Казкі трапічнага лесу  Гарасьо Кірога

Казкі трапічнага лесу

Гарасьо Кірога
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 96с.
Мінск 1993
25 МБ
Паляўнічы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла
прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнічы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмі бедны. Тады яна назбірала вялікіх, сухіх і чыстых пёраў і праз тыдзень прыйшла да паляўнічага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мінулага разу, калі ён засмяяўся ад расчуленасці, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. I цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, які лань выпіла з вялікім задавальненнем.
3 таго часу лань і паляўнічы вельмі пасябравалі. Лань заўсёды старалася прынесці чалавеку чапліных пёраў, якія каштуюць вялікіх грошай, і яны, гутарачы, бавілі разам цэлыя гадзіны. Чалавек заўсёды ставіў на стол горшчык з мёдам і падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамі, якія лані ахвотна ядуць і гэта ніяк ім не шкодзіць. Так яны і бавілі час, седзячы каля печы, якую паляўнічы паліў дрывамі, ды пазіраючы на полымя, а за сцяною ліў дождж і вецер скаланаў саламяную страху хаты.
Баючыся сабак, лань звычайна прыходзіла да чалавека тымі начамі, калі была навальніца. I таму кожны раз, калі з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнічы загадзя ставіў на стол горшчык з мёдам і сцяліў сурвэтку, а сам браў кнігу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калі ў дзвярах пачуецца такі знаёмы стук ягонай сяброўкі лані.
У аднаго кааці было трое дзетак. Жылі яны ў лесе, елі фрукты, карэнне і птушыныя яйкі. А калі сядзелі на дрэве і раптам чулі моцны шум, дык імкліва саскоквалі на зямлю і ўцякалі, задраўшы хвасты.
I вось аднаго разу, калі каацяняты крыху падраслі, маці паклікала іх залезці да сябё на апельсінавае дрэва і сказала ім так:
— Каацяняткі, вы ўжо дастаткова падраслі, каб самім шукаць сабе ежу. I вы павінны навучыцца гэтаму, бо калі зробіцеся зусім дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе кааці. Большанькі з вас ласы да макрыц і слімакоў, і ён знойдзе іх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых
казурак. Сярэдні — вялікі аматар фруктаў, і ён зможа знайсці іх на гэтым ці на другіх дрэвах: апельсіны будуць ажно да снежня. А меншы, які ласуецца толькі птушынымі яйкамі, можа хадзіць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але барані яго Бог хадзіць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.
I асабліва, дзеткі мае, вы павінны баяцца сабак. Аднойчы я з імі білася і ведаю, што кажу,— з таго часу ў мяне паламаны зуб. За сабакамі заўсёды ідуць людзі, у якіх ёсць магутны гром, які забівае. Як толькі пачуеце гэты гром, дык як мага хутчэй саскоквайце на зямлю з любога высокага дрэва. Іначай вас могуць застрэліць.
Так навучала іх маці. Потым яны ўсе злезлі з дрэва і разышліся, круцячы галавою то справа налева, то злева направа, быццам шукаючы нечага згубленага, бо так ходзяць кааці.
Большы, якому захацелася паесці слімакоў, шукаў іх у гнілым ламаччы і пад прэлай травой. I знайшоў іх столькі, што хутка наеўся і задрамаў. Сярэдні, які болей за ўсё на свеце любіў фрукты, наеўся колькі хацеў апельсінаў, бо сярод лесу расло шмат апельсінавых дрэваў — гэта звычайная рэч у Парагваі і Місьёнэс. I ніхто з людзей не патурбаваў яго. А меншы, які без памяці любіў птушыныя яйкі, папахадзіў цэлы дзень і знайшоў усяго толькі два гняздзечкі: адно туканава з трыма яйкамі і адно туркаўкі, у якім яек было толькі два. Усяго разам — пяць маленечкіх яечак: надта мала, каб добра пад’есці. I таму, калі настаў вечар, маленькі кааці быў такі самы галодны, як і раніцай. I зажурыўшыся, ён сеў непадалёк ад ускрайку лесу. Адсюль ён убачыў за дрэвамі поле і ўспомніў параду маці.	.
«Чаму гэта мама забараніла шукаць гнёзды ў полі?» — падумаў ён. I так разважаючы, ён раптам пачуў вельмі далёка спеў нейкай птушкі.
— Якая гучная песня! — сказаў кааці ў захапленні.— I якія, напэўна, вялікія яйкі павінны быць у такой птушкі!
Спеў пачуўся зноў. I тады кааці кінуўся бегчы праз лес. Ён бег напрасткі, не разбіраючы дарогі, бо спеў ляцеў аднекуль проста наперадзе. Сонца ўжо садзілася, а ён усё бег, задраўшы ўгору хвост. Нарэшце ён выскачыў на ўзлесак і паглядзеў у поле. Удалечыні стаяў чалавечы дом, і побач ён убачыў чалавека ў ботах, які вёў на повадзе каня. I яшчэ ён убачыў вялікую птушку, якая спявала. Тады кааці пляснуў сябе па лбе і сказаў:
— Ну, які я недарэка! Я цяпер успомніў, што гэта за птушка. Гэта ж певень! Аднойчы мама паказвала мне яго, калі мы сядзелі на дрэве. Пеўні вельмі хораша спяваюць, і ў іх шмат курэй, якія нясуць яйкі. Вось бы паесці гэтых курыных яек!
Усім вядома — нішто так не падабаецца гэтым лясным звяркам, як курыныя яйкі. I хоць на адну хвілінку маленькаму кааці ўспомнілася парада, якую дала яму маці, але жаданне перамагло. Ён сеў на ўзлеску і пачаў чакаць, калі добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік.
Нарэшце апусцілася ноч. Тады ён на дыбачках, крок за крокам, пачаў падкрадацца да хаты. Падышоўшы, ён асцярожна прыслухаўся: вакол нічагуткі было не чуваць. Маленькі кааці вельмі ўзрадаваўся, што зараз зможа з’есці сто, тысячу — не, дзве тысячы курыных яек! Ён ступіў у куратнік і першае, што ўбачыў каля дзвярэй, было яйка, якое ляжала адно на зямлі. Спачатку ён вырашыў пакінуць яго на пасля, на закуску, бо яйка было
ладнае. Але ў яго пацякла сліна, і ён, не ўтрымаўшыся, схапіў яйка зубамі.
Ледзь толькі ён гэта зрабіў, як ТРЭСЬ! — страшны ўдар абрынуўся яму ў твар, і ён адчуў невыцерпны боль.
— Мама, мама! — закрычаў ён, не ведаючы што рабіць ад болю.
Але ён быў як прыкуты да месца! I ў тую ж хвіліну пачуўся хрыпаты сабачы брэх.
Тым часам, калі кааці сядзеў на ўзлеску і чакаў, пакуль добра сцямнее, каб пралезці ў куратнік, гаспадар дома забаўляўся на саломе са-сваімі дзецьмі, белагаловымі хлопчыкам і дзяўчынкай пяці і шасці гадоў. Яны смяяліся, бегалі, падалі, смеючыся ўставалі і зноў падалі. I бацька таксама падаў, на вялікую радасць дзяцей. Урэшце яны перасталі дурэць, бо была ўжо ноч, і гаспадар сказаў:
— Пайду пастаўлю пастку на ласку, бо яна часта да нас залазіць і душыць куранят ды крадзе яйкі.
Ён пайшоў і паставіў пастку. А потым яны павячэралі і палеглі спаць. Але дзеці спаць не хацелі, яны скакалі з ложка на ложак і блыталіся ў начных кашулях. А бацька чытаў у сталовым пакоі і не перашкаджаў ім. Але раптам дзеці перасталі скакаць і крыкнулі:
— Тата! У пастку трапіла ласка! Сабака брэша! Мы хочам пабачыць, татачка!
Бацька дазволіў, але з умоваю, што яны абуюць сандалі, бо вакол было шмат гадзюк і цёмначы дзецям забаранялася хадзіць босымі.
Яны пайшлі. I што ж яны ўбачылі? Яны ўбачылі, што бацька нахіліўся і, стрымліваючы адной рукою сабаку, другою рукой выцягнуў за хвост і падняў кааці. Кааці
быў яшчэ зусім маленькі і ўвесь час пранізліва, як цвыркун, вішчаў.
— Тата, не забівай яго! — папрасілі дзеці.— Ён зусім маленечкі! Аддай яго нам.
— Добра, бярыце,— адказаў бацька.— Але добра даглядайце за ім, і самае галоўнае — не забывайцеся, што кааці, як і вы, п’юць ваду.
Ён казаў гэта таму, што раней у дзяцей быў лясны кот, якому яны ўвесь час цягалі мяса з халадзільніка, a вады не давалі, і ён здох.
I вось цяпер кааці запусцілі ў тую самую клетку, у якой раней жыў лясны кот і якая стаяла каля куратніка. А самі зноў пайшлі спаць.
Мінула поўнач, і вакол апала глыбокая цішыня. Але маленькі кааці, які вельмі пацярпеў ад зубоў пасткі, не мог заснуць. I раптам ён убачыў у месяцавым святле тры невялікія цені, якія асцярожна падкрадаліся да яго. Сэрца ў няшчаснага кааціка затрымцела, бо ён пазнаў маму і сваіх двух братоў, якія яго шукалі.
— Мама, мама! — паклікаў палоннік вельмі ціхенька, каб не нарабіць шуму.— Я тут! Вызваліце мяне! Я не хачу тут заставацца, ма... ма...
I ён несуцешна заплакаў.
Нягледзячы на ўсё, што здарылася, кааці былі задаволеныя, бо яны такі знайшлі адно аднаго і лашчыліся цяпер пысамі.
Яны адразу паспрабавалі вызваліць палонніка. Дзеля гэтага яны спачатку вырашылі былі перагрызці драцяную сетку, і ўсе чацвёра накінуліся на яе зубамі. Але ў іх нічога не выйшла. I тады маме прыйшла ў галаву адна добрая думка. I яна сказала:
— Давайце пашукаем чалавекаў рыштунак! У людзей ёсць такія прылады, каб перакусваць жалеза. Яны завуцца напільнікі. У іх тры бакі, як скура ў грымучай змяі, і імі водзяць сюды-туды. Хадземце пашукаем!
Яны пайшлі ў чалавекаву майстэрню і вярнуліся адтуль з напільнікам. Разумеючы, што аднаму сілы не хопіць, яны ўзяліся за напільнік утраіх, і праца пачалася. Яны так захапіліся, што нават не заўважылі, што ўся клетка ўжо дрыжыць, трасецца і страшна грыміць. Яны нарабілі такога грукату, што сабака нарэшце прачнуўся і хрыпла забрахаў. Але кааці вырашылі не чакаць, пакуль іх папросяць растлумачыць прычыну такога скандалу, і, кінуўшы напільнік, уцяклі ў лес.
На другі дзень дзеці раненька пайшлі паглядзець на свайго новага госця, які маркотна сядзеў у невялічкай клетцы.
— Як мы яго назавём? — спытала дзяўчынка ў браціка.
— Я ўжо прыдумаў! — адказаў хлопчык.— Мы назавём яго Семнаццаць!
Чаму Семнаццаць? Ніколі не было яшчэ лясной жывёліны з такім дзіўным імем. Але хлопчык вучыўся лічыць, і яго, напэўна, нечым прывабіў гэты лік.
Як бы там ні было, а маленькага кааці назвалі Семнаццаць. Яму прынеслі хлеба, вінаграду, шакаладу, мяса, крэветак і яек — вельмі смачных курыных яек. I яшчэ ім удалося вельмі хутка вылечыць яго — так, што ўжо праз дзень ён перастаў чухаць сабе галаву. Пяшчота дзяцей была такою вялікай і шчырай, што, калі зноў наступіла ноч, кааці ўжо амаль змірыўся са сваім палонам. Ён толькі і думаў пра тыя ласункі, якія еў цэлы
дзень, і ўспамінаў пра бялявых дзяцей чалавека, якія былі такія вясёлыя і добрыя.
Дзве ночы запар сабака спаў так блізка да клеткі, што, на вялікі жаль, сям’я палонніка не магла да яго падысці. Калі ж на трэцюю ноч яны зноў падкраліся, спадзеючыся знайсці напільнік і выпусціць на волю маленькага кааці, ён сказаў:
— Мама, я ўжо не хачу сыходзіць адсюль. Мне даюць яйкі, і ўсе са мной вельмі добрыя. Сёння мне сказалі, што, калі я добра буду сябе паводзіць, мяне хутка выпусцяць. Яны такія ж, як мы.Яны таксама маленькія дзеці, і мы разам гуляем.
Дзікія кааці вельмі засмуціліся, але ўрэшце, змірыўшыся, паабяцалі кааціку прыходзіць да яго кожную ноч.