Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
манку. Абодва шпегі адчувалі сябе, як быццам пабывалі ў бойцы з медзвядзём.
— А ты ад Сільфіды зусім галаву страціў, — скрозь стому дакорліва прагаварыў Пранціш. — А сваю купчыху калі шукаць збіраешся?
— А я яе ўжо знайшоў, — глуха прагаварыў Лёднік і дадаў, падпусціўшы атруты ў голас. — А вялікі і абазнаны пан Вырвіч, значыць, свята паверыў, што пазнаёміўся з духам паветра? Так, гэта князь удала прыдумаў — выдаваць Саламею за Сільфіду... Шпегаў з толку саб’е, яшчэ і брата памучае.
Пранціш разгубіўся. He тое каб ён успрыняў словы Гераніма Радзівіла ўсурез... Прыгажуня, урэшце, была цалкам зямной, зняволенай і няшчаснай... I ўсё-ткі адначасова па-незямному прыгожай. Вочы яе пазіралі занадта мудра для кабеты... Ну так жа хочацца ў васямнаццаць гадоў паверыць, што сутыкнуўся з нечым надзвычайным! А ўжо супаставіць чароўны вобраз, што адкрыўся за жалезнымі дзвярыма з мноствам засавак, са старой дзеўкай з Полацка, дачкой звычайнага купца і сяброўкай дзяцінства Лёдніка... He тое каб у Пранціша не мільганула і думкі пра Саламею Рэніч, але ён гэтыя думкі рамантычна адагнаў. Таму цяпер і пачуваўся абсалютным дурнем.
— I як ты мог адмовіцца ад такой? — вырвалася ў Пранціша.
— Я яе не варты, — зноў глуха прагаварыў Лёднік улюбёную фразу і перавярнуўся на спіну, стамлёна заплюшчыў вочы.
Але Вырвічу гэтае самапрыніжэнне надакучыла.
— У нас, калі езуіты ў хор запісвалі, таксама ўсе пачыналі гаварыць: «Вой, ойча, у мяне слыху няма, голасу няма, я б і рады, але ж спяваць не ўмею, шаноўную публіку абражаць буду... Няварты я такога гонару». А насамрэч проста нікому не хацелася лішніх клопатаў: вольны час на рэпетыцыі траціць, падчас канцэртаў залівацца салавейкам...
Лёднік нічога не адказаў на гэтую рэпліку, відаць, яна дастала да балючага. Ляжаў нерухома, маўчаў хвілін дзесяць. Потым азваўся сухім голасам:
— Гэты вар’ят яе замучыць. Трэба неадкладна брацца за справу.
Справа — гэта значыць ратаваць Рэнічаўну? Але як? Пранціш нічога не сказаў, каб не падацца баязліўцам, але пакуль ніякага прыстойнага плана яму ў галаву не прыходзіла. Па стромай сцяне вежы нават ён не змог бы ўскараскацца. А варта ў палацы на кожным кроку... Лёднік, відаць, пра гэта таксама думаў, таму й быў змрочны, як апошні цмок у возеры.
Па іх прыйшлі з загадам, што новы доктар павінен перабрацца ў пакоі старога. I тут з’явіўся цень надзеі, бо вылучаны ім пакой, падзелены на дзве часткі, з ложкам пад аксамітным балдахінам колеру старой лістоты, з камінам, аблямаваным кафляй з выявамі чорных арлоў і зялёных вінаградных гронак, быў у Вялікім палацы і знаходзіўся якраз побач з вежай. Пранцысь заўважыў, як прасвятлеў твар Лёдніка, але па-ранейшаму не мог уцяміць, чым гэта дапаможа... Да акна Рэнічаўны можна было ўзляцець толькі на крылах! Хіба стралу ў яго паслаць з вяроўкай? Пранцысь высунуўся з іх акна, прымерыўся... He, ніяк не атрымаецца, відаць толькі самы край аконнага праёма... А стаць сярод двара і цэліць у акно, ці лесвіцу падстаўляць да сцяны, пад якой і ўдзень і ўначы праходзяць гвардзейцы, — можна адразу самому на слуп прыбіцца, каб катаў не турбаваць.
Назаўтра Лёднік абвясціў невыносна камандзірскім тонам:
— Табе, пан Вырвіч, дастанецца самая прыемная частка нашай прыгоды: пойдзеш са мной у тэатр. Мяне запрасілі падлячыць некалькі артыстаў.
— I што я там павінен буду рабіць? — ажывіўся Пранціш.
— Проста паглядзіш на рэпетыцыю. Атрымлівай асалоду, пакуль ёсць магчымасць, — усміхнуўся Лёднік. — I не ўздумай нешта рабіць сам па сабе. А галоўнае — што б ні рабіў я, не зважай. Адыдуся — не круці галавой, не пытайся, куды падзеўся. Я сам за табой вярнуся. Ясна?
У тэатры, перабудаваным з судовага дома, было шыкоўна — не параўнаць з залай Менскага езуіцкага калегіюма. Сцены і ложы абцягнутыя зялёным сукном, упрыгожаныя гірляндамі штучных кветак. У праходах пунсовыя дываны. Аркестравая яма, цяжкая аксамітная заслона... Лёднік усадзіў Пранціша пасярэдзіне трэцяга рада і знік за кулісамі з доктарскім сакваяжам у руках. А на сцэне рэпеціравалі нямецкую оперу, да якіх Геранім Радзівіл быў вельмі ахвочы. Дэкарацыі ўяўлялі сабой пастаральныя пейзажы з гаёчкамі, лужочкамі ды авечачкамі і былі намаляваныя дасканалымі майстрамі на вялізных палотнах. Але нават на неспрактыкаваны погляд Вырвіча, меліся ў рэпетыцыі дзіўноты. Артысты былі пры ўсім парадзе, прыбраныя, як падчас прэм’еры, і так стараліся — як жаўнеры на пляцы. Жаўнеры, дарэчы, таксама на сцэне былі. Пры ўсёй выкладцы, яны, падобна антычнаму хору, стваралі фон для пастаральных спеваў закаханых пастушка і пастушкі, час ад часу дэманструючы практыкаванні муштры. Дый сярод сцэнічных пейзан Пранцысь пазнаў некаторых жаўнераў, бачаных у замку. Такім чынам, спектакль уяўляў сабой нейкую дзіўную сумесь оперы і вайсковай падрыхтоўкі. Акрамя дарослых у балеце ўдзельнічалі і дзеці — у Слуцку мелася балетная школа. Дзеткі, худзенькія, як трэсачкі, набеленыя і нарумяненыя, рухаліся як завадныя. А яшчэ сярод іх было некалькі маленькіх мурынаў — у белых парычках, гэткія ж худзенькія, старанныя...
Усё было вельмі прыгожа... Як у музычным куфэрку. Асабліва ўразіла Пранцыся, калі ў дзеянне ўключыліся купідоны і алімпійскія багі — як і належыць божаствам, яны спускаліся з неба і вольна луналі ў паветры над усёй
сцэнай. Вырвіч адразу нават пералякаўся: ці не водзяцца тут і сапраўды духі?! Але, пільна прыгледзеўшыся, зразумеў, што артыстаў носяць над сцэнай адмысловыя механізмы, да якіх купідоны і багі падвешаныя з дапамогай таненькіх вяровак, якія практычна не заўважныя... 3 чаго, цікава, тыя вяровачкі зробленыя?
Але нечакана дзейства перарвала страшэнная лаянка на нямецкай. Падобны да жабы пан выскачыў на сцэну і пачаў лакіраванай кульбачкай з усяе моцы біць па руках і нагах артыстаў, якія, на яго думку, памыліліся. Даставалася і дзецям, яны, аднак, як і дарослыя, не плакалі і не ўхіляліся ад удараў, а застывалі ў недарэчных скульптурных паставах. Асабліва перападала самай прыгожай і зграбнай дзяўчыне, якую пан-жаба называў Міхалішыўна, дадаючы непрыстойнае слова.
Ніхто не ўскрыкваў, не стагнаў, гучала толькі лаянка і глухія ўдары. I Пранцысю зрабілася млосна ад такога мастацтва. Шкаляр напляваў на загад свайго слугі і выправіўся яго шукаць за кулісы. Галоўнае, не забыцца, што ён сам — немец... Шырокая ўсмешка, наіўныя блакітныя вочы, запытальнае: «Гер Лотман?» — і ўрэшце Вырвіча скіравалі ў пакойчык, дзе стаіліся Пучыні і Лёднік. Доктар адчыніў дзверы з самым зверскім выразам твару, але шчырая ўсмешка Вырвіча змусіла яго прастагнаць ды адступіць ад дзвярэй.
— Я, відаць, нават у пекле ад вас не схаваюся! He бойцеся, сіньёр Пучыні, пан Франц Магнус ва ўсё пасвечаны...
Пучыні зачыніў дзверы і звярнуўся да Лёдніка:
— Мой пан, як дарэчы з’явіўся ваш малады калега! А я якраз гаварыў, што нам патрэбны хтось лягчэйшы за вас!
— Я не тоўсты, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — I спраўлюся сам.
— Мой дружа, вы нармальнага складу мужчына, моцны і высокі. Таму пры ўсім жаданні не можаце быць вагой з падлетка.
— Шнур вытрымае, — упарціўся былы алхімік.
— Вас аднаго — магчыма... А падвойны груз? Я б не рызыкаваў. Калі ёсць выбар...
— Выбару няма! Хлопца туды не пушчу! Урэшце, я проста магу застацца там і не спускацца! — халодна сцвердзіў Лёднік.
— Я ніколі не меў справу з самазабойцамі, разумееце, — раззлаваўся нарэшце і Пучыні. — 3 такімі намерамі я магу паслаць вас толькі ў вашу жалезную пачвару.
Наспявала сварка, і Пранцысь умяшаўся:
— Я ўсё-ткі не мэбля, можаце звяртацца і да мяне наўпрост, спадары! I патлумачце мне нарэшце, пра што вы, халера на вас, гаворыце?
Лёднік і дырэктар дружна паглядзелі на юнака, доктар, відаць, змагаўся з палкім жаданнем выставіць Пранцыся за дзверы, але італьянец падсунуў таму пад нос аркушык з чарцяжом:
— Вось, пан Магнус... Усё, што пакуль удалося прыдумаць.
На аркушыку красавалася схема нейкага механізма: нацягнуты між двума блокамі шнур, вугал адхілення, контуры сцяны з аконнымі праёмамі... Да Вырвіча дайшло: гэта ж план выратавання Сільфіды!
— Забраць яе звычайным шляхам немагчыма, — неахвотна загаварыў Лёднік. — Тут цэлае войска павінна прабівацца — праз варту на кожным паверсе, праз жалезныя дзверы... Нават калі ўявім тут новую Трою — узяць Слуцкі замак за ягоную гісторыю не ўдалося яшчэ нікому: ні татарам, ні маскоўцам, ні сваім жа магнатам. Адзінае на нашу карысць — гэта што нас пасялілі ў адным будынку з Рэнічаўнай, і вокны выходзяць на адзін бок.
— Але, на жаль, не на адной лініі! — загаварыў Пучыні. — Таму ад выканаўцы патрабуюцца проста акрабатычныя здольнасці. I шмат шанцавання!
— Вы хочаце выкрасці яе праз акно? — усклікнуў Вырвіч. — Ты спецыяльна ўвёў князю ў вушы, каб уСільфіды праветрываць! Раз так, лазіць па вокнах і дахах я — лепшы знаўца!
Лёднік не забыўся хмыкнуць на гэтую рэпліку. Але Пучыні задаволена хітнуў галавой.
— Што ж, значыць, давядзецца скарыстацца з вашага ўмення, юнача.
— Гэты хлопец і без таго мае з-за мяне непрыемнасцяў на сваю ўпартую галаву! — пахмура заявіў Лёднік. — Ён — юнак высакароднага паходжання, і я за яго адказваю. Я не магу на гэта пагадзіцца. Няхай лепей мне дапаможа ваш брат Джавані.
— А я твайго дазволу і не пытаюся! — ганарыста прамовіў Пранціш. — Ён за мяне адказвае! Забыўся, хто ты і хто я? Шляхціц сам вырашае, ісці ў бойку ці не!
Лёднік падціснуў вусны і панурыўся. Пучыні са здзіўленнем паглядзеў на абодвух, з уздыхам падсунуў да сябе аркуш, пацёр нос-бульбіну і працягнуў размову-змову, на гэты раз ледзь заўважна, але пачціва схіляючыся ў бок Пранціша, які прызнаўся ў сваім высакародным паходжанні:
— Пакуль што наш план утвараецца з некалькіх амаль невыканальных задач. Калі б мне прынеслі ставіць такую п’есу, я б адразу сказаў, што яна непраўдападобная, і сюжэт выратуе толькі «бог з машыны».
— Смеласць замяняе любую машыну! — фанабэрыста заявіў Пранцысь. — Мне здаецца, вы тут усё ўскладняеце. Схемы намалявалі...
Доктар нервова сціснуў пальцы:
— Адна справа, калі зняволены можа дзейнічаць сам. А Саламею наўрад з ланцуга адпусцілі. Перадаць ёй напільнік, вяроўку, нават цыдулку ці словам перамовіцца — немагчыма, за кожным маім рухам у яе прысутнасці назіраюць, яе самую абшукваюць. Адзіная наша надзея — што ў тэатры ёсць адмысловыя прыстасаванні для палётаў купідонаў. Бачыў?