Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Аднае ночы, калі ў паўзабыцці я сядзеў у нейкім найбрыдчэйшым месцы, маю ўвагу забрала нешта чорнае на веку ад-
нае з вялізных бочак з джынам або ромам, што складалі ці не ўвесь абсталюнак пакоя. Колькі хвілінаў я не зводзіў вачэй з бочкавага века, не цямячы, чаму дасюль нічога на ім не заўважаў. Я падышоў і дакрануўся да чорнага рукою. Гэта быў чорны кот, вельмі вялікі, як Плутон, падобны да яго, быццам кроплі зняў з адным усяго адрозненнем. Плутон зусім не меў белае поўсці, на грудзёх жа ў гэтага ката была відаць расплывістая белая пляма.
Па маім дотыку ён адразу падняўся, голасна муркнуў і пацёрся аб маю руку, усцешаны ўвагаю да сябе. Якраз такога ката я шукаў. Я зараз жа захацеў купіць яго; але гаспадар карчмы не патрабаваў грошай — ён нічога не ведаў пра ката, ніколі раней не бачыў яго.
Я не пакідаў гладзіць ката, а калі быў сабраўся дадому, ён яўна паказаў што хоча ісці са мною. Я дазволіў яму; дарогаю я часам спыняўся й пагладжваў яго. Дома кот хутка асвойтаўся і ў адзін момант стаў улюбёнцам мае жонкі.
Аднак я неўзабаве адчуў да яго непрыязнасць — яна нарастала ўва мне. Гэтага я зусім не чакаў; але — не ведаю, як і чаму тое сталася, — ягоная відочная любоў дадзявала мне і выклікала ў мяне раздражненне. Спакваля гэтыя адчуванні перараслі ў лютую нянавісць. Я ўнікаў ката; адно невыразнае пачуццё сораму і памяць пра бязлітаснае злачынства стрымлівалі мяне ад здзекаў з жывой істоты. За некалькі тыдняў я ніводнага разу не выцяў яго дый увогуле не зачапіў; але паволі — вельмі паволі — мяне агарнула невымоўная агіда, і я моўчкі ўцякаў ад брыдкае істоты, нібы ад пошасці.
Нянавісці да ката паддало мне, несумненна, і тое, што ён, як і Плутон, быў пазбаўлены аднаго вока — гэта адкрылася раніцаю, пасля таго як я прывёў жывёліну дадому. Аднак у мае жонкі гэтае падабенства спарадзіла яшчэ большую прывязанасць да ката, яна ж бо, як я ўжо казаў, цалкам захавала ў сваёй душы тую людскасць, якая некалі была ўласцівая мне і служыла крыніцаю шматлікіх маіх найпрасцейшых і найчысцейшых радасцяў.
Здавалася, што адначасна з нарастаннем мае незычлівасці да ката большала ягоная да мяне прыхільнасць. Ён хадзіў за
мною па пятах з упартасцю, якую цяжка апісаць. He паспяваў я сесці, як ён забіраўся пад маё крэсла або ўскокваў да мяне на калені, назаляючы сваімі абрыдлымі ласкамі. Калі я падымаўся, каб пайсці, ён блытаўся пад нагамі і ледзьве не збіваў мяне або, усадзіўшы свае доўгія й вострыя кіпці ў маё адзенне, караскаўся мне на грудзі. У такія хвіліны я нясцерпна хацеў забіць яго на месцы, але яшчэ стрымліваў сябе — часткова таму, што памятаў пра сваё ранейшае злачынства, але найперш — не буду ўтойваць — ад вялізнага страху перад зверам.
Гэта яўна не быў страх перад канкрэтным няшчасцем — але я не здатны акрэсліць свайго адчування якім іншым словам. Мне сорамна прызнацца — так, нават тут, у цэлі для крымінальных злачынцаў, — мне сорамна прызнацца, што жах і страх, якія кот нагнаў на мяне, узмацніліся пад уздзеяннем аднае зусім неймавернае выявы. Жонка ці раз звяртала маю ўвагу на лапіну белага валосся (пра яе я ўжо згадваў] — адзіную відочную рысу, што адрознівала гэтую дзіўную жывёліну ад той, якую я забіў. Чытач, пэўне, памятае, што тая немалая лапіна першапачатна была расплывістая; але спакваля — амаль непрыкметна, ажно мой розум доўгі час намагаўся адкінуць гэта, быццам недарэчную ўяву, — метка набыла абсалютна выразныя абрысы. Яна мела выгляд прадмета, які я жахаюся называць — і перадусім праз гэта я гідзіўся, і баяўся, і вызваліў бы сябе, калі б адважыўся, ад пачвары, — цяпер, толькі паслухайце, метка мела выгляд нечага страшнага й злавеснага — Шыбеніцы! — змрочнае ды вусцішнае прылады Жаху й Злачынства — Пакуты й Загубы!
Цяпер я быў сапраўды найняшчаснейшы з людзей на зямлі. Нікчэмнае стварэнне, субрата якога я з пагардаю знішчыў — гэтае нікчэмнае стварэнне несла мне — мне, чалавеку, створанаму на вобраз і падабенства Усявышняга, — гэтулькі нясцерпных бедаў! На жаль, ні ўдзень і ні ўночы я ўжо не зведаў болей раскошы спачынку! Цэлы дзень звер ні на міг не пакідаў мяне, а поначы я штогадзіны прачынаўся ад невымоўна страшных сноў і адчуваў на сваім твары гарачае дыханне істоты й яе нязносны цяжар — уцелаўлёную здань, якой я не меў сілы скінуць, — цяжар, што назаўсёды наваліўся на маё сэрца!
Ціск такіх мучэнняў пазбавіў мяне мізэрнае рэшты добрых пачуццяў. Адно злыя думкі спадарожылі мне — найзмрачнейшыя й найзлейшыя з магчымых. Мая звычайная панурасць перарасла ў нянавісць да ўсіх рэчаў і ўсяго людства. Але болып за іншых цярпела ад раптоўных, частых і неўтаймоўных выбухаў лютасці, у якую я безразважна ўпадаў мая пакорлівая жонка.
Аднаго дня пры нейкай дамовай патрэбе мы пайшлі з ёю ў сутарэнне старога будынка, дзе беднасць змусіла нас пасяліцца. Кот лез мне пад ногі на стромкіх сходах — я спатыкнуўся, ледзь не скруціў сабе галавы і дайшоў да шаленства. Падняўшы сякеру і забыўшыся ў гневе на дзяціны страх, што дасюль стрымліваў маю руку, я мерыўся быў так выцяць ката, што зараз жа адабраў бы ягонае жыццё. Але жонка супыніла мяне. Даведзены перашкодаю да лютасці, мацнейшае за д’ябальскую, я адхапіў руку і запусціў сякеру ў яе галаву. Яна сканала на месцы без стогну.
Учыніўшы гэтае страшэннае забойства, я адразу ж паглыбіўся ў думкі, як схаваць цела. Я разумеў, што не маю магчымасці вынесці яго з дому ні ў светлую пару дня, ні ў цёмную без рызыкі трапіць на вочы суседзям. Мноства ідэяў прыходзіла ў галаву. Спачатку я быў намысліў разабраць труп на дробныя кавалкі, а тады знішчыць у агні. Затым сабраўся выкапаць для яго магілу ў сутарэнні. Пасля я думаў, што лепей, пэўне, выкінуць яго ў студню на двары — або ўкласці, быццам які тавар, у скрыню, згадзіць нашэнніка і загадаць, каб ён забраў яе з дому. Урэшце я абраў тое, што, на маё разуменне, найболып падыходзіла. Я намерыўся замураваць труп у сцяне, як некалі ў сярэднявеччы замуроўвалі сваіх ахвяраў манахі.
Сутарэнне добра пасавала для гэтае мэты. Сцены там былі нетрывалыя, да таго ж нядаўна іх похапкам патынкавалі, і ад волкасці тынк яшчэ не прасох. Апрача таго, адна сцяна мела выступ, утвораны нечым накшталт каміна, закладзенага цэглаю й патынкаванага, каб ён не розніўся ад астатняе часткі сутарэння. Я не сумняваўся, што змагу лёгка выважыць у тым месцы цагліны, уставіць туды труп і зноў усё замураваць так, што ніводнае вока не выявіць нічога падазронага.
I тут я не памыліўся. 3 дапамогаю лома я без цяжкасцяў вывернуў цагліны і, асцярожна прыхінуўшы труп да нутраное сценкі, паставіў яго старчма; пасля залажыў выступ, вярнуўшы сцяне колішні выгляд. Здабыўшы з усімі магчымымі перасцярогамі вапну, пясок і волас, я зрыхтаваў тынк, якога нельга было адрозніць ад ранейшага, і вельмі старанна пакрыў ім новую муроўку. Скончыўшы, пераверыўся, што ўсё ў парадку. На сцяне не засталося найменшых слядоў перамены. Рупліва, да парушынкі, з падлогі было сабранае ўсё смецце. Я пераможна азірнуўся й сказаў сабе: «Прынамсі тут мае старанні не пайшлі на глум».
Затым я ўзяўся за пошукі звера, што прычыніў мне гэтулькі няшчасця; нарэшце я цвёрда пастанавіў пазбавіць яго жыцця. Калі б у тую хвіліну я натрапіў на ката, ягоны лёс быў бы прадвызначаны. Але хітры звер, напужаны маім нядаўнім лютым гневам, знік, пазбягаючы сустрэчы. Немагчыма ні апісаць, ні ўявіць таго глыбокага шчаснага адчування палёгкі, якое прынесла ў маё сэрца адсутнасць зненавіднай істоты. Кот не паказваўся ўночы — і ўпершыню ад часу, як ён з’явіўся ў доме, я моцна й спакойна спаў; так, спаў, дарма што ляжаў на маёй душы цяжар забойства!
Мінуў другі дзень, пасля трэці — мучыцель мой не вяртаўся. Ізноў я дыхаў, як вольны чалавек. Гнаная страхам пачвара ўцякла з дому назаўжды! Больш я не пабачу яе! Якое бязмежнае шчасце! Учынены жахлівы грэх амаль не парушыў майго спакою. Мяне былі дапыталі, але я без цяжкасці апраўдаўся. Зрабілі нават ператрус — але, вядома ж, нічога не знайшлі. Я не сумняваўся ў сваім шчасці.
На чацверты дзень пасля забойства да мяне нечакана прыйшлі паліцыянты і зноў узяліся пільна абследаваць увесь дом. Тым не менш, упэўнены ў непрыступнасці свайго схову, я ні трохі не збянтэжыўся. Паліцыянты наказалі мне быць пры іх. Ніводзін закутак, ніводная шчылінка не засталіся па-за іхнай увагаю. Нарэшце трэці або чацверты раз яны спусціліся ў сутарэнне. Я й брывом не варухнуў. Маё сэрца білася спакойна, як б'ецца ў сне ў нявіннага чалавека. Я хадзіў па сутарэнні з кута ў кут. Склаўшы рукі на грудзёх, я сноўдаўся
ўзад і ўперад. Паліцыянты былі цалкам задаволеныя аглядам і збіраліся ўжо сыходзіць. Маё сэрца перапаўняла радасць — завялікая, каб утаймаваць яе. Мне карцела сказаць для трыюмфу хоць слова і падвоіць тым самым іх пераконанасць у маёй невінаватасці.
— Спадары, — урэшце сказаў я, калі яны ўжо падымаліся па сходах, — вельмі рады, што развеяў вашыя падазрэнні. Зычу ўсім вам здароўя і крыху болей пачцівасці. Дарэчы, спадары, гэта... гэта вельмі добра збудаваны дом (у шалёным жаданні сказаць нешта нязмушанае я ледзьве ўсведамляў, пра што ўвогуле кажу]. Нават, можна сказаць, выдатна збудаваны дом. На гэтых сценах — ужо сыходзіце, спадары? — на гэтых сценах няма ніводнае расколінкі.
I тут у парыве безразважнае бравады я моцна ўдарыў кіем, што трымаў у руцэ, якраз па цаглінах, за якімі ў сцяне стаяў труп жанчыны майго сэрца.
Божа, уратуй і вызвалі мяне з іклаў Шатана! He паспела яшчэ патануць у цішы водгулле маіх удараў, як мне адказаў голас з магілы! — крык, спярша прыглушаны й перарывісты, нібы дзіцячае хліпанне, які разросся пасля ў працяжны, гучны, няспынны лямант, абсалютна дзікі й нечалавечы, — у скавытанне — у поўны жаху й трыюмфу прарэзлівы віскат, што можа ўзнікнуць адно ў пекле, дзе пакутуюць усе засуджаныя на вечныя мукі ды цешацца перамогаю д'яблы.
Няма чаго й казаць, што дзеялася ў той момант са мною. Млеючы, я адхіснуўся да процілеглае сценкі. На нейкае імгненне паліцыянты, стоячы на сходах, знерухомелі ад жаху й здзіўлення. Але ўжо праз момант тузін дужых рук разбураў сцяну. Яна зараз жа абвалілася. Труп, ужо моцна пазначаны распадам і заплямлены запечанай крывёю, стаяў проста перад вачыма сведкаў. У яго на галаве, разявіўшы чырвоную ляпу і бліскаючы адзіным вокам, сядзеў агідны звер, які падступна падвёў мяне да забойства, а цяпер здрадніцкім віскам выдаўу рукі ката. Я замураваў пачвару ў магільнай сцяне!