Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
— Паганцы! — залямантаваў я. — Годзе ўдаваць! Я прызнаюся! Адарвіце маснічыны! Тут, вось тут!.. Гэта б'ецца яго агіднае сэрца!
Пераклаў Юрась Бушлякоў
Тут, вось тут!.. Гэта б’ецца яго агіднае сэрца!
Д’ябал пярэчання
Падчас вызначэння здольнасцяў і пабуджэнняў, ргіта mobila1 чалавечай душы, фрэнолагі* абмінулі схільнасць, якая, без сумневаў, заўсёды была адным з асноўных, першапачатковых і неад'емных пачуццяў, але тым не менш заставалася па-за ўвагай ранейшых маралістаў. Мы прагледзелі яе праз звычайную пыхлівасць розуму. Мы дазволілі ёй існаваць па-за межамі нашага асэнсавання выключна праз недахоп веры — ці то ў Апакаліпсіс, ці то ў Кабалу. Само ўяўленне пра яе ніколі не прыходзіла нам у галаву проста таму, што ў гэтым не было патрэбы. Мы не бачылі ніякай неабходнасці ў такім пабуджэнні, у такой схільнасці. Мы не ўсведамляем яе важнасці. Мы не разумеем, дый не здолелі б зразумець, калі б уяўленне пра гэтую primum mobile само прыйшло да нас; мы б не здолелі зразумець, якім чынам яна можа паслужыць мэтам чалавецтва, часовым ці вечным. Немагчыма адмаўляць таго факту, што фрэналогія, ды ў вялікай ступені і метафізіка, былі зляпаныя a priori2. Выдумляць схемы, дыктаваць Богу яго мэты пачаў не чалавек, што назірае і ўспрымае, а чалавек інтэлекту ды логікі. Даследаваўшы такім чынам глыбіні намераў Еговы, ён, задаволены сабою, пабудаваў на іх аснове незлічоную колькасць сістэмаў мыслення. Напрыклад, у дачыненні да фрэналогіі мы спачатку самым натуральным чынам вызначылі, што ўадпаведнасці з боскай задумай чалавек павінен есці. Тады мы прызначылі чалавеку орган харчавання, кару боскую, якая вымушае нас есці, хочам мы гэтага ці не. Затым, вызначыўшы, што па волі Бога чалавек павінен працягваць свой род, мы тут жа адкрылі орган юрлівасці. Гэтаксама адбылося і з ваяўнічасцю, уяўленнем, прычыннасцю, творчасцю — карацей кажучы, з кожным органам, які служыць нейкай схільнасці, маральнаму пачуццю ці здольнасці чыста інтэлектуальнага характару. Пры такім размеркаванні
1 Першарухальнік (лац.).
2 Раней за досвед і па-за ім (лац.).
principia1 чалавечай актыўнасці паслядоўнікі Шпурцгайма* ўсяго толькі ішлі — правільна ці не, часткова ці ў цэлым — па слядох сваіх папярэднікаў, і ўсё ў іх вызначалася ды вынікала з перадвызначанасці чалавечага лёсу і задумаў Творцы.
Было б разумней, было б бяспечней, калі б нашая класіфікацыя (калі мы ўжо мусім класіфікаваць) зыходзіла з таго, што чалавек робіць звычайна ці час ад часу, чым з таго, што, паводле нашых уяўленняў, загадала яму рабіць боская воля. Калі мы не можам ахапіць розумам Бога ўяго бачных дзеяннях, то як можам мы спасцігнуць Ягоныя неспасцігальныя задумы, якія ўвасабляюцца ў гэтых дзеяннях? Калі мы не можам спасцігнуць Бога ў выніках працы рук яго, то як мы спасцігнем таямніцы Ягонае волі і фазы тварэння?
Індукцыя, a posteriori2, прымусіла б фрэналогію прызнаць прыроджаным і першапачатковым стымулам чалавечай дзейнасці парадаксальнае нешта, якое можна было б назваць, не маючы больш удалага тэрміну, духам пярэчання. Я вызначаю яго як mobile3 без матывацыі, як матыў не motivirt4. Праз яго падбухторванне мы пачынаем кіравацца неспасцігальнымі мэтамі, ці, калі гэта падаецца супярэчнасцю ў тэрмінах, мы можам перафармуляваць выказванне і сказаць, што праз яго падбухторванне мы робім штосьці менавіта таму, што рабіць гэтага катэгарычна нельга. Тэарэтычна няма для ўчынку падставы больш беспадстаўнай, але фактычна няма падставы мацнейшай. Для адпаведнага складу розуму ды пры адпаведных умовах дух пярэчання робіцца абсалютна неадольным. Гэтаксама, як у тым, што я дыхаю, я ўпэўнены, што ўсведамленне памылковасці і няправільнасці ўчынку часта бывае непераможнай сілай; яна — і толькі яна — змушае нас да гэтага ўчынку. Усёпаглынальная прага ўчыняць шкоду выключна дзеля шкоды не паддаецца ні аналізу, ні прэпараванню. Гэта асноўны, першапачатковы, прыроджаны імпульс. Упэўнены, мне за-
1 Першапрычынаў (лац.).
2 Пасля, на падставе досведу (лац.).
3 Пабуджэнне (фр.).
4 Матываваны (скаж. ням.).
пярэчаць, што калі мы ўпарта робім нешта толькі таму, што ведаем: рабіць гэтага нельга, — то такія паводзіны ёсць не больш чым разнавіднасцю таго, што фрэналогія акрэслівае як ваяўнічасць. Але самы першы погляд абвергне гэтае меркаванне. Фрэналагічная ваяўнічасць грунтуецца на неабходнасці самаабароны. Яна ахоўвае нас ад цялесных пашкоджанняў. Яе сутнасць — забяспечанне нашага дабрабыту і таму ваяўнічасць павялічваецца адначасова з яго ростам. 3 гэтага вынікае, што імкненне да дабрабыту павіннае ўзрастаць адначасова з любой разнавіднасцю ваяўнічасці, але ў выпадку таго, што я называю духам пярэчання, не толькі не ўзнікае імкнення да дабрабыту, але намі кіруе пачуццё цалкам супрацьлеглае.
Зварот да ўласнага сэрца выявіцца ўрэшце найлепшым адказам на выказаную вышэй сафістыку. Кожны, хто шчыра і ўважліва зазірне ў сваю душу, упэўніцца, што гэтая схільнасць сапраўды найасноўнейшая. Яна настолькі ж відавочная, наколькі неспасцігальная. Няма на свеце чалавека, які хоць раз не пакутаваў бы, напрыклад, ад неадольнага жадання закатаваць слухача сваёй шматслоўнасцю. Моўца ведае, што ён невыносны, адзінае яго жаданне — дагадзіць. Звычайна ён гаворыць каротка, дакладна і ясна, на языку ў яго толькі самыя лаканічныя і зразумелыя фразы, і толькі з вялізнымі высілкамі ён іх не вымаўляе. Ён баіцца гневу суразмоўцы, і ўсё ж яго б'е маланкаю думка, што пастаянныя адступленні і мудрагелістасць ягоных прамоваў гэты гнеў дакладна выклічуць. Адной гэтай думкі дастаткова. Імпульс перарастае ў жаданне, жаданне — у памкненне, памкненне — у нястрымную прагу, і прага гэтая (на вялікі жаль і засмучэнне моўцы і насуперак здароваму сэнсў) наталяецца.
Перад намі стаіць задача, якая патрабуе неадкладнага развязання. Мы ведаем, любая затрымка ўсё зруйнуе. У жыцці наступае пераломны момант, труба кліча дзейнічаць зараз жа. Мы палаем рашучасцю, мы паміраем ад жадання схапіцца за працу — і прадчуванне слаўных вынікаў узбуджае нашую душу. Яе варта, яе неабходна зрабіць сёння, і ўсё ж мы адкладаем яе на заўтра, але чаму? Адказу няма, апроч таго, што мы
адчуваем жаданне зрабіць наадварот, самі не ведаючы чаму. Надыходзіць заўтра, і прага дзейнасці ўзмацняецца, але разам з ёй — і гэтае безназоўнае, проста-такі жудаснае, бо невытлумачальнае, жаданне марудзіць. I з кожным імгненнем яно толькі ўзрастае. Сплываюць апошнія гадзіны. Мы скаланаемся ад жорсткай барацьбы ўнутры нас, ад змагання рацыянальнага з ірацыянальным, матэрыі з ценем. Але калі барацьба заходзіць так далёка, то цень бярэ верх — мы змагаемся дарэмна. Гадзіннік б'е, адпяваючы наш дабрабыт. У той жа час гэта крык пеўня для прывіда, што валодаў намі. Ён адлятае, знікае — мы вольныя. Запал вяртаецца. Цяпер мы гатовыя працаваць. На жаль, запозна!
Мы стаім на краі бездані. Мы заглядаем у яе, ніякавеем, нам робіцца млосна. Нашае першае памкненне — збегчы ад небяспекі. Але невядома чаму мы застаемся. Паступова жах, моташнасць і млосць згушчаюцца ў воблака безназоўнага пачуцця. Паціху, яшчэ менш заўважна, гэтае воблака набывае пэўныя абрысы, як той дым з бутэлькі, што ператвараецца ў джына з «Тысячы і адной ночы». Але з нашага воблака на краі бездані матэрыялізуецца нешта нашмат больш жахлівае за любога казачнага джына ці дэмана. I тым не менш гэта толькі думка, хоць і вусцішная, якая працінае да самых костак, захапляючы сваёй жудасцю. Гэта толькі прадчуванне тых пачуццяў, што ахапілі б нас падчас падзення ў бездань з такой вышыні. I гэтае падзенне, гэтая вокамгненная пагібель, менавіта таму, што побач лунае найстрашнейшы і найагіднейшы з усіх найстрашнейшых і найагіднейшых вобразаўсмерці і пакуты, якія калі-небудзь нараджала нашая фантазія, — менавіта таму яны такія жаданыя нам. I толькі таму, што наш розум з усяе моцы імкнецца ўтрымаць нас на краі бездані, мы з усё большым імпэтам ірвемся да яе. Няма ў прыродзе жарсці больш дэманічна прыцягальнай, чым тая, што валодае чалавекам, які ў трымценні стаіць над безданню і ўяўляе скачок. Паспрабаваць думаць у такі момант — значыць непазбежна загінуць, бо роздум змушае нас адысці, і менавіта таму мы гэтага зрабіць не можам. Калі побач не будзе сяброўскае рукі, каб затрымаць нас, ці калі ў апошні мо-
мант на самым краі бездані нам не ўдасца раптоўна кінуцца прэч, мы скокнем, мы загінем.
Аналізуючы гэтыя і падобныя дзеянні, мы разумеем, што ўсе яны народжаныя выключна духам пярэчання. Мы ажыццяўляем іх толькі таму, што разумеем, што гэтага рабіць не трэба. Гэтае імкненне не грунтуецца ні на якім уцямным прынцыпе, і мы насамрэч маглі б палічыць яго падгаворам ворага роду чалавечага, калі б часам яно не служыла дабру.
Я расказаў усё гэта, каб хоць у нейкай ступені адказаць на вашае пытанне і растлумачыць, чаму я тут, каб прадставіць вам хоць нейкае падабенства прычыны таго, што я закаваны ў кайданы і сяджу ў камеры смяротнікаў. Калі б я не быў такім шматслоўным, вы б альбо зусім мяне не зразумелі, альбо разам з натоўпам залічылі мяне да вар’ятаў. А так вы з лёгкасцю ўбачыце, што я — адна са шматлікіх ахвяраў Д'ябла Пярэчання.
Ніякі ўчынак ніколі не прадумваўся болып старанна. Тыднямі, месяцамі я шукаў спосаб забойства. Я адрынуў тысячы планаў, бо іх ажыццяўленне пакідала мажлівасць выпадковага раскрыцця. Урэшце ў нейкіх французскіх мемуарах я знайшоў апісанне хваробы, якая ледзь не прывяла да смерці мадам Піло, атручанай з дапамогай свечкі. Гэтая ідэя адразу завалодала маім уяўленнем. Я ведаў пра звычку маёй ахвяры чытаць на сон. Я таксама ведаў што ягоная спальня цесная і кепска праветрываецца. Але не бачу сэнсу назаляць вам лішнімі падрабязнасцямі. Няма патрэбы апісваць тыя немудрагелістыя дзеянні, дзякуючы якім я замяніў васковую свечку ў ягоным кандэлябры на іншую, зробленую мною. На наступную раніцу яго знайшлі ў ложку мёртвым, і заключэнне каранёра гаварыла: «Смерць ад рукі Божай».
Атрымаўшы ягоную спадчыну, я гадамі жыў цалкам някепска. Думка пра выкрыццё ніколі не прыходзіла мне ў галаву. Я старанна знішчыў атручаную свечку. Я не пакінуў ні ценю ўлікі, з дапамогай якой мяне можна было б асудзіць ці хаця б запасочыць у злачынстве. Немагчыма перадаць, як я быў задаволены сабою, калі думаў пра сваю поўную бяспеку. Доўгі час я адчуваў незвычайную асалоду якая прыносіла мне