• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Кепска.
    I зноў паглыбіўся ў нейкія вылічэнні ды крэмзанні.
    Калі князь Геранім пакідаў у спакоі свайго новага доктара, гера Лотмана часам клікалі да сур’ёзна хворых. Тады ён змяняўся — зусім забываўся на свае клопаты
    і думаў толькі, як найлепш скласці патрушчаную галёнку альбо ачысціць пратокі жоўцевага пухіра... Нагадваў ён у такія моманты гетмана на полі бітвы, ягоныя каманды выконваліся бягом, нават Пранцысь не насмеліўся б аслухацца свайго слугу... А калі ўдавалася выратаваць чыёсьці жыццё, Лёднік ззяў, паблажліва пазіраючы на не такі ўжо паганы свет. А пасля пахмурнеў і браўся чытаць пакаяльныя малітвы: бо ўспамінаў, колькі змарнаваў часу, які мог прысвяціць выратаванню бліжніх. Дзівак!
    А Пранцысь глядзеў рэпетыцыі тэатра, і яму ўсё больш падабалася гожая танцорка Міхалішыўна — у яе рухах была незвычайная плаўнасць, выразнасць, здавалася, яна размаўляе жэстамі... I часам перадае нямецкаму юнаку з сінімі вачыма, што сядзіць у куце залы, шчырае прывітанне. Потым наведваў гера Пфальцмана, які ўсё больш змрачнеў, але нават выказваць сваю незадаволенасць і трывогу ўжо не асмельваўся. Фрау Пфальцман крадком плакала. Для жалезнай чарапахі, якую паставілі ў стайні ля Малога замка, на мясцовай людвісарні адлівалі гарматы па чарцяжах Пфальцмана, і ён справядліва непакоіўся, што, калі ў іх выявяцца хібы, вінаватым найперш апынецца ён. I, відаць, праклінаў глупства караля Аўгуста Саса, які ў свой час адхіліў ягоны праект, чым даў магчымасць Гераніму Жорсткаму стаць працадаўцай нямецкага вынаходніка. Пакуль што гер Якуб адладжваў лёгкасць руху сваёй машыны, змазваў шарніры і колцы адмысловым алеем. Пранцысь за працу, вядома, не браўся, таму што лічыў, што яна несумяшчальная са шляхецкай годнасцю — за рамесніцтва шляхціца маглі й шляхецкай годнасці пазбавіць, гэта ж не тое, што высакародна араць сваё поле альбо гнаць гарэлку. Апошняе шляхціцу дазвалялася. У Статуце ж было сказана, што, «кгды б шляхціч, заняхаўшы імення і звычая свайго шляхецкага або праз худобу сваю шукаючы сабе пажывення, сышоў бы да места і мешкаў там, торг месцкі ведучы або і шынок у дому маючы і локцем мерачы,
    або рамяство робячы на варстаце, такі ўжо з вольнасцей шляхецкіх весяліціся не маець».
    Локцем мераць, гэта значыць, прадаваць тканіны і працаваць на варштаце Вырвіч не збіраўся, але назіраць і распытваць любіў. А паназіраўшы, пераконваў сябе, што для ўласнага задавальнення шляхціц можа і з жалеззем пагуляцца. Вунь Пане Каханку выточвае ўласнаручна куфэрачкі, якія дорыць прыдворным. Чаму б і Вырвічу не падкруціць пару гаек? I хутка перамазваўся алеем па вушы, і абыходзіўся з самымі складанымі механізмамі звыкла, як з шабляй.
    Было ў ягоных візітах на стайню і добрае. Жалезная чарапаха па-ранейшаму ўганяла мясцовых у пракаветны жах. Будынак з дэманскай машынай, адкуль час ад часу выляталі клубы чорнага дыму і даносілася страшнае сіпенне, абыходзілі як мага далей. Машталеры, што глядзелі коней у стайнях побач, хрысціліся, сплёўвалі, трымалі пальцы рожкамі... Тое ж пераносілася на стваральніка цмока, ягонага слугу Генрыха і памочніка новага княскага доктара Франца Магнуса. Таму і Вырвіча абыходзілі, як карослівага. Што давала яму магчымасць ухіляцца ад размоваў.
    Вырвіч шчыра зайздросціў Пфальцманам і Лёдніку, якія маглі тут вольна размаўляць на сваёй нямецкай, на якой размаўляла большасць гарнізона і ўвесь тэатр. А шкаляр аказаўся пазбаўлены самай галоўнай сваёй зброі — добра падвешанага языка. Нават з прыгожанькай артысткай Міхалішыўнай пазнаёміцца толкам не ўдалося, хаця Пранціш не раз падміргваў ёй і абменьваўся ўсмешкамі.
    Калі цямнела, Пранцысь цягнуў на дах падзорную трубу і з усё меншай цікаўнасцю назіраў маніпуляцыі доктара, які старанна змешваў вадкасці і парашкі і адначасова рабіў нейкія нябёсныя вымярэнні. А па вяртанні ў пакой шкаляр яшчэ мусіў вучыцца адмыкаць замкі з дапамогай сагнутай шпількі і нават трохі фехтаваць. Былы алхімік настаўнікам быў дрэнным, прынамсі, на погляд Пранцыся, бо не шкадаваў крыўдных слоў...
    He лаянкі, не — проста самыя звычайныя словы ён мог вымавіць так, што хацелася выць ад крыўды — на яго і на сваё няўмельства.
    — Abend studia in moris, — нудзіў былы алхімік. — Як казаў ангельскі мудрэц Бэкан, слабы розум можна ацаліць адпаведнымі навукамі гэтак жа, як адпаведнымі практыкаваннямі вылечваюцца нашыя цялесныя хваробы. Кеглі добрыя для камянёў у мачавым пухіры і хворай паясніцы, стральба — для хворых грудзей, нетаропкі шпацыр — для страўніка, язда конна — дзеля галавы. А таму, калі чалавек з благой памяццю, няхай вывучае матэматыку, калі не назіральны, няхай вывучае логіку, бо яна — сутіпі sektores, збіральніца кмену, калі ж хто не можа даказваць адно праз другое, не заўважаючы падабенства, няхай вывучае права.
    Такім чынам, Пранцысю прадпісваўся поўны курс усіх навукаў.
    А па начах не давалі спаць крыкі, што даносіліся з сутарэнняў. Можа, збольшага яны мсціліся — але ж Вырвіч дакладна ведаў, што тут ёсць каму крычаць.
    Дарэчы, за распіццё віна на працоўным месцы і доктар, і дырэктар тэатра атрымалі велізарныя штрафы ў дзесяць дукатаў. Грошы мусілі быць вылічанымі з іхніх заробкаў. Хто данёс — невядома.
    Пятніца пачалася з дажджу... Апоўдні вецер выў так, што здаваўся яшчэ адным вязнем Слуцкага замка. Перад тым як адправіцца на дах, Лёднік прачытаў канон Прасвятой Багародзіцы, а тады абкруціў вакол сябе тонкі шнур, схаваўшы яго пад камзол. Цяжар быў салідны, не лягчэй за рыцарскі панцыр. У гэты момант Пранцысь і Лёднік, напэўна, не супраць былі б належаць да прасветленай расы сільфаў, якія ўмеюць лётаць і рабіцца нябачнымі.
    А ноч была сапраўды жудасная. Халодны дождж ліў так, нібыта дзесьці сівабароды Ной ужо зладзіў каўчэг і загнаў туды апошнюю пару тварын Божых. Цёмна — руку
    выцягні, не ўбачыш. Толькі няўцямны юрад мог расчыніць акно, каб упусціць у цёплы пакой, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў, суровую стыхію.
    Але акно давялося расчыніць, таму што між дахам і пакоем доктара нацягнулася сталёвая нітка. Лёднік яшчэ раз праверыў, ці добра замацаваны на шкаляры адмысловыя рамяні, з дапамогай якіх артыстаў слуцкага тэатра ператваралі ў купідонаў. Яшчэ раз шэптам прагаварыў апошнія настаўленні... Як толькі праз двор прайшлі няшчасныя мушкецёры, якім выпала несці варту ў такую слату, доктар прашаптаў:
    — Давай! 3 Богам...
    Пранцысь ступіў на падаконнік. Лёднік крутануў за ручку пазычанага ў тэатры механізма: шнур бязгучна накручваўся на барабан, пры кожным павароце надзейна фіксуючыся, так што не трэба было напружвацца, каб утрымліваць груз. Пранцысь злёгку адштурхнуўся нагой, і адчуў, што яго пацягнула наверх. Шкаляр адразу вымак, як упушчаная ў ваду хустка. Але холаду не адчувалася: не да таго, калі кроў ад хвалявання бурліць.
    На вылічанай вышыні шнур замёр. Цяпер трэба было аслабіць яго, моцна разгайдацца і дастаць да акна Сільфіды. Скрозь дождж і цемру агні, што гарэлі ў памяшканнях варты, на валу, здаваліся цьмянымі вачыма паміраючага драпежніка. Вада цякла ў рынах з глухім рэвам, як зняволеная рэчка. Нарэшце Пранцысю ўдалося зачапіцца пальцамі за адкос аконнай нішы. Так, закінуць нагу... Перачакаць, каб суцішылася шалёнае сэрцабіццё — Лёднік увесь час паўтараў, што трэба выхоўваць здольнасць да канцэнтрацыі, сачыць за дыханнем і пульсам. Цяпер трохі пасунуцца...
    Пранцысь расшпіліў пасы і саскочыў на падлогу. Але працяла думка, што памыліўся: ногі сустрэлі не пухнаты кілім, а голыя дошкі. He было й паху ўсходніх курэнняў і водару кветак... Холад, амаль як на вуліцы. Пранцысь асцярожна ступіў углыб пакоя.
    Цёмна, як цмок праглынуў. Ён напружана прыслухоўваўся: ці дыхае нехта побач?
    — Хто тут? — ледзь чутны шэпт ударыў па напружаных нервах, як стрэл гарматаў.
    — Панна, я ад Бутрыма...
    — Гэта вы, такі мілы хлопчык, што з ім прыходзіў? — у шэпце чулася хваляванне.
    Пранцысь наблізіўся, выцягнуўшы рукі, і за ягоную руку ўхапіліся халодныя пальчыкі.
    — Хлопчык, вы павінны зараз жа сысці, пакуль вашая авантура не мела непапраўных наступстваў! Я ўсё адно на ланцугу...
    — Нічога... Дзе замок?
    Пранцысь усляпую, як яго вучыў доктар, калупаўся сагнутай шпількай у замку ад ланцуга хвіляў дзесяць, якія падаліся бясконцымі. На лесвіцы ўвесь час мсціліся крокі. А што, калі зараз скрыгатнуць засаўкі і ў пакой уварвецца сам князь! Па спіне шкаляра цёк халодны пот пры адной думцы, што не справіцца і давядзецца вярнуцца да Лёдніка ні з чым... Сільфіда маўчала, дыхаючы так ціха, што часам браў сумніў, ці яна зямное стварэнне. Нарэшце ў замку нешта шчоўкнула, і ланцуг апынуўся на падлозе. Сільфіда ўзнялася, зашаргатала тканіна. Хаця ўсяе раскошы ва ўбранні пакоя гаспадар непакорлівую палонніцу пазбавіў, на ёй яшчэ была неабдымная сукенка-рагоўка. Пранцысь пацягнуў Сільфіду за руку да акна:
    — Хадземце!
    — Чакай... — жанчына паваждалася, і спадніца, нацягнутая на тры абручы з кітовага вуса, разам з абручамі з мяккім шоргатам апусцілася на зямлю.
    — Усё...
    I дух паветра вылецеў у вольную стыхію.
    Лёднік падхапіў сяброўку свайго дзяцінства на рукі... Пранцысь сціпла адвярнуўся, хаця ў цемры ўсё роўна толькі мог пачуць усхваляванае дыханне абодвух ды няўцямны шэпт: «Гэта ты! Гэта ты!»
    «Не, цмок з Белага возера», — пакрыўджана адказаў удумках Пранцысь паглынутым адзін адным палачанскім мешчукам.
    Акно завесілі чорнай аксамітнай парцьерай, і можна было запаліць свечку і нарэшце адзін аднаго ўбачыць. Сільфіда з палёгкай сцягнула з сябе высокі парык, знізаны перлінамі, і яе чорныя валасы бліскучымі хвалямі рассыпаліся па плячах. У такім выглядзе, няхай з цёмнымі кругамі пад вачыма і схуднелая, яна выглядала яшчэ прыгажэй... Лёднік паднёс ёй адвар:
    — Выпі зараз жа... Гэта дасць сілаў.
    — Дзякую! — прамовіла Саламея Рэніч, прымаючы гарачы кубак з вохкім зеллем у далікатныя далоні — такія маглі б належаць шляхцянцы, якой з маленства адзявалі і ўдзень і ўначы трохі завузкія пальчаткі, каб пальцы былі тонкімі. — Каб не твае лекі, я за апошнія дні застудзілася б зусім...
    Па твары доктара прайшла цень нянавісці:
    — Разбэшчаныя юрады з радавымі гербамі замест мазгоў... I Бог у іх інакшы, чым у народа, якім кіруюць, і мова інакшая, і мараль інакшая... Bene natus etpossessionatus et catholicus...