Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.
Людміла Дучыц
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 120с.
Мінск 1991
Пытанне аб парубежнай зоне закраналі ў сваіх работах Я. Ф. Карскі 26 А. Хедэман 27, A. В. Куза 28, В. Уртанс 29, Г. А. Хабургаеў 30, Ц. Штэрн 3 і іншыя даследчыкі. '
Рыса старажытнай этнічнай парубежнай зоны, па даных усіх указаных аўтараў, адпавядае ў асноўным сучаснай граніцы Беларусі з Латвіяй і Літвой. У першым раздзеле адзначалася, што пахавальныя помнікі пацвярджаюць такую карціну. Заселеныя крывічамі раёны ў XI—XII стст. былі замацаваны за Полацкам лініяй абарончых пунктаў, у ліку якіх Браслаў, Маскавічы, Рацюнкі, Дрысвяты. На гэтых гарадзішчах дамініруе славянскі матэрыял. Адначасовае ўзвядзенне такіх пунктаў з’явілася хутчэй за ўсё вынікам свядомага планавання абарончай лініі. У гэты час Полацкая зямля амаль абасобілася, і яе даўнія суседскія сувязі з прыбалтыйскімі плямёнамі пачалі перарастаць у спробы падпарадкавання гэтых плямёнаў уладзе Полацка. Тады ж узнікла і небяспека з боку Літвы, дзе пачалася кансалідацыя балцкіх плямёнаў улітоўскую народнасць 32. Летапісы (хроніка Быхаўца, хроніка М. Стрыйкоўскага) сведчаць аб паходзе літоўскага князя Кернуса і яго брата Гімбута да Браслава ў 1065 г. Неаднаразова ўпамінаецца ў літаратуры паход літоўцаў праз Дзвіну на пскоўскія землі ў 1183 г.33 Менавіта гэтым і тлумачыцца неабходнасць магутных умацаванняў на ўскраіне княства.
Але ўжода сярэдзіны ХШ ст. адносіны з літоўскімі плямёнамі, напэўна, былі ўрэгуляваны, таму што Генрых Латвійскі паведамляе, што ў 1248 г. магістр Эрнэст пабудаваў крэпасць Дынабург каля руска-літоўскай граніцы 34. Дынабург (сучасны Даўгаўпілс) знаходзіцца ў 45 км ад Браслава, 86
адкуль вынікае, што Браслаў у той час яшчэ належаў Полацкаму княству. Археалагічныя раскопкі на гарадзішчах Усходняй Латвіі паказваюць, што ў пачатку II тысячагоддзя там таксама ўзводзіцца шэраг умацаванняў — Дзігная, Асатэ, Аўцінэ, Цэсвайнэ, Аленэ, Цэрдэнэ і інш. У літаратуры ўказваюцца і ўмацаваныя паселішчы на тэрыторыі Літвы, напрыклад замак Мажулоніс, які процістаяў Браславу і Дрысвятам. Яго зруйнаванне звязваецца з паходамі палачан у 1180 г. ці ў 1201 —1202 гг.3
Парубежныя пункты, якія мелі магутныя ўмацаванні, былі размешчаны на вялікай адлегласці адзін ад другога, таму можна меркаваць, што паміж імі, магчыма, існавалі і іншыя, менш значныя. Трэба пагадзіцца з думкай Л. В. Аляксеева, які лічыць, што князем Брачыславам маглі быць заснаваны акрамя Браслава іншыя паселішчы з сугучнымі назвамі37. Да такіх паселішчаў, напрыклад, можна аднесці гарадзішча каля в. Браслава (сучасны Краслаўскі раён Латвійскай ССР) 38.
Аб пагранічнай зоне, пэўна, сведчыць і назва в. Рубеж каля Браслава. Тапонім Рубеж азначае паселішча каля рубяжа, граніцы ўладанняў 39. Г. Лаўмянскі, абапіраючыся на Рускую Праўду і Наўгародскі летапіс, паказаў, што тапонімы Рубеж існавалі ўжо ў XI ст. У «Гістарычным атласе» Н. I. Паўлішчава 4' на поўнач ад Браслава на карце, якая паказвала Русь у 1054 г., адзначаны пункт Рубеж. Есць падставы звязваць гэты пункт з гарадзішчам Маскавічы. У выданні «Slownik Geograficzny krolewstwa Polskiego i innych krajow slowianskich» (1888. T. 9. S. 877) y Браслаўскім Паазер’і адзначаны яшчэ шэраг пунктаў з назвамі Рубеж. Гэта паселішча на Заходняй Дзвіне, уніз па цячэнню, у 51 км ад г. Дзісны, в. Рубеж на тэрыторыі Усходняй Латвіі і в. Рубеж у былым Новааляксандраўскім павеце. Згадваецца таксама ручай Рубеж, які ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, некалькі ніжэй Друі.
Лінію парубежжа падкрэсліваюць тапанімічныя назвы з балцкімі канчаткамі на -ішкі, -ані, -аны. У Верхнядзвінскім раёне такіх назваў не зафіксавана, у Міёрскім адзначаны толькі дзве — Алексішкі і Камарышкі. У заходняй жа частцы Браслаўскага раёна назвы з указанымі канчаткамі пераважаюць 42.
Е. Ахманьскі, аналізуючы публікацыі па тапаніміцы, падкрэслівае, што назвы на -ішкі праходзяць па лініі паміж Дзвіной і Дзісной і, агінаючы Браслаў з захаду, цягнуцца над азёрамі Снуды і Струста, далей да Дрысвятаў, мінаючы з захаду Іоды, і ад воз. Богінскага на поўдзень уздоўж р. Дрысвяты да р. Дзісны на ўзроўні Каз’ян і г. д.43
Такая ж змешаная этнічная зона адзначаецца і мовазнаўцамі, якія займаюцца старажытнымі балта-славянскімі сувязямі. Гэтаму пытанню прысвечаны працы А. Біленштэйна 44, Е. Блезе 45, К. Бугі46, Я. Эндзэліна 47, 3. Зінкявічуса і Р. Гаўчаса48, а таксама шэрагу іншых даследчыкаў 49.
Выкладзеныя факты дазваляюць заключыць, што сучаснае беларуска-літоўска-латышскае сумежжа ў канцы I — пачатку II тысячагоддзя з’яўлялася граніцай Полацкага княства з прыдаўгаўскімі княствамі, а таксама з літоўскай зямлёй 50.
2. БРАСЛАЎСКАЕ ПААЗЕРЕ НАПЯРЭДАДНІ УВЛХОДЖАННЯ У СКЛАД ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОУСКАГА
Цяпер на ўсёй тэрыторыі Старажытнай Русі вядома паўтары тысячы гарадзішчаў. Гэта дало магчымасць распрацаваць шкалу сацыяльна-эканамічных адзнак умацаваных паселішчаў, зрабіць вывад
аб іх шматфункцыянальнасці і аб тым, што ў сваім развіцці звычайна паселішчы пераходзілі з адной катэгорыі ў другую. Але па-ранейшаму вывучэнне сацыяльнай тыпалогіі старажытнарускіх умацаваных паселішчаў застаецца адной з актуальных задач 5і. Асабліва гэта важна для вывучэння гісторыі ўскраінных рэгіёнаў Русі, у прыватнасці літоўскакрывіцкага сумежжа 52.
XI — XII стст. былі часам распаўсюджвання феадалізму, калі фарміраваліся і ўмацоўваліся вотчыны. Магчыма, шэсць сыноў Усяслава Полацкага яшчэ пры жыцці бацькі былі надзелены землямі і гарадамі. Да сярэдзіны XII ст. Полацкую зямлю падзялілі нашчадкі Усяславага роду, а да канца стагоддзя дзесяць праўнукаў Усяслава вядомы як уладальнікі дробных княстваў. Яны імкнуліся пашырыць свае ўладанні за кошт суседніх літоўскіх зямель, але безвынікова .
Даследаваны рэгіён размешчаны на граніцы з усходнепрыбалтыйскімі народамі, і ў канцы I — пачатку II тысячагоддзя, як адзначалася, тут адбывалася афармленне паўночна-заходняга рубяжа Полацкага княства. Адначасовае ўзвядзенне ўмацаванняў мела мэтай замацаваць за Полацкам заселеныя крывічамі землі і было хутчэй за ўсё вынікам мэтанакіраваных дзеянняў полацкай адміністрацыі.
Археалагічныя даныя сведчаць, што амаль на ўсіх апісаных гарадзішчах жыццё існавала і да ўзвядзення магутных умацаванняў. Таму можна меркаваць аб тым, што ў часы рассялення крывічоў маглі існаваць пасёлкі-станы (пагосты), якія выконвалі ролю полацкіх фарпостаў і пунктаў збору даніны. Хутчэй за ўсё такія пункты былі ў Браславе і Маскавічах. Такі фарпост мог быць і на гарадзішчы Гарадзец на р. Мнюце, дзе ў выніку раскопак знойдзены рэчы VIII — IX стст.54
A. Р. Мітрафанаў, які вывучаў гарадзішча Свіла I (Глыбоцкі раён), прыйшоў да высновы, што ў канцы I тысячагоддзя на гэтым месцы быў апорны пункт славян 55. Як фарпост Полацкага княства, магчыма, узнікла і паселішча каля в. Межава (Расонскі раён). Тут Г. В. Штыхавым знойдзены ляпны посуд VI — IX стст. і кругавы — X — XIV стст.56 Да фарпостаў Е. Ахманьскі адносіць Пагост (Міёрскі раён) і падкрэслівае, што сама назва сведчыць аб сувязі з фінансавай сістэмай Кіеўскай Русі 57. У Міёрскім раёне існуе в. Новы Пагост і ў 7 км ад яе в. Стары Пагост. Культурнага слоя ў гэтых месцах пакуль што не выяўлена, але каля в. Стары Пагост яшчэ ў XIX ст. быў знойдзены скарб арабскіх манет. Па меркаваннях вучоных, там таксама магло існаваць паселішча IX — X стст.
Трэба адзначыць, што на Браслаўшчыне ў курганных групах, дзе па абраду трупаспалення хавала нябожчыкаў балта-славянскае насельніцтва, знойдзены мужчынскія пахаванні па абраду трупапалажэння са зброяй (Вусце, Рацкі Бор). Гэта хутчэй за ўсё пахаванні прадстаўнікоў полацкай адміністрацыі, якая збірала даніну з падуласнага насельніцтва. Прадукты даніны першапачаткова маглі паступаць у Полацк, але з ростам фарпостаў яны сталі асядаць на месцах і служылі развіццю рамяства і гандлю. Узвядзенне ўмацаванняў ператварыла станы (пагосты) у ваенна-вартавыя крэпасці і адміністрацыйныя цэнтры, дзе знаходзіліся і двары феадалаў. Былі ўзмоцнены ваенныя гарнізоны, і гэтыя пункты мэтанакіравана пачалі засяляцца грамадзянскім насельніцтвам. Прычым засяленне праводзілася ў асноўным за кошт выхадцаў з іншых зямель, а не ваколіц. Рознаэтнічнасць маскавіцкага насельніцтва добра прасочваецца на археалагічным матэрыяле, у асноўным на
ўпрыгожаннях. Падобная сітуацыя назіраецца ў іншых пагранічных раёнах Старажытнай Русі 59.
Умацаваныя паселішчы Браслаўскага Паазер’я, якія ўзнікалі адначасова, першапачаткова выконвалі адну і тую ж ролю, але з цягам часу ў сацыяльным плане станавіліся неаднароднымі. 3 усіх умацаваных пунктаў у пісьмовых крыніцах упамінаецца толькі Браслаў. У «Гістарычным атласе», складзеным П. Н. Паўлішчавым (1845 ці 1873 гг.), як адзначалася, на карце «Русь у 1054 годзе» на поўнач ад Браслава паказаны пункт Рубеж. Гэты пункт лакалізуецца менавіта на месцы гарадзішча Маскавічы. На карысць такога атаясамлівання сведчаць наступныя факты. Па-першае, паміж Браславам і Заходняй Дзвіной няма іншых гарадзішчаў са старажытнарускім слоем, а, па-другое, паблізу Маскавічаў у цяперашні час існуе в. Рубеж. Такое меркаванне аб назве старажытнага паселішча каля Маскавічаў з’яўляецца даволі пераканаўчым. Аднак не выключаны і яшчэ два варыянты. Хутары, якія ёсць у ваколіцах Маскавіцкага гарадзішча, з’яўляюцца рэшткамі в. Рацішы (Рацюны). Як згадвалася, Ф. В. Пакроўскім Маскавіцкае гарадзішча было прывязана да гэтай вёскі. Зараз у 2 км на поўдзень ад Маскавічаў знаходзіцца в. Рацюнкі, дзе таксама маецца гарадзішча са старажытнарускім слоем. Мяркуючы па даных раскопак, гарадзішчы былі цесна звязаны паміж сабой. Хутчэй за ўсё гарадзішча ў Рацюнках з’яўляецца рэшткамі двара дружынніка. Аб гэтым дазваляюць меркаваць і даныя тапанімікі — назвы Рацюны і Рацюнкі. Магчымы два варыянты паходжання назваў Рацішы (Рацюны і Рацюнкі). На думку В. А. Жучкевіча, такія назвы паходзяць ад старажытнарускага слова «раць» 60. Хутчэй за ўсё парубежныя замкі былі залежнымі ад Полацка. Вядома, што ў час войнаў Полацк патрабаваў ад залежных зямель дапамогі ратнымі сіламі 61.
Магчымы варыянт узнікнення назваў ад уласных імёнаў. Вядомы старажытнарускія імёны Рацынын62 і Рацьша63. Часта бывала, што замкі атрымлівалі назвы ад імёнаў сваіх заснавальнікаў ці ўладальнікаў, напрыклад Браслаў, Барысаў, Ізяслаўль і г. д. Так магло адбыцца і ў дадзеным выпадку.