• Газеты, часопісы і г.д.
  • Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.  Людміла Дучыц

    Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.

    Людміла Дучыц

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 120с.
    Мінск 1991
    39.53 МБ
    Паселішчы ў Браславе, Дрысвятах, Маскавічах і Рацюнках хутчэй за ўсё выконвалі ролю парубежных пунктаў. Фарміраванне падобных пунктаў, якія ўзніклі на землях, што асвойваліся славянамі, праходзіла за кошт выхадцаў з розных плямёнаў (рыс. 37). Яшчэ князь Уладзімір перасяляў у парубежныя крэпасці «лепшых мужоў» з розных, часта аддаленых зямель. Гэтым ён дамагаўся дасягнуць двух мэт: умацаваць граніцы і ліквідаваць мясцовую племянную арыстакратыю. Узрастанне моцы паселішчаў вяло да таго, што ў іх сцякалася насельніцтва акругі, якое наймалася на службу. Грунтуючыся на даследаваннях П. П. Талочкі, можна адзначыць, што на 1 га плошчы ў вялікіх гарадах пражывала каля 130 — 140 чалавек, а ў малых магчыма і больш .
    Браслаўскага р-на); б, в, г — дзявочыя касцюмы (гарадзішча Маскавічы Браслаўскага е — мужчынскі касцюм (в. Кублішчына Міёрскага р-на)
    Этнічнымі індыкатарамі служаць упрыгожанні. Звычайна у гарадах, заселеных толькі славянамі, знаходзяць упрыгожанні, характэрныя для аднаго племя ці саюза сваяцкіх плямёнаў. На землях жа, якія асвойваліся славянамі, знаходзяць розныя па племянной прыналежнасці ўпрыгожанні3. Мяркуючы па ўпрыгожаннях, у дадзеным выпадку ва ўмацаваных паселішчах сяліліся выхадцы з усходнеславянскіх, фінаугорскіх і ўсходнепрыбалтыйскіх зямель.
    Крытэрыі для вывучэння этнічных элементаў касцюма добра распрацаваны ў археалагічнай літаратуры. Зыходзячы з іх, можна вызначыць, што на даследаваных гарадзішчах сярод знаходак значнае месца займаюць усходнеславянскія ўпрыгожанні. Гэта шыракарогія лунніцы, пласцінчатыя падвескі-конікі, розныя манетападобныя падвескі, пласцінчатыя бранзалеты з геаметрычным арнаментам, бранзалеты, вітыя з дроту, лістападобныя падвескі, скроневыя кольцы, шкляныя бранзалеты, пярсцёнкі і пацеркі.
    Есць падставы меркаваць аб пражыванні ў Маскавічах выхадцаў з вяцкіх зямель. Аб гэтым сведчаць характэрныя для вяцічаў шырокасярэдзінныя рашотчатыя пярсцёнкі (рыс. 33, 7), плецены бранзалет са шклянымі ўстаўкамі на канцах, плеценыя бранзалеты з петлепадобнымі канцамі (рыс. 33, /5, 20), фрагменты вяцкага скроневага кальца (рыс. 35, 16) і медная пацерка з напаянымі кольцамі (рыс. 30, 12). Акрамя таго, арнамент тупаканечных пласцінчатых бранзалетаў знаходзіць аналогіі пераважна сярод вяцкіх старажытнасцей. Цікава, што два вяцкія скроневыя кальцы знойдзены ў Полацку4.
    Аб наяўнасці ў Маскавічах фіна-угорскага насельніцтва сведчыць полая білонавая падвеска-конік, характэрная для наўгародскай зямлі. Прысутнасць фіна-угорскага насельніцтва прасочваецца па знаходках у выглядзе вадаплаваючых птушак, фігурных ланцугатрымальнікаў, бронзавых цылінд-рычных пацерак, нагрудных двухзвённых ланцужкоў, бранзалетаў і пярсцёнкаў, якія імітуюць косапляцёнку (рыс. 33, 10). Чарапахападобная фібула з ліліяпадобным арнаментам і з адным завостраным канцом (рыс. 34, 1) характэрная для літоўскага насельніцтва. Да ўсходнепрыбалтыйскіх упрыгожанняў ці ўпрыгожанняў, выкананых па іх узорах, адносяцца звярынагаловыя бранзалеты, розныя падковападобныя фібулы, круглыя фібулы з выпукла-ўвагнутым сячэннем, вітыя шыйныя грыўні, трапецападобныя падвескі, спіральныя пранізкі. Прыбалтыйскі ўплыў прасочваецца і на бурштынавых пацерках. Сярод усходнепрыбалтыйскіх упрыгожанняў падковападобныя фібулы з патоўшчанымі канцамі і круглыя пласцінчатыя фібулы з выпукла-ўвагнутым сячэннем лічацца літоўскімі старажытнасцямі, падковападобныя фібулы са спіралепадобнымі канцамі — латгальскімі, з сегментападобнымі канцамі — земгальскімі і г. д.
    Некалькі ўпрыгожанняў, знойдзеных у Маскавічах, атаясамліваюцца са скандынаўскімі вырабамі. Гэта раўнаплечая фібула (рыс. 34,7), падвеска-ланцугатрымальнік са спіралепадобнымі кругамі (рыс. 30, 20) і падвеска ў выглядзе вадаплаваючай птушкі (рыс. 30, 3). Аб прысутнасці скандынаваў у Маскавічах дазваляюць меркаваць знаходкі абломкаў касцей жывёл з нанесенымі на іх рунічнымі надпісамі і знакамі. Надпісы на касцях жывёл маглі быць пакінуты славянізаванымі нашчадкамі выхадцаў са Скандынавіі, воінамі-наёмнікамі, купцамі або скандынавамі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіі крыжакоў. Цікавым з’яўляецца наступны факт. У «Сазе аб хрышчэнні», якую прынята лічыць напісанай у другой
    палове XIII ст., гаворыцца: «...Я прыйшоў туды, дзе Торвальду, сыну Кадрана, Хрыстос даў упакаенне: там ён пахаваны ў высокай гары ўверх па цячэнню Дроўна, каля царквы йаана...» Т. М. Джаксан у якасці магчымай лакалізацыі Дроўна называе ваколіцы Браслава, дзе сканцэнтраваны некалькі падобных гідронімаў — азёры Дрывяты, Дрысвяты, Дзерба, р. Друйка, і падкрэслівае магчымасць пахавання паблізу Маскавічаў ісландскага місіянера, які вяртаўся на радзіму па «ўсходняму шляху» .
    На гарадзішчы Пруднікі знойдзена касцяная праколка з зааморфнай галоўкай (X — XI стст.). Падобныя знаходкі вядомы ў Кіеве, Гняздове, Шаставіцах і ў Яраслаўскім Паволжы, менавіта ў тых месцах, якія звязаны з прысутнасцю скандынаваў 6.
    2.	ДУХОУНАЯ КУЛЬТУРА. ПОМНІКІ ЭПІГРАФІКІ
    Духоўныя бакі жыццядзейнасці людзей часткова матэрыялізуюцца ў рэчах. Размежаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове форм аб’ектывізацыі дзейнасці людзей давслі ўмоўнае, таму што многія прадукты чалавечай працы з’яўляюцца адначасова вынікам як духоўнай, так і фізічнай працы. Таму на падставе археалагічнага матэрыялу ёсць магчымасць у нейкай ступені ўявіць духоўную культуру.
    Ужо ў першыя стагоддзі існавання Кіеўскай Русі выявілася розніца паміж вёскай і горадам у аспекце культуры, якая асабліва ўзрасла пасля прыняцця хрысціянства. Сам факт прыняцця хрысціянства і абмежаванне яго першапачатковай зоны гарадамі былі вынікам і паказчыкам складання дзвюх культур7.
    Заснаванне Полацкай епархіі даследчыкі адносяць да часу Уладзіміра Святаслававіча і яго сына Усяслава. Епіскапская кафедра з царквой і дзявочым кляштарам у Полацку ўпершыню згадваецца ў 1105 г. Вядомы імёны полацкіх епіскапаў — Міна, Лука, Ілля 8. Археалагічныя знаходкі і пісьмовыя крыніцы сведчаць аб тым, што ўжо ў X — XII стст. на тэрыторыі Усходняй Латвіі пачало распаўсюджвацца праваслаўе9. Але, з другога боку, вядома, што некаторыя язычніцкія свяцілішчы існавалі яшчэ ў XI — сярэдзіне XIII ст.‘° П. М. Бранцаў, спасылаючыся на храністаў, адзначае, што Адам Брэменскі ў адным са сваіх сачыненняў пісаў: «...Калі рускія былі язычнікамі, часта ездзілі да літоўцаў пакланяцца іх божышчам...» Далей аўтар паведамляе, што тое ж самае гаворыцца ў Іакімаўскім летапісе: «...Храмы і жрацы земіголы знаходзіліся ў глыбокай павазе ў рускіх славян»..." А як вядома, землі земіголы знаходзіліся паблізу даследаванай тэрыторыі. Варта адзначыць, што на адным з астравоў воз. Богінскага каменны ідал прастаяў да пачатку XX ст. Гэта была статуя ў палову чалавечага росту, са складзенымі на грудзях рукамі і адбітай галавой. Мясцовае насельніцтва называла ідала «стодам» ‘2. Гэтыя даныя гавораць аб доўгім бытаванні язычніцкіх вераванняў.
    Многія са знойдзеных пры раскопках рэчаў сведчаць аб язычніцкіх вераваннях і абрадах. Так, знаходкі ў Маскавічах чатырох каменных свідраваных сякер дазваляюць меркаваць аб веры ў «перуновыя стрэлы». Пры прарэзцы схілу на Маскавіцкім гарадзішчы знойдзены вапнавы камень, па велічыні і форме падобны на курынае яйка. Уся паверхня знаходкі распісана геаметрычнымі фігурамі, якія хутчэй за ўсё мелі магічнае значэнне (рыс. 25), таму што яйка ва ўсіх народаў лічыцца сімвалам здароўя і ўрадлівасці. У Старажытнай Русі, як вядома, шырока бытавалі арнаментаваныя пісанкі. У літаратуры выказваліся думкі, што знакі-клеймы на днішчах посуду насілі культавы характар. Яны адлюст-
    роўвалі абогатварэнне і шанаванне неба, а таксама нябесных свяцілаў і з’яўляліся магічнымі знакамі агню пры абпале 13. У Кіеўскай Русі разнастайныя падвескі, якія насілі часам па некалькі штук, выконвалі ролю не толькі ўпрыгожанняў, але і абярэгаў. Напрыклад, бурштынавыя падвескі і пацеркі лічыліся амулетамі, што ахоўваюць ад дурнога вока *4. Ракавіны кауры вядомы не толькі як грашовыя адзінкі, але і як культавыя рэчы. Найбольшы іх наплыў у суседнюю Латвію, асабліва ў мясцовасці, населеныя латгаламі, назіраецца ў XII — XIII стст. У Нукшынскім могільніку (Усходняя Латвія) ракавіны кауры знойдзены ў пахаваннях пажылых жанчын '5. Шматлікія бразготкі мелі рытуальнае значэнне. Яны, згодна з вераваннямі, лічыліся эмблемай бога-грамавержца, які ахоўваў людзей ад злых духаў і праганяў ад іх нячыстую сілу.
    Формай светаўспрымання ў славян з’яўляўся культ прыроды. Падвескі-лунніцы сімвалізавалі месяц, плоскія стылізаваныя канькі і полыя шумячыя падвескі-конікі з’яўляліся ўвасабленнем дабра, шчасця і ўрадлівасці. Са старажытных часоў конь быў уведзены ў славянскую аграрна-магічную абраднасць і звязваўся з сонцам. Як сімвалы сонца вядомы і падвескі з крыжам у крузе. Бранзалеты са стылізаванымі зааморфнымі галоўкамі былі звязаны з культам змяі. Шматлікія пласцінчатыя бранзалеты з разнастайным геаметрычным арнаментам, які меў не толькі эстэтычны, але і засцерагальны характар. Хвалісты ўзор, а таксама перапляценне драцінак увасаблялі сімвалы вады. Насілі таксама амулеты з клыкоў і касцей жывёл. У Маскавічах, па вызначэнню В. В. Шчагловай, былі амулеты з астрагалаў зайца, лісіцы, каня., Шмат знаходак крыжыкаў-цельнікаў. За выключэннем адной знаходкі ў кургане, усе яны знойдзены на гарадзішчах. Крыжыкі зроблены з медзі, бронзы, волава, іііыферу, бурштыну. На думку даследчыкаў, толькі частка з іх звязана з хрысціянствам, асноўная ж маса была паганскімі сімваламі і бытавала задоўга да прыняцця хрысціянства |6. 3 хрысціянствам звязаны манетападобны медальён з выявай Аранты, знойдзены на гарадзішчы Пруднікі 17, а таксама чатыры апісаныя крыжы-энкалпіёны і тры лампадкі з Маскавічаў.
    У асэнсаванні духоўнай культуры вялікую ролю адыгрывае рэканструкцыя пахавальнага абраду. У язычнікаў пераход у іншы свет не дапускае змен у стане памёршага, а ў хрысціян нябожчык трапляе ў рай або пекла. Нягледзячы на распаўсюджванне хрысціянства, сельскае насельніцтва яшчэ многія стагоддзі прытрымлівалася язычніцкага пахавальнага абраду. У адпаведнасці з язычніцкімі вераваннямі, хаваючы нябожчыка ў святочным адзенні, забяспечвалі яго ўсім неабходным — прыладамі працы, ежай, зброяй. Часта перад засыпаннем магілы ў яе кідалі каштоўныя рэчы — дар нябожчыку. Так, напрыклад, у адным з курганоў паблізу в. Шо каля ног жаночага шкілета знойдзены бранзалет, віты з двух драцінак 18 Падобнае зафіксавана і ў Уклі, дзе таксама ў жаночым пахаванні каля ног побач з гаршком ляжаў зааморфны арнаментаваны бранзалет. У чарневіцкіх курганах вядомы знаходкі ключоў. Ключы звычайна інтэрпрэтуюцца як сведкі завяршэння рытуалу замыкання нябожчыка на месцы пахавання, каб смерць не магла выйсці з магілы. Вядомы павер’і, што вострыя прылады (нажы), пакладзеныя ў магілы, адпужваюць «нячыстую сілу», а крэсівы спатрэбяцца нябожчыку для высякання агню. Знаходкі маленькіх сякерак таксама з’яўляюцца рэчамі культу.