Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
— Напачатку выпрабоўвалася моц нашай любові да бліжняга свайго... Пасля — наша хрысціянская вера. Цяпер, паводле логікі і Святога Пісання, час выпрабаваць нашую надзею? Апошняе, што застаецца чалавеку?
Саламея, раптам саслабеўшы, закрыла твар рукамі і прашаптала:
— Бацька, прабач...
Угледзелася ў твар Лёдніка, прагна, нібыта нешта там шукала — напрыклад, пацвярджэння, што ён варты такой ахвяры, — і рашуча адвярнулася.
— Так, цяпер выпрабаванне надзеі. Бо вам давядзецца спадзявацца толькі на літасць Божую і на мяне. Ступайце за мной след у след. Чуеце? Запаліце паходні... Яны павінны быць вось там, справа ад увахода. Нам спатрэбіцца святло. Глядзіце пільна пад ногі.
У куце сапраўды былі падрыхтаваныя з дзясятак паходняў, добра прасмоленых. Цемру сутарэнняў гэта не разагнала, але ўсё-ткі ад жывога агню зрабілася весялей. Саламея перахрысцілася, прашаптала кароткую малітву і паставіла нагу — асцярожна, як на лёд — на чырвоную паласу. Ступіла крок, другі, трэці, не выходзячы за межы чырванаватых плітак... Ціха. Але як толькі за ёй на чырвонай паласе апынуўся Лёднік, пліты паабапал нават не апусціліся — а праваліліся з глухім грукатам, так, што ўсё задрыжэла, і Лёднік прытрымаў за локаць Саламею, якая трошкі пахіснулася. I вось ужо па абодва бакі зеўрала прорва. Засталася толькі вузкая каменная дарожка у локаць шырынёй, якая ўпіралася ў процілеглую сцяну. Ватман шматзначна перхануў:
— Добры сродак пазбавіцца ад непажаданых гасцей, ці не так, вядзьмарачка? Дзякую, што не скарысталася, я гэтага не забуду.
Лёднік азірнуўся на Пранціша, які мусіў ісці за ім, працягнуў руку:
— Трымайся!
— Яшчэ чаго! — ганарыста закінуў галаву шкаляр. — Ды я па гэтай сцежачцы з заплюшчанымі вачыма прабягуся!
— А вось бегчы не варта, — разважліва падказаў апошні ў іхнім шэрагу Ватман. — Толькі дурань рызыкуе дзеля пустой хвальбы. Давайце, давайце... Тупайце... A то яшчэ што праваліцца, зваліцца ці кашалькі паадбірае.
Лёднік адвярнуўся і нетаропка рушыў за Саламеяй, якая ўжо стаяла ля супрацыіеглай сцяны, і яе паходня здавалася выратавальным маяком.
Нельга сказаць, каб Вырвічу не было страшна. Яшчэ як было. Але ён хутчэй гахнуўся б уніз, чым у гэтым прызнаўся. Ён бачыў, што былы слуга спецыяльна стараецца не адыходзіцца далёка ад гаспадара і ўвесь час насцярожана прыслухоўваецца, касавурыцца, ці сунецца за ім шкаляр, ці не аступіўся, каб паспець ухапіць... Ад злосці, што яго лічаць нягеглым дзіцем, Пранціш нават не запомніў, як прайшоў апошнюю частку дарогі.
— Ну і што, які-небудзь святы, але нямоглы стары праз гэтыя штукарствы прайшоў бы? — прабурчэў Ватман, спрабуючы разгледзець дно ў прорве.
— Думаю, што для святых існуе прамейшая дарога, — суха адказала Саламея. — Кожнаму — такая, якую заслужыў.
Яны стаялі на невялічкай пляцоўцы перад чарговай сцяной... Шэрай, як няведанне. Хваляваўся нават Ватман, бо шумна дыхаў і выціраў спацелы лоб рукавом, ад ягоных уздыхаў нават агонь паходняў гайдаўся.
— Вера, Надзея, Любоў... — задумліва прамовіў Лёднік. — А маці іх — Сафія, нябёсная мудрасць. Думаю, мы дзесьці непадалёк ад храма Святой Сафіі.
— Які збіраемся пазбавіць вялікай святыні, — горка прамовіла Саламея, і Лёднік яшчэ больш спахмурнеў.
— Што ж, застаецца толькі памаліцца... — прашаптала жанчына і стала на калені. Патрабавальна азірнулася: мужчыны зразумелі і таксама ўкленчылі. Прайшла хвіля, дзве... Пачуўся знаёмы скрыгат, частка сцяны апусцілася. Але ў нізкі праём можна было сапраўды пралезці толькі ўкленчыўшы.
— Шлях да вышэйшай мудрасці ідзе праз пакорлівасць, — прамармытаў Баўтрамей.
I яны ўвайшлі... дакладней, упаўзлі ў скарбніцу полацкіх сутарэнняў.
Раздзел пятнаццаты.
ВЯРТАННЕ РАМФЕІ
У «Бестыарыі» Леанарда да Вінчы згадваецца загадкавая істота пад назвай іхнеўмон. Гэты іхнеўмон жыве ў Егіпце і варагуе з іншай пачварай, аспідам. Змагаецца ж ён з тым аспідам, укус якога смяротны, дастаткова арыгінальна: бяжыць у Ніл і выкачваецца ў гразі. Абсыхае — і зноў пэцкаецца. I так з трох ці чатырох слаёў гразі робіць сабе панцыр. Вось тады і хапае аспіда за горла...
Абтрэсваючы са сваёй вопраткі пясок і гліну, Пранцысь адчуваў сябе іхнеўмонам, і дужа хацелася схапіць за горла якога-небудзь аспіда... Напрыклад> таго, які прыдумаў гэткі шлях да святыні. Смірэнне, на думку архітэктара гэтага лабірынта, выяўлялся не толькі ў поўзанні ракача, але і ў выкачванні ў тле і праху, гэта значыць, пяску і мокрай гліне, праз якія вёў вузкі ход, больш падобны да нары.
Але вось Лёднік запаліў паходню, цемра неахвотна расступілася, і нават абыякавы да кніжнае мудрасці шкаляр захлынуўся ад захаплення. Аж да высачэзных скляпенняў сцены пакоя былі завешаныя паліцамі з цяжкога, праморанага дубу, які і за тысячу гадоў не спарахнее. А на паліцах былі кнігі. У дыхтоўных вокладках са скуры, аздобленых каштоўнымі камянямі, акаваных срэбранымі палосамі, як куфры... Больш сціплыя тамы, без усялякіх упрыгожванняў, але таксама паважныя і самавітыя... Свінцовыя футаралы са скруткамі... Лёднікі толькі з прыдыханнем прагаворвалі назвы: «Codex Sinaitikus», «Іаан Залатавуст», «Блуканне Багародзіцы па пакутах»...
Меліся тут і два сталы з крэсламі — таксама з цяжкога дубу, нават з чарніліцамі, пясочніцамі і пер’ямі, як у кожнай прыстойнай канцылярыі, хоць, вядома, атрамант даўно ператварыўся ў чорны пыл, а пер’і ссохлі, пашарэлі.
Азіраючыся, Пранціш заўважыў, што ля ўвахода справа на ўбітых у камень металёвых круках вісяць шэрыя
апранахі, падобныя да расаў, а ўнізе, пад лавай, ляжаць скураныя поршні, якія ад часу заскарузлі і страцілі форму. На лаўцы пустая медная міса пазелянела ад часу так, што ў ёй можна было настойваць атруту. Ясна — тут належала пераапрануцца і вымыцца, каб не падыходзіць да святых кніг бруднымі. Для паходняў былі прадугледжаныя адмысловыя стойкі, і запас паходняў меўся. Магчыма, яшчэ часоў Інфлянцкай вайны. Памяшканне было надзіва сухое, і ні следу пацукоў — нібыта тут існавала незалежная ад іх падземная дзяржава. Іначай хіба кнігі ацалелі б?
Паходні асвятлялі стракатыя шэрагі пракаветнай мудрасці. Сямейная пара Лёднікаў так, відаць, і прыліпла б да іх... Але Ватман абыякава слізнуў паглядам па паліцах, вышукваючы самае галоўнае, дзеля чаго яны сюды і прыйшлі, і запатрабаваў ад Саламеі, каб прад’явіла...
А галоўнае далёка не заўсёды бывае такім, якім яго чакаеш... Вунь чакалі калісьці ў Ерусаліме месію-цара, у золаце і дыяментах, з вогненным мечам, на чале магутнага войска, а прыехаў жабрак на осліку, які казаў не пра тое, як захапіць зямную ўладу, а пра выратаванне душы і любоў да бліжняга...
Рамфея, дзіда святога Маўрыкія, ляжала ў простым драўляным куфэрачку, які нават патрэскаўся ад часу. Напэўна, шэрая драўніна гэтага куфэрачка была таксама з нейкага святога дрэва, можа, таго самага Перыдэксіёна, пладамі якога харчуюцца галубы, а змеі збягаюць ад BroHara ценю, але, магчыма, была яна ад тутэйшай простай ліпы, якая толькі і ўмела, што дарыць цень стамлёным спадарожнікам і мёд кветак — тутэйшым пчолам, што бароняць вуллі свае.
Саламея апусцілася на калені перад неглыбокай нішай у сцяне, у якой стаяў куфэрак.
Мужчыны таксама ўкленчылі. Пранцысь і Ватман агалілі шаблі, як спаконвеку рабіла шляхта падчас чытання Свяшчэннага Пісання, няхай за гэты звычай і ўшчувалі
святары. Лёднік агаляць шаблю не стаў, проста апусціў галаву і шаптаў малітву.
Ватман падняўся, падышоў і асцярожна адхінуў BenKa куфэрка, які не быў замкнуты. Навошта замыкаць рэч, якая ахоўваецца сіламі куды больш магутнымі, чым жалеза? На выцвілай тканіне ляжаў звычайны металічны наканечнік дзіды, перацягнуты срэбным дротам.
— На сілу гэтай рэліквіі спадзяваліся святары і мніхі Святой Сафіі... — дрыготкім голасам прагаварыла Саламея. — Верылі, што, пакуль яна тут, не знікне вера, не знікне храм, будзе працвітаць Полацак...
— Але ж калі ірванулі Сафійку жаўнеры Пятра, калі выбухнуў складзены імі ў храме порах, не выратавала рамфея, — заўважыў Ватман.
— Можа быць, таму, што да таго часу храм ужо змяніў веру, і людзі змяніліся? — ціха папыталася Саламея. — I хто мы такія, каб пытацца пра намеры Госпада?
— Вось і не пытайся, — Ватман зачыніў куфэрак і агледзеўся вакол.
— А, дарэчы, назад як? Зноў выпрабаванні?
Саламея, усё гэтак жа стоячы на каленях, прагаварыла:
— Я ж паказвала... Назад проста. Абедзвюма рукамі націскаеш на выступы ў сцяне.
— А чароўны клубочак ты, шкаляр, не згубіў? — Ватман глядзеў цяпер барвовымі вачыма на Пранціша. Вырвіч ганарыста вярнуў пагляд.
— He згубіў.
I неяк трывожна сталася шкаляру. Пранціш заўсёды прадчуваў, калі настаўнік збіраецца даць яму пытлю, выкрыўшы чарговую афёру. Зараз прадчуванне проста крычала, што не трэба было Саламеі расказваць найміту, як адсюль выходзіць.
Між тым плечы палачанкі затрэсліся, яна намагалася стрымаць плач... Лёднік прыхінуўся да яе, абняў:
— Скажы, а каб не трэба было мяне ратаваць, ты аддала б ім рамфею? Толькі сумленна прызнайся...
Саламея ўсхліпнула і патрэсла галавой.
Лёднік узняўся з кален і паглядзеў на Пранціша. Нядобра неяк паглядзеў, тужліва, як развітваючыся.
— Значыць, я і мушу зрабіць так, каб рамфея засталася ў Полацку...
Невядома, што прыйшло ў галаву доктару і што ён намерваўся адчайнае зрабіць з сабою і як выратаваць ад магнацкіх рук рэліквію, але Ватман ступіў да яго з-за спіны і нягучна прамовіў з мяккай такой усмешкай:
— Прабач, доктар, нічога асабістага...
Лязо кінжала нібыта вырасла з рукі, якой ён абняў доктара. I нармальны чалавек ляжаў бы ўжо, усміхаючыся смерці перарэзанай шыяй.
Але былога алхіміка ніхто не назваў бы шараговым чалавекам, у бойцы яго цалкам можна было прыпадобіць аспіду, гэткай пругкай атрутнай змяюцы, з якой змагаўся іхнеўмон з дапамогай чатырох слояў гразі. Пранціш памятаў здольнасць доктара пры вонкавым каменным спакоі быць напагатове, як нацягнутая цеціва. I калі Пранціш западозрыў няладнае, дык Лёднік, мусібыць, чакаў нападу ўсю дарогу сюды. Ватман ускрыкнуў і вылаяўся, упусціўшы кінжал: у ягонай далоні тырчэла старажытнагрэцкае сціло. Рэч, звычная сярод рукапісаў, некаторыя з якіх, магчыма, былі напісаныя сваякамі гэтага сціла, але зноў скарыстаная не па прызначэнні.