Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 277с.
Мінск 2006
3. Захоўваць жыццяздольнасць і разнастайнасць усяго жывога на
Зямлі. Устойлівае развіццё павінна ўключаць у сябе мэтанакіраваныя дзеянні па абароне структуры, функцый і разнастайнасці прыроды ў сусветным маштабе, паколькі ад іх залежыць жыццё чалавецтва. Гэта патрабуе ад кожнага чалавека захоўваць біялагічную разнастайнасць, гарантаваць устойлівае выкарыстанне аднаўляемых прыродных рэсурсаў.
4. Звесці да мінімуму выкарыстанне неаднаўляемых рэсурсаў. Вычэрпванне такіх рэсурсаў, як мінералы, нафта, газ і вугаль, павінна быць зведзена да мінімуму. Нягледзячы на тое, што гэтыя рэсурсы немагчыма выкарыстоўваць бясконца, тэрмін іх «жыцця» можна працягнуць, напрыклад, пры дапамозе выкарыстання другаснай сыравіны, прымянення рэсурсазберагальных тэхналогій, пераключэння на аднаўляемыя рэсурсы там, дзе гэта магчыма.
5. Развівацца ў межах магчымасцей да аднаўлення экалагічных сістэм Зямлі. Дакладнае вызначэнне гэтых меж у цяперашні час абцяжарана. Яны змяняюцца ў залежнасці ад геаграфічных і іншых умоў: ад таго, колькі людзей жыве ў дадзеным рэгіёне, колькі харчовых прадуктаў, вады, энергіі і сыравіны яны выкарыстоўваюць і бескарысна трацяць. Палітыка, накіраваная на гарманізацыю колькасці насельніцтва, ладу жыцця і магчымасцей прыроды, павінна ісці побач з развіццём рэсурсазберагальных тэхналогій.
ЧАЛАВЕК I БІЯСФЕРА
Для рэалізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэкамендуецца ажыццявіць, у прыватнасці, наступныя дзеянні.
1. Краіны, у якіх спажыванне энергіі на душу насельніцтва перавышае 80 ГДж (напрыклад, у ЗША — 280, Вялікабрытаніі — 150), павіннызнізіць спажыванне да 80 ГДж на чалавека.
2. Шэрагу краін неабходна прыняць меры па стабілізацыі нараджальнасці.
3. Людзі павінны перагледзець свае маральныя каштоўнасці і змяніць стэрэатыпы паводзін. Грамадства павінна адхіляць ідэі, якія супярэчаць экалагічна разумнаму ладу жыцця, і заахвочваць зацікаўленасць людзей у захаванні асяроддзя пражывання.
4. Садзейнічаць аб’яднанню дзеянняў на сусветным узроўні. Дасягненне ўстойлівага развіцця ў глабальных маштабах будзе залежаць ад цеснага супрацоўніцтва паміж усімі краінамі. Аднак узроўні эканамічнага развіцця розных дзяржаў розныя. Неабходна дапамагчы краінам з нізкімі даходамі ў дасягненні ўстойлівага жыцця і абароне навакольнага асяроддзя.
Канцэпцыя ўстойлівага развіцця сёння яшчэ ў пачатку свайго тэарэтычнага і практычнага пацвярджэння.
У чэрвені 1997 г. у НьюЙорку адбылася чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН па праблемах нава
кольнага асяроддзя і развіцця, прысвечаная абмеркаванню вынікаў 5гадовага перыяду па станаўленні ўстойлівага развіцця чалавецтва. У працы форуму прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 60 краін свету.
3 26 жніўня да 4 верасня 2002 г. у Іаганесбургу (ПАР) прайшла Міжнародная сустрэча па праблемах навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця. У яе дакументах першыя два тэзісы былі сфармуляваны наступным чынам.
1. Усе дзяржавы будуць супрацоўнічаць у ажыццяўленні надзвычай важнай задачы ўстаранення беднасці як неабходнага патрабавання для таго, каб зменшыць няроўнасць у стандартах жыцця і лепш задавальняць патрабаванні большасці людзей у свеце.
2. Для дасягнення ўстойлівага развіцця і больш высокай якасці жыцця для ўсіх людзей дзяржавам неабходна аслабіць і выключыць экалагічна непрымальныя вытворчасці і спажыванне і падтрымаць неабходную дэмаграфічную палітыку.
Усе апісаныя падзеі і прынятыя рашэнні пераконваюць у тым, што сусветная грамадскасць заклапочана экалагічнай сітуацыяй, якая склалася сёння ў свеце. Толькі сумесныя дзеянні многіх дзяржаў Зямлі могуць прывесці да рашэння гэтай праблемы.
1. Што трэба разумець пад тэрмінам «устойлівае развіццё»? 2. На якіх прынцыпах будуецца канцэпцыя ўстойлівага развіцця? 3. Якія прапановы вы маглі б унесці ў канцэпцыю ўстойлівага развіцця?
Рацыянальнае прыродакарыстанне і ахова прыроды
257
62. Рацыянальнае прыродакарыстанне і ахова прыроды
У аснове чалавечай дзейнасці ляжыць прыродакарыстанне. Яно накіравана на задавальненне патрэбнасцей чалавека шляхам выкарыстання прыродных рэсурсаў і прыродных умоў. Паводле выказвання расійскага эколага М. Ф. Рэймерса, «прыродакарыстанне — гэта сукупнасць усіх форм эксплуатацыі прыроднарэсурснага патэнцыялу і мер па яго захаванні».
Рацыянальнае прыродакарыстанне мае на мэце забеспячэнне эканомнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і ўмоў з улікам інтарэсаў будучых пакаленняў людзей (мал. 124). Рацыянальнае прыродакарыстанне ўключае:
1) здабычу і перапрацоўку прыродных рэсурсаў, іх ахову, аднаўленне ці ўзнаўленне;
2) выкарыстанне і ахову прыродных умоў асяроддзя жыцця чалавека;
3) захаванне, аднаўленне і падтрыманне экалагічнай раўнавагі ў прыродных сістэмах;
4) рэгуляцыю ўзнаўлення чалавека і колькасці насельніцтва Зямлі.
Рацыянальнае прыродакарыстанне накіравана на:
• забеспячэнне ўмоў існавання чалавецтва і атрыманне матэрыяльных даброт;
• максімальнае выкарыстанне кожнага прыроднага тэрытарыяльнага комплексу;
• прадухіленне альбо істотнае зніжэнне шкодных вынікаў прамысловай вытворчасці ці іншых відаў чалавечай дзейнасці;
• падтрыманне і павышэнне прадукцыйнасці прыроды, яе эстэтычнай функцыі, забеспячэнне і рэгуляванне эканамічнага асваення прыродных
РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ
Вывучэнне
Ахова
Асваенне
Пераўтварэнне
Улік і ацэнка, прагноз развіцця, распрацоўка сістэмы кіравання і выкарыстання
Забеспячэнне якасці
Падтрыманне прадуктыўнасці (узнаўленне)
Эфектыўнасць
Комплекснасць і эканамічнасць здабычы і перапрацоўкі
Паляпшэнне і аптымізацыя
Узбагачэнне (якаснае і колькаснае)
Розныя тыпы рэсурсаў навакольнага прыроднага асяроддзя
Мал. 124. Асноўныя прынцыпы рацыянальнага прыродакарыстання
ЧАЛАВЕК I БІЯСФЕРА
258
рэсурсаў з улікам захавання здароўя людзей.
Нерацыянальнае прыродакарыстанне вядзе да зніжэння якасці, растраты і вычэрпвання прыродных рэсурсаў, падрыву аднаўленчых сіл прыроды, забруджвання навакольнага асяроддзя, зніжэння яе аздараўленчых і эстэтычных вартасцей. Усё гэта цалкам выклікае пагаршэнне прыроднага асяроддзя і знішчэнне прыроднарэсурснага патэнцыялу.
*Асноўныя законы рацыянальнага прыродакарыстання. У1971 г. вядомы амерыканскі змагар за чысціню навакольнага асяроддзя журналістэколаг Ба ры Каманер сфармуляваў чатыры палажэнні, якія раскрываюць сутнасць сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання. Іх сталі называць законамі экалогіі Каманера. Сутнасць гэтых палажэнняў заключаецца ў наступным.
1. Усё звязана з усім. Гэта палажэнне аб экасістэмах і біясферы.
2. Нічога не даецца дарма. Гэта ўсеагульны «закон» рацыянальнага прыродакарыстання. Плаціць трэба энергіяй за дадатковую ачыстку адходаў, угнаеннямі — за павышэнне ўраджаю, санаторыямі і лекамі — за пагаршэнне здароўя людзей.
3. Усё павінна кудысьці дзявацца. Гэта палажэнне аб гаспадарчай дзейнасці чалавека, адходы ад якой непазбежныя, і таму неабходна думаць
пра змяншэнне іх колькасці і пра наступнае пахаванне гэтых адходаў.
4. Прырода ведае лепш. Гэта самае важнае палажэнне рацыянальнага прыродакарыстання, якое азначае, што нельга спрабаваць заваёўваць прыроду, а трэба супрацоўнічаць з ёй, выкарыстоўваючы біялагічныя механізмы дпя ачысткі сцёкаў і павышэння ўраджайнасці культурных раслін. Пры гэтым нельга забывацца пра тое, што сам чалавек з’яўляецца біялагічным відам, часткай прыроды, а не яе ўладаром.
Дзеянне экалагічных «законаў» Б. Каманера можна прасачыць на прыкладзе любой галіны гаспадаркі, якая ў той ці іншай ступені выклікае забруджванне навакольнага асяроддзя. Напрыклад, адна з самых «брудных» галін — горнаметалургічная — аказвае на біясферу прамое і ўскоснае ўздзеянне.
Прамое ўздзеянне заключаецца ў выкарыстанні значнай плошчы зямель для будавання кар’ераў і падземных руднікоў, будаўніцтва абагачальных фабрык, металургічных заводаў, адвалаў парод і г. д. На гэта забіраюцца значныя плошчы, некалі занятыя пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
Ускоснае ўздзеянне распаўсюджваецца на значныя адлегласці і праяўляецца ў ападанні газаў, пылу і хімічных рэчываў, дэфармацыі паверхні, пашкоджанні расліннага покрыва, зніжэнні прадукцыйнасці сельскагаспадарчых угоддзяў, жывёлагадоўлі і рыбнай гас
Рацыянальнае прыродакарыстанне і ахова прыроды
259
падаркі, змяненні хімічнага саставу і руху паверхневых і грунтавых вод.
Усё гэта аказвае ўплыў не толькі на прыродную сістэму, але і на сацыяльнагігіенічнае становішча, непасрэдна звязанае з жыццём чалавечага грамадства. Такім чынам, уздзеянне горнаметалургічнай вытворчасці ў параўнанні з іншымі галінамі характарызуецца комплекснасцю і больш моцным уздзеяннем на ўсе элементы біясферы: паветраны і водны басейны, зямную паверхню, флору, фауну і нетры.*
Для захавання і аднаўлення прыродных рэсурсаў, прадухілення шкоднага ўплыву вынікаў гаспадарчай дзейнасці на здароўе чалавека неабходны спецыяльныя прыродаахоўныя меры.
Ахова прыроды — гэта комплекс розных мерапрыемстваў (адміністрацыйнагаспадарчых, тэхналагічных, юрыдычных, грамадскіх і інш.), накіраваных на забеспячэнне функцыянавання прыродных сістэм, неабходных для захавання здароўя і дабрабыту чалавека. У Статуце МСАП запісана: «Пад аховай прыроды і прыродных рэсурсаў разумеецца захаванне арганічнага свету, натуральнага асяроддзя, у якім жыве чалавек, а таксама аднаўляемых прыродных рэсурсаў Зямлі —■ асноўнай умовы любой цывілізацыі».
Прыродаахоўная дзейнасць накіравана галоўным чынам на захаванне разнастайнасці форм жыцця на Зямлі (біяразнастайнасці).
*Разнастайнасць жывой прыроды з’яўляецца асноўным індыкатарам, які вызначае, як на яе ўплывае чалавечая дзейнасць. 3 пачаткам промыслу буйных млекакормячых і птушак, а затым з узнікненнем земляробства чалавек умяшаўся ў натуральныя, створаныя прыродай, замкнутыя цыклы. У кожным з іх пэўны від жывых арганізмаў выконвае сваю ролю, і ўсе яны знаходзяцца ў непарыўнай сувязі. Стараючыся змяніць прыродныя ўмовы, чалавек уступіў у канфлікт з сіламі натуральнай, прыроднай самарэгуляцыі. Вынікам гэтага канфлікту стала зніжэнне біялагічнай разнастайнасці прыродных экасістэм. У цяперашні час колькасць відаў на Зямлі пастаянна змяншаецца.
Праблема захавання біялагічнай разнастайнасці ў цяперашні час з’яўляецца найбольш вострай і значнай для чалавецтва. Ад таго, якім чынам яна будзе вырашана, залежыць магчымасць захавання жыцця на Зямлі і захаванне чалавецтва як часткі біясферы.*