Казкі трапічнага лесу
Гарасьо Кірога
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 96с.
Мінск 1993
I толькі фламінгі, у якіх тады былі белыя ногі, a дзюбы, як і цяпер, вельмі тоўстыя і крывыя,— толькі фламінгі былі невясёлыя, бо ў іх было мала розуму і яны не змаглі прыдумаць, як апрануцца. Яны зайздросцілі кожнаму гарнітуру і асабліва гарнітурам, што былі ў каралавых гадзюк. Калі якая-небудзь змяя, какетліва прыўздымаючы пышную газавую спаднічку, праходзіла перад імі, фламінгі аж млелі ад зайздрасці.
Тады адзін фламінга сказаў:
— Я ведаю, што трэба зрабіць. Трэба надзець чырвоныя, белыя і чорныя панчохі, і каралавыя змеі закахаюцца ў нас.
I гуртам узляцеўшы, усе фламінгі пераляцелі раку і пастукаліся ў вясковую краму.
«Стук-стук!» — заляпалі яны нагамі.
— Хто там? — спытаў крамнік.
— Гэта мы, фламінгі. Ці не маеце вы чырвоных, белых і чорных панчошак?
— He, такіх y мяне няма,— адказаў крамнік.— Вы што, зусім здурнелі? Такіх панчох вы нідзе не знойдзеце.
Тады фламінгі паляцелі ў другую краму.
— Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак?
Крамнік адказаў:
— Як вы кажаце? Чырвоных, белых і чорных? Такіх панчох нідзе няма. Вы здурнелі. Хто вы такія?
— Мы фламінгі,— адказалі яны.
I мужчына сказаў:
— Пэўна, вы звар’яцелі.
Паляцелі яны яшчэ ў адну краму.
— Стук-стук! Ці няма ў вас чырвоных, белых і чорных панчошак?
Крамнік закрычаў:
— Якіх-якіх? Чырвоных, белых і чорных? Толькі та~ кім дзюбатым птушкам, як вы, можа прыйсці ў галаву прасіць такія панчохі. Прэч адсюль!
I чалавек шпурнуў у іх венікам.
Гэтак фламінгі абляцелі ўсе крамы, і адусюль іх праганялі як шаленцаў.
Тады нейкі браняносец, які йшоў да рэчкі папіць вады, захацеў пасмяяцца з фламінгаў і, паважна павітаўшыся, сказаў ім:
— Вечар добры, спадары фламінгі! Я ведаю, што вы шукаеце. Такіх панчох вы не знойдзеце ні ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль іх давядзецца выпісваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такія панчохі ёсць. Папрасіце ў яе, і яна дасць вам чырвоныя, белыя і чорныя панчохі.
2. Г. К ірога
Фламінгі падзякавалі, паляцелі да савінага дупла і сказалі: .
— Вечар добры, сава. Мы прыляцелі папрасіць у цябе чырвоныя, белыя і чорныя панчохі. Сёння ў змеяў вялікі баль, і калі мы надзенем такія панчохі, усе каралавыя гадзюкі ў нас закахаюцца.
— 3 вялікім задавальненнем! — адказала сава.— Пачакайце трошачкі, я не забаўлюся.
I махнуўшы крыламі, яна пакінула фламінгаў адных і праз хвіліну ўжо вярнулася назад — з панчохамі. Але гэта былі не панчохі, а вельмі прыгожыя і зусім свежыя шкуры каралавых гадзюк, якіх сава толькі што ўпалявала.
— Вось вам панчохі,— сказала сава.— Але майце на ўвазе вось што: танчце ўсю ноч, танчце, не спыняючыся ні на імгненне, танчце на баку, на дзюбе, на галаве, як хочаце, але не спыняйцеся ні на хвіліну, каб вам не давялося замест таго, каб танчыць — плакаць.
Але ж фламінгі былі такія дурныя, што й не ўцямілі, якая вялікая небяспека хавалася ў гэтых словах. Адурэўшы з радасці, яны надзелі шкуры каралавых гадзюк як панчохі, засунуўшы ў іх лапы, як у трубкі, і вельмі задаволеныя, паляцелі на баль.
Калі госці ўбачылі фламінгаў у такіх прыгожанькіх панчохах, яны ўсе ім пазайздросціліЗмеі захацелі цяпер танчыць толькі з імі, а таму, што фламінгі ні на хвіліну не пераставалі перабіраць нагамі, змеі не маглі добра разгледзець, з чаго тыя прыгожыя панчохі зробленыя.
Але ўрэшце змеі пачалі сёе-тое падазраваць. Калі фламінгі танчачы праходзілі побач, змеі аж да зямлі нагіналіся, каб лепей разгледзець.
Асабліва непакоіліся каралавыя гадзюкі. Яны не адводзілі вачэй ад панчохаў і таксама нагіналіся, стараючыся лізнуць фламінгам у лапы языком, бо язык у змеяў — усё роўна што рука ў чалавека. Але фламінгі танчылі й танчылі, не спыняючыся, хоць ужо вельмі стаміліся і болып не маглі.
Каралавыя гадзюкі, заўважыўшы гэта, адразу папрасілі ў рапух ліхтарыкі — светлячкоў — і пачалі чакаць, калі фламінгі пападаюць ад стомы.
I праўда, праз хвіліну адзін фламінга настолькі знямогся, што спатыкнуўся аб кайманавую цыгару, захістаўся і ўпаў на бок. Тут жа каралавыя гадзюкі падбеглі са сваімі ліхтарыкамі і ярка асвяцілі фламінгу ногі. Убачыўшы, якія на ім панчохі, яны так зашыпелі, што гэтае шыпенне можна было пачуць аж на другім беразе Параны.
— Гэта не панчохі! — закрычалі гадзюкі.— Мы ведаем, што гэта! Нас падманулі! Фламінгі пазабівалі нашых сясцёр і замест панчох надзелі іх шкуры! Іхнія панчохі — гэта каралавыя гадзюкі!
Пачуўшы, што іх выкрылі, фламінгі перапалохаліся. Яны хацелі паляцець і ўцячы, але так патаміліся, што не маглі падняць ні крыла, ні нагі. А каралавыя гадзюкі накінуліся на іх, абвілі за ногі і зубамі падралі панчохі. У шаленстве яны падралі панчохі на шматкі і кусалі фламінгаў за ногі, каб тыя памерлі.
Звар’яцеўшы ад болю, фламінгі скакалі з месца на месца, але каралавыя гадзюкі не адпускалі іх ног. Урэшце, убачыўшы, што ад панчох не засталося ўжо ні кавалачка, стомленыя гадзюкі адпусцілі фламінгаў і пачалі папраўляць свае бальныя гарнітуры.
Гадзюкі былі ўпэўненыя, што фламінгі памруць, таму
што прынамсі палова каралавых гадзюк, якія кусалі, былі ядавітыя.
Але фламінгі не ўмерлі. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглі і кінуліся ў ваду. Яны крычалі ад болю, і іхнія ногі, якія раней былі белыя, зрабіліся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Міналі дні за днямі, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламінгаў не сунімаўся.
Было гэта вельмі-вельмі даўно. Але й дагэтуль фламінгі стаяць цэлымі днямі ў вадзе, стараючыся сцішыць агонь, што пячэ ім ногі.
Часам яны выходзяць на бераг і ступаюць колькі крокаў па зямлі, каб пабачыць — як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, і яны бягуць назад у ваду. Часам ім пячэ так моцна, што яны падбіраюць нагу і стаяць гэтак цэлымі гадзінамі, не могучы яе выпрастаць.
Вось так у фламінгаў былі раней белыя ногі, а цяпер сталі чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гісторыю і смяюцца з неразумных птушак. Але фламінгі, студзячы ў вадзе свае ногі, не выпускаюць выпадку, каб адпомсціць насмешніцам, і глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блізка, каб з іх пасмяяцца.
Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвітку яны ляталі на поле паласавацца маладымі кіяхамі кукурузы, a надвячоркам дзяўблі апельсіны. Сваімі крыкамі яны ўтваралі страшэнны гвалт, але заўсёды на самым высокім дрэве ў іх сядзеў папугай-вартаўнік, які пільнаваў, ці не крадзецца хто-небудзь.
Папугаі — такія самыя шкоднікі, што й саранча, бо калі яны дзяўбуць кіяхі, яны раздзіраюць іх, а потым, у дождж, кіяхі гніюць. А таму што смажаныя папугаі вельмі смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацінскай Амерыцы) палююць на іх.
I вось аднойчы адзін чалавек стрэліў ды збіў вартавога
папугая, які, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, a дзеці вылечылі яго, бо ў папугая было перабітае толькі адно крыло. Вельмі хутка папугай ачуняў і зрабіўся зусім свойскі. Назвалі яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, і яму вельмі падабалася сядзець у людзей на плячы і дзюбаю казытаць ім за вухам.
Жыў ён вольна і амаль цэлы дзень бавіў на апельсінавых дрэвах ды эўкаліптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калі ж надвячоркам, a чацвёртай ці пятай гадзіне, дома пілі чай, папугай таксама заходзіў у сталовую і, дапамагаючы сабе дзюбай і лапамі, узлазіў па абрусе на стол паесці размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любіў чай з малаком.
Пэдрыту вельмі падабаліся дзеці, і яны расказвалі яму столькі рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: «Добры дзень, папугайчык!», «Смачная каша!..», «Каша ддя Пэдрыты!». Казаў ён і яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаі, як і дзеці, вельмі лёгка запамінаюць паганыя словы.
Калі пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры і ціхенька нешта сам сабе баяў. Калі ж ладзілася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.
Як бачым, гэта быў зусім шчаслівы папугай. I апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкі, ён, як заможныя людзі, таксама а пятай гадзіне піў чай.
I вось, пры ўсім гэтым шчасці, здарылася так, што адным дажджлівым надвячоркам пасля пяці дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца і Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапаніў:
— Які цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!
I паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унізе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў і ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.
I раптам ён убачыў праз галінкі, што на зямлі блішчаць два зялёныя агеньчыкі, быццам два вялізныя светлякі.
«Што гэта? — падумаў папугай.— «Смачная каша!», «Што гэта будзе?», «Дзень добры, Пэдрыта!..»
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаі,— бязладна блытаючы словы, і часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмі цікаўны і, пераскокваючы з галінкі на галінку, пачаў падсоўвацца ўсё бліжэй і бліжэй. I раптам убачыў, што тыя два агеньчыкі — гэта вочы вялікага ягуара, які ўвесь напружыўся і пільна глядзіць на яго.
Але Пэдрыта быў такі задаволены пагодным днём, што зусім не спалохаўся.
— Дзень добры, ягуар! — сказаў ён.— «Лапу, Пэдрыта!»
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
— Дзе-нь-доб-ры!
— Дзень добры, ягуар! — паўтарыў папугай.— «Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..»
Ён паўтарыў столькі разоў «смачная каша», таму што было ўжо чатыры гадзіны і яму вельмі хацелася папіць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п’юць чаю з малаком, і таму запрасіў пачаставацца і ягуара.
— Смачны чай з малаком! — сказаў ён.— «Дзень добры, Пэдрыта!» Ці не хочаш папіць са мной чаю, сябра ягуар?
Але ягуар раз’юшыўся — яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны і захацеў з’есці гаваркую птушку. Ягуар адказаў:
— Доб-ра! Па-ды-дзі тро-хі, я не чу-ю!
Ягуар быў не глухі, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў бліжэй і яго можна было схапіць адным махам. А папугай думаў толькі пра тое, як будзе прыемна прыйсці дадому і піць чай з малаком з такім цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галінку, бліжэй да зямлі.
— Дома смачная каша! — зноў крыкнуў ён на ўсё горла.
— Блі-жэй! He чу-ю! — прахрыпеў у адказ ягуар.
Папугай зляцеў яшчэ трошкі ніжэй і сказаў: