Дзівосная ноч
Марві Яла
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 100с.
Мінск 1994
Але дзе ж гарлачык? Ханна паволі прысела і пачала мацаць падлогу рукамі. Яна пачала ад лесвіцы. Вільготная зямля, вільготны камень. Вобмацкам яна прайшла ўздоўж калодзежнай сцяны і зноў вярнулася да лесвіцы. Гарлачыка не было. Абмацаўшы сцены, Ханна вьграшыла, што гарлачык недзе ўся-
рэдзіне. На карце, якую ім даў дзядзька Кіссах, было пазначана, што гарлачык знаходзіцца менавіта ў гэтым калодзежы. Але ці тая гэта карта? Можа, ахоўнікі падмянілі яе ў вялікае зале? А можа, перахавалі гарлачык у іншае месца? «Паглыбляйся глыбей,— успомніла яна,— выпрастай рукі наперад і ідзі ў самую цёмнаю цемру».
Яна выпрастала рукі, але адчула пад пальцамі толькі вільготны каменны мур. Нічога нават падобнага да гарлачыка не было. А можа... можа — за сцяною?! Ханна намацала Чырвоную Кроплю, потым дакранулася ёю да камянёў у сцяне... I раптам у цемені пачуўся тоненькі жаласны галасок. Нібыта плакала малое кацяня. Ханна нясмела націснула на сцяну Чырвонаю Кропляй і адчула, што камяні падаюцца. Яна прасоўвала руку ўсё глыбей і глыбей, пакуль не адчула пад пальцамі нешта шурпатае. Гэта быў маленькі гліняны гарлачык. Гарлачык быў зусім невялікі і памяшчаўся ў яе на далоні. У яго былі два вушкі і накрыўка.
Дык вось ён, гэты таямнічы сасуд, дзеля якога яна забралася ў гэтыя нетры! Няўжо ад такога звычайнага гарлачыка залежыць выратаванне прынцэсы?! Ханна прытулілася да лесвіцы і задумалася, як ёй лепей выбірацца наверх. Калі ў адной руцэ трымаць гарлачык, другой можна намацваць прыступкі... Яна ступіла на першую.
Нечакана ў роце ў яе перасохла, аж вусны патрэскаліся, так моцна ёй захацелася піць. Горла было
60 (Й
°® &
таксама ўсё сухое. Яе мучыла невыносная смага, ёй пякло ў роце, сушыла ў горле, у яе трэскаліся вусны. Ханне здавалася, што яна ўжо ніколі не здолее падняцца па стромае лесвіцы, калі не пап’е халоднага малака. А недзе ў цемры так спакусліва цурчала і булькатала вада!
Але вады нідзе не было. Земляная падлога раптам высахла, і на сценах не засталося ніводнае кроплі. А вада цурчала, струменілася дзесь зусім побач, і Ханна ўзгадала, што дзядзька Кіссах казаў нешта пра малако. У гарлачыку павінна быць малако! Свежае халаднаватае малако, ад якога смага знікне адразу, ужо з першым глытком! Ну, што здарыцца, калі яна зусім трошкі пап’е з гарлачыка? Усяго адзін маленькі глыток! Ханна пачала ліхаманкава абмацваць пасудзіну, збіраючыся зняць накрыўку. Яна ўжо адчула цудоўны, непараўнальны смак малака на патрэсканых вуснах. Здавалася, нават каменныя сцены ўздыхнулі з палёгкай. I раптам Ханна схамянулася і ад страху ледзь не выраніла гарлач. Што яна робіць? Што казаў Кісса? Што б ні здарылася, ніводная кропля не павінна выцечы з гарлача. А ёй да смерці хочацца піць!
Ханна адчула праз вопратку цяпло Чырвонае Кроплі. У роспачы яна дакранулася да каменьчыка пальцамі і... адразу адчула палёгку. Пякучая смага знікла, і Ханна крок за крокам пачала падымацца па лесвіцы. Па дарозе яна яшчэ некалькі разоў спынялася і кратала пальцамі Чырвоную Кроплю, бо смага
раз-пораз вярталася зноў і знікала толькі тады, калі яна зноў датыкалася да Кроплі.
Ханна ледзь не закрычала ад радасці, калі нарэшце ўбачыла светлую пройму дзвярэй і замучанага чаканнем Кіссу.
— Дзе гарлач? — крыкнуў Кісса.
Але ў Ханны ўжо не ставала сілы адказаць яму. Ёй так хацелася піць, а гарлачык з кожным крокам рабіўся ўсё болей важкім. He кажучы ні слова, яна паставіла пасудзінку і зняможана апусцілася на зямлю.
Кісса паглядзеў на яе распалены твар, перасохлыя вусны, моўчкі зняў з яе шыі залаты ланцужок і дакрануўся Чырвонаю Кропляй да Ханніных вуснаў. Смага знікла, а разам з ёй знік і пякучы боль. Ханна паціху апрытомнівала.
— Ты можаш ісці? — спытаўся Кісса спачувальным тонам.-Я не хацеў бы прыспешваць цябе, але...
— Я... крыху... яшчэ... паляжу...
Калі Ханна адпачыла, яны паспяшаліся назад, праз Мёртвую крэпасць, да пячоры, дзе іх чакалі Мусці і Тахці. Сабака спаў на ўзбярэжным камені, а трошкі воддаль на чорных хвалях ціха гойдалася галава марскога коніка. Кісса спыніўся.
— Ну, вядома, можна падумаць, што яго пакінулі тут, каб гэты небарака мог спакойна паспаць!..
Ён абышоў вакол сабакі, але «пільны» вартавы не прачынаўся. Тады Ханна ўбачыла, як кот нешта шапнуў на вуха Тахці, і не паспела яшчэ нічога
ўразумець, як апынулася на беразе адна, сціскаючы ў руках гарлачык. Праз імгненне з вады высунулася галава рыбы-ката, якая сказала:
— Хадзі сюды... буль-буль-буль... Паехалі далей.
— А дзе Мусці? Што з ім?
— Варта было б пакінуць яго тут,— адказала рыбіна.— Але ў мяне добрае сэрца... Я ператварыў яго ў каракаціцу.
Ханна прысела ў прыцемку пад вялікімі камянямі і ўважліва агледзела раўніну, што распасціралася наперадзе. На ёй паўсюль мігцелі маленькія агеньчыкі. А трошкі далей у самае неба ўзвышаліся чорныя абрысы гораў Кхатці. Там таксама гарэлі агеньчыкі. А ў змроку соўгаліся, варушыліся нейкія чорныя цені.
— Гэта ахоўнікі,— шапнуў Кісса.
Яны ўжо даўно сядзелі за грудамі камянёў, пакінуўшы Тахці ў схованцы непадалёк.
— Спадзяюся, ахоўнікі яго не знойдуць,— зноў шапнуў Кісса.
Мусці сядзеў раззлаваны. Ён не мог дараваць Кіссу за тое, што кот ператварыў яго ў каракаціцу. I апроч таго, калі яны плылі Марскім шляхам, Кісса наўмысна плыў так хутка, што Мусці ледзь паспяваў за ім.
— Што рабіць? — спытала Ханна.
— Мы павінны дабрацца да прынцэсы, але так, каб нас не заўважылі. Бо калі Вялікі Кхатці пра нас што-небудзь пранюхае, ён перахавае прынцэсу ў іншае месца. I тады нам ужо не хопіць часу выратаваць яе. Поўня пачынае хіліцца да небакраю, і раніца не за гарамі.
Ханна нічога не адказала.
— Трэба апярэдзіць яго...
Яны ўглядаліся ў змрок. Там няспынна гойдаліся цені. Ханна даўно ламала галаву, думаючы, як неўпрыкмет прабрацца ў горы, але прыдумаць нічога не ўдавалася. Кісса засмучана зморшчыўся.
Нарэшце Мусці прымірэнча штурхануў Ханну галавой.
— Ну што? — шапнуў ён.— Калі ўжо можна будзе паганяць катоў?
— Ціха, ты! — прашыпеў Кісса.
— Ды іх жа там ажно кішыць...
Кісса ўжо наважыўся быў сказаць свайму спрадвечнаму злосніку што-небудзь знішчальна-з’едлівае, але раптам перадумаў.
— А мог бы, дарэчы, і паказаць, як трэба ганяць катоў,— нібыта сам сабе сказаў ён.
Мусці натапырыў вушы.
— А што? Даўно пара! Бо што гэта за жыццё: то спіш, то вартуеш — нудота, а не жыццё.
Кісса яго не слухаў. Ён павярнуўся да Ханны і, загадаўшы ёй надзець плашч, пачаў выкладаць свой план.
— На гэтае заданне ты пойдзеш адна,— сказаў ён.— Ніводзін кот не можа прайсці праз пячору Кхатці, а іншай дарогі да турмы, у якой сядзіць прынцэса, няма.
— А ты...
— Будзеш чакаць мяне ля ўвахода,— шэптам прамовіў Кісса.— Знайдзі там каменную пліту і чакай мяне побач.
3 гэтымі словамі Кісса павярнуўся да Мусці, і яго вусны скрывіліся ў хітрай усмешцы:
— Ну што, Мусці, ты хацеў паганяць катоў? Дык дагані, калі зможаш!
Ён раптам драпануў сабаку лапай па носе, ускочыў на камень і з маланкавай хуткасцю панёсся па раўніне, а за ім з гучным брэхам, забыўшыся на усё, паляцеў раз’юшаны Мусці. Мусці хацеў толькі аднаго — дагнаць і як след правучыць нахабнага ката.
Ханна асцярожна вызірнула з-за каменя. У слабым святле зорак яна ўбачыла чорную фігуру Мусці, які як апантаны насіўся па даліне, і яго злосны брэх будзіў начную цішыню. Ханна так захапілася гэтым
відовішчам, што ледзь не забылася, пра што ёй сказаў Кісса. Але, схамянуўшыся, яна ўзяла ў рукі гарлачык і крадком рушыла да ўвахода ў гару Кхатці. На здзіў, вартавыя агні ля ўвахода не гарэлі, і толькі ў цьмяным святле зорак Ханна ўбачыла, як у змроку соўгаюцца каціныя постаці. Ахоўнікі не звярталі на яе ніякай увагі. Яны неадрыўна глядзелі туды, адкуль даносіўся сабачы брэх. Стаіўшы дыханне, Ханна слізганула за вялікую пліту і пачала чакаць Кіссу. Сабачы брэх набліжаўся. Чулася бязладная мітусня ахоўнікаў. Яны то падбягалі да брамы, то зноў кідаліся ў цемру. Раптам брэх сціх. У цішыні Ханна пачула цяжкае дыханне ахоўнікаў, іхнія вочы гарэлі злосным зялёным агнём.
Праз хвіліну зноў усчаўся страшны гармідар. Мусці, як ураган, наляцеў на хеўру катоў, і тыя кінуліся ва ўсе бакі. У тое ж імгненне за пліту, дзе хавалася Ханна, праслізнуў Кісса.
— Кісса! Гэта ты!
— Вух, чортаў цюцька! Ледзь мяне не злавіў!
Мусці круціўся каля ўвахода. Ён не заўважыў, куды знік Кісса, і няўпэўнена прынюхваўся. Але адусюль чуўся аднолькава моцны кашэчы пах.
Нарэшце Кісса аддыхаўся.
— Пакуль ахоўнікі збітыя з панталыку, трэба ісці, не губляючы ні хвіліны,— шапнуў ён.— Яны думаюць, што сабака трапіў сюды выпадкова. Пакліч Мусці. Ён павінен застацца тут, каля ўвахода. А калі гэты паганец насмеліцца крануць мяне хоць адным кіпцюром...
Ханна высунулася з-за каменя і паклікала Мусці. Яна пачула, як пад Мусцінымі лапамі зашумеў пясок, і потым з цемры паказалася падрапаная сабачая пыса.
— Паслухай, Мусці,— шапнула Ханна, гладзячы сабаку па ўстапыранай поўсці.— Табе трэба застацца тут і вартаваць гэтыя дзверы. Разумееш? I глядзі, каб ніводзін кот не пранік за намі ў праход!
— А галоўнае — не храпі гэтак моцна, як на Падводнай выспе,— насмешліва дадаў Кісса.
— Што?! Ану, выходзь сюды, выходзь, я табе пакажу!
— Мусці, цяпер не да бойкі,— строга сказала Ханна.
— Дык ён жа падрапаў мяне,— паскардзіўся Мусці.— Ану, выходзь, баязлівец! Я табе!...
— Кісса, вядома, дурань, што падрапаў цябе,— суцешыла яго Ханна.— Але з гэтым мы разбярэмся потым, а цяпер ты павінен быць паслухмяным сабакам і не чапаць катоў, пакуль мы не вернемся. Зразумеў?
Мусці з бурчаннем рушыў да брамы і стаў ля ўвахода. На Кіссу ён не звяртаў ніякай увагі, і той бачком-бачком выбраўся са схованкі. Мусці вырашыў, што болей ніколі не будзе размаўляць з Кіссам.
He губляючы ні хвіліны, Ханна і Кісса ўвайшлі ў цёмны праход, які вёў у нетры гары Кхатці, і хуценька рушылі наперад. Але неўзабаве яны вымушаныя былі сцішыць хаду, бо ў Кіссы ніяк не ат-
рымлівалася ўключыць кішэнны ліхтарык, а Ханна трымала ў руках гарлачык з малаком.
Паступова ход павёў угору.
— Бачыш святло наперадзе? — шапнуў Кісса.— Відаць, хутка ўжо выйдзем на свежае паветра. Гэты ход павінен вывесці нас на схіл гары.