Бабскія гісторыі  Міра Лукша

Бабскія гісторыі

Міра Лукша
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 195с.
Беласток 2001
35.61 МБ
тым, што ўпаляваў. Пільнаваў хату да замаразкаў, бегаў што і раз на палявую дарогу, па якой гаспадыня раней вярталася з Н., хадзіў два разы ў дзень на аўтобусны прыпынак, чакаў, углядаўся ў вочы прыезджых, ці не ведаюць што пра Надзю... Аж у адну снежаньскую нядзелю, калі змрок хутка апусціўся на астылую зямлю, у сваіх сенцах убачыла яго цётка Гандзя Максімава, вяртаючыся з адведак. Ляжаў Бурка на анучы пад парогам, цяжка соп, уцягваючы паветра гарачым носам і стагнаў.
— Ну, што, захварэў? — запытала яго баба. — A ідзі ты, здыхляціна, з хаты!
Адсунула сабаку нагой пад дзверы, а пасля пашкадавала, вынесла скарынку хлеба і адчыніла яму дзверы на двор.
Бурка павалокся ў шопку, выпусціўшы той пачастунак з балючай пысы. Лёг на пілавінне. Да раніцы акалеў.
На Пядзю нікому не было па дарозе. Ды і чаго там было шукаць! Заглянулі туды былі Яська Буй з Жэнікам Дралем, думалі, можа якое дабро пакінула Іванючка. Адкруцілі кручок, на які зачынены былі дзверы, паварочалі ўсё ў хаце, але не было чаго браць. He варта было чапаць нават старой “Тэслі”, што пылілася пад макаткай, з вялікімі рэгулятарамі і малюсенькім шэрым экранам. У хаце было ўсё так, як пакінула гэта Надзя — забрала з сабою што лепшае з вопраткі ды пасцель. Хлопцы селі, закурылі, затапталі недакуркі ў чыстую падлогу, засыпаную мышынымі бобешкамі, пажавалі паморшчаных слівак, што віселі ў мяшочку ля пліты. Яська прыхапіў з сабою дзве торбачкі сушаных шапачак баравікоў ды вырваў тэлефоны апарат, каб не здавалася, што дарам хадзілі на Пядзю.
Толькі раз прыехала Надзя наведаць аколіцу. У чырвоным вялікім “Фіаце”, з тоўстым дзедам у малінавым касцюме ў два гузікі, з высокай дзеўкай у
джынсах і скураным заплечнікам ды лысаватым дзядзькам з чорнай дыпламаткай. У краме купілі бутэльку гарэлкі, каўбасу, чорны хлеб ды памідоры. Мусібыць, той тоўсты дзед узяў Надзю за жонку, надта ж добра да яе адносіўся, проста ў рот ёй глядзеў, казаў пасля крамар. Надзя ў вішнёвым ваўняным касцюме, у такога ж колеру пантофлях на корачку, з сівенькім, нізка зачэсаным гуглікам пад капелюшом, з торбачкай малюсенькай на далонь, — Мікола казаў, што выглядала як з нейкай амерыканскай “Дынастыі”. А дзеўка, клікалі яе Аська, студэнтка, Надзю называла “мэмі” ці як там. Сапраўды, хацеў той малы пузач купіць зямлю, тую з Пядзі, каб Яе падзяліць на ўчасткі, распрадаць пасля ці то гарадскому люду, каб сабе той дачы ставіў, ці немцам якімсьці.
— Decyduj sam, Antoni, о tym kawalku. On mi wyzarl zdrowie, nie mog^ juz na niego patrzec! — зморшчыла Надзя свой худы тварык, пацягнула са шклянкі аранжавай “Фанты”.
Мікола каторы ўжо раз праціраў анучкай прылавак, паглядаў на згаданага Антона — той быў у выдатным настроі, з размахам ляпнуў пакупніку ў далонь.
— Zrobione! Давай, дзядзька, другую пляшку, будзем піць барыш! — і ўсміхнуўся роўнымі снежнабелымі зубамі да прадаўца.
Надзя толькі памачыла губы ў кілішку, выцерла хустачкай рот і выйшла на падворак. А ў краме, за сталом, накрытым цыратай у васількі, запівалі яе зямлю.
Настуля
Настуля прыехала ў Каўпакі даўно. Калі? Памятаюць ейныя аднагодкі, якім цяпер за восем-
дзесят, што гадоў з дзесяць пасля вайны прыехала. 3 дзвюма падгадаванымі дзяўчынкамі. Муж яе кінуў, казалі, за бабамі чужымі пабег. Ну, бо і колькі тае Настулі! У нашай вёсцы бабы, як печы, а тая, бы палена, толькі носік тырчыць, здаецца, усю ў жмені змясціў бы, такая драбнеча. А ўчэпістая да працы, о-ёёй! Яшчэ цяпер як рушыць на загоны, то маладзіца з ёю не ўправіцца.
Прыехала туды ў пяцідзесятых. Даў ёй каморку стары Лапуцкі. Сапраўды, Максім ужо тады моцна старэнькі быў. Настулі за сорак, а той —: адною нагою на тым свеце. Прыняў Настулю за няньку і гаспадыню. Самотны (хоць дзяцей чацвёра адправіў у горад), хворы. Вядома, Настуля агірачыла гаспадарку. Ёй ці на сваім, ці на чужым — адна слава. Зямля гарэла ёй у далонях. 3 жывёлай спорылася, асабліва добра цяляты пайшлі. Дочкі памагалі. Стары і духам, і целам акрыяў, з любасцю паглядаў, як гаспадарка падымаецца з руіны. Дзе там было яму да бабы, дый такое маладзіцы, але ўсё ж пачалі ў сяле бомкаць, што, пэўна, Настулю за каханку мае, і ці не было б ім лепш жыць па-божаму? Зычлівая суседка памчалася ў Беласток, да ягоных распанелых дачок, маўляў, чужая бацькоўскае ім крадзе. I пачалася валакіта. Зачасцілі штонядзельку “таксоўкі”, выязджалі з пляскатымі шынамі, столькі дабра валаклі дахаты, бо цяпер ужо было з чаго браць. I аднойчы старэйшая дачка запытала ўпрост: ці не запісаўся ўжо стары, бо як што, то ў выпадку ягонай смерці не дадуць ані кропелькі гэтай прыблудзе, гэтай сухой б.., што тут рашыла ўкараніцца разам са сваімі бахурамі. Настуля засмяялася: маўляў, патрэбны мне мужык! Сябрам мне толькі ваш бацька, добрым чалавекам, які не адмовіў дапамогі, даў кавалак хлеба, вяду яго гаспадарку, толькі і ўсяго. Бразнуў кілішкам малады Лапуцкі: не будзе тут табе, прыблуда, месца! Няхай усё пагніе, але чужым не аддамо ні каменьчыка з
нашага. поля! Сядзела Настуля спакойна, склаўшы сціснутыя далоні на падол, слухала лаянку раптам ахопленых сыноўскімі пачуццямі дзяцей Лапуцкага. Потым устала, пайшла пакаваць свой парэпаны кардонавы чамаданчык: укінула святочную выпалавелую сукенку, сандалікі дзяўчынак... Дочкі Лапуцкага паставалі ззаду, сцяўшы зубы. Стары прытэпаў, аслаблы апёрся аб вушак дзвярэй і старэчым дыскантам прапішчаў:
— Вон з мае хаты, д’яблава насенне! Трапіўся мне добры чалавек, што з сэрца мяне да магілы датрымаць хоча, а вы як сцярвятнікі прыляцелі тут усё расцягнуць?! Прэч!
Захадзілі дочкі, забегаў сын па пакоі. Узняўся такі вэрхал, што ўжо не чутно было галасоў з вуліцы — паўвёскі стаяла пад ліпай і абмяркоўвала, хто каго паб’е і чым уся справа закончыцца. Цёткі ўжо збіраліся высылаць хлопца на ровары ў мястэчка, каб званіў па скорую і міліцыю, бо, пэўна, кроў паліецца. Але як стукнуў малады Лапуцкі Настулю ў вуха, як тая завішчала, усе кінуліся разбараняць. He спадзяваліся гэтага маладыя — першы раз такое здарылася ў вёсцы, каб суседзі захацелі мець дачыненне да чужое справы. Праўда, Юля Васілішына цягнула свайго чалавека назад, шарпалася:
— Чаго ты туды прэшся, гэту сухую к... ратаваць бяжыш?! А хай сабе пазабіваюцца, дый годзе! Якая там табе справа!
— Настуля ніякая не такая, каб які гаўнюк меў права яе біць! Гэтыя сцярвятнікі жыць бацьку не дадуць, цяпер то яго ўспомнілі, а так то хоць бы жывым у зямлю пайшоў! — адмахнуўся Юлін Лукаш і пабег за іншымі.
З’ехалі тады хутка патомкі Лапуцкага, паламаўшы спачатку новы плот ды пабіўшы новы посуд у хаце, які Настуля за сваё купіла. Зноў запрапанаваў Максім Настулі, каб запісацца, бо, хоць між імі няма ніякага
дачынення як мужа ды жонкі, то хто ж мець будзе права да дабра, якое тут пры ім нажыла? Вядома, згодна з правам Настуля як удава будзе мець нейкія правы на зямлю і хату. Усё махаў галавою над сваім жыццём Максім, смерці выглядаў хоч бы і заўтра, але Настуля нават пра гэта і не думала. He хацела рабіць цырку з замуства, бо якія ж яны муж і жонка, калі яму не на ложак глядзеці, а на дамавінку, і няньчыць яго трэба, а не абдымаць ды цалаваць! Але ўпёрся стары, нэндзіў, маліў, аж упрасіў Настулю запісацца. Два месяцы да свае смерці. Пятнаццаць год, бачыце, пражыў пад Настулінай добрай рукою, і пахавала яго як чалавека, і помнік заказала. Праўда, аж два помнікі дасталіся Лапуцкаму: ад “pogr^zonych w smutku synow i corek”, з дарагога чорнага каменя, з залатымі літарамі, і цэментавы, просценькі, ад жонкі; потым яго скінулі з копчыка, каб на яго месца паставіць той багаты, на ўвесь могільнік. Што той помнік! У параўнанні з коштамі судоў з Настуляй гэта было нішто! Спачатку дзеці хацелі даказаць несапраўднасць тастамента, маўляў, стары ўжо не пры памяці быў, хітрасцю абматала старэчу хцівая кабета. Другое — гаспадарку да руіны давяла (знайшліся сведкі ў вёсцы, што бачылі, як спекулянтам выводзіла тузін бычкоў на прыцемках, каб ніхто не звочыў). I што не пятнаццаць год гаспадарыла, а пару месяцаў да пахавання. Бо, ведаеце, без прапіскі ў вёсцы сядзела, хто ж там у той час так на паперы глядзеў, як сёння! Нічога, аднак, нашчадкі Лапуцкага не даказалі ў судзе. Сплаціла іхнія часткі Настуля, засталася амаль голая, з пустымі хатай, хлявамі, аборай. Толькі пару курак бегала па падворку. Добра, што поле было абсеяна-абсаджана. Яшчэ і з сёлетняга плёну прыйшлося шмат аддаць за паслугі “кулку”. Зараз і дочкі свае замуж пааддавала Настуля. Адну мазур узяў — ой, як плакала маці, не хацела аддаваць яе чужому, не рускаму чалавеку. I мела рацыю — не
ўшанаваў Аліны. Праўда, жывуць дагэтуль разам, але што гэта за жыццё, калі штодзень чуе яна “кацапка” ды “кацапка”, і ад яго, і ад свякрухі, і ад родных сыноў! Малодшая, Крыська, за нашага пайшла, але не ўжыліся, хоць характарамі падобныя. На старасць уздумалі развесціся. Крысіны дзеці цяпер штотыдзень да бабы прыязджаюць, усё раяцца, пытаюцца не ў маткі ці бацькі, а бабу слухаюць. Баба, хоць ёй ужо 84 гады, гаспадарку дзяржаве не аддае, можа, унучак наймалодшы адумаецца, возьме маёнтак у свае рукі? Добры хлопец, кемлівы, разбіраецца ў гаспадарцы, хоць сам працуе на фабрыцы. Тут жа на сваім быў бы. Гаспадарка дагледжана, выраблена кожная грудка зямлі. Амаль усе гаспадары ў вёсцы, нават на гадоў дваццаць маладзейшыя ад Настулі, пааддавалі сваю зямлю “панству”, на пенсіях калякаюць, але як жа можна зямлю аддаваць, калі яе ніхто рабіць потым не хоча?! Ляжаць палоскі аблогамі! Як чалавек можа на гэта глядзець! Ці ж ім сэрцы не баляць! Бо з чаго ж, як не з любові да зямлі яна, Настуля, тут учапілася, у гэтыя пясчаныя пагоркі! Даказала сваю ўласнасць не толькі да Максімавага поля, але і да гэтае калісь чужое ёй вёскі, дзе знайшла прытулак. Праўда, ейная гаворка і сёння адрозніваецца ад суседскай, але яна іхняя цяпер, з Каўпакоў.
— Глянь ты, — кажа баба Настуля, — дае Бог людзям роднае месца, куды, як птушкі ці звяры вяртацца, ляцець павінны. А, бачыш, толькі на мой панадворак мае птушаняты заглядаюць. А не зязюлі ж нашы бацькі, ніхто ім не можа закінуць, што яйкі камусьці падкідалі! Нагадавалі сабе памочнікаў, але куды тыя падзеліся...
На сваім