Браты Львінае Сэрца
Астрыд Ліндгрэн
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 111с.
Мінск 1989
— Так, і калі Катла спала тут,— пацвердзіў Джанатан.— I ніхто не ведаў пра гэта.
Мяне ажно скаланула. Я не мог уявіць нічога горшага, як сядзець зачыненым у Пячоры Катлы і бачыць дракона, які поўзае вакол цябе.
Джанатан жа думаў пра іншае.
— Яна, відаць, выбралася іншым шляхам,— сказаў ён.— I я павінен знайсці той выхад, нават калі для гэтага спатрэбіцца год.
Мы не маглі больш заставацца тут, бо Джанатан быў такі няўрымслівы. Мы накіраваліся да Пячоры Катлы. Мы ўжо маглі бачыць раку пад намі і Наджыялу па той бок яе — о, як бы мне хацелася быць там!
— Паглядзі, Джанатан,— усклікнуў я.— Вунь тое дрэва, дзе мы купаліся, вунь там, на тым баку ракі.
Але Джанатан зрабіў мне знак памаўчаць, апасаючыся, што хто-небудзь пачуе нас, бо мы былі ўжо дастаткова блізка да мэты. Гара Катлы заканчвалася крутой стромай, і пад намі былі медныя вароты ў пячору, якіх мы адсюль не бачылі.
Але мы заўважылі вартавых — трох салдат Тэнджыла. Мне дастаткова было ўбачыць іх чорныя шаломы, каб сэрца маё закалацілася.
Паўзком мы дабраліся да краю стромы, каб паглядзець на іх зверху. Калі б яны здагадаліся паглядзець угору, дык маглі б заўважыць нас, але цяжка было знайсці больш дурную варту, бо салдаты нікуды не глядзелі, а проста гулялі ў косці, ні
пра што не клапоцячыся. Хаця які вораг мог прабрацца праз медныя вароты? А раз так, то навошта іх ахоўваць?
Раптам мы ўбачылі, што вароты адчыніліся, хтосьці выйшаў з пячоры — яшчэ адзін ахоўнік. Ен вынес пустую міску з-пад ежы, паклаў яе на зямлю. Вароты за ім зачыніліся, і мы пачулі, як шчоўкнулі засаўкі.
— Ну вось, мы гэтую свінню накармілі ў апошні раз,— пачулі мы словы ахоўніка.
Астатнія ахоўнікі засмяяліся, і адзін з іх пытаецца:
Ці сказаў ты яму, што сёння асаблівы дзень — апошні дзень яго жыцця? Спадзяюся, ты нагадаў, што Катла чакае яго ўвечары, як толькі сцямнее?
— Так, я ўсё сказаў яму. I ведаеце, што ён адказаў? «Ну, нарэшце...» Потым папрасіў, каб яму дазволілі паслаць запіску ў Даліну Дзікай Ружы. I ведаеш, што ў ёй? «Орвар можа памерці, але свабода ніколі!»
— Ого,— азваўся другі вартавы.— Ен можа сказаць гэта сёння вечарам Катле і паслухаць, што яна адкажа на гэта.
Я паглядзеў на Джанатана — ён збялеў.
— Хадзем,— сказаў ён.— Нам трэба ўцякаць адсюль.
Мы адпаўзлі ад краю стромы хутка і непрыкметна, а калі апынуліся па-за полем зроку салдат, то пабеглі. Увесь зваротны шлях мы беглі без перадыху, пакуль не дабраліся да Грыма і Ф’ялара.
Мы сядзелі ў цясніне каля коней і не ведалі, што рабіць. Джанатан быў зусім разгублены. Я пакутаваў — чым яго супакоіць? Яму вельмі было шкада Орвара, разлічваў, што зможа выбавіць яго, а цяпер ён ужо не спадзяваўся на гэта.
— Орвар, друг мой, якога я ніколі не бачыў,— са смуткам загаварыў ён.— Сёння ты памрэш, а што будзе з зялёнымі далінамі Наджыялы?
Мы падсілкаваліся хлебам, якім падзяліліся з Грымам і Ф яларам. Канечне, я з задавальненнем выпіў бы некалькі глыткоў казінага малака, у нас яго яшчэ было крыху.
— He цяпер, Сухарык,— перапыніў мяне Джанатан.— Сёння, як сцямнее, я аддам табе ўсё да апошняй кроплі, але не paHeft.
Ен яшчэ доўга сядзеў нерухома.
Гэта будзе ўсё роўна што шукаць іголку ў стозе сена,— сказаў ён нарэшце,— але мы павінны паспрабаваць.
— Паспрабаваць — што? — не зразумеў я.
— Знайсці выхад, праз які выйшла Катла.
Было відаць, што і сам ён не вельмі верыў у поспех.
— Калі б у нас быў наперадзе год,— разважаў ён,— тады б мы знайшлі, а ў нас толькі адзін дзень.
Пакуль ён гэта гаварыў, адбылося штосьці дзіўнае. У вузкай цясніне, дзе мы сядзелі, расло некалькі кустоў, і з-за аднаго з іх раптам выскачыла напалоханая лісіца, прамчалася каля нас і знікла, перш чым мы разгледзелі яе.
— Адкуль, чорт бы яе ўзяў, яна магла выскачыць? — здзівіўся Джанатан.— Я павінен высветліць.
Ен знік за кустамі. Я застаўся адзін, чакаю. Джанатана так доўга не было, што я пачаў ужо непакоіцца.
— Джанатан, дзе ты? — гукнуў я, не вытрымаўшы.
I зусім рэальна пачуў адказ. Голас яго быў узбуджаны. — Як ты мяркуеш, адкуль з’явілася лісіца? 3 самой гары! Ты ўяўляеш, Сухарык, з гары Катлы! Тут ёсць невялікая пячора.
Магчыма, усё ў сагах было вядома загадзя. Магчыма, Джанатан быў названы выратавальнікам Орвара ў імя Даліны Дзікай Ружы. Магчыма, існавалі нейкія таемныя сілы ў сагах, якія накіроўвалі нас, і мы пра гэта нават не здагадваліся. Бо ў іншым выпадку як бы мог Джанатан знайсці ўваход у Пячору Катлы менавіта там, дзе мы пакінулі сваіх коней? Гэта было вельмі дзіўна, як і тое, што з усіх дамоў у Даліне Дзікай Ружы я выбраў дом Маціяса, а не які-небудзь іншы.
Джанатан знайшоў-такі выйсце, якім Катла выбралася з пячоры. 3 пячоры быў ход у глыбіню гары — не вельмі шырокі, але дастаткова прасторны, каб галодная драконіха магла па ім прапаўзці, лічыў Джанатан, калі яна прачнулася пасля тысячагадовай спячкі і высветліла, што яе звычайны шлях зачынены меднымі варотамі.
Для нас гэты праход быў дастаткова свабодны. Я ўглядаўся ў цемру. Колькі спячых драконаў можа быць там, у глыбіні? А як прачнецца каторы, калі незнарок наткнуцца ды наступіць? Вось пра што я думаў.
Я адчуў Джанатанавы рукі на сваіх плячах.
— Сухарык,— сказаў ён,— я не ведаю, што чакае нас там, у цемры, але я іду туды зараз жа.
— I я з табой,— усклікнуў я, не пазнаючы свайго голасу.
Джанатан ласкава патузаў мяне за шчаку, як ён гэта звычайна рабіў.
— Ты ўпэўнены, што табе не хочацца пачакаць мяне тут, з коньмі?
— Хіба я не казаў табе, што я пайду з табой усюды? — пакрыўдзіўся я.
— Але, ты гэта казаў,— згадзіўся Джанатан з радасцю.
— Бо я заўсёды жадаю быць з табой,— дадаў я.— Нават у падземным царстве.
Пячора Катлы і была падземным царствам. Прабірацца гэтым падземным ходам было ўсё роўна што прабірацца пеклам, гэта было як жахлівы сон, ад якога ты ніяк не можаш прачнуцца, гэта было як пераход ад сонечнага святла ў вечную ноч.
Уся Пячора Катлы была нічым іншым, як апусцелым гняздом дракона, што патыхала злавеснасцю яшчэ тых даўніх часоў. Без сумнення тысячы яек драконаў былі выведзены менавіта тут, і жорсткія драконы выпаўзалі зграямі, каб знішчаць усё на сваім шляху.
Менавіта старое гняздо дракона было самым прыдатным месцам, па задуме Тэнджыла, для турмы. Я скаланаўсй пры думцы, што адбывалася з людзьмі, якія траплялі сюды.
Здавалася, паветра напоўнена жорсткасцю, з усіх куткоў пячоры мне чуліся стогны і крыкі, поўныя слёз, тут панавалі смерць і пакуты,— усё, што бачыла Пячора Катлы за час панавання Тэнджыла. Я хацеў запытацца ў Джанатана, ці чуе ён гэтыя стогны, але наўрад ці ён чуў, таму што мне ўсё гэта, мабыць, проста ўяўлялася.
— Ну вось, Сухарык, мы з табою на такой прагулцы, якую ты ніколі не забудзеш,— парушыў маўчанне Джанатан.
I гэта была праўда. Мы павінны былі прайсці падземнымі хадамі ўсю гару, дабрацца з другога боку да самой турмы, дзе быў зняволены Орвар за меднымі варотамі. Гэта была тая самая пячора, якую людзі называлі Пячорай Катлы, бо ніякай іншай пячоры яны проста не ведалі. Мы нават не ўяўлялі сабе, ці здолеем мы дабрацца да таго падзямелля. Але ведалі, што шлях будзе вельмі доўгі — мы ўжо прайшлі яго па паверхні гары і нам будзе ў сем разоў цяжэй прарабіць гэты шлях тут, унізе, па гэтых мудрагелістых, як петлі, пераходах, асвятляючы свой шлях толькі паходнямі.
Страшна было бачыць асветленыя паходнямі сцены пячоры. Полымя выхоплівала толькі маленькую частачку той вялізнай цемры, якая акружала нас, і ўсё па-за святлом здавалася пагрозлівым. Хто ведае, думаў я, можа, у гэтых цёмных пячорах ляжаць драконы, змеі і страшыдлы і чакаюць нас. Было боязна, што мы згубім дарогу. Але Джанатан рабіў адзнакі сажай ад паходні, каб мы маглі знайсці дарогу назад.
Прагулка, жартаваў Джанатан, але гэта была зусім не прагулка. Мы прасоўваліся, пралазілі, узбіраліся ўгору, пераскоквалі, спаўзалі на выступы, стараючыся з усіх сіл, нечакана падалі — чаго толькі не было з намі ў час той прагулкі. Што за прагулка! Што за пячора! Зрэдку мы падыходзілі да вялікіх трэшчын, што ледзь маглі ўбачыць іх глыбіню, адно толькі рэха падказвала нам, якімі глыбокімі яны былі. Зрэдку нам выпадала прабірацца мясцінамі, дзе нельга было стаць у поўны рост. Тады даводзілася паўзці на жываце, як таму дракону. Калі-нікалі шлях перакрываўся падземнай рэчкай, якую трэба было пераплываць. Але горш за ўсё было тады, калі пад нагамі з’яўляліся глыбокія шчыліны. Я ледзь не праваліўся ў адну з іх. Спатыкнуўшыся, я ўпаў і выпусціў з рук паходню. Потым з жахам глядзеў, як яна падала ўніз усё далей і далей, да таго часу, пакуль не знікла, і мы засталіся ў цемры. Гэта было самай горшай і самай цёмнай цемрай у свеце. Я не асмельваўся ні варухнуцца, ні загаварыць, ні нават думаць. Стоячы так у цемры, на краі трэшчыны, я нават спрабаваў забыць, што існую. Але я пачуў побач голас Джанатана. Ен запаліў другую паходню,. увесь час размаўляючы са мной, каб я не звар’яцеў ад страху.
Так мы прабіраліся вельмі доўга, проста бясконца, таму што ў глыбінях Пячоры Катлы часу не існавала. Мне здавалася, што мы ішлі адвеку, і я пачаў баяцца, што ніколі адтуль не выберамся, што будзе вельмі позна. Пэўна, ужо і было позна, Орвар... магчыма, ён быў ужо ў Катлы.
Я запытаўся ў Джанатана, што ён пра гэта думае.
— He ведаю,— адказаў ён.— Але паспрабуй не думаць пра гэта, калі не хочаш звар’яцець.
Мы падышлі да вузкага выгінастага праходу, якому, здавалася, ніколі не будзе канца, які крок за крокам станавіўся ўсё ніжэй і ніжэй, вузей і вузей, і мы ўжо ледзь маглі па ім прабірацца. Нарэшце ён пераўтварыўся ў дзірку, праз якую можна было сяк-так праціснуцца. Але па другі бок гэтай дзіркі мы ўбачылі, нарэшце, вялізную пячору. Такую вялізную, што нават цяжка было вызначыць яе памеры, бо святло паходні асвятляла вельмі невялікую яе частку. Джанатан паспрабаваў вызначыць яе памеры з дапамогай рэха.
— Хо-хо-хо,— крыкнуў ён. I мы пачулі рэха, якое шматразова адказала з усіх бакоў: «Хо-хо-хо!»
I раптам у цемры пачуўся жывы голас...
— Хо-хо-хо,— перадражніў хтосьці.— Хто вы і чаго вы хочаце? Чаго вы прыйшлі сюды такім нязвыклым шляхам са святлом і паходнямі?
— Я шукаю Орвара,— адказаў Джанатан.
— Орвар тут,— азваўся голас.— А вы хто?