• Газеты, часопісы і г.д.
  • Казкі трапічнага лесу  Гарасьо Кірога

    Казкі трапічнага лесу

    Гарасьо Кірога

    Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
    Памер: 96с.
    Мінск 1993
    25 МБ
    Яны не ведалі, што рабіць. I раптам адзін маленькі, але вельмі разумны скацік сказаў:
    — Я ведаю! Хай да іх паплывуць дарады! Дарады нашы сябры! Яны плаваюць шпарчэй за ўсіх!
    — Правільна! — крыкнулі ўсе.— Хай плывуць дарады!
    У адно імгненне гэты кліч разнёсся вакол, і праз хвіліну ўжо восем ці дзесяць шыхтоў дарадаў — сапраўднае войска дарадаў! — з усіх сіл паплыло ўверх па рацэ. Яны плылі так хутка, што пасля сябе, як пасля тарпедаў, пакідалі на вадзе барозны.
    Але як дарады ні стараліся, яны ледзьве паспелі перадаць загад перагарадзіць ягуарысе дарогу. Ягуарыха ўжо плыла і была зусім недалёка ад вострава.
    Але скаты як найхутчэй кінуліся да другога берага, і як толькі ягуарыха намацала зямлю, скаты накінуліся ёй
    на лапы і пачалі іх калоць шыпамі. Звер аж звар’яцеў ад болю! Ягуарыха раўла, скакала ў вадзе, узнімала лапамі цэлыя стаўбуры пырскаў. Але скаты зноў і зноў кідаліся ёй на лапы і так загарадзілі сабой дарогу, што ўрэшце ягуарыха павярнулася, паплыла назад і выскачыла на бераг. Усе чатыры лапы ў яе страшна распухлі.
    I тут ёй не ўдалося прайсці і з’есці чалавека!
    Але скаты таксама стаміліся. А горай за ўсё было тое, што ягуар і ягуарыха падняліся і пайшлі ў лес. Што яны задумалі? Гэта выклікала непакой у скатаў, і яны доўга раіліся. Урэшце яны сказалі:
    — Будзе вось што: яны збяруць іншых ягуараў і прывядуць іх сюды. А калі прыйдуць усе ягуары, дык тады яны пройдуць!
    — Hi, ніколі! — закрычалі самыя маладыя скаты, якія былі не надта дасведчаныя ў жыцці.
    — Пройдуць, даражэнькія! — са смуткам адказалі старэйшыя.— Калі іх будзе шмат, яны пройдуць... Давайце параімся з нашым сябрам.
    I яны паплылі да чалавека, з якім, абараняючы пераход цераз раку, дагэтуль яшчэ не мелі часу пабачыцца.
    Чалавек ляжаў, страціўшы шмат крыві, але мог ужо гаварыць і крыху варушыцца. Скаты хуценька расказалі яму пра ўсё, што здарылася, і як яны абаранялі пераход ад ягуараў, якія хацелі яго з’есці. Паранены чалавек быў вельмі расчулены прыхільнасцю скатаў і ласкава пагладзіў тых, што былі бліжэй да яго. Урэшце ён сказаў:
    — Нічога не зробіш. Калі ягуараў будзе шмат і яны захочуць прайсці, дык пройдуць...
    — He пройдуць! — сказалі меншыя скаты.— Вы наш сябар, і яны не пройдуць!
    — Пройдуць, даражэнькія! — сказаў чалавек.
    I ціха дадаў:
    — Адзіным выйсцем было б паслаць каго-небудзь да мяне дадому. Каб прынеслі вінчэстэр з набоямі... Але на рэчцы ў мяне няма ніякіх сяброў, апроч рыб... а сярод вас ніхто не ўмее хадзіць па зямлі.
    — Што ж нам тады рабіць? — заклапочана спыталіся скаты.
    — Чакайце, чакайце...— сказаў чалавек, праводзячы рукою па лбе, нібыта пра нешта прыпамінаючы.— Быў у мяне адзін сябар... капібара... Ён гадаваўся ў мяне дома і гуляў з маімі дзецьмі... Але потым ён зноў вярнуўся ў лес і цяпер, здаецца мне, жыве недзе тут, на Явэвіры... Але дзе — я не ведаю...
    Тут усе скаты радасна загаманілі.
    — Ведаем! Мы ведаем! — закрычалі яны.— Ягонае лагво на канцы вострава! Ён аднойчы расказваў нам пра вас! Мы зараз жа пашлем па яго!
    Сказана-зроблена: адзін вялікі дарада адразу на ўвесь дых паплыў уніз па рацэ шукаць капібару. А чалавек тым часам развёў на далоні згустак крыві, каб зрабіць чарніла, і костачкай рыбы, якая была ў яго замест пяра, пачаў пісаць на сухім лісце, які яму замяняў паперу. I напісаў ён такі ліст^Прышліце мне з капібарам вінчэстэр і цэлы пачак з дваццаццю пяццю кулямі».
    Ледзьве ён закончыў гэта пісаць, як увесь лес задрыжаў ад глухога рыку: гэта падыходзілі ягуары, гатовыя ўвязацца ў бойку. А скаты хутчэй панеслі ліст, высунуўшы галаву над вадою, каб не намачыць яго. Яны аддалі ліст капібару, і той паімчаў па траве, каб занесці ліст чалавеку дадому.
    I ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвілінаю набліжаўся. Тады скаты сабралі ўсіх дарадаў, якія чакалі загаду, і крыкнулі ім:
    — Хутчэй, даражэнькія! Абплывіце ўсю раку і ўзнімайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збіраюцца вакол вострава! Пабачым, ці пройдуць гэтыя ягуары!
    I войска дарадаў у тое ж імгненне разбеглася ўверх і ўніз па рацэ, пакідаючы за сабой на вадзе барозны.
    На Явэвіры не было ніводнага ската, які б не атрымаў загаду прыплысці да берага ракі побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў — з усёй Явэвіры збіраліся скаты, каб абараніць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасці сюды-туды сноўдалі дарады.
    I зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, і ягуары высыпалі на бераг.
    Іх было шмат — здавалася, што ўсе місьёнэскія ягуары сабраліся тут, ля ракі. Але і рака Явэвіры ўся віравала ад скатаў, якія сабраліся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.
    — Дарогу ягуарам! — зараўлі драпежнікі.
    — Няма вам дарогі! — адказалі скаты.
    — Паўтараем — дайце дарогу!
    — He дамо!
    — Глядзіце ж! Калі не дасце нам прайсці, не застанецца ні ската, ні скатавага дзіцяці, ні скатавага ўнука!
    — Можа быць! — адказалі скаты.— Але ні ягуары, ні ягуаравы дзеці, ні ягуаравы ўнукі — ніводзін ягуар у свеце не пройдзе тут!
    Так адказалі ім скаты. Тады ягуары зараўлі апошні раз:
    — Патрабуем нас прапусціць!
    — Hi, ніколі!
    I тады пачалася сапраўдная бітва. Гіганцкім скачком ягуары кінуліся ў ваду! Але яны ўпалі на суцэльны подсціл са скатаў. Скаты пачалі біць іх, працінаць ім лапы ўдарамі сваіх вострых шыпоў, і на кожную рану ягуары азываліся страшным рыкам ад болю. Але ж і яны адбіваліся лапамі, з усяе сілы лупцуючы імі ў вадзе. I скаты, распаласаваныя кіпцюрамі ягуараў, узляталі ў паветра.
    Уся Явэвіры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гінулісотнямі... Але ж і ў ягуараў былі жахлівыя раны, і яны, рыкаючы, адступалі, каб са страшна апухлымі лапамі адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кіпцюрамі ягуараў, не адступалі. Яны ні на хвіліну не пакідалі абараняць пераход. Шмат хто з іх узлятаў у паветра І зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў і зноў кідаліся на ворага.
    Паўгадзіны доўжылася гэтая жахлівая бойка. А праз паўгадзіны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелі на беразе і раўлі ад болю: ніводзін з іх не прайшоў. Праўда, і скаты стаміліся да знямогі. Шмат хто загінуў. I тады тыя, што засталіся жывыя, сказалі:
    — Другой такой атакі нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якія ёсць у Явэвіры!
    I дарады зноў разбегліся ўверх і ўніз па рацэ, і плылі яны ўсе так шпарка, што пасля іх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставаліся барозны.
    А скаты тым часам паплылі да чалавека.
    — Мы болей не вытрываем! — сказалі са смуткам
    скаты. I сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.
    — Ідзіце, скаты! — сказаў паранены чалавек.— Пакіньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмі шмат для мяне зрабілі. Хай ягуары пройдуць!
    — Hi, ніколі! — у адзін голас крыкнулі скаты.— Пакуль у нашай рацэ Явэвіры ёсць хоць адзін жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, які некалі абараніў нас!
    Тады паранены задаволена прамовіў:
    — Скаты! Я амаль паміраю, і мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калі толькі мне прынясуць вінчэстэр, мы добра пажартуем, і гэта я вам абяцаю.
    — Так, мы ведаем! — падбадзёрыўшыся, адказалі скаты.
    Але скончыць гамонку яны не змаглі, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылі на ногі і, выгнуўшы спіны, як для скачка, рыкнулі:
    — Апошні раз і раз назаўжды патрабуем: дарогу!
    — Hi, ніколі! — адказалі скаты і зноў сабраліся ля берага.
    Але і ягуары ўжо скочылі ў ваду, і страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвіры ад берага да берага была чырвоная ад крыві. Кроў пенілася хвалямі на пяску. Ляцелі ў паветра разарваныя скаты, раўлі ад болю ягуары, але ніхто не адступаў ні на крок.
    I ягуары ўжо не толькі не адступалі, але пачалі прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх і ўніз па рацэ, склікаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагаліся перад востравам, і палова іх ужо загінула. А тыя, што заставаліся, былі ўсе параненыя і
    знямоглыя. I тады яны зразумелі, што не здолеюць пратрымацца больш ні хвіліны і што ягуары пройдуць. I няшчасныя скаты, якія лічылі, што лепей памерці, чым аддаць свайго сябра, з астатнімі сіламі кінуліся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылі ўжо да вострава і былі недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулі:
    — Да вострава! Усе на той бераг!
    Ды было ўжо позна — яшчэ два ягуары кінуліся плыць, а праз хвіліну ўсе яны ўжо былі пасярод ракі, і з вады высоўваліся толькі іх галовы.
    Але ў гэтае самае імгненне адзін звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькі ставала сілы плыў праз Явэвіры: эта быў капібара, які дабіраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вінчэстэр з набоямі.
    Чалавек закрычаў ад радасці, яму яшчэ заставаўся час, каб заступіцца за скатаў. Ён папрасіў капібару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, і лёгшы, ён маланкава зарадзіў вінчэстэр. I якраз у той момант, калі распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылі, што прайгралі бітву і што ягуары зараз разарвуць іх няшчаснага параненага сябра на шматкі — якраз у гэты момант яны пачулі аглушальны стрэл! I ўбачылі, што пярэдні ягуар, які ступіў ужо на пясок, раптам падскочыў і паваліўся мёртвы з прабітаю галавой.
    — Брава! Брава! — закрычалі вельмі задаволеныя скаты.— У чалавека вінчэстэр! Мы выратаваныя!
    I так моцна ўзрадаваліся, што закаламуцілі ўсю ваду. А чалавек спакойна раз за разам страляў, і кожны стрэл прыносіў смерць новаму ягуару. На рык кожнага ягуара,
    які падаў мёртвы, скаты адказвалі, б’ючы хвастамі па вадзе.
    Адзін за адным ягуары гінулі пад кулямі, быццам галовы ім працінала маланка. Усё гэта доўжылася ўсяго дзве хвіліны. Адзін за адным ягуары патаналі, ідучы на дно, і там іх з’ядалі прагныя рыбы. А некаторых зносіла рака, і дарады плылі разам з імі аж да самай Параны і елі іх, ад задавальнення выскокваючы з вады.
    Прайшоў час, і скатаў у рацэ зноў развялося столькі ж, колькі было раней, бо ў іх народжваецца шмат дзяцей. Чалавек таксама ачуняў. I ён быў такі ўдзячны скатам, якія выратавалі яму жыццё, што перасяліўся на востраў. Летнімі вечарамі ён любіць ляжаць там на пляжы і курыць пры месяцавым святле. А скаты тым часам нягучна гутараць і паказваюць на яго рыбам, якія яго не ведаюць, і расказваюць ім пра вялікую бітву, якую яны некалі вялі поплеч з гэтым чалавекам супраць ягуараў.