Беларуская літаратура
Адам Глобус, Міраслаў Адамчык
Выдавец: Сучасны літаратар
Памер: 1008с.
Мінск 2004
, бліскаючы белай галавою наперадзе, азірнуўся і зашыпеў на мяне вужакай.
Нарэшце, паміж дрэў пачаў зыбацца месяц, белы і круглы. Ён хаваўся з вачэй, але кожны раз зноў і зноў аказваўся на дрэве і трапятаў там, пашматаны рэдкімі галінамі. Часам зусім знікаў за густым лісцем, а часам падымаўся над дрэвамі і зноў на поўную сілу ззяў,
Зыбацца — знаходзіцца ў стане лёгкага руху.
836
ВІКТАР КАРАМАЗАУ
круглы і чысты. Калі наперадзе свяціла не толькі бялесая поўня Сярожкавай галавы, але і поўня месяца, я ведаў, што гэтага святла нам хопіць, каб і ўначы знайсці ўсё, што шукаем.
Быў шырокі прагал, за ім — лапіна лугу. Сярожка вёў мяне ўздоўж падросту бярозы і хвоі, на дыбачках, час ад часу згінаючыся і на хаду шоргаючы рукой па траве, — правяраў, ці не кладзецца раса. Расы яшчэ не было.
Як не пад самым носам хрупнуў сушняк. Мы спыніліся і ўбачылі, як з лесу выйшаў рагач. Ён пастаяў, павёў галавой у наш бок, насустрач нам пагрозліва варухнуў магутнымі рагамі і калі не ўбачыў, дык напэўна адчуў нашу прысутнасць, бо раптам дзіка рыкнуў, сцішана, быццам чалавек, захроп, і зза ягонай спіны на асветлены месяцам луг выйшлі самкі, гладкія і блішчастыя. Яны таксама, як па камандзе самца, крутнулі галовамі ў наш бок і лёгенька, дружна, нібы танцуючы, патупацелі ў луг. Рагач цяжка ўдарыў заднімі нагамі ў зямлю, ёкнуў, нібы здаровы конь, селязёнкаю, і кінуўся следам за самкамі.
— Ажно пяцёра. Ды прыгожыя...
— У такога больш будзе. У іншых забярэ. Здаровы які, бачылі? — шаптаў Сярожка. — Дзе яны спыняцца?
— За луг шыбанулі. У лес.
— А можа, і не ў лес. Там канал. Яны часта за каналам па траве пасуцца.
Яшчэ гадзіну назад мы меркавалі нанач вярнуцца дахаты, наесціся перад сном малака з хлебам, спаць на сухой атаве, дзе, напэўна, пасланы ўжо льняныя посцілкі і цёплыя коўдры, а цяпер пра гэта я ўжо не думаў, цяпер я адчуваў сябе на імклівым кані, якога паганяў Сярожка і які закружыў, затуманіў голаў, кінуўшы нас у пагоню за нечым новым, загадкавым. I я спытаў:
— А калі мы тут заначуем?..
Копы стаялі пасярэдзіне лугу. Мы выбралі канцавую, бліжэйшую да лесу, у які загналі табун. Трохі разваяваўшы верх, у ботах і кажухах пазашываліся ў сена, якое там, усярэдзіне, абдавала сухасцю і цяплынню. Можна было тут жа і задрамаць, ды пасля маўклівай пагоні за аленямі разгаварыўся Сярожка:
— Звечара яны толькі горла чысцілі.
— Цяпер доўга маўчаць будуць?
— Самае цікавае раніцою пачнецца...
Спакваля туман асядаў, з лясных берагоў спадала яго белая начная коўдра. 3 усіх галасоў нам бліжэй сталі чуваць два: адзін з курцінкі, у якую загналі аленяў звечара, другі з процілеглага ўзлеску. Яны ўсё блізіліся да нас, няўмольна збліжаліся паміж сабою, і гэта былі хвіліны, калі алені не ўладарылі ўжо над сабою, калі спрадвечны жывёльны інстынкт падначальваў іх адной стыхіі, адной немінучасці.
— Зірніце на палоску. Дзе туман канчаецца, — пачуў я ціхі, быццам зпад капы, шэпт. — Плывуць...
— Што? Ааа... Ага.
Па тумане, як па белай малочнай рацэ, сапраўды плылі рогі аленя. Дзе туман збіраўся гусцейшы, яны як давалі нырца, але зноў вынырвалі з белай глыбіні, і тады відаць была ўся галава аленя, рашуча выцягнутая тупой храпай наперад. Часам алень спыняўся і, абдаўшы халодны луг прагавітым ровам, крыху пастаяўшы, плыў далей. Часам, спыніўшыся, ён не крычаў, а доўга стаяў моўчкі, пакуль сустрэчна, з процілеглай лясной грывы, не адгукаўся такі ж працяглы, з металічнай вібрацыяй голас. Туман у тым баку ляжаў радзейшы, і на самым узлессі я заўважыў сілуэт яшчэ аднаго аленя: ён неяк не рашаўся крануцца з месца і як бы хаваўся ў ненадзейна парадзелай смузе ад свайго праціўніка, але нарэшце зрушыў з месца, падпарадкаваўшыся законам лесу.
Неўзаметкі яны абодва нырнулі ў туман і замоўклі там, але праз кароткі час адтуль данёсся сухі, нібы дрэва аб дрэва, удар, яшчэ ўдар... яшчэ... Нешта цвёрдае шоргнула, як палка аб палку, нешта жывое мыкнула, рыкнула, і зноў: чах, чах, чах...
— Чуеце? — шапянуў Сярожка. — Чуеце?..
Там біліся рагачы.
Спачатку да нас даносілася адно звонкае чахканне рагоў, затым туман асеў на траву, і мы ўбачылі над ім дзве рагатыя галавы, адну супраць другой. Алені дыхалі адзін аднаму ў самыя мысы, кожны чакаючы моманту, каб выгадна садануць рогам саперніка, і вось каторы з іх улучыў такі момант: сухі ляскат данёсся зноў. Біліся спакваля, як прымерваючыся ці шкадуючы сілы, і нарэшце ляскат заціх: адно напорлівае скрыгатанне і ціхае, быццам сушняк пад нагамі, пахрупванне. Рагач, якога мы першым згледзелі і пачулі гэтай раніцай, доўга і зацята наступаў на свайго праціўніка. Той спачатку ўсё не паддаваўся, ад
ВІКТАР КАРАМАЗАЎ
837
но галавою пакручваў, каб вырваць рогі з палону. Ды сілы здалі: алень адарваўся пярэднімі нагамі ад зямлі, павіс у паветры і пачаў гнуцца ў дугу, затым злаўчыўся скокнуць убок, ірвануў голаў да самай зямлі, вызваліў усё ж рогі і, адбегшыся, стаў. Нейкі час, наліты ўжо не сілай, а злосцю, ён глядзеў на праціўніка і, напэўна, прызнаўшы сваё паражэнне, падаўся ў лес. А той вялізны рагач, горды перамогай, моўчкі, з высока ўзнятымі рагамі праводзіў яго да самага лесу, затым выцягнуў галаву наперад і на ўсю немалую сілу сваю абвясціў аб перамозе магутным, працяглым ровам. Можа, гэтак ён яшчэ раз выманьваў саперніка на бойку, ды пабіты ваяка недзе ў гушчары безгалоса залізваў раны.
Пачуўся дружны тупат лёгкіх на ногі самак. Яны беглі па сцежцы, якой сыходзіліся ’ самцы, беглі ў той бок, адкуль на бойку прыйшоў пераможца.
Пакінуўшы ўгрэтыя сянныя пячоры, мы вярталіся дахаты. Сярожка першы вёў ботамі цёмназялёную стужку на свежай, срабрыстароснай атаве. Крыссё незашпіленага кажушка матлялася на ім з боку на бок, і гэтак жа, з боку на бок, у цяжкаватай хадзе ківалася яго бялявая галава.
— Сярожка!
Што?
— Скажы ты мне, як гэта можна на слых пазнаць Ясіка? Колькі аленяў у пушчы?
— Ну, можа, дзве тысячы.
— Бачыш? А крычаць усе аднолькава.
— Усе аднолькава, а Ясік не так, як усе.
— Куды там, Ясік твой.
— Куды там, куды... — Сярожка спыніўся, загарадзіў мне дарогу, схапіўся ручкамі за борцікі свайго кажушка, танклявымі пальцамі ўпіўся ў аўчыну, і вочы яго пакутліва звузіліся, як тады раніцой, калі заспаны вышываўся з сена, а губы скрывіліся, як ад нечага кіслага.
— Ну, што ты, Сярожка, ужо і пакрыўдзіўся. Ды я...
— А ведаеце, што, калі Ясік малы быў, суседскі сабака Журка ніжнюю губу яму адхапіў. Дзірка зажыла, але засталася. Бывала, як мыкне, дык тут жа і свісне. Мыкне — і свісне. I вырас — свістаў. I цяпер...
Над галовамі глуха, нібы ў гніляк, тукнуў дзяцел, аж пасыпалася труха. Збоч сцежкі ў кустах страпянуліся, заверашчалі сініцы. Страпянуўся і Сярожка:
— Тут зімой усякіх птушак поўна. Бліжэй да вёскі злятаюцца. Адсюль вёска блізка. Ля чалавека ім лягчэй пракарміцца.
Ён шаснуў да ельніку, зазваніў там, кігікаючы на штосьці жывое. Следам за ім я прадраўся праз калючы гушчар і над самай галавою заўважыў вавёрку. Трымаючы ў лапках шышку, яна церабіла яе вусатай зубастай мордачкай, лыпаючы ўніз, да нас, цёмнымі рухавымі вочкамі.
— Шуськігі, шуськігі, — пужаў яе, скачучы на адным месцы, Сярожка, але пушысты камячок з хітранькай мордачкай і не думаў скакаць ад нас.
— Ну, жыруй на здароўечка, — махнуў ён рукой, і мы пайшлі далей.
Сяргей зноў сакатаў, быццам не было ў яго трывожнай ночы і беганіны па лесе. Мая цікавасць да ягоных расказаў не гасла і цяпер, і з’яўлялася адчуванне, быццам гэты дзіўны хлопчык навешвае на цябе не рыбацкі і не паляўнічы рыштунак1, а нешта больш важкае, што пасля так спатрэбіцца ў дарозе. Мяне пачынаў прывабліваць кожны лясны пянёк, на якім можна прысесці, у памяці рассарціраваць падоранае Сярожкам і пушчай за гэтую ноч, усяму даць сваё месца: Ясіку, жораву, капе духмянага сена, беламу месяцу... і крамяным Сярожкавым баравічкам.
Прыліпала... Гэтае Валодзева слоўца нечакана ўспыхнула ў маёй памяці зусім іншым святлом, як учора за вячэраю. Можа, тым, што праменяць ракавіны малюскаў, якія недзе на далёкіх марскіх шыротах вось гэтак жа даверліва ліпнуць да чужых караблёў, а потым, ужо ля берага, сарваныя з карабельнай абшыўкі чарнаногімі, як Сяргей, хлапчукамі, грэюцца на чалавечых далонях, радуюць чалавечыя душы гулам далёкіх мораў.
Як гэтая ноч з Сярожкам, узбуджанымі аленямі, капою цёплага сена, вялікаснабелым месяцам над галавой, асірацелым жоравам і лупавокай вавёрчынай мордачкай.
Паснедаўшы, я ад’язджаў з пушчы. Да аўтобуса мяне праводзіў Сярожка.
Яшчэ ў нас заставалася вольная гадзіна, і мы зайшлі ў буфет. Сярожка папрасіў марожанага. 3 бутэлькаю фруктовай вады і марожаным мы селі за стол пры самым акне. Людзей тут было мала. Ціша стаяла, быццам у лесе.
Рыштўнак — набор прадметаў, неабходных для якойнебудзь работы.
838
ВІКТАР КАРАМАЗАЎ
Мы моўчкі елі халоднае, як прадвеснік зімы, марожанае, запівалі яго цёплай, як успамін аб леце, вадою і слухалі чужы транзістар на суседнім стале.
За вялікім, на ўсю сцяну, акном у густой жаўцізне стаяў кашлаты, таксама на ўсё акно, клён, і лісце нячутна сыпалася з яго. Быццам азораныя сонцам папяровыя караблікі, яго зубчастыя лапкі апускаліся на волкую зямлю, і музыка, як адбіваючыся ад іх, гучала ціхім развітаннем з салодкім сённяшнім днём. У гэтае развітанне зрэдку ўпляталіся мажорныя гукі скрыпкі, але яны квола трапяталі, нібы мроі, і хутка гаслі — непрыкметна, як і з’яўляліся. Часам здавалася, з прыціхла спустошанай глыбіні даносіўся шчымліва прагны голас пакінутага стаяй жорава, але і ён заміраў, шкляным звонам рассыпаўшыся недзе над нашымі галовамі. Шмат іншых галасоў прыплывала з гэтай музыкай, і таксама на адно імгненне: з бясконцасці жаўталесу прыходзілі і адыходзілі, на момант замёршы на даляглядзе і там жа растаўшы...
Мы выйшлі на вуліцу.
Транзістар застаўся там, за цёплай блішчастай шыбай, але і тут, з намі, у палоне густой і сухой барвовасці жыла песня восені — тая самая, у той жа празрыстай кашулі, пашытай парою ранняга лістападу і чуйнай перадзімоваю цішынёй.
1973
ДЗЯЛЬБА КАБАНЧЫКА
(Скарочана)
У матчынай хаце, як у кожнай вёсцы, гэтак адвеку вадзілася: дзень, калі білі кабана, быў святам, за стол збіралі гасцей. Праўда, цяпер госці не тыя, што некалі, пры бацьку, тады іх прыходзіла болей. I пілі болей, і елі болей. Цяпер каго маці пакліча? Жанчыны па хатах не хадзілі, а мужчын не было каму клікаць. Хіба Сцяпану? Але яго сябры разбрыліся па гарадах, як ён сам, нікога такога, яму роўнага, акрамя Лёніка, не засталося. I ўсё ж — як раней, у сенцах і хаце моцна пахла смажанай свежыною, гарачай бульбаю,