Дзівосная ноч  Марві Яла

Дзівосная ноч

Марві Яла
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 100с.
Мінск 1994
35.6 МБ


КАЗАЧНАЯ АПОВЕСЦЬ
МІНСК
Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
1994



ББК84.(4Фн)
Я51
УДК 894.541-93 + 398.2
Для дзяцей і юнацтва
Пераклад з фінскай Якуба Лапаткі
Мастак Алена Каравай
Пераклад зроблены з выдання:
Kissojen taikayO © Marvi Jalo, 1983 First published by Tammi Publishers, Helsinki
Кніга фінскага пісьменніка Марве Ялы знаёміць маленькіх чытачоў з прыгодамі дзяўчынкі Ханны і яе сяброў — ката Кіссы і сабакі Мусці — у чарадзейным каціным каралеўстве.
я 8940541090-94
ISBN 985-6012-02-3
©Пераклад. Я.Лапатка, 1994
©Ілюстрацыі. А.Каравай, 1994
Гэта быў звычайны жнівеньскі вечар. I скончыўся ён як звычайна. Ханна пайшла на кухню, выпіла з мамай два кубачкі мятнай гарбаты і крыху пачытала на ноч новую кнігу, якую падаравала ёй цётка да дня нараджэння. Потым памылася, пачысціла зубы і пайшла спаць.
— Дабранач, дачушка,— усміхнулася маці.
У пакоі стаяў таямнічы прыцемак, хоць была толькі палова дзевятай. Спаць не хацелася, бо хто ж на канікулах кладзецца так рана? Дый колькі іх
засталося, тых канікул? Вось скончыцца жнівень, і хутка зноў у школу. Ханна ўздыхнула, захінулася ў халаднаватыя прасціны і моцна зажмурыла вочы. Але сон не прыходзіў. Зіхоткая поўня вісела далёка над ускрайкам лесу, і галіны яблыняў за вакном здаваліся чорнымі, як вуголле.
Ханна перакруцілася з боку на бок і прыслухалася. Вось прыйшоў з кароўніка татка. Следам за ім у хату, напэўна, хацеў праскочыць і Мірры, бо з сенцаў пачулася прыглушанае мяўканне. Потым TaTa сказаў:
— Што гэта такое з катом? Толькі што прасіўся на вуліцу, а цяпер зноўку ў хату лезе. Штосьці ён зрання носіцца, як учадзелы.
— Выкінь яго на вуліцу. Сёння там цёпла, хай паначуе на двары, а то ў хаце нікому спаць не дасць усю ноч,— адказаў мамін голас.
— Кці-кці-кці! — паклікаў тата, і ягоная хада спынілася насупраць дзвярэй у Ханніну спальню.
Ханна села на ложку.
— Тата! — гукнула яна.— Няхай Мірры пераначуе ў мяне.
Бацькава постаць узнікла ў дзвярах, і чорны кот шмыгануў з-пад ног у пакой.
— Ён табе не дасць спаць усю ноч,— сказаў тата.— Лепей няхай бы начаваў на вуліцы.
— Не-не, я вазьму яго да сябе ў ложак. Я тут зраблю яму цёпленькае гняздзечка.
Ханна разгладзіла каля сценкі прасціны, і тата
пасадзіў на іх ката. Кот адразу скруціўся абаранкам і соладка замуркатаў.
— Ну, глядзі, можа, і праўда, так будзе лепей,— сказаў тата.— А калі што якое, дык выкінь яго за вакно. Дабранач!
Тата шчыльна зачыніў дзверы, і ў пакоі зноў зрабілася цёмна, толькі ля самай падлогі прабівалася вузенькая палоска святла. Ханна прыслухалася. Усё было ціха. 3 кухні даносіліся прыглушаныя галасы бацькоў. Ханна шчасліва пацёрлася носам аб ядвабістую чорную поўсць. Як добра, што Мірры тут! У пакоі так цёмна, а месяц на вуліцы свеціць такім мярцвяным святлом, што, здаецца, у паветры восьвось пачнуць лётаць прывіды і здані.
Раптам Мірры сеў у сваім гняздзе. У змроку цьмяна свяціліся белыя панчохі на ягоных лапках і белы нагруднік.
— Мірры, давай спаць! — шапнула Ханна і асцярожна пагладзіла ката па спіне. Але Мірры не паслухаўся. Ён прайшоў уздоўж ложка, скочыў на падваконне і сеў сярод кветак. Ягоныя залацістажоўтыя вочы нешта вызіралі на двары.
— Мірры! — Ханна падняла галаву ад падушкі і агледзелася.— Мірры, хадзі сюды! Мірры, Мірры!
Кот павярнуў галаву і паглядзеў на дзяўчынку.
— Мірры! — пагардліва прамовіў ён,— Ці ж можна так называць катоў?
Ад здзіўлення Ханна ажно разявіла рот. Няўжо гэта сказаў Мірры? Але ж у пакоі нікога болей
няма. Ханна ашаломлена села на ложку. Мірры старанна мыўся лапкай. Ягоны позірк зрабіўся болей прыязны, дый увесь пагляд неяк змяніўся.
— Усё праўда. Мы, каты, таксама можам размаўляць,— сказаў ён, нібыта адгадаўшы Ханніны думкі.— I нічога дзіўнага ў тым няма. Раз на тысячу год...
— Што? — здзіўлена спытала Ханна.
— Слухай уважліва. Я кажу: раз на тысячу год, калі на небе свеціць самая вялікая поўня, людзі могуць разумець гаворку жывёл. Ты што, не ведаеш гэтага? Вось сёння і ёсць гэтая ноч.
— Ага,— сказала Ханна і болей уважліва паглядзела на Мірры.
— Мне не хацелася б гаварыць усяго, таму што...— тут Мірры панізіў голас і падазрона скасавурыўся на дзверы.— Падсунься бліжэй, бо гэта вельмі важная таямніца.
Ён прылёг паміж гаршкоў з кветкамі і пачакаў, пакуль Ханна падсунецца бліжэй да яго. Каб было не так страшна, Ханна прыхапіла з сабою ляльку і трымала яе пад пахай.
— Тое, што я табе зараз скажу,— вельмі важная таямніца,— ужо зусім ціха прамовіў Мірры.— Я не адкрыў бы яе нават табе, але мне патрэбная твая дапамога. Мы павінны прабрацца ў царства Кхатці і выратаваць прынцэсу Кісху. I зрабіць гэта можна толькі гэтаю ноччу, іначай нам давядзецца чакаць яшчэ тысячу год. Я кажу нам — гэта значыць, ка-

цінаму народу. I выпраўляцца ў дарогу трэба як мага хутчэй. Ну, што скажаш? Ты пойдзеш са мной?
— Я...— нясмела пачала Ханна.
— Ты згодная! Дзякуй! — рашуча сказаў Мірры, хоць Ханна яшчэ і не выказала сваёй згоды. Наадварот, яна хацела сказаць, што мама з татам нікуды не пусцяць яе пасярод ночы.
— Але ж Мірры...— паспрабавала была запярэчыць Ханна.
— Мірры! Цьху, цьху, цьху і яшчэ раз цьху! Я ж, здаецца, прасіў, каб ты мяне так не называла! Маё імя Кісса, Кісса, а ніякі не Мірры! Кожнага ката трэба называць Кісса! I я не дазволю!..
— Цішэй, бо пачуюць,— Ханна паднесла палец да вуснаў.
— Панавыдумлялі тут усялякіх міррачак, мурачак, мусікаў, пупсікаў...
Кісса яшчэ пэўны час нешта злосна буркатаў, натапырыўшы хвост, і поўсць на ягонай спіне стаяла дубам.
— Ну, добра...— нарэшце прамовіў ён.— Але не называй мяне болей Мірры, ні котачка, ані коцік, бо гэта вялікая абраза прыстойнаму кату. А я прыстойны кот! Я лаўлю мышэй, дзе толькі можна! Хоць куды лягчэй і прыемней было б увесь час есці фарш, якім частуе мяне твая маці. Ты, дарэчы, магла б неяк намякнуць ёй, што каўбаса, якую яна прыносіць мне з лаўкі,— вельмі паганая! У ёй зашмат перцу, a прыстойны кот...
— Я скажу, скажу,— перапыніла яго Ханна.— Але што ты казаў пра прынцэсу?
— А-а-а-а... пра прынцэсу... Сапраўды, я крыху ' захапіўся.
I ўжо спакойным голасам Кісса распавёў Ханне ўсю гісторыю ад самага пачатку. А перад усім паведаміў, што атрымаў ад свайго дзядзькі з кацінага царства пасланне, у якім, слова ў слова, пісалася.
«Высокашаноўны сыне маёй пляменніцы!
Вастры свае кіпцюры, бо на цябе ўпаў наш выбар. Чакаю цябе каля Паваленай калоны. Прыходзь не пазней, чым поўня падымецца да сярэдзіны неба.
Твой дзядзька Кіссах."
— А куды цябе выбралі і навошта? — шапнула Ханна.
— Як навошта? Каб выратаваць прынцэсу, вядома,— адказаў Кісса.— А гэта такі вялікі гонар, што адмовіцца проста немагчыма! Калі я не пайду, кацінаму народу давядзецца чакаць яшчэ тысячу гадоў, а тады будзе позна.
— Калі так, дык трэба ісці,— пагадзілася Ханна.
— Але гэта будзе небяспечнае падарожжа,— сказаў Кісса і неспакойна варухнуў хвастом.— Паслухай мяне.
I Кісса расказаў Ханне гісторыю тысячагадовай даўнасці. Яго вялікасць Кісса Кіссулі, кароль усіх катоў, і чароўная прынцэса Кісха збіраліся пажаніцца. Падрыхтоўка да іхняга вяселля цягнулася не
адзін месяц. Было абвешчана, што ў дзень вянчання кароль Кіссулі скажа сваёй нявесце магічнае Слова, якое дазваляе валодаць усім светам. I вось у прызначаны дзень да каралеўскага палаца з усіх канцоў зямлі пачаў збірацца народ.
— У каралеўскіх сутарэннях стаялі поўныя дзежы смятаны,— Кісса аж прыцмокнуў ад задавальнення,— сталы ламаліся ад розных прысмакаў. Хор лепшых катоў-певуноў развучваў вясельныя песні. Нічога не прадвяшчала бяды, але раптам парк вакол каралеўскага палаца ахапіла полымя. Чорныя стаўбуры дыму засланілі сонца, і ўсё навокал пацямнела, як ноччу. Усе кінуліся хто куды, а калі полымя ўдалося нарэшце патушыць, выявілася, што прынцэса Кісха знікла.
— Як знікла? — крыкнула Ханна.
— А так. Прынцэсу выкралі прама з пакою, дзе сяброўкі рыхтавалі яе да вяселля.
— Хто ж...
— Вялікі Кхатці,— прыдушаным голасам адказаў Кісса.— Кхатці, здзічэлы кот, якога шмат гадоў назад выгналі з кацінай дзяржавы. Ён выкраў прынцэсу, каб выведаць у яе магічнае слова, якое дае ўладу над светам. I прынцэса дагэтуль яшчэ пакутуе ў яго ў палоне.
Кісса павярнуў галаву і зірнуў у вакно.
— Трэба зараз жа выходзіць,— сказаў ён.— Выратаваць прынцэсу можна толькі сёння, раней чым на небе згаснуць ранішнія зоркі. Апранайся хутчэй!
He кажучы ні слова, Ханна нацягнула швэдэр і абула гумавыя боцікі. Пакуль яна апраналася, Кісса нервова соўгаўся з кута ў кут.
— Вазьмі яшчэ свой дажджавік і кішэнны ліхтарык,— загадаў ён.
— Гэта ў сенцах. Мама з татам могуць пачуць.
— Вазьмі, будзе холадна!
Ханна паслухмяна выслізнула са спальні ў сенцы. Там панавала непраглядная цемра. Дзяўчынка вобмацкам знайшла вешалку, намацала свой непрамакальны плашч і пачала прабірацца да століка, на якім ляжаў кішэнны ліхтарык. Раптам маснічына ў яе пад нагою рыпнула — гэтак прарэзліва, што ў жылах ажно застыла кроў. Ханна на хвіліну знерухомела з выцягнутаю наперад рукой, але ўсё было ціха.
Яна борздзеныса ўхапіла ліхтарык і вярнулася ў спальню.
— Хутчэй, хутчэй, прыспешваў Кісса.— Адчыняй вакно!
Ханна надзела плашч, паклала ліхтарык у кішэню і падышла да вакна. Рыпнулі завесы, у пакой уварвалася свежае паветра.
— Хутчэй, хутчэй,— мармытаў кот.— I так ледзь не палову ночы прабалбаталі.
— А раптам Мусці забрэша? — спыталася Ханна.
— А каб цябе! — вохнуў Кісса.— Я й забыўся на гэтую кудлу! Яшчэ гэтага нам не хапала!
— Я паспрабую што-небудзь прыдумаць,— па-
абяцала Ханна.— Тым болей, што будка ад нас далёка, каля варот.
Ханна саскочыла ў кветнік і азірнулася. Вакно чарнела высока над ёй, і дзяўчынка падумала: «Цяпер мне ўжо ніколі не вярнуцца дадому і не залезці назад». Але трэба было дзейнічаць.
— Кісса! — паклікала яна. Ката не было. Ханна разгублена азірнулася, і ў гэтую хвіліну з-за вугла выскачыў вялізны чорны цень і кінуўся да яе.
Ханна ледзь не закрычала ад жаху. Яна ўжо раскрыла рот, але тут жа зразумела, што крычаць не трэба. Гэта ж быў Мусці! Усяго толькі Мусці, а ніякая не здань і не пачвара. Проста пільны вартавы сабака пачуў шум пад вакном у Ханны і прыбег паглядзець, што там робіцца.