаеш, у гэтую хвілю многія б сказалі, што табе пашанцавала.
— Мне і праўда неверагодна пашанцавала...
— Значыць, ты мяне не адпрэчваеш?
— Я не з лёду... Нягледзячы на прозвішча.
Шэпат змоўк, а тады пачуліся крокі: двое людзей асцярожна падымаліся па лесвіцы наверх, потым рыпнулі дзверы, павярнуўся ў замку ключ...
Пранціш лёг на спіну і ледзь не завыў ад злосці і крыўды. Значыць, ён Лёдніку замінае! Ён не хоча яму служыць! Гнаявіку! Правільна, нават маючы сто дукатаў, Пранціш не зможа пасяліць яго ў палацы і выкупіць лабараторыю для доследаў. Лёднік толькі прыкідваецца, быццам шчыра клапоціцца аб Пранцішы. Ён ненавідзіць яго, свайго гаспадара, хітры і подлы раб! I гэта пасля ўсяго, што яны разам перажылі!
Вырвіч, вядома, дазволіў бы, каб Лёднік ажаніўся з Саламеяй Рэніч, і хай бы яны абодва сталі ягонымі вернымі слугамі, і іхнія дзеці, а ён бы літасцівіў іх, і мілаваў, і абараняў... Ды што там — адпусціў бы Баўтрамея на волю, але каб пры гэтым абодва засталіся пры ім... 3 ім... Але цяпер ясна: подлы алхімік пры найменшай магчымасці ад Пранціша ўцячэ, здрадзіць яму, кіне яго! Ён таксама ім пагарджае! Ім, які вядзе свой род
ад Палямона! Няхай бацька Пранціша п’янтос, але калі ў карчме адзін мужык па п’янай справе яго штурхануў, выхапіў шаблю і адсек хаму руку. I нічога не было — па законе ўчыніў. Правільна робіць Паланэя — трэба таптаць тых, хто ўнізе, толькі так застаешся на вышыні! А дазволь толькі прыўзняцца да цябе ніжэйшаму — абгадзяць, сподлічаюць, ухопяць, што можна, і кінуць! «Добры хлопчык», ха!
У душы зноў віравала цёмная злосць, якой Вырвіч ужо не стрымліваў. Ён сам не заўважыў, як праваліўся ў сон, чорны, як адчай, і неглыбокі, як брудная калюга. Скрозь дрымоту адзначыў, што Лёднік вярнуўся ў свой ложак толькі на золку. Стары распуснік...
Усю раніцу Лёднік трывожна пазіраў на маладога гаспадара, надзьмутага і маўклівага, як арандатар, якога папярэдзілі аб сканчэнні арэнды, і таксама зболыпага маўчаў, бо прапановы пазаймацца лацінай — нямецкім — фехтаваннем — хіміяй — душэўнымі размовамі сустракалі толькі ненавісныя погляды і халодныя рэплікі: «Калі захачу, скажу». Сняданак, прынесены даверанай манашкай Дамінікай, быў праглынуты паасобку. Саламея, відаць, папярэджаная Лёднікам, узяла сваю талерку і схавалася наверсе. Лёднік, пэўна, ахвотна далучыўся б да яе, але не наважваўся. Палачане, відаць, пачувалі сябе няёмка, увязваючы перамены ў паводзінах юнага Вырвіча са сваім начным спатканнем, а Вырвіч ясна бачыў, што яны не могуць схаваць сваё п’янкое, таемнае шчасце, што паміж імі цягнуцца нябачныя ніткі, якіх перарваць не ўдасца ўжо нікому, і ад гэтага шалеў яшчэ больш. Выбух атрымаўся пасля сняданку, калі яны з Лёднікам засталіся сам-насам. Доктар падышоў да шкаляра і ўхапіў за плечы, змусіўшы паглядзець сабе ў вочы:
— Пранцысь, трэба пагаварыць. Так нельга... Твой душэўны стан...
— Пранцысь? — Вырвіч злосна скінуў з сябе рукі доктара. — Які я табе Пранцысь? Ты забыўся, як трэба звяртацца да шляхціца, мужыцкая морда? Як трэба звяртацца да свайго пана?
Вырвіч штурхануў доктара ў грудзі, і той адступіў на крок.
— Пранцысь... Пан Вырвіч, гневам трэба авалодваць. Ты сам пасля пашкадуеш. Канцэнтрацыя...
— Я табе пакажу канцэнтрацыю, хамуйла! — Вырвіч яшчэ раз штурхануў Лёдніка. — У Агалінскага табе, відаць, лепей было, больш пачціва паводзіўся? Той жа багацейшы, чым я, тытулаваны! Яму ў ручку, ножку цалаваў, а са мной — як з роўняй можна, як са шкаляром?
Лёднік апусціў вочы, яго твар абсунуўся, згас.
— Прашу прабачэння ў пана за дзёрзкасць.
Пранцысь ад гневу ўжо нічога не бачыў, кроў шумела ўвушшу. Ён пан, ён можа хлопа свайго «дзяржаць, ужываць, ва ўсім аддаваць, прыдаць, дараваць, замяніць, заставіць і паводле ўпадабання свайго шафаваць і куды хоча абярнуць». Шкаляр атрымліваў пакутлівае і вострае задавальненне ад таго, што доктар перад ім адступае, мізарнее. Нешта ён нядаўна чуў пра такое ненармальнае задавальненне...
— Па-твойму, так у пана просяць міласці? Ці мне трэба было абыходзіцца з табой, як раіў Агалінскі? Калацінай? Ты, значыць, спланаваў, што добры хлопчык Пранцысь адпусціць цябе на волю, і ты над ім пасмяешся? Сыдзеш і цераз плячо сплюнеш? He цэніш дабрыні! На калені! Руку цалуй, хамуйла!
Лёднік з каменным тварам, апусціўшы вочы, стаў на калені, пачціва ўзяў руку Пранцыся і прыклаўся да яе вуснамі.
Шкаляр глядзеў на доктара, які стаяў перад ім на каленях з апушчанай галавой, але спіна па-ранейшаму была выпрастаная, не сагнутая пакорліва... I яму хацелася раўсці — ад злосці, крыўды, гневу... У цалаванні рукі вышэйшаму за цябе не было нічога нязвыклага альбо ганебнага. Колькі сам Пранціш перацалаваў усялякіх ручак-ножак, чыстых і не вельмі, — пану-бацьку, хроснаму, святару, рэктару, дэкану, колькі разоў бачыў, як багатыя і радавітыя шляхціцы не грэбавалі ў сваіх шытых золатам
уборах з дыяментавымі гузікамі кідацца ў ногі больш багатым панам, абцалоўваць іх боты і знізаныя пярсцёнкамі рукі... Дый самому доктару працэдура дакладна не ўнове. Гэта было звычайнае жыццё! Калі бацька выпраўляў Пранцыся на вучобу, расклаў на дыване ды паводле сармацкага звычаю ўсыпаў бізуноў. А Пранцысь слугу свайго нават ні разу не сцебануў! Але Лёднік, няправільны доктар, які вынайшаў філасофскі камень і адрокся ад яго, умудраўся стаяць на каленях так, што ў гэтым бачылася няправільнасць, несправядлівасць, і Вырвічу было невыносна яго прыніжэнне... I падымаўся гнеў на Лёдніка яшчэ і за гэты свой сорам. Русо, Дзідро, Вальтэр, чалавек не павінен быць рабом...
«Я табе яшчэ пакажу! У Еўропах сваіх адвык ад сармацкіх звычаяў! Ты яшчэ пыл з маіх ботаў сцалоўваць будзеш з пачцівасцю!» — Пранцысь, задыхаючыся, узбег на гарышча, прыпаў да акна, ля якога сам перажыў нядаўна страшэннае прыніжэнне ў размове з паненкай Багінскай. Вось так яно ўсё ў свеце і адбываецца? Адзін аднаму перадаваць злосць, гасіць крыўду аб скуру бліжняга свайго?
За акном зноў нудзіў дождж, барабаніў у шыбы, як надакучлівы старац, што прасіў прытулку. Але з Верхняга, Ніжняга і Рыбнага рынкаў даносіліся крыкі і лаянка, а вулічныя гандляры гарлалі проста пад вокнамі, прапаноўваючы свежую рыбу, злоўленую ў Нямізе, вееры з гарадзенскай мануфактуры, пастаўскія хусткі, булкі з Траецкага прадмесця ды іншыя рэчы, якімі грэшнае цела так моцна прывязанае да мітуслівага гэтага свету, што забывае рыхтаваць анёльскія пёры бессмяротнай душы да апошняга палёту, у які не ўзяць анічога — ні літых паясоў, ні налібоцкіх чарачак, ні таго, што з гэтых чарачак так добра п’ецца.
Пранцысь шкадаваў сябе, пакуль унізе не грукнулі дзверы і не пачуліся галасы. Вырвіч збег з лесвіцы іўбачыў Германа Ватмана, плечы якога абцягваў чорны аксамітны жупан са срэбным шыццём, і найміт здаваўся чорнай
скалой. А побач са скалой зіхацела кветка, сама Паланэя Багінская ў сціплай сукенцы паслушніцы, і пазірала вакол вясёлымі фанабэрыстымі вачыма:
— Збірайцеся, пойдзем! Прыехаў мой вельмі шаноўны брат, ягамосць Міхал Багінскі, чакае вас.
Пранцысь пачціва схіліўся, намагаючыся выглядаць спакойна і весела. Бо ясна, што іх размова для паненкі не значыла нічога і ў яе памяці, як нешта надзвычайнае, не адклалася. Трэба, каб яна не адчула ягоную крыўду... Якая стукалася ў скроні, зноў напаўняла чорным гневам...
Хаця што ёй ягоная крыўда? Нікому ў свеце няма справы да Пранціша Вырвіча і ягоных пачуццяў! Што ж, героі Плутарха не чакалі спачуванняў, самі здабывалі павагу і імператарскую карону. Пранцысь Вырвіч знойдзе, як давесці сваім бліжнім, што з ім трэба лічыцца і цаніць яго!
Раздзел дванаццаты.
ЯК ПРАНЦЫСЬ ЛЁДНІКА ПРАДАВАЎ
Дзе б чалавек ні пасяліўся — найперш ён думае пра абарону і ўцёкі. Што ён робіць дзеля абароны — ведама ўсім, бо здалёк бачныя земляныя валы, каменныя муры і запоўненыя вадой ірвы. А што рыхтуецца для ўцёкаў — навакольным і не павінна быць бачна. I чым меней яны пра гэта ведаюць, тым надзейней шлях для адступлення. Мала хто здагадваўся, праходзячы па пляцы каля ратушы, што ідзе ён над падземнымі хадамі, якія з’ядноўвалі будынкі ўсяго Верхняга горада.
Хаця ісці цераз пляц было не даўжэй, чым талерку клёцак з’есці, гасцей з базыльянскага кляштара вялі на сустрэчу з Міхалам Багінскім менавіта праз сутарэнні. Для ўсіх князь Багінскі быў у гэты час за мяжой, займаўся мастацтвамі. Вярнуўся ён у Рэч Паспалітую патаемна, і любы лішні пагляд мог яго таямніцу выкрыць.
Дзесьці ў гэтых сутарэннях, напэўна, і былі схаваныя падчас адступлення войска Пятра I скарбы езуітаў. Пётр
у Паўночную вайну жыў у Менскім езуіцкім калегіюме, яму дужа спадабалася зладжаная там сістэма навучання, выкладчыкаў нахвальваў і міласцівіў... Але калі ягонага саюзніка Аўгуста Моцнага шведы разбілі, як гліняны гаршчок, стаўленне перамянілася. Жаўнеры князя Шарамецьева пачалі перад адступленнем рабаваць горад, як захоплены. У храмы бессаромна ўлазілі, нават у Жоўтую царкву, не паглядзелі, што праваслаўная, — братчыкі месцічаў склікалі, ледзь абаранілі свой храм. Вось тады айцы-езуіты майно сваё ў сутарэннях і схавалі... Прыйшлі шведы, разгром давяршылі, а потым яшчэ і чума заявілася — пошасць любіць крывавыя часы, калі яшчэ да яе прыходу страшнае жніво пачалося... I мніхі, што ведалі таямніцу скарбаў, загінулі.