• Газеты, часопісы і г.д.
  • Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.  Людміла Дучыц

    Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.

    Людміла Дучыц

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 120с.
    Мінск 1991
    39.53 МБ
    Што датычыцца гіпотэз наконт назваў Рубеж і Рацюны (Рацішы) Маскавіцкага паселішча, то тут маглі быць і дзве назвы. Першапачатковай назвай мог быць Рубеж. Пасля разбурэння паселішча* яго ўцалелыя жыхары перасяліліся на бераг р. Друйкі, дзе зараз знаходзіцца в. Рубеж. А пазней на старым, стратэгічна зручным месцы, магчыма, нехта Рацьшын ці Рацьша, дружыннік ці сваяк князя Брачыслава, узвёў умацаванне, якое і атрымала назву ад яго імя.
    Нарэшце, можна адзначыць яшчэ адзін факт. Назвы, сугучныя слову «Маскавічы», упамінаюцца ў дакументах XVIII ст.— Мацкаўцы, Маськаўцы 64. Падобныя тапонімы вядомы і на суседніх тэрыторыях. Напрыклад, на тэрыторыі Усходняй Латвіі гарадзішчы VII—IX стст. ёсць каля вёсак Маскевічышкі і Маскавас65. У «Спісе населеных пунктаў Ковенскай губерні» на тэрыторыі Усходняй Літвы адзначаны пункты Мацкавічы, Мацканы, Масколя, Масколішкі і інш.66
    Адносна Браслава ўжо ўсталявалася думка,. што яго назва паходзіць ад імя князя Брачыслава. Назва паселішча Дрысвяты, напэўна, паходзіць ад воз. Дрысвяты ці р. Дрысвяткі. У XV ст. замак ужо вядомы пад назвай Дрысвяцкага 67. Паселішча, якое было на месцы гарадзішча Пруднікі,
    * Гэта магло адбыцца ў канцы X — першай палове XI ст., калі суседні Браслаў таксама быў падвергнуты нападу літоўцаў і спалены (Алексеев Л. В. Раскопкн древнего Браслава// КСНА. Вып. 81. М., 1960. С. 95 — 106).
    называлася хутчэй за ўсё Вятай (Вяцкам). У дакументах XVI ст. згадваецца «фартэцыя» Вята 68. Паходжанне назвы можна звязваць з назвай р. Вята.
    У навуковай літаратуры прынята лічыць, што Браслаў з’яўляўся горадам6 . Сапраўды, па плошчы з усіх разглядаемых гарадзішчаў Браслаўскае самае вялікае — 3 га. Пасад у Браславе дагэтуль не вывучаўся. Магчыма, невялікім горадам былі Дрысвяты. Плошча гарадзішча прыкладна 1 га, і каля яго выяўлены сляды неўмацаванага паселішча. Да паселішчаў гарадскога тыпу, паводле вылучаных A. В. Кузой прыкмет, можна аднесці Маскавічы. Даследчык падзяляе гарады на 4 тыпы: старшыя стольныя, малодшыя прыгарады, гарадыкрэпасці і гарады-феадальныя вотчыны 70. Маскавічы спалучаюць у сабе рысы крэпасці і феадальнай вотчыны. Акрамя таго, тут, пэўна, была гандлёвая факторыя. На карысць першага сведчыць знаходжанне Маскавічаў у ліку абаронных гарадкоў на рубяжы Полацкага княства. Тут даволі магутныя ўмацаванні і ёсць знаходкі зброі. Такія паказальнікі, як невялікая плошча паселішча (1 га) з цеснай забудовай, адсутнасць вялікага пасаду, значная роля сельскай гаспадаркі і палявання, рамяство, падпарадкаванае мясцовым запатрабаванням, і наяўнасць каштоўных рэчаў, у тым ліку сярэбраных і пазалочаных, даюць магчымасць адносіць Маскавічы да цэнтра феадальнай вотчыны. Знаходкі 4 энкалпіёнаў і 3 лампадак дазваляюць меркаваць, што тут знаходзіўся таксама цэнтр хрысціянізацыі.
    У археалагічным плане добра вывучаны Браслаў і Маскавічы. Для Браслава характэрна перавага ваеннай функцыі, а для Маскавічаў — гандлёвай. Ад Маскавічаў быў, як адзначалася, добры выхад у Заходнюю Дзвіну. Напады ж ваяўнічай Літвы ў першую чаргу прыпадалі на Дрысвяты і Браслаў. Такая магчымасць дазваляла Маскавічам да пачатку экспансіі крыжаносцаў на Заходняй Дзвіне адыгрываць ролю магутнага гандлёвага цэнтра. На карысць такога меркавання сведчаць шматлікія імпартныя рэчы і вагавыя гіркі. Маскавічы сярод суседніх умацаваных паселішчаў вылучаюцца характарам знаходак. Тут выяўлена 250 фрагментаў шкляных бранзалетаў. У Браславе толькі адзін фрагмент, у Рацюнках два. Маскавічы адрозніваюцца і своеасаблівай катэгорыяй знаходак — абломкі касцей жывёл з нанесенымі на іх рунічнымі надпісамі, знакамі і малюнкамі.
    Што датычыцца сацыяльнага аблічча Рацюнкаў, то, мяркуючы па плошчы і характару знаходак, гэта быў невялікі феадальны двор, відаць, залежны ад Маскавічаў. Магчыма існаванне іншых феадальных двароў, але паколькі звычайна яны абносіліся толькі адным драўляным тынам, то вывучаць іх даволі цяжка. Выказваць меркаванні наконт сацыяльнага аблічча гарадзішча Пруднікі і падрабязней гаварыць аб Дрысвятах пакуль што не ўяўляецца магчымым.
    Застаецца адкрытым пытанне пра час і абставіны ўваходжання Браслаўскага Паазер’я ў склад Вялікага княства Літоўскага. Сведчанні пісьмовых крыніц адрывачныя. Лічыцца, што заходнія землі Русі пачалі трапляць у сферу палітычнага ўплыву Літвы ў першай чвэрці XIII ст. Крыніцы паведамляюць аб паходах літоўцаў на полацкія землі ў 1183, 1203, 1216, 1225 гг.71
    Вывучаемы рэгіён знаходзіўся непасрэдна на мяжы з Літвой, а таксама з уладаннямі пазнейшага Лівонскага ордэна. Таму Полацкая зямля, паслйбленая міжусобіцамі, ішла на некаторыя кампрамісы. Яшчэ ў канцы XII ст., як сведчыць Генрых Латвійскі, свяшчэннік Мейнард
    атрымаў ад «караля» Уладзіміра дазвол прапаведаваць хрысціянства сярод ліваў, якія плацілі даніну Полацку 72.
    Вядома, што ў 1212 г. полацкі князь Уладзімір, каб процістаяць літоўцам, вымушаны быў заключыць пагадненне з крыжаносцамі, а ў 1216 г. палачане сумесна з літоўцамі збіраліся ў паход на Рыгу. Але раптоўна памёр Уладзімір, і паход не адбыўся. Кукенойс і Герсіке поўнасцю трапілі пад уладу нямецкіх феадалаў. У такіх абставінах полацкае баярства пайшло на пагадненне і збліжэнне з літоўцамі. У 50-х гадах XIII ст. у Полацку стаў княжыць пляменнік Міндоўга — Таўцівіл, які прыняў праваслаўе, што сведчыць аб яго залежным ад палачан статусе. Потым уладарыў літоўскі князь Эрдзень (Гердзень), але, нягледзячы на гэта, полацкае веча заставалася самастойным 7 , а Полацкая зямля нават у складзе Вялікага княства Літоўскага захоўвала сваю аўтаномію.
    3 булы, дадзенай крыжаносцам папай рымскім Інакенціем IV у 1254 г. і пацверджанай у 1264 г. папай Урбанам IV, вядома, што рускі князь Канстанцін падараваў нямецкаму Ордэну ў сваім княстве некаторыя землі, крэпасці і вёскі . Аб тым, якія канкрэтна гэта былі землі, круніцы нічога не паведамляюць.	'
    У XIV ст. крыжаносцы ўсё часцей урываліся ў Полацкую зямлю. Крыніцы паведамляюць аб паходах нямецкіх рыцараў у 1324, 1333, 1334, 1343, 1374, 1375, 1377 гг. пад прыкрыццём ідэі пашырэння каталіцызму.
    У сувязі з такімі падзеямі, адлюстраванымі ў летапісах, варта нагадаць маскавіцкі малюнак на косці. На ім злева паказана лодка, у якой два чалавекі з разведзенымі ў бакі рукамі, справа — натоўп людзей, Паміж натоўпам і лодкай знаходзіцца крыж. Як адзначалася, сюжэтам гэтага малюнка з’яўляецца сустрэча ці провады мясцовымі жыхарамі людзей, якія прыплылі на караблі. Мяркуючы па малюнку, людзі на беразе настроены ваяўніча. Адным з варыянтаў расшыфроўкі сюжэта можа быць выгнанне мясцовымі жыхарамі прышэльцаў і выратаванне тых пры дапамозе «знака крыжа». Падобныя падзеі апісаны ў «Сазе аб Алаве Тругвасане», у апавяданні аб высадцы Алава з дружынай у Даніі, нападзе мясцовых жыхароў на яго і выратаванне пры дапамозе знака крыжа 75. Знак крыжа ўпамянуты таксама ў хроніцы Генрыха Латвійскага ў апавяданні аб паходзе оыжскага епіскапа ў 1220 г. супраць вераадступнікаў у Мезіатэ і г. д.
    Потым перыяды агрэсіўных выступленняў змяніліся часамі «мірных адносін», калі рабіліся спробы ўмацаваць свае пазіцыі шляхам дыпламатычных перагавораў 77. Напрыклад, па дагавору 1338 г. паміж Полацкам і Ордэнам прадугледжвалася недатыкальнасць полацкіх зямель і ўрэгуляванне гандлёвых адносін 78. У канцы XIV ст. у Полацку правіў Андрэй Альгердавіч, які прыняў тытул вялікага князя, а потым горадам сталі правіць намеснікі князя Вітаўта. 3 гэтага часу Полацк губляе аўтаномію 79.
    Л. В. Аляксееў на падставе пісьмовых і археалагічных крыніц прыйшоў да высновы, што Браслаў увайшоў у склад Літоўскага княства ў канцы XIII ст. і жыццё на Браслаўскім гарадзішчы працягвалася да XV ст. Сярод знаходак XIV ст. тут вылучаюцца літоўскія дынарыі («кейстутоўкі») 80. У «Спісак рускіх гарадоў» у канцы XIV ст. Браслаў не трапіў. Паселішчы на гарадзішчах у Маскавічах і Рацюнках перасталі існаваць у канцы XIII — XIV стст. Гэта хутчэй за ўсё трэба адносіць да часу ўключэння Браслаўскага Паазер’я ў склад Вялікага княства Літоўскага.
    ЗАКЛЮЧЭННЕ
    Аналіз курганных старажытнасцей на тэрыторыі беларускалітоўска-латышскага сумежжа паказвае, што рассяленне крывічоў тут пачалося не раней VII —VIII стст. Гэта былі носьбіты культуры доўгіх курганоў.
    Храналагічна вылучаюцца курганы VII (VIII) — IX стст.; X — пачатку XI ст.; XI—XII стст. Паміж курганамі з крэмацыяй і інгумацыяй назіраецца эвалюцыйная сувязь. Сярод асаблівасцей пахавальных помнікаў трэба адзначыць прыземістую форму гаршкоў, вялікую колькасць нажоў, наяўнасць у пахаваннях з інгумацыяй ляпнога посуду, ранняе (XI ст.) з’яўленне пахаванняў па абраду трупапалажэння у падкурганных ямах. Вылучаюцца 4 групы пахавальных помнікаў з характэрнымі для кожнай з іх лакальнымі адрозненнямі: дзісенская, браслаўска-міёрская, асвейская і богінская. Па абраду пахаванняў і характару знаходак найбольш блізкія паміж сабой дзісенская і богінская. У той жа час кожная курганная група, нягледзячы на агульныя рысы, мае свае асаблівасці, што сведчыць аб складанай этнічнай структуры рэгіёна. Гэта з’яўляецца вынікам характару засялення славянамі Сярэдняга Падзвіння.
    Асноўны прыток славянскага насельніцтва прыходзіцца на XI— XII стст. Крывіцкае рассяленне замацавана за Полацкам узвядзеннем крэпасцей у Браславе, Маскавічах, Дрысвятах, Рацюнках. Умовы геаграфічнай блізкасці гарадзішчаў і адначасовае ўздзеянне на іх магутных умацаванняў дазваляюць гаварыць аб мерах, якія прымаліся полацкімі князямі для аховы паўночна-заходніх рубяжоў княства. Узвядзенне ўмацаваных паселішчаў і наяўнасць там ваенных гарнізонаў былі выкліканы пагрозай з боку Літвы, а потым і Лівоніі. Першапачаткова ўмацаваныя пункты выконвалі ролю фарпостаў крывіцкай каланізацыі і адміністрацыйных цэнтраў. 3 цягам часу на іх была ўскладзена роля абарончых пунктаў. Тут жа існавалі і двары феадалаў. Сацыяльная роля паселішчаў не была аднолькавай. Браслаў, а магчыма, і Дрысвяты маглі быць гарадамі, а Маскавічы і Рацюнкі спалучалі функцыі парубежнай крэпасці і феадальнай сядзібы. Некаторыя з гэтых пунктаў маглі быць цэнтрамі вотчын. Парубежныя пункты насяляліся выхадцамі з усходнеславянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх зямель (крывічы, вяцічы, наўгародцы, земгалы, латгалы, лівы і г. д.). Жыхары займаліся сельскай гаспадаркай, рамёствамі, гандлем, промысламі. Па археалагічных знаходках прасочваецца сацыяльная дыферэнцыяцыя насельніцтва.