• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    ніякіх сумненняў, проста прыдуманае. Такі закон, як права першай ночы, такая істота, як капіталіст, ці такі ўбор, як цыліндр, маглі і ўвогуле ніколі не існаваць.
    Усё расплывалася ў тумане. Мінулае знішчалася, факт знішчэння забываўся, хлусня рабілася праўдай. Толькі аднойчы ў жыцці — пасля самой падзеі, што вельмі істотна,— ён меў відавочны і бясспрэчны доказ фальшавання. Ен трымаў яго ў руках цэлыя трыццаць секунд. Гэта было недзе ў 1973 годзе — прыблізна тады, калі яны разышліся з Кэтрын. Але дата, якой датычыўся гэты доказ, адстаяла ў часе яшчэ не сем ці восем гадоў раней.
    Уласна кажучы, гэтая гісторыя сягае пачаткамі ў сярэдзіну 60-х гадоў, час вялікіх чыстак, калі былыя правадыры Рэвалюцыі раз і назаўсёды былі зліквідаваныя. Недзе каля 1970 года нікога з іх ужо не засталося, акрамя самога Вялікага Брата. Усе астатнія былі тым часам выкрытыя як здраднікі і контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы і недзе схаваўся, з іншых некаторыя проста зніклі, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналіся ў сваіх злачынствах. Сярод апошніх ацалелых былі тры чалавекі — Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалі. Як часта здаралася, яны зніклі на нейкі год ці болей, так, што было невядома, ці яны яшчэ жылі, а тады зноў нечакана з'явіліся і, як звычайна, выступілі з самаабвінавачаннямі. Яны прызналі сябе вінаватымі ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Еўразія), у растраце грамадскіх грошай, у забойстве некаторых старых членаў Партыі, у змове супраць Вялікага Брата, якую яны рыхтавалі яшчэ задоўга да Рэвалюцыі, і ўрэшце ў актах сабатажу, якія пацягнулі за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткіх прызнанняў ім даравалі віну, аднавілі ў Партыі і даверылі пасады з гучнымі назвамі, якія ў сапраўднасці былі толькі сінекурай. Усе
    трое надрукавалі ў «Таймз» аб’ёмныя нізкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылі прычыны сваёй здрады і абяцалі выправіцца.
    Праз нейкі час пасля іх вызвалення Уінстан нават сустрэў усіх трох у кавярні «Каштан». Ен памятаў тое пачуццё страху і захаплення, з якім ён скоса на іх пазіраў. Яны былі значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткі мінулага свету, амаль апошнія вялікія постаці з гераічных часоў нараджэння Партыі. Вакол іх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху і грамадзянскай вайны. У яго з’явілася пачуццё — хоць ужо і тады пачалі блытацца факты і даты,— што ён ведаў іх імёны яшчэ раней за імя Вялікага Брата. Але ў той самы час яны былі адрынутыя, ворагі Партыі, якім з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знішчэнне. Ніводнаму чалавеку, які хоць раз трапляў у рукі Паліцыі Думак, не ўдавалася выбавіцца ад яе назаўсёды. Яны былі жывыя мерцвякі, што чакалі часу, каб сысці ў магілу.
    Усе столікі побач з імі былі пустыя. Было б вялікай неасцярожнасцю сесці блізка да такіх людзей. Яны сядзелі моўчкі, перад імі стаялі шклянкі з джынам, прыпраўленым гваздзікай — гэта быў фірменны напой кавярні. Найбольшае ўражанне зрабіў на Уінстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлітасныя малюнкі да Рэвалюцыі і пад час яе спрыялі актывізацыі грамадскай думкі. Нават яшчэ і цяпер у «Таймз» часам з’яўляліся яго карыкатуры. Але яны былі толькі імітацыяй яго ранейшай манеры і заставаліся надзіва нежывымі і непераканаўчымі. Гэта было вечнае перабіранне старых тэм: убогія кватэры, галодныя дзеці, вулічныя бойкі, капіталісты ў цыліндрах — нават на барыкадах капіталісты чапляліся за свае цыліндры,— бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывіць мінулае. Гэта быў нязграбны высокі чалавек з тлустымі сівымі валасамі, прышчавым азызлым тварам і тоўстымі, як у негра,
    губамі. Напэўна, некалі ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбітае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.
    А пятнаццатай гадзіне паўсюль было ціха. Уінстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавіта ў гэты час. Зала была амаль пустая. 3 тэлеглядаў лілася духавая музыка. Тыя трое сядзелі амаль нерухома ў сваім куце і маўчалі. Без ніякіх замоваў афіцыянт прыносіў шклянкі з джынам. Побач з імі на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымі фігурамі, але ніхто з трох не гуляў. I тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамі — цягнулася гэта не болей за паўхвіліны. Нешта зрабілася з музыкай — змянілася не толькі мелодыя, але і тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла — але цяжка было апісаць, што гэта было. Нейкія дзіўныя, рэзкія, пранізлівыя, з’едлівыя ноты. I тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню:
    Там, пад раскідзістым каштанам, Ты здрадзіў мне, а я табе.
    Мы і яны жылі з маны
    Там, пад раскідзістым каштанам.
    Ніхто з трох не варухнуўся. Але калі Уінстан употай глянуў на старэчы твар Радэрфорда, ён убачыў, што яго вочы былі поўныя слёз. I тады ён упершыню заўважыў — і нешта ўнутры яго здрыганулася,— што і ў Эрансана, і ў Радэрфорда былі перабітыя насы.
    У хуткім часе пасля гэтага ўсіх трох зноў арыштавалі. Выявілася, што з моманту іх вызвалення яны пачалі рыхтаваць новыя падкопы. Пад час свайго другога працэсу яны прызналіся яшчэ раз у сваіх старых злачынствах, а таксама ў цэлым шэрагу новых. Яны былі пакараныя смерцю, а іх лёс як папярэджанне наступным пакаленням быў занесены ў партыйныя аналы. Гадоў праз пяць пасля гэтага, у 1973 годзе, калі
    Уінстан аднойчы разгарнуў скрутак дакументаў, што выпаў з трубкі пнеўматычнай пошты на яго пісьмовы стол, ён наткнуўся на выразку з газеты, якая, відаць, згубілася між іншых папер і была забытая. Разгледзеўшы яе, ён адразу зразумеў, што яна значыла. Гэта была палова старонкі, выдраная з «Таймз» прыблізна дзесяцігадовай даўнасці — верхняя палова старонкі, нават дата была відна — на ёй быў здымак дэлегатаў на нейкім партыйным мерапрыемстве ў Нью-Норку. У цэнтры групы выразна вылучаліся Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Іх было лёгка пазнаць, тым болей што іх імёны стаялі ў подпісе пад здымкам.
    Самае цікавае было тое, што на абодвух працэсах усе трое сцвярджалі, што былі якраз у гэты час на еўразійскай тэрыторыі. 3 патаемнага лётнішча ў Канадзе яны вылецелі на сустрэчу, што мусіла адбыцца недзе ў Сібіры, правялі нараду з членамі Еўразійскага Генеральнага Штаба і выдалі ім важныя ваенныя сакрэты. Дата выразна адбілася ў памяці Уінстана, бо выпадкова супала з днём сонцавароту. Але гэта можна было праверыць па шматлікіх іншых крыніцах. Заставалася толькі адна магчымая выснова: прызнанні былі хлуснёй.
    Вядома, само па сабе гэта не было нейкае адкрыццё. Нават тады Уінстан ні на хвіліну не верыў, што пакараныя ў выніку чыстак людзі сапраўды ўчынілі злачынствы, у якіх іх абвінавацілі. Тут жа гаворка ішла пра відавочны доказ; ён трымаў у руках кавалак выкараненага мінулага, як нейкую скамянелую костку, што трапілася не ва ўласцівым земляным пласце і таму абвяргала пэўную геалагічную тэорыю. Калі б нейкім чынам можна было апублікаваць гэты дакумент і растлумачыць яго значэнне, гэтага б хапіла, каб разбіць Партыю на кавалачкі.
    Ен спакойна працаваў далей. Як толькі ён убачыў здымак і зразумеў, што гэта значыла, ён накрыў выраз-
    ку аркушам паперы. На шчасце, калі Уінстан разгарнуў выразку, яна была павернутая другім бокам да тэлегляда.
    Ен паклаў папку з паперамі на калені і адсунуў крэсла назад, каб як мага болей аддаліцца ад тэлегляда. Захоўваць безуважны выраз твару было няцяжка, а адпаведным напружаннем волі можна было нават кантраляваць дыханне; але немагчыма было кантраляваць біццё сэрца, а тэлегляд быў дастаткова адчувальны, каб гэта заўважыць. Прайшло, паводле яго падлікаў, хвілін дзесяць, увесь гэты час яго мучыў страх, бо любы выпадак — напрыклад, нечаканы павеў ветру над сталом — мог бы яго выдаць. I толькі тады ён, нават не здымаючы аркуша, кінуў выцінку разам з іншым папяровым смеццем у дзіру памяці. Праз хвіліну яна ўжо напэўна ператварылася ў попел.
    Гэта адбылося дзесяць-адзінаццаць гадоў таму. Сёння ён, можа, і захаваў бы той здымак. Было дзіўна, што сам факт трымання яго ў руках яшчэ і сёння меў для яго значэнне, хоць і сам здымак, і падзея, якую ён адлюстроўваў, так далёка адстаялі ў часе. Ці ўлада Партыі над мінулым не меншала, пытаўся ён у сябе, калі нейкі маленькі доказ, які ўжо болей не існаваў, прынамсі, некалі ўсё ж існаваў? '
    Аднак сёння той здымак, нават калі б яго можна было аднавіць з попелу, напэўна ўжо не мог быць ніякім доказам. Ужо тады, калі ён яго знайшоў, Акіянія болей не ваявала з Еўразіяй, і такім чынам усе тры забітыя мусілі б здрадзіць сваёй Бацькаўшчыне на карысць агентаў Усходазіі. 3 таго часу стан рэчаў мяняўся ўжо колькі разоў, два ці тры, ён ужо не памятаў дакладна. Зусім верагодна, што іх прызнанні былі ўжо не раз перапісаныя, аж пакуль першапачатковыя факты і даты перасталі мець найменшае значэнне. Мінулае не проста зменьвалася, яно зменьвалася бесперапынна. Найболей, як нейкі кашмарны сон, яго прыгнятала тое, што ён
    ніколі не мог да канца ўсвядоміць, нашто увогуле рабілася ўся гэтая велізарная хлусня. Непасрэдная карысць фальшавання мінулага была відавочная, але галоўная, асноўная прычына заставалася таямніцай. Ен зноў узяў пяро і напісаў:
    Я разумею ЯК, я не разумею ЧАМУ.
    Ен усё часцей пытаўся ў сябе, ці ён не звар’яцеў. Можа, вар’яты былі меншасцю, што складалася толькі з аднаго чалавека. Некалі знакам вар’яцтва было лічыць, што Зямля круціцца вакол Сонца, сёння ж лічылася вар’яцтвам верыць, іііто мінулае нязменнае. Можа, ён быў адзіны, хто ў гэта верыў, калі ж ён быў адзіны, дык ён і быў вар’ятам. Але думка пра тое, што, можа, ён вар'ят, непакоіла яго значна меней, чым боязь, што, можа, ён не мае рацыі.
    Ен узяў у рукі падручнік гісторыі для дзяцей і пачаў разглядаць партрэт Вялікага Брата на тытульным аркушы. Гіпнатычныя вочы нязводна глядзелі ў вочы Уінстана. Яго быццам прыгнятала нейкая гвалтоўная сіла, нешта ўваходзіла ў яго чэрап, свідравала мозг, выганяла ўласныя перакананні, амаль вымушала не давяраць болей сведчанням сваіх пачуццяў. Урэшце Партыя калі-небудзь абвесціць, што двойчы два ёсць пяць, і ў гэта трэба будзе верыць. Раней ці пазней яны непазбежна гэта сцвердзяць: гэтага патрабавала ўся логіка іх пазіцыі. Партыйнай філасофіяй практычна адмаўлялася не толькі вартасць практычнага досведу людзей, але ўвогуле наяўнасць дадзенай рэчаіснасці. Найвялікшай ерассю быў здаровы людскі розум. I самым жахлівым было не тое, што яны забівалі таго, хто думаў інакш, а тое, што яны маглі мець рацыю. Бо сапраўды, ці можам мы быць пэўныя, што двойчы два чатыры? Або што закон прыцягнення слушны? Або што мінулае нязменнае? Калі і мінулае, і навакольны свет існуюць толькі ў нашым уяўленні, а само ўяўленне знаходзіцца пад пільным кантролем — што тады?