Беларуская літаратура
Адам Глобус, Міраслаў Адамчык
Выдавец: Сучасны літаратар
Памер: 1008с.
Мінск 2004
ў верхавіну, пасцягаў сукі ў гушчар, ссек пень каля самай зямлі, завалок яго далей ад дарогі, пад выварат, а тое месца, дзе быў пень, закрыў зялёным мохам. Максім сам у гэты момант быў крыху злодзеем. Але яму больш нічога не заставалася рабіць, як прыкрыць след гэтай пакражы, каб самому не нагарэла ад ляснічага.
Скончыўшы работу, Максім адышоўся крыху і азірнуў сваю працу, ці няма яшчэ якога знака, па якім можна было б заўважыць, што тут украдзен дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб’ездчыку, каб прымеціць, што не хапае аднаго дуба. А можа, аб’ездчык раней за яго агледзеў і ўжо вядома ў лясніцтве аб гэтай пакражы.
«I выбера ж часіну, паганец! — зноў разважаў з сабою Максім. — Ну, каб папаў! Гужы, лейцы — усё пасек бы».
Максім ніяк не мог супакоіцца. Ён выйшаў на дарогу, куды вёў след ад калёс. Але далей цяжка было разабраць, куды ён пайшоў: ці мала едуць па дарозе ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як бы разбіраючы важную справу. На душы ў яго было цэлае пекла. Злосць на таго, хто ссек дуб, хто, як сумыслу, як на здзек яму, зрабіў гэтую пакражу, ніколечкі не клапоцячыся схаваць канцы; далей — страх перад ляснічым, страх за страту кавалка хлеба: даўно ўжо капаецца пад яго аб’ездчык, не раз пагражаў Максіму і ляснічы прагнаць яго са службы.
Усе гэтыя думкі і пачуцці і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.
— I хто ж бы мог зрабіць гэта?
Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, што былі ў яго на вялікім падазрэнні. 1 Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей.
Максім ізноў прыйшоў на тое месца, дзе рос яшчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябожчык, стаяў ён у вачах беднага лесніка. Прыкрыўшы камель яшчэ яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.
Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч не меў Максім супакою. Нават есці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго ці так што здасца іх сабачаму розуму, — Максім чуў, як усярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін з каморы ад ляснічага з наказам з’явіцца
10 Зак. 49
290 ЯКУБ КОЛАС
ў кватэру. Але сабакі, пабрахаўшы, змаўкалі, і патрывожаная ноч яшчэ цяжэй насядала на халодную сырую зямлю, і яшчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес.
Старая вярба, стоячы над самай хатай, шумела і хвастала галінамі па страсе і, як назло Максіму, гаманіла пра пакражу.
Стукне вецер у акяніцу, Максім уздрыгваў: яму думалася, што гэта ляснік ці аб’ездчык.
II
Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеце дубок у лесе. Яшчэ летам, ходзячы з каробкаю па грыбах, насунуўся ён на гэты дуб. Як чалавек, якога агарнулі благія мыслі, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў аглядаць важнецкае дрэва. Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно, здавалася, сумысля тут вырасла на спакусу чалавеку. «А, пся кроў яго, што за дуб! — думаў Андрэй. — От былі б восі! А якія хвацкія выйшлі б паліцы на сохі» (Андрэй быў майстар па часці tox). Ды не такто лёгка ўхопіш яго тут: ссячы, пападзіся, — такі табе штраф закоціць земскі, што і кароўкаю не адапхнешся. I Андрэй, яшчэ раз акінуўшы вокам дубок, уздыхнуў і паплёўся дамоў. На ўсякі выпадак ён прымеціў гэтае месца. Скора пачалося жніво, і Андрэй забыўся аб дубку, але, як на грэх, у яго колах разышліся спіцы. Трэба было думаць, як справіць новыя колы. На калодкі і абады Андрэй меў пра запас бярэзіну, добрую, баравую, чачоткавую бярэзіну з казённага лесу. Гэта Мікола Сіняўскі ўдружыў яму. А дзе б узяць дубінкі на спіцы? I адразу ў яго вачах устаў малады дубок, што бачыў у лесе, збіраючы грыбы.
Амаль не кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка. Кепска толькі, каб яго качкі, калі пападзешся з ім. Праўда, у лесе красці не грэх. Гэта не тое, што залезці да чалавека ў хату. I хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. А князя чорт не возьме, калі ён, Андрэй, ссячэ адзін дубок. Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люлькай.
Раз пад вечар — гэта было ў нядзелю — Андрэй ішоў з места. I так неяк зрабілася, што ногі Андрэевы самі пайшлі па той дарозе, каля якой стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй не мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшага знаёмага. Лес быў ужо зусім без лісця, і малады дубок выглядаў цяпер яшчэ раўнейшым, яшчэ прыгажэйшым.
— Ах, злодзей! — гаварыў, цёшачыся, Андрэй і аглядаў дубок.
Ідучы дамоў Андрэй вылічыў, калі схадней яго ссячы. Квадра месяца пры гэтым стаяла ў Андрэя на першым плане. Праз колькі дзён будзе маладзік. Вось тады ён і зызне яго.
Якраз перад Усімі Святымі, натачыўшы сякеру, Андрэй ціха казаў свайму сыну:
— Запражэш каня і пад’едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чакаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, скажы — па каноплі.
Андрэй выбраў такія сцежкі, дзе б яго ніхто не спаткаў — асцярога не пашкодзіць, — і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак чым бліжэй падыходзіў ён да лесу, тым большы чуў страх. А змрок — густы, халодны, непрыветны — нерухома аблягаў зямлю. Ціха. Глуха. Хоць бы гук чалавечага голасу. I нейкая жуда ахапіла Андрэя. Пачуванне маркоты і адзіноты агарнула яго. Андрэй азірнуўся назад, на сяло. Скрозь цемрадзь прыветна свяціліся вокны сялянскіх хат чырвонымі і бледнаватымі плямкамі. Там сядзелі людзі, і на душы іх была згода. Толькі ён, як злодзей, крадзецца адзін скрозь гэты змрок — прыхільны хаўруснік кожнага злачынца.
Андрэй пачынаў каяцца, што выбраўся на гэтую справу. Лепш бы паставіць кварту за кавалак дубіны — і сам выпіў бы чарку і быў бы смелы і спакойны. I яму захацелася, каб хто перашкодзіў цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў. Так было на душы Андрэя, а ногі яго ўсё неслі і неслі ў гэты страшны, пануры лес, дзе цяпер так цёмна і жудасна. Яшчэ гусцейшы і цяжэйшы змрок агарнуў Андрэя, як ён ступіў у лес. Прайшоўшы з паўвярсты, Андрэй спыніўся. Вось тая хвоя з вехаю, ад якой трэба ступіць колькі крокаў направа. Патупаўшы, Андрэй сяктак намацаў гэты дубок, які вартаваў не толькі Максім, а яшчэ пільнавалі і другія стражы, што былі ў самім Андрэю, — страхі. Андрэй прыслухаўся. Лес маўчаў. Можа, ён зацікавіўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прыйшоў сюды варушыць і трывожыць яго сон. I было штось страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю; ён стаяў ціха, баяўся кашлянуць і павольна адводзіў яловыя лапкі. Калінікалі жалобна шорхаў сухі, завяўшы ліст, адрываючыся ад дрэва і падаючы на сыры дол.
— Ну, што будзе, то будзе.
Андрэй узяў сякеру. Яна высока паднялася ўгару. Пачуўся першы стук. Вострая
ЯКУБ КОЛАС
291
сталь глыбока ўрэзалася ў маладое дрэва, і гэты першы гук быў падобны да цяжкага, адрывістага кашлю, які вырваўся з глыбіні надарваных грудзей сухотніка. Андрэй, секануўшы раз, адскочыў убок і на момант замёр, прыслухоўваючыся. Але вакол было таксама глуха і ціха.
Зноў узляцела сякера і пайшла латашыць усё часцей і зласней. Скора адна палавіна дубка была падсечана. Андрэй зайшоў з другога боку. 3 кожным узмахам сякеры дуб слабеў і хістаўся, дрыжаў голымі сукамі і ўсім сваім целам. Вось ён чуць пахіліўся, абамлеў і, здавалася, выглядаў месца, дзе б упасці. Андрэй упёрся рукой і папхнуў яго. Голыя сукі крануліся сукоў суседніх дрэў, як бы развітваючыся з жыццём, зачапіліся на момант і, аслабеўшы, асунуліся, і маладое дрэва цяжка ўпала, застагнаўшы, на зямлю.
Андрэй адышоўся і стаў слухаць. Адмераўшы чатыры тапарышчы па камлі, Андрэй з нейкаю злосцю стаў адсякаць кавалкі дуба. Адсекшы кавалкаў шэсць, ён пазносіў іх на дарогу. Здалёку пачуўся глухі стук колаў аб карэнне. Андрэй пайшоў насустрач сыну.
Ill
Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Недарма гавораць людзі: «Хто ўкраў парасё, таму і ў вушах пішчыць». Прывёзшы дахаты шэсць кавалкаў дуба, Андрэй, да часу, паскідаў іх на старану, дзе ляжалі яшчэ немалочанае жыта і салома.
Прызнацца, Андрэй нават не рад быў, што ссек гэты дубок: мала што можа стацца! Быць не можа, каб хто не бачыў, як ён пхаўся ўночы з лесу. А языкі ў людзей доўгія. Пад уплывам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухваўся, што робіцца на дварэ.
Кожны гук, шум, аброненае кім на вуліцы слова прымушалі трывожыцца і думаць ліха ведае што. I якая гэта схованка — гумно? Усякі дурань першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прыйшлі на памяць тыя здарэнні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякія падобныя рэчы якраз у гумнах... Трэба перахаваць, і чым скарэй, тым лепей — покі не ўзялі яшчэ тропу.
— Што гэта, Андрэй, на цябе сягоння сну няма? — пыталася жонка.
— Так, не спіцца.
I, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:
— Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.
— Можна ж схаваць так, каб не знайшлі.
— Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?
— Схаваеш заўтра — будзе часу, а цяпер спі.
Жонка адвярнулася да сцяны і праз мінуты дзве зайграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезлі ў галаву. А што, калі хто ўдасць яго? Прыйдзе ўраднік, стражнікі з аб’ездчыкам і леснікамі, зробяць вобыск і, напэўна, знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэнні. Моташна рабілася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шлапакі, накінуў на плечы кажух і выйшаў на двор.
Якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізкаблізка нахілілася да зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім змрокам. I ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца, цяпер, каб і золатам абсыпалі, не пайшоў бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Якімавым хлевушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: «Ідзі да мяне!» — ды часамі ў свінушніку ціха стагнала праз сон свіння такім змарнелым, стомленым галаском, усё роўна як бы ёй заставалася тры чвэрці да смерці.
Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэтая маўклівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу,