Браслаўскае Паазер'е ў IX—XIV стст.
Людміла Дучыц
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 120с.
Мінск 1991
алавяныя (даўжыня 50 мм). Да алавяных блешняў прыпаяны жалезныя кручкі. Рыбалоўныя кручкі па форме нагадваюць сучасныя. У сячэнні іх стрыжні квадратныя або прамавугольныя з крыху закругленымі вугламі. Агульная даўжыня кручкоў 29—73 мм. Пераважаюць кручкі даўжынёй 40—42 мм.
Пры раскопках у Маскавічах сабрана таксама вялікая колькасць іхтыялагічных рэшткаў. У выніку вывучэння каля 5 тыс. касцей і лускі, праведзенага Н. П. Александровіч, устаноўлена, што лавілі 13 відаў рыб: асятра, шчупака, ляшча, плотку, карася, язя, судака, акуня, ярша, сома, уюна, ліня і краснапёрку І0.
2. РАМЯСТВО I ГАНДАЛЬ
Рамяство. Большая частка з апісаных знаходак была выраблена на месцы. Адной з важнейшых галін вытворчасці з’яўлялася кавальская справа. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя ў Маскавічах паўфабрыкаты: два крэсівы, тры нарыхтоўкі для гарпуноў, ключ. Металургічныя шлакі знойдзены каля гарадзішчаў Маскавічы, Рацюнкі, Пруднікі. Гэта тлумачыцца тым, што звычайна сырадутныя горны па прычыне небяспекі пажару размяшчаліся за межамі ўмацаванняў. Жалеза здабывалі з балотных руд, залежы якіх маюцца паўсюдна сярод забалочаных масіваў, па лугах і поймах рэк. Ускосным пацвярджэннем наяўнасці жалезаробчага рамяства і яго базіравання на мясцовай сыравіне з’яўляюцца тапонімы і мікратапонімы — Рудаўка, Рудня, Рудыя і г. д. "
М. Ф. Гурын у выніку вывучэння кавальскага рамяства Нолацкай зямлі IX—XIII стст. прыйшоў да вываду, што яно не складала выключэння ў адносінах выкарыстання складаных тэхналагічных схем, якія ўжывалі еўрапейскія кавалі. Праведзеныя даследчыкам аналізы 258 вырабаў, знойдзеных пры раскопках аўтарам кнігі (237 рэчаў з Маскавічаў, 16 — з Рацюнкаў, 5 — з Лясной), паказалі, што пры вырабе рэчаў прымяняліся складаныя тэхналагічныя аперацыі: свабодная гарачая коўка металу са слабым і нераўнамерным навугляроджваннем; пакеціраванне, якое спалучала коўку і кавальскую зварку, тэрмаапрацоўку сталі; гарнавая пайка меддзю; цэментацыя і інш. Напрыклад, пры вырабе нажоў у Маскавічах шырока выкарыстоўвалася тэхналогія наваркі стальнога ляза на жалезную аснову рэчы. У асноўным ужываўся спосаб тарцовай наваркі. Цэментацыя прымянялася для павышэння цвёрдасці ляза сякеры. Для вырабу дрэваапрацоўчых прылад маскавіцкія кавалі выкарыстоўвалі шматслойныя нарыхтоўкі, практыкуючы таксама спалучэнне сталі з жалезам. Спосабам пакеціравання зроблены косы з Маскавічаў, а некаторыя сярпы з гэтага ж археалагічнага помніка ў выніку псеўдапакеціравання атрымалі шматслойную структуру, якую маюць і крэсівы з Маскавічаў. У адным з экземпляраў адзначаны ўзорчаты склад металу, які звараны з тонкіх стальных і жалезных палосак. Унутрыкорпусныя дэталі ў цыліндрычных навясных замках зроблены з нізкавугляродзістай сталі і жалеза, злучаны паміж сабой гарнавой пайкай. У якасці прыпою выкарыстоўвалі медзь і яе сплавы.
У Маскавічах асаблівая ўвага ўдзялялася механічнай шліфоўцы паверхні пяра наканечнікаў коп’яў. Металаграфічны аналіз аднаго з нажоў, знойдзеных у Рацюнках, паказаў, што пры яго вырабе прымянялася класічная трохпалосная пакетная схема. Бакавыя палосы па структуры неаднолькавыя. Адна з іх мае ферытную, а другая — ферытаперлітную структуру з адзнакамі палосчатасці. Зярністасць жалеза неаднародная.
Вывучэнне нажа з дапамогай мікразонда выявіла аднолькавую канцэнтрацыю прымесных хімічных элементаў ва ўсіх слаях пакета. Два нажы (лёзы) з курганоў каля Лясной былі падвергнуты металаграфічнаму аналізу. Высветлілася, што яны выраблены па трохпалоснай схеме: да цэнтральнай стальной паласы прывараны бакавыя жалезныя пласціны, якія забяспечвалі трываласць вырабу'і самазаточванне ў працэсе эксплуатацыі. Гатовыя вырабы тэрмаапрацаваны, аб чым сведчыць структура нарыхтоўкі ў сярэдняй стальной паласе12.
У Маскавічах выяўлены сляды ювелірнага рамяства. Знойдзена гліняная аднабаковая ліцейная формачка для адліўкі нацельных крыжыкаў, фрагменты каменнай ліцейнай формачкі для вырабу лістападобных падвесак, медныя пласцінкі, матрыцы для ціснення (13X13 мм) накладак са знакам свастыкі (рыс. 35, 2), кавалачкі дроту, незавершаны ланцугатрымальнік і тры жалезныя ювелірныя пінцэты. Майстрам былі вядомы такія прыёмы пры вырабе ўпрыгожанняў, як коўка, ліцце, штампоўка. He выключана, што ў Маскавічах існавала кавальска-ювелірная майстэрня, што даволі часта мела месца на падобных паселішчах13. Характар большасці апісаных упрыгожанняў паказвае, што яны разлічаны на шырокае кола спажыўцоў. Пытанне аб тым, адкуль і як маглі трапляць у Полацкую зямлю каляровыя металы, канчаткова не высветлена. Можна толькі меркаваць, што каляровыя металы маглі паступаць праз гандлёвыя гарады Заходняга Памор’я з Падунайя ці са Скандынавіі.
Драўляныя вырабы не захаваліся, але дрэва было традыцыйным відам сыравіны. 3 дрэва будаваліся хаты, абарончыя збудаванні, вырабляліся сродкі транспарту, мэбля, посуд, дрэўкі для коп’яў, стрэл і г. д. Асноўнымі прыладамі дрэваапрацоўчага рамяства былі сякеры, разцы, свярдзёлкі, скоблі, долаты. Была развіта таксама апрацоўка косці, аб чым сведчаць адходы касцярэзнай вытворчасці. Выраб з косці такіх рэчаў, як грабеньчыкі, накладкі і абойміцы для тронак нажоў, патрабаваў складаных аперацый. Напрыклад, зубы грабеньчыкаў маглі быць прарэзаны пілкай, а вочкападобны арнамент мог быць нанесены толькі маленькім жалезным двухзубцам ці трохзубцам.
Мноства разнастайных фрагментаў кругавога посуду не выклікае сумнення ў тым, што на Маскавіцкім гарадзішчы было высока развіта ганчарнае рамяство. На пасяленні ці паблізу звычайна знаходзілася ганчарная майстэрня, што пацвярджаецца знаходкамі вялікай колькасці (больш сотні) донцаў гаршчочкаў з аднолькавымі клеймамі. Гліна для вырабу посуду, несумненна, выкарыстоўвалася мясцовая. Па даных геалогіі, па ўсім басейне Заходняй Дзвіны сустракаецца гліна, разнастайная па адсартаванасці пяскамі. Стужкавая гліна размяшчалася адразу пад раслінным слоем на глыбіні 1—2 м, а магутнасць месцанараджэння вар’іравала ад 2—3 да 10—15 м. Па этнаграфічных даных, напрыклад, у Дзісне для вырабу посуду бралі гліну на абрывістых берагах Заходняй Дзвіны14. Амаль на ўсіх днішчах посуду ёсць «борцікі», што сведчыць аб выкарыстанні падсыпкі. Бакавая прыдонная паверхня апрацоўвалася ўручную, аб чым, на думку A. А. Бобрынскага, сведчаць наплывы на прыдоннай частцы15. Частка пасудзін зроблена з цеста з дамешкам пяску. На зломе большасць фрагментаў аднакаляровыя, што сведчыць аб добрым абпальванні. У Мінскім навукова-даследчым інстытуце радыематэрыялаў праведзена вызначэнне тэмпературы абпалу керамікі метадам тэхнічных выпрабаванняў (водапаглынаннем) трох узораў кругавога посуду з Маскавічаў і трох з Рацюнкаў. Устаноўлена, што абпальванне ажыццяўлялася пры тэмпературы ад 750 да 1150 °C.
Ганчарнаму рамяству спадарожнічаў і выраб дзіцячых цацак. Цацкі ў Маскавічах рабіліся з бура-карычневай і цёмна-карычневай гліны. Частка цацак выраблена з белай азёрнай гліны.
Адной з важных галін хатняй вытворчасці было ткацтва. Яго значэнне пацвярджаюць шматлікія знаходкі гліняных і шыферных праселкаў. Матэрыялам для вырабу тканін служыла пража з авечай шэрсці і льнянога валакна. Пража рабілася рознай таўшчыні, аб чым дазваляе меркаваць адрозненне ў велічыні праселкаў. У Маскавічах знойдзены маленькія фрагменты тонкіх льняных тканін, якія захаваліся паміж бронзавымі ўпрыгожаннямі. У адным з курганоў каля в. Лясная бронзавыя спіралькі былі нанізаны на шнуоок, звіты з дзесяці льняных нітак.
Гандаль. 3 апісанага вынікае, што рамяство было разлічана ў першую чаргу на мясцовыя патрэбы, але, несумненна, частка прадукцыі паступала і для навакольных паселішчаў. На прыкладзе рэчаў, знойдзеных у курганах, Б. А. Рыбакоў паказаў, што вырабы аднаго майстра звычайна мелі раён збыту ў радыусе 10—15 км. Далей пачыналася сфера ўплыву другога майстра . Знаходкі пацерак у курганах сведчаць аб удзеле насельніцтва вёскі ў менавых гандлёвых сувязях. Асабліва разнастайныя пацеркі ў раёне р. Авуты (Чарневіцкія курганы).
Праз Полацкае Падзвінне праходзілі буйныя гандлёвыя водныя і сухапутныя шляхі. 3 Заходняй Дзвіны па прытоках і волаках можна было трапіць у Днепр і р. Вялікую. Паблізу ішоў гандлёвы сухапутны Аугшэземскі шлях з Літвы ў Пскоў і Ноўгарад. Сухапутны шлях ішоў і ўздоўж Заходняй Дзвіны.
Аб удзеле ў далёкіх гандлёвых сувязях сведчаць знаходкі шкляных бранзалетаў, пярсцёнкаў і пацерак, шыферных праселкаў, сердалікавых пацерак, ракавін кауры, бурштынавых крыжыкаў, чырвонаглінянай паліўной амфаркі, бронзавых лампадак і г. д. У адным з курганоў каля в. Лісна знойдзены фрагменты каўняра з чырвонай шаўковай тканіны, вышытай залатымі ніткамі17. Знаходкі фрагментаў дарагіх шаўковых тканін вядомы таксама і на суседняй тэрыторыі Усходняй Латвіі .
Як ужо адзначалася, большасць шкляных бранзалетаў, на думку Т. С. Скрыпчанкі, у Маскавічы трапіла з Кіева, частка магла паступаць з Полацка, дзе, мяркуецца, таксама была ўласная вытворчасць бранзалетаў19.
Ракавінкі кауры, арэал знаходжання якіх абмежаваны Мальдзійскімі астравамі ў Індыйскім акіяне, маглі трапіць праз тэрыторыю Усходняй Латвіі. Даказана, што ў Латвію яны паступалі з паўночнага ўсходу, туды па Волзе і яе прытоках праз Наўгародскую зямлю, Пскоўшчыну па сістэме р. Вялікай і сухапутным шляхам у напрамку Лудзы20. 3 Латвіі на Браслаўшчыну маглі паступаць і некаторыя нацельныя крыжыкі21. Лічыцца, што большасць бурштынавых вырабаў трапляла з Прыбалтыкі. Адным са шляхоў іх пранікнення была Заходняя Дзвіна22.
Шырокія гандлёвыя сувязі пацвярджаюцца знаходкамі бронзавых гірак-разнаважак. Даследчыкамі адзначана, што такія гіркі звычайна знаходзяць на тэрыторыі, дзе абарачаліся куфічныя дырхемы і сярэбраныя зліткі. У X — пачатку XI ст. гіркі служылі для зверкі грашова-вагавых адзінак, якія меліся ў абароце. Чатыры гіркі знойдзены на Маскавіцкім гарадзішчы і чат-ыры — у кургане Даўборскай групы Опсаўскага могільніка (раскопкі Ф. В. Пакроўскага). Тры маскавіцкія гіркі (вага 38,14, 30,9 і 20,5 г) і даўборскія апісаны Ш. I. Бекцінеевым. Усе гэтыя знаходкі даследчык аднёс да першай групы па распрацаванай ім класіфікацыі. Дзве маскавіцкія гіркі выдзелены ў першую падгрупу