Браты Львінае Сэрца
Астрыд Ліндгрэн
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 111с.
Мінск 1989
— Я — Джанатан Львінае Сэрца,— сказаў Джанатан.— А гэта мой брат Карл Львінае Сэрца. Мы прыйшлі выратаваць цябе, Орвар.
— Надта позна,— азваўся голас.— Надта позна, але тым не менш дзякуй.
Ледзьве гэтыя словы былі сказаны, як мы пачулі, што з рыпам адчыняюцца медныя вароты. Джанатан кінуў паходню, ступіў на яе нагой і затушыў. Мы ўсе замерлі ў чаканні.
Праз вароты ўвайшоў салдат з ліхтаром у руцэ. Я пачаў ціха плакаць — не таму што спалохаўся, а шкадуючы Орвара. Якім жорсткім будзе лёс, калі яны прыйшлі за ім менавіта ў гэты момант.
— Орвар з Даліны Дзікай Ружы, падрыхтуйся,— сказаў салдат.— Праз хвіліну цябе павядуць да Катлы. Чорная ахова набліжаецца сюды.
Пры святле лямпы мы ўбачылі вялізную драўляную клетку, змайстраваную з грубых прутоў, і зразумелі, што ўсярэдзіне гэтай клеткі трымалі Орвара, як жывёліну.
Салдат паставіў лямпу на падлогу каля клеткі.
— У твой апошні час лямпа можа быць з табой, Тэнджыл літасціва дазволіў гэта, каб ты зноў прывык да святла і здолеў убачыць Катлу, калі ты трапіш да яе, чаго, я ўпэўнены, ты вельмі хочаш.
Ен зарагатаў і знік, і вароты з грукатам апусціліся за ім.
Мы тут жа падскочылі да клеткі з Орварам і пры святле лямпы ўбачылі, якое жахлівае відовішча ён уяўляў сабою, ён ледзьве мог рухацца, але сяк-так падпоўз да краю клеткі і працягнуў нам паміж прутоў рукі.
— Джанатан Львінае Сэрца,— сказаў ён,— я багата чуў пра цябе дома, у Даліне Дзікай Ружы, і вось ты прыйшоў сюды.
— Так, я прыйшоў сюды,— прамовіў Джанатан дрыготкім голасам. Ен тут жа выцягнуў ножык, які быў прывязаны ў яго да пояса, і пачаў рэзаць пруты.
— Давай, Сухарык, дапамагай,— загадаў ён, і я пачаў рэзаць сваім ножыкам таксама, ды што мы маглі зрабіць сваімі ножыкамі? Тут патрэбны былі сякера і піла.
Мы працавалі да таго часу, пакуль на руках не паявілася кроў. Мы рэзалі і стагналі, усведамляючы, што прыйшлі надта позна. Орвар гэта ведаў таксама, ды ён і не хацеў верыць, што гэта праўда. I ўсё-такі мітусіўся па клетцы ў хваляванні, паўтараючы зноў і зноў: «Хутчэй! Хутчэй!»
Мы рэзалі, укладваючы ў справу ўсю злосць. Бо кожны момант чакалі, што вось-вось адчыняцца вароты і ўвойдзе чорны канвой. Тады будзе канец і Орвару, і нам, і ўсёй Даліне Дзікай Ружы, тады ўжо забяруць не толькі яго аднаго, падумаў я,— да Катлы трапяць усе трое.
Я адчуў, што не магу больш трымацца. Mae рукі трэсліся так, што я ледзьве трымаў ножык. А Джанатан крычаў і злаваўся на гэтыя пруты, на гэтыя пераборкі, якія не паддаваліся ніяк, хоць мы рэзалі іх так настойліва. Ен грукаў па іх, крычаў і рэзаў зноў, і нарэшце адна пераборка трэснула, а потым другая. Гэтага было дастаткова.
— Зараз, Орвар, зараз,— казаў Джанатан. Але ў адказ прагучаў толькі стогн. Джанатан прасунуўся ў клетку і выцягнуў Орвара, які не мог ні стаяць, ні ісці. Ды і я таксама не мог ужо рухацца, але ўсё ж ішоў паперадзе з ліхтаром, а Джанатан пачаў цягнуць Орвара да нашай выратавальнай дзіркі. Ен, вядома, вельмі стаміўся і ажно задыхаўся, мы ўсе задыхаліся, як загнаныя жывёліны.
Нарэшце Джанатану ўдалося перацягнуць Орвара ў пячору, праціснуўшыся праз дзірку. Орвар быў ні жывы ні мёртвы як і я, дарэчы. Настала мая чарга ўпаўзаць у дзірку, але я не паспеў, бо пачулася рыпенне варот, і ўся энергія пакінула мяне, я не мог нават варухнуцца.
— Хутчэй, хутчэй, дай ліхтар,— прашаптаў Джанатан. Я перадаў яму ліхтар, хоць рукі ў мяне дрыжалі. Трэба было схаваць ліхтар, бо нават маленькае святло магло выкрыць нас.
Чорная ахова была ўжо ў пячоры, а з ёю яшчэ і салдаты Тэнджыла з ліхтарамі ў руках. У пячоры разлілося святло, але ў нашым кутку было цёмна, і Джанатан нахіліўся, схапіў мяне за рукі і ўцягнуў у дзірку, у чорны праход. I вось мы ўтрох ляжым, задыхаючыся і слухаючы крыкі:
— Ен знік! Ен знік!
14
Усю ноч мы цягнулі Орвара падземнымі галерэямі. Дакладней, цягнуў Джанатан. Гэта было суцэльнае пекла, іначай такое не назавеш і не апішаш. Я мог цягнуць толькі сам сябе.
«Ен знік! Ен знік!»— крычалі яны. Калі ўсё аціхла, мы чакалі, што будзе пагоня, але яны чамусьці не гналіся. Бо нават салдаты Тэнджыла, пэўна, разумелі, што ёсць другое выйсце з Пячоры Катлы, праз якое мы праніклі сюды, і таму нас будзе не так цяжка знайсці. Але яны былі палахліўцамі, нават калі іх было многа, тым больш яны не адважваліся сустрэцца з незнаёмым ворагам, які мог чакаць іх у цёмных закутках пячоры. Так, пэўна ж, яны былі вельмі палахлівымі, бо чаму дазволілі нам так лёгка знікнуць? Ніхто ж раней не знікаў з Пячоры Катлы, і як яны растлумачаць знікненне Орвара Тэнджылу? — дзівіўся я. Але гэта быў ужо іх клопат, у нас было дастаткова сваіх турбот.
Але пакуль не прайшлі ўвесь гэты доўгі, вузкі ход, мы не рызыкнулі спыніцца, каб адпачыць. I толькі ў самым канцы крыху перадыхнулі, і то дзеля Орвара. Джанатан даў яму казінага малака, якое было ўжо кіслае, і хлеба, які быў мокры, але, нягледзячы на тое, Орвар сказаў: *Я ніколі не еў нічога лепшага».
Джанатан расцёр доўгія ногі Орвара, каб хоць крыху ажывіць іх, і Орвар пачаў акрыйваць, хоць ісці яшчэ не мог, а мог толькі паўзці.
Джанатан растлумачыў яму, як мы пойдзем, і пацікавіўся, ці зможа ён рухацца гэтай ноччу.
— Змагу, змагу! — усклікнуў Орвар.— Калі трэба, я папаўзу да самага дому, да самай Даліны Дзікай Ружы... Я не хачу ляжаць тут і чакаць, пакуль Тэнджылавы салдаты прыйдуць сюды і будуць шукаць нас.
Мы разглядвалі, які ён, не зломлены палоннік, мяцежнік і змагар за свабоду, гэты Орвар з Даліны Дзікай Ружы. Калі я ўбачыў яго вочы ў святле ліхтара, я зразумеў, чаму Тэнджыл баяўся яго. Хоць быў ён слабы целам, унутры ў яго гарэў агонь, і, магчыма, гэты агонь дапамог яму прайсці пекла гэтай ночы.
Усё здавалася вечнасцю, вакол столькі жаху, але калі вы змучаны, то не звяртаеце ўвагі нават на тое, што за вамі ідзе пагоня. Так, вы чуеце, як яна ідзе, вые і брэша, але ў вас няма нават сілы спалохацца. Ва ўсякім разе, яны хутка змоўкнуць, таму што нават салдаты не асмеляцца прабрацца туды, куды мы запаўзлі.
Мы доўга паўзлі і нарэшце выбраліся на святло недалёка ад Грыма і Ф’ялара, падрапаныя і змучаныя, акрываўленыя і прамоклыя да касцей, стомленыя да смерці. Ноч мінула, і ўжо надыходзіла раніца. Орвар працягнуў рукі, быццам абдымаючы зямлю, і неба, і ўсё, што ён мог бачыць, але нечакана рукі яго апусціліся, і ён заснуў. Мы былі ў непрытомнасці — усе ўтрох.
I знаходзіліся ў такім стане да самага вечара. Потым я прачнуўся. Ф'ялар штурхаў мяне сваёй пысай, ён, несумненна, вырашыў, што я надта доўга сплю.
Джанатан таксама прачнуўся.
— Мы павінны з’ехаць з Карманьякі, пакуль не сцямнела,— прапанаваў ён.— Калі сцямнее, мы не зможам знайсці дарогі.
Ен пачаў будзіць Орвара. Нарэшце Орвар прачнуўся, сеў, паглядзеў вакол сябе і тады толькі зрузумеў, што ён ужо не ў Пячоры Катлы. На яго вачах паявіліся слёзы.
— Свабода,— прашаптаў ён.— Я вольны, вольны...
Ен узяў Джанатана за рукі і доўга трымаў іх.
— Маё жыццё і мая свабода — ты даў мне іх зноў,— сказаў ён.— Дзякуй...
Орвар падзякаваў і мне, хоць я нічога не зрабіў, хутчэй толькі замінаў Джанатану.
Орвар, пэўна, адчуў, як многа перажыў я за той час, як вызваліўся ад усіх хвароб і прыйшоў у Вішнёвую Даліну. Мне вельмі хацелася, каб ён таксама дасягнуў сваёй даліны, але мы пакуль яіпчэ туды не прыйшлі. Мы ўсё яшчэ былі ў гарах Карманьякі, дзе цяпер, магчыма, поўна салдат Тэнджыла, якія гойсаюць у пошуках Орвара. На шчасце, яны не знайшлі нас у нашай цясніне, пакуль мы спалі.
Мы сядзелі ў цясніне, даядаючы апошнія крошкі хлеба.
— Падумаць толькі, я жывы, я жывы і свабодны! — усё не мог супакоіцца Орвар.
Ен толькі адзін з усіх вязняў Пячоры Катлы застаўся жывы. Усіх астатніх прынеслі ў ахвяру Катле.
— Будзьце ўпэўнены, Тэнджыл пастараецца, каб Пячора Катлы не была пустой,— і слёзы зноў паявіліся ў яго на вачах.— 0 мая Даліна Дзікай Ружы, як доўга табе прыйдзецца стагнаць пад прыгнётам Тэнджыла.
Орвар хацеў ведаць усё, што адбылося ў далінах Наджыялы за час яго зняволення. Ен пытаўся пра Сафію, пра Маціяса і пра ўсё, што ўдалося здзейсніць Джанатану. Джанатан расказаў яму і пра здрадніцтва Джосі. Я думаў, што Орвар, калі даведаецца, што пакутаваў так доўга з-за здрадніка Джосі, памрэ проста ў нас на вачах. Праўда, ён доўга не мог гаварыць, не мог < засяродзіцца, пакуль, нарэшце, загаварыў:
— Маё жыццё нічога не значыць. Але тое, што Джосі зрабіў для Даліны Дзікай Ружы, нельга дараваць і нельга апраўдаць.
— Дараваць ці не — ужо не мае значэння, магчыма, ён ужо пакараны. Я не думаю, што ты ўбачыш яго зноў.
Але нянавісць ужо ахапіла Орвара. Ен хацеў ехаць неадкладна. Здавалася, што ён хоча распачаць барацьбу адрузу ж, гэтым вечарам. Орвар праклінаў свае ногі, якія так дрэнна слухаліся яго, хаця ён вельмі стараўся ўстаць на іх. Ен вельмі ганарыўся, калі, нарэшце, гэта яму ўдалося. Што гэта было за відовішча, калі ён стаяў, а яго хістала ўзад і ўперад, што здавалася, яго можна ў любы момант здзьмухнуць. I мы, вядома, гледзячы на яго, усміхаліся.
— Орвар,— заўважыў Джанатан,— кожнаму здаля бачна, што ты вязень Пячоры Катлы.
Гэта было сапраўды так. Мы ўсе ўтрох былі акрываўленыя і брудныя, але Орвар выглядаў горш за ўсіх, яго адзенне было суцэльным рыззём, а твар ледзь праглядваўся з-за барады і валасоў. Толькі вочы былі прыкметныя — яго дзіўныя палаючыя вочы.
У нашай цясніне працякаў ручай, і мы змылі з сябе ўвесь бруд і кроў. Зноў і зноў я апускаў твар у халодную ваду. Было цудоўна, здавалася, быццам мы змывалі з сябе ўсю Пячору Катлы.
Потым Орвар узяў мой ножык і падрэзаў сабе бараду і валасы, каб не выглядаць, як вязень-уцякач, а Джанатан выцягнуў з нашых рэчаў шлем і плашч салдат Тэнджыла, з дапамогай якіх яму ўдалося пакінуць Даліну Дзікай Ружы.
— Вось, Орвар, адзень,— прапанаваў ён Орвару.— Ты будзеш падобны на салдата Тэнджыла, які захапіў двух падарожнікаў і кудысьці іх вядзе.
Орвар надзеў шлем і плашч, але пераапрананне яму не спадабалася.
— Першы і апошні раз я апранаю гэта адзенне,— заявіў ён.— Ад яго патыхае прыгнётам і жорсткасцю.
— He зважай на гэта,— параіў Джанатан.— Яно ўсё-такі дапаможа табе вярнуцца ў Даліну Дзікай Ружы.
Нарэшце прыйшоў час ехаць. Праз гадзіну ці дзве схаваецца сонца, згусціцца змрок, і ў цемры ніхто не зможа знайсці дарогу ў гарах — патрэбную небяспечную сцяжынку. Джанатан быў вельмі сур’ёзны, ён ведаў, якая дарога нас чакае, і я чуў, як ён казаў Орвару: