Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
Маўглі сам не ведаў сваёй сілы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзі казалі, што ён дужы, як бугай. Ен не разумеў, што такое страх, і калі вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглі, калі ён будзе красці ў жраца салодкія плады манга, Маўглі схапіў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом і папрасіў зрабіць так, каб бог разгневаўся і Маўглі можна было б пабіцца з ім. Спакуса была вялікая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуі давялося заплаціць нямала серабра, каб супакоіць бога.
Апрача таго, Маўглі зусім не разбіраўся ў той розніцы паміж людзьмі, якую стварае каста. Калі асёл ганчара зваліўся ў яму, Маўглі выцягнуў яго за хвост і дапамог скласці гаршкі для адпраўкі на рынак у Канхівару. Гэта было ўжо зусім кепска, бо ганчар належаў да ніжэйшай касты, а пра асла і гаварыць няма чаго. Калі жрэц пачаў сварыцца на Маўглі, той прыгразіў, што пасадзіць і яго на
асла, і жрэц сказаў мужу Месуі, што сама лепш — як найхутчэй знайсці Маўглі які-небудзь занятак. Пасля гэтага вясковы стараста загадаў Маўглі ісці заўтра раніцай на пашу пільнаваць буйвалаў. Больш за ўсіх быў задаволены гэтым Маўглі. У той жа вечар, лічачы сябе ўжо на службе ў вёскі, ён далучыўся да гурту, што збіраўся кожны вечар на каменнай пляцоўцы пад вялікай смакоўніцай. Гэта быў вясковы клуб, куды сыходзіліся пакурыць і стараста, і цырульнік, і вартаўнік, якія ведалі ўсе да адной вясковыя плёткі, і стары Балдзео, вясковы паляўнічы, што меў англійскі мушкет. Малпы сядзелі і гаманілі на верхніх галінах смакоўніцы, а ў нары пад пляцоўкай жыла кобра, якой кожны вечар ставілі сподачак малака, бо яна лічылася свяшчэннай. Старыя садзіліся вакол дрэва, гаманілі да позняй ночы і курылі тытунь з вялікіх кальянаў. Яны расказвалі дзівосныя гісторыі пра людзей, багоў і здані, а Балдзео расказваў яшчэ больш дзівосныя гісторыі пра звычкі звяроў у джунглях, так што ў хлопчыкаў, што сядзелі за кругам, дух займала. Больш за ўсё расказвалі пра звяроў, бо джунглі падыходзілі да самай вёскі. Алені і дзікі травілі пасевы, і час ад часу ў змроку тыгр хапаў чалавека на вачах ва ўсіх, ледзь не каля саменькіх вясковых варотаў.
Маўглі, які, вядома, добра ведаў тое, пра што тут расказвалі, закрываў твар рукамі, каб ніхто не бачыў, як ён смяецца. Балдзео, паклаўшы мушкет на калені, пераходзіў ад адной дзівоснай гісторыі да другой, а ў Маўглі трэсліся плечы ад смеху.
Балдзео расказваў пра тое, што тыгр, які схапіў сына Месуі, быў пярэварацень і што ў яго ўсялілася душа злоснага старога ліхвяра, які памёр некалькі гадоў назад...
— I гэта праўда, я ведаю,— казаў ён,— бо Пуран Дас заўсёды кульгаў. Яму выцялі нагу ў час бунту, калі спалілі ўсе яго рахункавыя кнігі, а той тыгр, пра якога я гавару, таксама кульгае: яго лапы пакідаюць няроўныя сляды.
5„Маўглі”.
65
— Праўда, праўда, так яно і ёсць! — пацвердзілі сівабародыя, дружна ківаючы галовамі.
— Няўжо ўсе вашы байкі — такая старая парахня? — сказаў Маўглі.— Гэты тыгр кульгае таму, што нарадзіўся кульгавы, як усе ведаюць. Балбатаць, нібыта душа ліхвяра жыве ў зверы, які заўсёды быў баязлівейшы за шакала, могуць толькі малыя дзеці.
Балдзео на хвіліну знямеў ад здзіўлення, а стараста вылупіў вочы.
— Ого! Гэта ж хлапчук з джунгляў! — сказаў Балдзео.— Калі ўжо ты такі разумны, тады лепей занясі шкуру гэтага тыгра ў Канхівару — урад прызначыў сто рупій за яго галаву. А яшчэ лепш памаўчы, калі гавораць старэйшыя.
Маўглі ўстаў, збіраючыся пайсці.
— Увесь вечар я ляжаў тут і слухаў,— абазваўся ён, азірнуўшыся цераз плячо,— і за ўвесь час, апрача аднаго ці двух разоў, Балдзео не сказаў ні слова праўды пра джунглі, а яны ж у яго за парогам. Як жа я магу паверыць казкам пра багоў, здані і нядобрых духаў, якіх ён нібыта бачыў?
— Гэтаму хлопчыку даўно пара ісці да статка,— сказаў стараста.
А Балдзео пыхкаў і чмыхаў, абураны грубіянствам Маўглі.
У пімат якіх індыйскіх вёсках хлопчыкі з раніцы выганяюць кароў і буйвалаў на пашу, а ўвечары прыганяюць іх назад, і тыя самыя буйвалы, якія затапталі б белага чалавека насмерць, дазваляюць біць і паганяць сябе дзецям, якія ледзь дастаюць ім да мысы. Пакуль хлопчыкі трымаюцца каля буйвалаў, ім не пагражае ніякая небяспека — нават тыгр не асмеліцца напасці на цэлы статак. Але калі яны адыдуцца збіраць кветкі або лавіць яшчарак, іх можа схапіць тыгр.
На досвітку Маўглі праехаў па вясковай вуліцы, седзячы на спіне Рамы, самага вялікага буйвала ў статку. Сіне-шэрыя буйвалы з доўгімі, загнутымі назад рагамі і дзікаватым позіркам адзін за
другім выбіраліся з хлявоў і ішлі за важаком Рамам, і Маўглі даў зразумець астатнім хлопчыкам, што гаспадар тут ён. Ен малаціў буйвалаў доўгай адшліфаванай бамбукавай палкай і сказаў аднаму з хлопчыкаў, якога звалі Камія, што праедзе далей з буйваламі, а хлопчыкі няхай пасуць кароў без яго і ні ў якім разе не адлучаюцца ад статка.
Індыйская паша — гэта адны камяні, кусты, пучкі калючай травы і неглыбокія яры, па якіх разыходзіцца і хаваецца статак. Буйвалы звычайна трымаюцца паблізу балотаў, дзе шмат мулу, і цэлымі гадзінамі ляжаць і грэюцца ў гарачай ад сонца гразі. Маўглі прыгнаў статак на той край раўніны, дзе Вайнганга выходзіць з джунгляў, саскочыў з шыі Рамы, падбег да бамбукавага гаёчка і знайшоў там Шэрага Брата.
— Ага,— сказаў Шэры Брат,— я ўжо шмат дзён чакаю цябе тут. Навошта табе гэтая важданіна са статкам?
— Так мне загадалі,— сказаў Маўглі.— Пакуль што я вясковы пастух. А дзе Шэр-Хан?
— Ен вярнуўся ў гэтыя мясціны і доўга падпільноўваў цябе тут. Цяпер ён зноў пайшоў адсюль, бо дзічыны мала. Ен хоча забіць цябе.
— Цудоўна! — сказаў Маўглі.— Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павінен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калі выходжу з вёскі. Калі ён вернецца, чакайце мяне ў яры пасярод раўніны, пад дрэвам дхак. Няма чаго лезці ў самую пашчу Шэр-Хану.
Пасля гэтага Маўглі выбраў цяністую мясцінку і заснуў, а буйвалы пасвіліся вакол яго. Пасвіць жывёлу ў Індыі — занятак для гультаёў. Каровы пераходзяць з месца на месца і жуюць, потым кладуцца, потым зноў ідуць далей і нават не рыкаюць. Яны толькі чмыхаюць, а буйвалы вельмі рэдка гавораць што-небудзь. Яны заходзяць у мулістыя затокі адзін за другім і залазяць у гразь па самую мысу, так што відаць толькі нос ды сінія, нібы фарфоравыя, вочы, і ляжаць там, як калоды.
Нагрэтыя сонцам скалы быццам бруяцца ад спёкі, і пастушкі чуюць, як каршун (заўсёды ўсяго адзін) нябачна пасвіствае ў іх над галавой, і ведаюць, што, калі хто-небудзь з іх памрэ або здохне карова, гэты каршун зляціць уніз, і суседні каршун за шмат міляў адсюль убачыць, як той спусціўся, і таксама паляціць за ім, а потым яшчэ адзін і яшчэ, так што ледзь толькі паспее хто-небудзь памерці, як дваццаць галодных каршуноў з’яўляюцца невядома адкуль. Хлопчыкі дрэмлюць, прачынаюцца і зноў засынаюць, плятуць маленькія кошыкі з сухой травы і саджаюць у іх конікаў; a то зловяць двух багамолаў і прымушаюць іх біцца; a то нанізваюць пацеркі з чырвоных і чорных лясных арэхаў, або глядзяць, як яшчарка грэецца на сонцы, або як змяя каля лужыны палюе на жабу. Потым яны спяваюць доўгія, працяжныя песні з дзіўнымі пералівамі ў канцы, і дзень здаецца ім даўжэйшым, чым усё жыццё іншым людзям. А другі раз вылепяць палац або храм з гліны з фігуркамі людзей, коней і буйвалаў, уставяць трысцінкі людзям у рукі, нібыта гэта ўладарныя князі, а астатнія фігуркі — іхняе войска, або нібыта гэта багі, а астатнія ім моляцца. Потым надыходзіць вечар, дзеці склікаюць статак, і буйвалы адзін за другім падымаюцца з густой гразі з шумам гарматнага стрэлу, і ўвесь статак цягнецца гужам цераз шэрую раўніну назад, да мігатлівых агеньчыкаў вёскі.
Дзень за днём вадзіў Маўглі буйвалаў да мулістых затокаў, дзень за днём бачыў Шэрага Брата на раўніне (і таму ведаў, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся), дзень за днём ён ляжаў у траве, прыслухоўваўся да гукаў вакол сябе і думаў пра ранейшае жыццё ў джунглях. Калі б Шэр-Хан спатыкнуўся сваёй кульгавай лапай дзе-небудзь у зарасніку на беразе Вайнгангі, Маўглі пачуў бы яго гэтымі доўгімі ціхімі ранкамі.
Надышоў нарэшце дзень, калі Маўглі не ўбачыў Шэрага Брата на дамоўленым месцы, і, за-
смяяўшыся, ён пагнаў буйвалаў да яра пад дрэвам дхак, якое было ўсё ўсыпана залаціста-чырвонымі кветкамі. Там сядзеў Шэры Брат, і кожны валасок на яго спіне тырчаў дыбам.
— Ён хаваўся цэлы месяц, каб збіць цябе са следу. Учора ўночы ён перайшоў горы разам з Табакі і цяпер ідзе па гарачых слядах за табою,— сказаў воўк, цяжка дыхаючы.
Маўглі нахмурыўся:
— Я не баюся Шэр-Хана, але Табакі вельмі хітры.
— He бойся,— сказаў Шэры Брат і злёгку аблізнуў губы.— Я сустрэў Табакі на досвітку. Цяпер ён расказвае ўсе свае хітрыкі каршунам. Але, перш чым я зламаў яму хрыбет, ён усё расказаў мне. Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвеча ры каля вясковых варотаў, толькі цябе і нікога іншага. А цяпер ён залёг у вялікім перасохлым яры каля ракі.
— Еў ён сёння ці выйшаў на паляванне з пустым страўнікам?—спытаў Маўглі, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.
Ён зарэзаў свінню на досвітку, а цяпер яшчэ і напіўся ўдосталь. He забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць і аднаго дня без яды нават дзеля помсты.
— О ёлупень, ёлупень! Дурань з дурняў! Наеўся ды яшчэ і напіўся і думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспіцца! Дык дзе ж ён залёг? Калі б нас было хоць дзесяцера, мы збілі б з яго пыху. Гэтыя буйвалы не захочуць нападаць, калі не ўчуюць тыгра, а я не ўмею гаварыць на іхняй мове. Ці нельга нам пайсці па яго следзе, каб буйвалы яго ўчулі?
— Ён праплыў далёка ўніз па Вайнганзе, каб след згубіўся,— адказаў Шэры Брат.
— Гэта Табакі яго навучыў, я ведаю. Сам ён ніколі не здагадаўся б.— Маўглі стаяў, паклаўшы палец у рот, і думаў.— Вялікі яр каля Вайнгангі — ён выходзіць на раўніну амаль за паўмілі адсюль.
Я магу павесці статак кругаля, праз джунглі, да пачатку яра, а потым спусціцца ўніз, але тады ён уцячэ ад нас па дне яра. Трэба загарадзіць той канец. Шэры Брат, можаш ты падзяліць статак напалам?
— He ведаю, можа, і не здолею, але я прывёў табе разумнага памочніка.
Шэры Брат адбегся ўбок і саскочыў у яму. Адтуль паказалася вялікая шэрая галава, добра знаёмая Маўглі, і спякотнае паветра запоўнілася самым тужлівым выццём, якое толькі можна пачуць у джунглях,— гэта быў паляўнічы покліч ваўка ў паўдзённы час.