Беларускае слова ад спеву
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 212с.
Мінск 2010
«Цацачная крама» стала, бадай, першай удалай спробай спалучыць паэзію, тэатр і музыку. 10 незабыўных вобразаў-песень (няшкодны Воўк, баязлівы Барсук, незалежны Зубр і г. д.) радуюць дзетак ды прымушаюць задумацца дарослых, бо «цацкі не абы-якія, не драўляныя і пустыя, не гліняныя, глухія, а ўсе як ёсць жывыя». Разам з тым «ЦК» выяўляецца, як зборнік музычных стыляў — тут ёсць вальс, раманс, полька, элементы джазу ды фолку, і нават дыска ў стылі «Army of Lovers». Такога пярэстага спалучэння не было нават у суперразнастайным «Народным альбоме».
Спявак выконвае ролю гандляра, што прапаноўвае набыць тую ці іншую цацку, а потым сам у яе і пераўтвараецца. Прэзентаваў, дарэчы, гэтую праграму Тодар на тэатральным фэсце ў Пархове. Да жалю, ідэі пастаноўкі «Цацачнай крамы» на сцэне Купалаўскага тэатра і на Вольнай сцэне так і засталіся нерэалізаваныя. Але працяг праект усё ж атрымаў: праз год, калі група Вайцюшкевіча набыла назоў «WZ-Orkiestra», «Цацачная крама» была выдадзеная ў Польшчы ўжо на польскай мове. А ў 2003 г. Вайцюшкевіч, пасля фолкавага альбома «Балады», здзівіць музычную грамадскасць рускамоўнай праграмай на вершы Маякоўскага. «WZ-Orkiestra» адыдзе ад фолкавых эксперыментаў і зойме нішу гэткага «гарадскога ансамбля».
Сяргей Вудкін
«Паравіны году»
Еўропа 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Кароткі міжваенны перапынак, кароткі рывок эканомікі, мастацтва... У модзе факстрот, неаімпрэсіянізм, мадэрнізм. Пра кастрычніцкі пераварот у Расіі ведалі хіба з-за наплыву новаэмігрантаў. Імёны і творчасць такіх кампазітараў, як Эрык Саці, Марыс Равэль, Клод Дэбюсі, пакінулі нязгаснае святло ў душах многіх наступных пакаленняў і паўплывалі на шырэйшы
спектр жанраў і мастацтваў. Напрыклад, таго ж Эрыка Саці ведае нават рок-пакаленне праз інтэрпрэтацыі ягоных твораў «Гімнапедэя» брытанскім гуртом «Sky» у 80-я гады. Вось і Зміцер Вайцюшкевіч...
У дадзеным ягоным альбоме якраз і адчуваецца дух тае эпохі. Нават
больш за тое: і назвай сваёй — «Паравіны году» ён сягае да вызначальных традыцый тых часоў або найбольш уплывовых папярэднікаў (прыгадайце славуты цыкл Клода Дэбюсі «Паравіны году»). 3 шырокай сольнай дыскаграфіі былога фронтмэна гурту «KRIWI» Зміцера Вайцюшкевіча гэты альбом будзе, бадай, лепшым паказнікам нястомнага руху наперад у развіцці артыста, бо ён быў прыняты публікаю нават з большым энтузіязмам, чым ягоныя «Балады». Песня «Прыйдзі, мой каханы», напрыклад, імкліва скарыла ўсе беларускія хіт-парады на тэлевізійных каналах і FM-радыёстанцыях яшчэ перад выхадам кружэлкі ў свет. Але сам Зміцер Вайцюшкевіч 27.12.2003 года ў сваім інтэрв’ю «RadioPolonia» Яраславу Іванюку выказаўся так пра дыск: «Нічога неардынарнага ў гэтым праекце няма. Гэта проста наша тра-
дыцыя — меладычная. паэтычная, простая для слыху».
Альбом «Паравіны году» цалкам базаваны на паэзіі славутага беларускага барда Алеся Камоцкага, і, па шчырасці, папярэднія звесткі пра яго збянтэжылі шмат каго з пільных даследчыкаў-музыколагаў.
Дзве такія каларытныя і розныя фігуры ў адной абгортцы — што гэта атрымаецца?
Атрымалася супер! Звяртанне Алеся Камоцкагадалірыкі апынулася натхняльным адкрыццём для эстэта Вайцюшкевіча. Гранічна ідэальнае спалучэнне выйшла, калі ажно першая спроба пазнаёміцца з вынікам
такога, здавалася, дзіўнага творчага саюза натыкаецца на немагчымасць адарвацца. і ты яшчэ ў краме слухаеш сакавітыя гукі «Ріапо», вірлівае танга «Пошукі адказаў», настальгію раманса «Ты прымусіла пець».
Асабліва неверагодныя адкрыцці спасцігаеш тут, натыкаючыся на песні, добра знаёмыя. Напрыклад, «Раскажы мне пра дождж», чароўнай мелодыяй якой сам Алесь Камоцкі яшчэ дзесяць гадоў перад тым, у верасні 1993 года скарыў хіт-парад радыё «Liberty» (Мюнхен), адзіны натой час беларускі музычны плебісцыт. He верылася нават, што гэты эвергрын здольны загучаць лепш, але ж сталася. Мелодыя і тут пазнаецца лёгка, але ў Зміцера Вайцюшкевіча праз віртуозныя аранжыроўкі чуецца зусім іншая музыка. Вось бы Зміцеру шчэ прыйшло натхненне пераспяваць мега-хіт Камоцкага «Гаспадыня ранішняй зоркі»!
Дарэчы, аранжыроўкамі ў альбоме «Паравіны году» займаліся адмыслоўцы, з якімі Зміцер цяпер працуе. Як і папярэднія альбомы Зміцера Вайцюшкевіча, «Паравіны году» запісваліся ў студыі «Беларускія песняры» (з лютага па жнівень 2003 года). Гукарэжысёры — Барыс Далгіх і Сяргей Раінчык.
Вітаўт Мартыненка
«Bielarus». № 491, 15.12. 2003, New York
«Гаспадыня Зорнага палаца — Мілосць»
Два месяцы таму выйшаў новы музычны праект Тодара. Яго распаўсюд прыйшоўся на 70-годдзе народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, якога спявак вельмі шануе. На дыску запісаны голас самога паэта, які метафарызуе кожны лірычны твор.
Колькі беларускіх жанчын і дзяўчат будуць шчаслівыя, пазнаўшы саміх сябе ў вобразах найпенкнейшых прыгажунь. Арыстакратка кахання, Актрыса, Гаспадыня Зорнага палаца, — яны заслугоўваюць замілавання і пакланення, вернасці сваёй непаўторнай прыгажосці.
А кагосьці жывіць і натхняе мара аб ёй, яшчэ не знойдзенай, доўгачаканай, вытанчанай і далікатнай, якую пашле лёс. Той, з якой спаткаць першую зорку на небе, з якой дзяліць шчасце, радасць і гора, ісці па жыцці, усё перамагаючы. Таямнічнасць, мройнасць, нявыказанасць грае ў словах і нотах.
Здольны той жыццём рызыкаваць, Хто прыйшоў у гэты свет, каб закахацца, Я прашуся ў парабкі да Вас, Гаспадыня Зорнага палаца.
«Так адбылося, — распавёў Зміцер Вайцюшкевіч, — што да нашага папярэдняга альбома «Паравіны году » дачыніўся Рыгор Іванавіч і напісаў уступ. Мы пазнаёміліся з ім падчас працы, і, зразумела, з’явілася патрэба напісаць новы альбом на вершы дзядзькі Рыгора.
Збор спеваў адухоўлены ўзнёсласцю, адзначаны артыстызмам і густам. Аўтар «Цацачнай крамы», «Паравінаў году» пераўзышоў сябе ранейшага, паглыбіўшыся ў творчасць старэйшыны беларускай паэзіі.
«Не ведаю і не бяруся гадаць, хто ў паравозе машыніст, хто памочнік машыніста, — напісаў у прадмове У. Някляеў. — Але каб паравоз кахан-
ня засвістаў і памчаў ад станцыі да станцыі, машыністу з памочнікам, аўтарам музыкі і вершаў давялося справіцца з дзвюма процілеглымі задачамі: Рыгору Барадуліну стаць прасцейшым за Рыгора Барадуліна, а Зміцеру Вайцюшкевічу — складанейшым за Вайцюшкевіча. На шчасце, ніхто з іх са сваімі задачамі дарэшты не справіўся. таму ў вершах песень няцяжка ўгадаць аўтара кніг «Рум», «Нагбом», а ў музыцы — аўтара «Паравінаў году». 1 менавіта тое, што, зрабіўшы крок адзін аднаму насустрач, кожны з іх застаўся самім сабой, абумовіла арганічную цэласнасць іх сумеснай працы».
«Канешне. я ведаў паэзію Рыгора Іванавіча і да гэтага, — гаворыць Зміцер Вайцюшкевіч. — Цяпер я зразумеў яго як асобу, і таму ён застаецца для мяне суперцікавейшым чалавекам. Мне выпаў шанец спрычыніцца да яго духоўных здабыткаў, адчуць уплыў барадулінскага светапогляду. Рыгор Іванавіч даў мне стос вершаў, я выбраў трынаццаць лірычных твораў і паклаў на музыку. Чатыры з іх—жаночыя вобразы, іншыя — гэта мары, мроі, і яшчэ адна песня пра надыход Новага года. Мы сустракаліся з дзядзькам Рыгорам, размаўлялі, хадзілі па горадзе. Ён распавядаў шмат цікавага пра сваіх лепшых сяброў Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Для мяне больш важны дзядзька Рыгор як чалавек, які можа служыць добрым прыкладам для старых і для маладых, ён заўсёды бачыць светлыя бакі ў жыцці, вучыць не губляць надзею, змагацца за лепшае, поўны добрага гумару і аптымізму. Ён натхняе сваімі вершамі. знаходзіць непаўторныя вобразы. Вельмі важна, як ён працуе з мовай, захоўвае жывое беларускае слова і нараджае новыя словы, надае мастацкі каларыт вушацкай гаворцы».
У кожнага чытача сваё прачытанне вершаў народнага паэта, ёсць свае любімыя старонкі яго паэзіі. Але большасць землякоў удзячныя народнаму паэту за дабрыню, лагоднасць, замілаванне прыродай, казачную пяшчоту яго твораў, за жаданне зразумець і быць верным слову Госпада.
Э. Дзвінская
«Моторостройтель», люты 2005 года
Танга з ружай
ыканаўцу Вайцюшкевічу заўсёды было цікавае не простае перакладанне вершаў на музыку, а шчыльнае паглыбленне ў паэтычную свядомасць вершатворцаў. Праспяваныя ўжо былі Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін. Уладзімір Маякоўскі. У гэтую вясну прыйшла чарга Уладзіміра Някляева...
Уладзімір Някляеў адносіцца да так званых «паэтаў-сямідзясятнікаў», сярод якіх таксама вылучаюць Алеся Разанава, Яўгенію Янішчыц і іншых. У Вайцюшкевіча атрымалася музычна ўвасобіць досыць разнастайную тэматыку вершаў паэта, увасобіць і аб’яднаць у адно «Танга з ружай». Драматычныя някляеўскія вобразы расстанняў, адзіноты, састарэлых успамінаў, распаведзеныя пад дзіўныя аранжыроўкі з баянам, кантрабасам і скрыпкамі, песцяць у душы слухача ўсхваляванне, і дыхаецца па-новаму...
Можна сказаць, што ўвесь альбом — гэта скончаны вобраз тэмпераментнага кавалера з ружачкай у зубах, «стамлёнага любоўнай драмай». Але разам з тым песні разнастайныя. 3 гэтых песень можна смела пачаць вывучаць Вайцюшкевіча, калі па нейкім збегу абставінаў менавіта «Танга» стане для кагосьці першым знаёмствам з яго творчасцю.
У гэтых песнях можна шукаць і чаканага працягу ўлюбёных Зміцерам і яго сфармаванай публікай шансонных матываў. Цікава, што пэўны слухач знойдзецца на кожную з гэтых шансонных кампазіцый Зміцера, і гэта вельмі добра, таму што і праспявана ўсё на вершы Някляева (асветніцкая дзейнасць. вялікі дзякуй за яе), і выканана ўсё якасна (рэдкасны дэфіцыт, на жаль). Але ёсць шэраг песень на гэтай кружэлцы, якія павінны спадабацца амаль кожнаму — то-бок, універсальныя хіты, якія можна слухаць бясконца. Хутчэй за ўсё невыпадкова, што менавіта гэтыя хіты размешчаны спачатку і напрыканцы альбома — яны выконваюць, так бы кажучы, канцэптаўтваральную функцыю. У выніку ўсяго мы можам назіраць дзве ідэальныя грані: «Вечаровыя цені» (дзе і шэпт, і рыканне... не хапае толькі страснага «р-р-р»!) з сумнай, пранікнёнай «Дарогай» і загадкавы, фальклорны. выкананы
амаль кірчукоўскім голасам з нябёс «Воўк» з апошняй, вельмі светлай, аптымістычнай кампазіцыяй «Адзін». Ды што казаць... Усім танчыць вайцюшкевічаўскае танга!
«Для мяне танга — гэта жыццёвы шлях, нейкая ўнутраная барацьба. Спроба калі не адказаць, то хаця б ізноў задаць сабе звычайныя пытанні: дзеля чаго мы, хто мы, з кім мы?» — кажа Зміцер Вайцюшкевіч.