Казкі трапічнага лесу  Гарасьо Кірога

Казкі трапічнага лесу

Гарасьо Кірога
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 96с.
Мінск 1993
25 МБ
I праўда, кожную ноч, нават калі ліў дождж, мама і брацікі прыходзілі да маленькага кааці і бавілі разам з ім трошкі часу. Каацік прасоўваў ім праз драцяную сетку хлеб, і дзікія кааці сядзелі і елі хлеб перад клеткаю.
Так мінула два тыдні. Кааці хадзіў ужо вольны і нанач сам ішоў у клетку. Калі не лічыць, што часам яго тузалі за вуха,— за тое, што ён надта блізка падыходзіў да куратніка,— усё астатняе ішло добра. I ён, і дзеці вельмі ўпадабалі адно аднаго. Нават дзікія кааці, убачыўшы, якія добрыя ў чалавека дзеці, таксама іх палюбілі.
I вось аднойчы, калі стаяла вельмі цёмная ноч, а ў паветры моцна парыла і грымеў гром, дзікія кааці прыйшлі і гукнулі свайго меншага сыночка і браціка. Але ніхто не азваўся. Занепакоеныя, яны падышлі бліжэй і ледзь не наступілі на аграмадную гадзюку, якая скруцілася каля ўвахода ў клетку! Кааці адразу зразумелі, што ма-
ленькі быў пакусаны, калі заходзіў у клетку. Таму ён і не адказваў на іх покліч, а можа, нават быў ужо нежывы. Але яны жорстка адпомсцяць за яго! Вельмі раз’юшыўшыся, яны ўтраіх абступілі змяю, заскакалі вакол і праз секунду, напаўшы, расшкамуталі зубамі ёй усю галаву.
Яны ўбеглі ў клетку і, сапраўды, убачылі, што каацік ляжыць апухлы, ногі ў яго дрыжаць і ён памірае. Марна дзікія кааці варочалі яго, марна чвэрць гадзіны лізалі яму ўсё цела. Урэшце каацік разявіў рот і перастаў дыхаць: ён быў нежывы.
Увогуле кааці мала ўспрымальныя да гадзючай атруты. Атрута ім амаль не шкодзіць. Ёсць і іншыя такія жывёлы — напрыклад, мангуста, якая таксама вельмі добра пераносіць гадзючую атруту. Але каацік, напэўна, быў укушаны ў артэрыю ці ў вену, бо тады кроў атручваецца адразу і жывёліна памірае. Так яно і здарылася з нашым маленькім кааці.
Убачыўшы, што ён памёр, маці і браты доўга плакалі. Потым, больш не маючы што рабіць, яны выйшлі з клеткі і абышлі двор, каб астатні раз паглядзець на месца, дзе каацік быў такі шчаслівы. I ўрэшце рушылі ў лес.
I ўсё ж трое кааці былі вельмі заклапочаныя, і турбавала іх тое, што скажуць дзеці, калі назаўтра раніцаю ўбачаць, што іх улюбёнец ляжыць нежывы? Дзеці паспелі моцна яго палюбіць, і кааці таксама палюбілі бялявых дзяцей. Таму ўсе трое яны думалі пра адно: як зрабіць, каб дзецям не было балюча.
Яны доўга раіліся і ўрэшце пастанавілі так: сярэдні брат, які целам і звычкамі быў рыхтык як меншы, павінен застацца ў клетцы замест памерлага. 3 расказаў маленькага кааці яны ведалі шмат сакрэтаў гэтага дома, і дзеці
не павінны былі ні пра што здагадацца: можа, трошкі падзівяцца чаму-небудзь, дый толькі.
Так і зрабілі. Яны вярнуліся да хаты, сярэдні каацік замяніў меншага, а маці і старэйшы брат пацягнулі цела памерлага, схапіўшы яго зубамі. Яны паволі цягнулі яго ў лес, і галава нябогі звісала і гайдалася, а хвост валачыўся па зямлі.
Назаўтра дзеці сапраўды здзівіліся пэўным дзіўным прывычкам свайго кааціка. Але таму што гэты быў такі самы добры і ласкавы, як яго брат, дык у дзяцей не ўзнікла ніякага падазрэння. А кааці засталіся такой жа сям’ёй, як раней. Як і раней, дзікія кааці кожную ноч прыходзілі ў госці дахатняга сыночка і брата. Яны сядалі побач, елі кавалачкі цвёрдага яйка, якія каацік ім зберагаў, і апавядалі яму пра жыццё ў лесе.
У рэчцы Явэвіры, якая цячэ ў Місьёнэс, жыве шмат скатаў. I само слова «Явэвіры» якраз азначае «рака скатаў». Іх там столькі, што нават адною нагой ступіць у ваду небяспечна. Я ведаў аднаго чалавека, якому скат укалоў у пяту, а потым яму давялося паўмілі чыкільгаць дадому: чалавек ледзь не падаў ад болю, і з вачэй у яго каціліся слёзы. Боль ад скатавага ўколу — адзін з самых моцных, якія можна адчуць.
Ёсць у Явэвіры і шмат іншай рыбы, і часам бываюць людзі, якія прыходзяць паляваць на рыбу з дынамітнымі шашкамі. Яны кідаюць такія шашкі ў раку і забіваюць мільёны рыб. Усе рыбы, якія плаваюць вакол, гінуць,
нават калі яны велічынёю з цэлы дом. А разам гіне і ўся драбяза, якая ні на што не прыдатная.
I вось аднойчы там пасяліўся чалавек, які не хацеў, каб у раку кідалі дынамітныя шашкі. Яму было вельмі шкада рыбак. Ён, зрэшты, зусім не пярэчыў, каб людзі лавілі рыбу сабе на ежу, але ён не хацеў, каб марна забівалі мільёны маленькіх рыбак. Людзі, якія кідалі шашкі, спачатку злаваліся на яго, але той чалавек меў хоць і добры, але цвёрды характар, і ўрэшце людзі з дынамітнымі шашкамі пайшлі паляваць у іншыя мясціны, а ўсе рыбы засталіся вельмі задаволеныя. Яны былі такія задаволеныя і такія ўдзячныя свайму сябру, які ўратаваў маленькіх рыбак, што пазнавалі яго, як толькі ён выходзіў на бераг. А калі ён гуляў па беразе і курыў, скаты плылі за ім, сцелячыся па дне, і вельмі радаваліся, што гуляюць разам са сваім сябрам. Чалавек нічога гэтага не ведаў ды жыў там шчаслівы.
Але аднойчы адвячоркам на бераг Явэвіры прыбегла ліса і, залезшы ў ваду, крыкнула:
— Гэй, скаты! Там ідзе ваш сябар, ён вельмі паранены!
Пачуўшы гэта, скаты ўсхвалявана падплылі да берага і спыталі ў лісы:
— Што, што такое? Дзе чалавек?
— Вунь ён ідзе! — зноў крыкнула ліса.— Ён пабіўся з ягуарам! I цяпер ягуар гоніцца за ім! Ваш сябар хоча пераправіцца на востраў. Дайце яму прайсці, ён добры чалавек!
— Вядома! Вядома, мы прапусцім яго! — адказалі скаты.— Але ўжо ягуара мы ні за што не прапусцім!
— Вы асцярожна з ім! — крыкнула скатам лІса.— He забывайцеся, што гэта ўсё-такі ягуар!


I адным скачком ліса знікла ў лесе.
Ледзь яна паспела гэта зрабіць, як вецце расхінулася і на бераг выйшаў чалавек. Ён быў увесь скрываўлены, у падранай кашулі. Кроў цякла ў яго па твары і па грудзях, капала на штаны і па складках штаноў сцякала на пясок. Ён быў цяжка паранены. Хістаючыся, ён дайшоў да берага і ступіў у раку. Як толькі ён ступіў адной нагою ў раку, скаты перад ім расступіліся, і чалавек па грудзі ў вадзе пайшоў да вострава. Ніводзін скат не ўкалоў яго. Тады, выбраўшыся на другі бераг, чалавек самлеў і ўпаў на пясок, бо страціў шмат крыві.
Скаты не паспелі нават паспачуваць свайму смяротна параненаму сябру, як пачулі жудасны рык і аж падскочылі ад страху ў вадзе.
— Ягуар! Ягуар! — закрычалі яны ўсе разам і стралою кінуліся да берага.
I сапраўды, у гэтую хвіліну на бераг Явэвіры выйшаў ягуар, які пабіўся з чаЛавекам і цяпер гнаўся за ім. Звер быў таксама паранены, з яго цела сачылася кроў. Убачыўшы, што чалавек ляжыць як нежывы на востраве, ягуар злосна рыкнуў і кінуўся ў ваду, каб прыкончыць яго.
Але не паспеў ён апусціць у ваду лапу, як адчуў, што ў яе нібыта ўсадзілі восем ці дзесяць даўжэзных цвікоў. Ад болю ён адскочыў назад. А гэта скаты, абараняючы пераход цераз рэчку, з усяе моцы ўцялі яго сваімі хваставымі шыпамі.
Ягуар завыў ад болю і замахаў лапаю ў паветры. Але потым, агледзеўшыся, убачыў, што вада каля берага ўся закаламучаная, быццам на дне паварушылі глей. I ён зразумеў, што гэта былі скаты, якія не хацелі яго прапускаць. Тады ён злосна зароў:
— Ага, я ведаю, хто гэта! Гэта вы, праклятыя скаты! Ану, прэч з дарогі!
— He сыдзем!
— Прыбірайцеся!
— He прыбяромся! Ён добры чалавек! Ты не маеш права яго забіваць!
— Ён мяне параніў!
— Вы абодва параненыя! У лесе — гэта вашыя справы! А тут ён пад нашай аховай! I праходу табе няма!
— Я ўсё роўна прайду! — зноў рыкнуў ягуар.
— Hi, ніколі! — адказалі скаты.
(Яны казалі «ні, ніколі», бо так кажуць тыя, хто жыве ў Місьёнэс і гаворыць на мове гварані.)
— Ну, то пабачым! — яшчэ раз рыкнуў ягуар.
I ён адышоўся ад берага, каб узяць разгон і скочыць як мага далей у раку.
Ягуар ведаў, што скаты амаль заўсёды трымаюцца каля берага, і думаў, што калі скочыць далёка, дык пасярод рэчкі скатаў не будзе, і тады ён зможа дабрацца да вострава і з’есць паўжывога чалавека.
Але скаты здагадаліся, і ўсе хуценька паплылі на сярэдзіну ракі, перадаючы з вуснаў у вусны:
— Далей ад берага! — крычалі яны пад вадою.— На сярэдзіну! У пратоку! У пратоку’
I ў тое ж імгненне ўсё войска скатаў кінулася ад берага абараняць пераход на сярэдзіне ракі. А ягуар тым часам ужо ляцеў над ракой у сваім гіганцкім скачку. Ён упаў У ваду і вельмі ўзрадаваўся, бо ў першае імгненне не адчуў ніводнага ўколу. Ён падумаў, што ўсе падманутыя скаты засталіся ля берага...
Але не паспеў ён ступіць першы крок, як сапраўдны
град уколаў прымусіў яго спыніцца: вакол зноў .былі скаты, якія бязлітасна калолі яму ў лапы.
Ягуар упарта хацеў прайсці, але боль быў такі невыцерпны, што ўрэшце ён зароў і, павярнуўшы назад, даў лататы да берага. Там ён упаў на пясок, бо не мог ужо нават стаяць. Жывот у яго ўздымаўся і апускаўся, быццам ён увесь задыхаўся і вельмі стаміўся.
Скаты атруцілі ягуара сваёю атрутаю.
Але хоць ім удалося перамагчы ягуара, яны не супакоіліся: яны баяліся, што прыйдзе ягуарыха і яшчэ шмат іншых ягуараў... I тады яны не здолеюць абараніць пераход.
I праўда, лес у гэтую хвіліну зноў напоўніўся рыкам, і з яго выйшла ягуарыха. Убачыўшы ягуара, які покатам ляжаў на пяску, яна вельмі раз’юшылася. А калі заўважыла, што рака каля берага ўскаламучаная скатамі, яна падышла да вады і, нізка апусціўшы пысу, крыкнула:
— Гэй, скаты! Я хачу прайсці!
— Няма табе праходу! — адказалі скаты.
— Глядзіце, калі не дасце прайсці, у гэтай рацэ не застанецца ніводнага ската з хвастом! — рыкнула ягуарыха.
— Няхай мы застанемся без хвастоў, але прайсці табе не дадзім! — адказалі яны.
— Апошні раз кажу: дайце прайсці!
— Hi, ніколі! — закрычалі скаты.
Раз’юшаная ягуарыха неасцярожна апусціла адну лапу ў ваду, і тут адзін скат, падкраўшыся, уваткнуў ёй паміж пальцамі ўвесь свой шып. Пачуўшы, як ягуарыха завыла ад болю, скаты з усмешкай сказалі:
— Здаецца, хвасты ў нас яшчэ ёсць!
Але ягуарыха нешта прыдумала, і маючы ў галаве гэтую сваю задумку, яна адышла ад берага і моўчкі пайшла ўверх па рацэ.
Але скаты і гэты раз разгадалі план свайго ворага. A варожы план быў такі: перайсці рэчку ў тым месцы, дзе скаты яшчэ не ведаюць, што трэба абараняць пераход. Вялікі смутак ахапіў скатаў, якія сабраліся ля вострава.
— Яна збіраецца перайсці рэчку вышэй па цячэнні! — закрычалі яны.— Але ж нельга, каб яна забіла чалавека! Трэба абараніць нашага сябра!
У роспачы яны так круціліся ў глеі, што закаламуцілі ўсю раку.
— Што ж нам рабіць? — думалі яны.— Мы хутка плаваць не ўмеем... Ягуарыха пяройдзе рэчку раней, чым тамтэйшыя скаты даведаюцца, што павінны абараняць пераход любою цаной.