Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
Фота: Ігар Войніч
Міра ЛУКША
Бабскія гісторыі
Г П А Беларускае
I I ZA літаратурнае LJJ I/ \ аб’яднанне
Беласток 2001
БІБЛІЯТЭЧКА
Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”
Серыя заснавана ў 1990
Кніжка трыццаць сёмая
© Copyright by Mira Luksza, 2001
© Copyright by Bialoruskie Stowarzyszenie Literackie „Bialowieza”, 2001
Ha вокладцы
Валянціна Ляховіч “Кампазіцыя з жаночай
постаццю”, 1997, (акварэль)
Publikacja ukazuje si$ dzi^ki pomocy finansowej Ministerstwa Kultury i Dziedzictwa Narodowego
Рэдактар
Галіна Тычка
Карэктар
Ніна Грыцкевіч
Тэхнічны рэдактар
Павел Бельскі
Sklad і druk
Wydawnictwo PRYMAT
Bialystok, ul. Sw. Rocha 10/105
ISBN 83-85918-30-2
1.	АД БОГА
Добрая Маруся
Аўдавеў Андрэй зусім рана, у свае шэсцьдзесят. Ягоная Надзя добрая кабета, працавітая. Узяў яе быў з небагатай сям’і, з невялікім пасагам і невялікай красою, да таго ж старэйшую за сябе на пару гадоў. Людзі дзівіліся, але коратка; потым толькі зайздросцілі. Надзя была гаспадыняй на ўсю грамаду, нарадзіла Андрэю дзяцей пяцёра адно за адным, хлопцаў павывучыла, дачок добра замуж пааддавала. Шосты, наймалодшы, у позні век народжаны, Ясь, не вельмі ім удаўся, цяжка яму давалася навука, і астаўся на гаспадарцы. Дзякаваць Богу і за такое, а можа перш якраз за ўсё за тое, што астаўся памочнік дома... Але памёр Ясь. Шкада, непітушчы, спагадлівы, рабацяшчы быў хлопец. Ішоў з вясковага клуба цераз лес і штосьці з сэрцам яму зрабілася. Знайшоў яго раніцай сусед, што вёз у злеўню конаўкі з малаком. Яся на тры тыдні перажыла маці. Так вось Андрэй раптам застаўся адзін, якраз у капанне.
Прыехалі былі дапамагчы сыны з Беластока, дочкі з дзецьмі, хутка справіліся з гаспадаркай. Найлепш, казалі, прадаць гаспадарчыя будынкі, зямлю здаць “пад панства” за пенсію і ехаць ці да Геніка, ці да Ёзіка ў Беласток або і да дачок у Гайнаўку. Месца
ўсюды знойдзецца, да кожнае ж хаты бацька далажыў свой грош. Едзь, Андруша, казаў сусед Коля, калі ёсць, дзе жыць. Каб такія дзеці, як твае, нам усім трапіліся! Чаго табе тут аднаму чыпець, чакаць, пакуль хто наведае!
Паехаў Андрэй пабыць у Беластоку, але вясною вярнуўся. Дыхаць там цяжка, уздыхаў, а тут у нас пад пушчай ано жыві!
“Здаў” зямлю Андрэй, хоць у тую вясну ўсё яшчэ засеяў. Восенню знайшлася гаспадыня — Маруся з суседняе гміны, пяцідзесяцігадовая ўдава, рэнтыстка. Паглядзелі суседзі, адобрылі: мілавідная, чыстая, людская, набожная. Здаецца, як свая, вядомая з даўніх гадоў. I карову прывяла сваю. Ажыў Андрэй — і хата блішчэла, і сам аж пасвятлеў. На сціплае вяселле прыехалі дзеці, добра ацанілі мачыху: “Добрэ, тато, што мае хто вамі заняцца. I цётцы Марусі весялей будзе. А калі што, то памятайце, яшчэ і мы ў вас ёсць”, — сказалі маладыя і завуркаталі іхнія машыны на ўтравелым абшырным падворку.
Пражылі разам Андрэй і Маруся трынаццаць гадоў. Здаецца, усё у іх было добра. Ды раптам ваколіцу страсянула вестка: пакінула Маруся Андрэя! Прыехала грузавая машына, забрала крыху пажыткаў (“я ж тут за той час сваё нажыла!”), прыхапіла Маруся і ашчадную кніжку ды кудысьці паехала.
Шукаў яе і Андрэй, шукалі і ягоныя дзеці (адзін сын жа ж у паліцыі працуе), ды як камень у ваду канула. А праз тыдзень Андрэй апынуўся ў бальніцы. Нагу яму адняло ад таго перажывання, і ў сэрцы калола. Мусіць, уміраць будзе наш Андруша, меркавалі суседзі. Каб хоць жонка прыехала ў бальніцу. Чаго ж гэта на старасць глупствы рабіць?!
Маруся прыехала, але дахаты. Схапілі яе суседзі: “Ты што нарабіла! To ж Андрэй ужо пры канчыне!” — “А ці то з мае прычыны? Нервы мне ад’еў сваёю гнілою хваробай! Разводзіцца думала. Ну,
калі так, то ўжо пачакаю, Андрэю ж няшмат асталося...”
Пахавала Маруся Андрэя, прадала пляц з хатаю і садам пану з Беластока, што тут дачу сабе ставіць мае. Сплаціла Андрэевым дзецям іхнюю частку спадчыны і паехала. Кажуць, спачатку ў Бельгіі была, награбла грошай, а нядаўна замуж выйшла за кавалера, і то маладзейшага за яе на пятнаццаць гадоў, бяздзетнага, гаспадара на дваццаці гектарах.
Хваляць яе ў тамашняй ваколіцы за гаспадарлівасць і прылюднасць, а ейны Сяргей кажа, што, няйначай, ад Бога яму дасталася такая жонка.
He мела баба... дзеда
Пазнаёмілася Нюрка з Філіпам зусім неспадзявана. Каму на старасць шукаць знаёмстваў? Добра, калі ёсць да каго з радні прытуліцца — калі дзеці, унукі ёсць, дарам хлеб не ясі... Яно вядома, за ўсё жыццё ты ўжо досыць нарабіўся, і належыЦца табе ўжо пенсія не толькі за верную службу на дзяржаўным ці ў полі, але і ад .радзіны. Чалавек усё ж хоча далей быць патрэбным, хоць якую лыжку памыць, які куль звязаць ці ў агародзе летам пагартацца. Бо іначай усё на чалавеку заклякне, калі рук ды ног не ўжываеш, ды і розум не так працуе, калі каменем на канапе сядзіш, не абатрэшся з людзьмі...
He наракала Нюрка на тое, што свае яе не хочуць, што, можа, непатрэбная, не. Хат сваіх, папраўдзе, мела аж шэсць: пры адным сыне ў вёсцы (вялікая, пакояў шэсць, кухня, і на падстрэшку шыкоўныя два пакоі, усё ў драўніне, акуратна, як у пушачцы, чысценька, лепш, чым у неадной хаце ў горадзе, а ўсё ейны Валюсь сам парабіў, уласнымі рукамі, такі малайчына майстар Нюры ўдаўся!), пры другім — у
мястэчку, мураванка аднапавярховая, але з летняй кухняй, уся сям’я ў футрах ходзіць, бо Адась андатры гадуе, а яшчэ і кватэры ў дачок ёсць — у Ганны ў Гайнаўцы, у Маруські ў Беластоку, у Надзі ва Уроцлаве; усе хаты рыхтык маюць, усе павывучваліся, добрых чалавекаў маюць. I дзеткі ім усім добрыя паўдаваліся, са школамі, некаторыя пайшлі ўжо на сваё, адзін унучак у Швецыі. Бабе нічога не шкадуюць, усё запрашаюць, лісты шлюць, падарункі, усяго панавозяць, як едуць у госці. Каб так усім бабкам было добра, як Нюрцы! Цяпер-то і мала бывае ў сваёй хатачцы, праўда, старэнькай, але абшытай свежай, жоўтай шалёўкай, на новым падмурку, што пад садком, ужо на сынавай гаспадарцы, стаіць. Бывала, Нюрка возьме пенсію, купіць што трэба да хаты, пасядзіць крыху, і ў дарогу, калі здароўе дазваляе — то да сына, то да дачкі, то да ўнучкі, што якраз ёй праўнучка нарадзіла... У свае семдзесят два гады Нюрка добра яшчэ трымаецца — не затоўстая, але з поўненькім чыстым тварам, добра падстрыжаная (унучкі забаранілі рабіць бабулі завіўку, бо, казалі, састарае), апранутая з густам, хоць скромна, — бабулька, хоць вясковая, магла “сыйсці” за добра захаваную гараджанку, пенсіянерку-настаўніцу ці бібліятэкарку, бо і загаварыць да кожнага ўмее. Так вось пра яе сказаў у санаторыі ў Цехацінку адзін яе аднагодак. Дзядуля запрасіў яе нават пасля ў госці, паказаць дачцэ сваю новую сяброўку. Тады на пытанне тае ж, абсаджанай замызганай грамадкай патомства, калі старэчы возьмуць шлюб і дзе маюць намер жыць, бо ў гэтай хаце ім месца не будзе (кватэра, дарэчы, была ўласнасцю бацькі), тым больш для кацапкі, Нюрка з гонарам паправілася ў крэсле і сказала: “Мілая мая, не на твае маю прыходзіць, і нічога твайго мне не трэба, калі ў цябе ёсць свайго што-кольвек. Замуж у ніякім выпадку не збіраюся, а ў такую сям’ю трапіць — невялікае шчасце, бо, вядома,
з кім павядзешся, ад таго і набярэшся”. I пайшла сабе. Караль пабег за ёю, але нават на ліфце не дагнаў.
Нюрка знаёмілася з многімі. Мела талент натуральнага і простага кантакту з людзьмі. Адкрываліся перад ёю незнаёмыя людзі ў цягніку, на прыпынках, якраз у яе пыталі дарогу, парады. I сама заўважала, да каго трэба падысці з дапамогай, з добрым словам. Так было і цяпер. Прыбегла да яе даччына суседка, пані Кася. “Пані Аня, давайце, падыдзем да майго знаёмага. Мне крыху няёмка, але ж трэба чалавеу дапамагчы, хоць суцешыць добрым словам. Філіп у дэпрэсіі, толькі што вярнуўся з бальніцы, а ў хаце забіцца можна, такі непарадак. Няма дома гаспадыні, жонка доўга хварэла, пахаваў яе будзе год таму. Я сама не пайду, бо зараз плёткі будуць, што да яго ліпну, нам жа, удовым, абоім па шэсцьдзесят. Я з нябожчыцай добра жыла, і не хачу, каб перамывалі мае костачкі...” Сапраўды, хата была ў руіне. Філіп не прыбіраў там, бадай, ці не ад жончынай смерці. Праўду кажуць, што самотная старая жанчына лепш дасць сабе неяк рады. Hi Філіпава прыёмная дачка, ні дваццацігадовы ўнук, прапісаны ў гэтай хаце, як апякун (каб у будучыні атрымаць дзедаву кватэру) не заглянулі нават, каб шклянку вады падаць. Стась, дарэчы, не раз баляваў па-суседску. Дачка раз прыйшла, абяцала прыбраць, але “прыбрала” пляшку гарэлкі, матчын пярсцёнак і пяць мільёнаў, а калі бацька быў у бальніцы, вынесла матчына норкавае футра і мэблевую сценку. Суседзі гэта бачылі, ды ніхто слова не сказаў. I гэта найбольш прыбіла Філіпа. Усе яму спачувалі, бо добры быў чалавек, але ніхто не спяшаўся з дапамогай. Паявіліся толькі Кася з Нюркай, аб’ючаныя парашкамі, анучамі, шчоткамі, новымі шпалерамі, фарбай, пэндзлямі. Чысцілі хату тры тыдні — рамантавалі, клеілі, збівалі, мылі. Нюрка заўважыла: Кася, сапраўды, бадай, ці не збіраецца стаць тут за гаспадыню. Хата вялікая,
трохпакаёвая, цяпер аж блішчыць, ды і маладыя абое, свабодныя... Кася, відна, аж млее. Але на чацвёртым тыдні бухнуў Філіп на калені перад Нюркай з букетам ружаў, у яе папрасіў руку. Кася выйшла, у нервах ляснуўшы дзвярыма. Нюрка адбівалася: нашто ёй такое! Каб зноў яе “кацапкай” называлі!? Ды і нашто ёй такі малады муж? Так, здаецца, — дванаццаць гадоў! Што людзі скажуць? Ажыўлены Філіп, перапоўнены галантнасцю і новай надзеяй абсыпаў каханую кветкамі, выкватараваў унука, кінуў курыць цыгарэты (а смаліў жа трыццаць пяць гадоў!)... Думала, думала Нюрка, аж пераканалася, што можа і варта пачаць новае жыццё. Запісаліся на чаргу ў загс. Тыдзень да вяселля “маладая” перавезла ўсе свае манаткі да нарачонага. А за тры дні да шлюбу, каля поўначы завіталі да іх зяць з унукам. Нацягнуў Філіп халат на піжаму, выйшаў да гасцей, і тут хіснуўся: схапіў яго зяць за каўнер, кінуў на шафу ў пярэдняй:
— Ты што, стары пень, надумаў?! Чаго прывёў сюды гэту старую кацапскую к...? Пажывеш месяцы тры, і яна тваю хату забярэ! Нашу хату! Якім правам ты вымэльдаваў Стася?!
А ўнучак бойка шарпануў Нюрку за плячо:
— Што, стрыжаная кацапская б...?! Мяне выгнала з хаты? Стаяць абое над магілай, і амураў ім захацелася! Што, рамонт зрабіла? Заплачу табе за яго, але да суботы тут мае твайго духу не быць! A то касцей не пазбіраеш! Бач яе, паляцела на маю хату!