Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
88.88 МБ
У джунглях Шэр-Хан пастаянна станавіўся яму ўпоперак дарогі, бо Акела ўсё старэў і слабеў, а кульгавы тыгр за гэты час паспеў пасябраваць
з маладымі ваўкамі Сіянійскай Чарады. Яны хадзілі за ім па пятах, чакаючы аб’едкаў, чаго Акела не дапусціў бы, калі б па-ранейшаму меў уладу. А Шэр-Хан ліслівіў перад ваўчанятамі: ён дзівіўся, як гэта такія смелыя маладыя паляўнічыя дазваляюць камандаваць сабою здыхлі ваўку і чалавечаму дзіцяняці. «Я чуў, — не раз гаварыў ШэрХан,— быццам на Радзе вы не асмельваецеся паглядзець яму ў вочы». I маладыя ваўкі злосна гыркалі і натапырвалі поўсць.
Багіры, якая ўсё бачыла і ўсё чула, было вядома сёе-тое наконт гэтага, і некалькі разоў яна адкрыта гаварыла Маўглі, што Шэр-Хан заб’е яго калі-небудзь. Але Маўглі толькі смяяўся і адказваў:	,
— У мяне ёсць Чарада, і ў мяне ёсць ты. Ды і Балу, які ён ні лянівы, а можа ж дзеля мяне стукнуць каго-небудзь лапай. Чаго ж мне баяцца?
Быў вельмі спякотны дзень, калі новая думка запала ў галаву Багіры,— мусіць, яна пачула штонебудзь. Можа, ёй гаварыў пра гэта дзікабраз Сахі, але неяк раз, калі яны забраліся разам з Маўглі глыбока ў гушчар лесу і хлопчык улёгся, паклаўшы галаву на прыгожую чорную спіну пантэры, яна сказала яму:
— Маленькі Брат, колькі разоў я гаварыла Ta66, што Шэр-Хан твой вораг?
— Столькі разоў, колькі арэхаў на гэтай пальме,— адказаў Маўглі, які, само сабой зразумела, не ўмеў лічыць.— Ну і што з таго? Мне хочацца спаць, Багіра, а Шэр-Хан — гэта ўсяго толькі доўгі хвост ды гучны голас, накшталт паўліна Мора.
— Зараз не час спаць!.. Балу гэта ведае, ведаю я, ведае ўся Чарада, ведае нават самы дурны алень. I Табакі табе гэта гаварыў таксама.
Ха-ха!—сказаў Маўглі,— Табакі прыходзіў да мяне нядаўна, грубіяніў, гаварыў, што я безвалосы шчанюк, не ўмею нават выкопваць земляныя арэхі, але я злавіў яго за хвост і стукнуў
разы два аб пальму, каб ён паводзіў сябе больш далікатна.
— Ты зрабіў кепска: Табакі хоць і баламут, але ведае шмат такога, што датычыцца якраз цябе. Расплюшч вочы, Маленькі Брат. Шэр-Хан не смее забіць цябе ў джунглях, але не забывай, што Акела вельмі стары. Хутка прыйдзе такі дзень, калі ён не здолее забіць буйвала, і тады ўжо не будзе важаком. Тыя ваўкі, што бачылі цябе на Скале Рады, таксама састарыліся, а маладых кульгавы тыгр пераканаў, што чалавечаму дзіцяняці не месца ў Воўчай Чарадзе. Міне няшмат часу, і ты станеш чалавекам.
А што такое чалавек? Хіба яму нельга бегаць са сваімі братамі? — спытаў Маўглі.— Я нарадзіўся ў джунглях, я слухаўся Закону Джунгляў, і няма ніводнага ваўка ў Чарадзе, у якога я не выцягнуў бы стрэмкі. Усе яны — мае браты!
Багіра выцягнулася на ўвесь рост і заплюшчыла вочы.
Маленькі Брацік,— сказала яна,— памацай у мяне пад сківіцай.
Маўглі працягнуў сваю дужую смуглую руку і на шаўкавістай шыі Багіры, там, дзе пад бліскучай поўсцю перакочваюцца вялізныя мускулы, намацаў маленькую лысінку.
— Ніхто ў джунглях не ведае, што я, Багіра, нашу гэтую метку — след нашыйніка. Але я нарадзілася сярод людзей. Маленькі Брат, сярод людзей памерла мая маці — у звярынцы каралеўскага палаца ва Удайпуры. Таму я і заплаціла за цябе выкуп на Радзе, калі ты быў яшчэ маленькім голым дзіцянём. Так, я таксама нарадзілася сярод людзей. Змоладу я не бачыла джунгляў. Мяне кармілі за кратамі, з жалезнай міскі, але вось аднойчы ўночы я адчула, што я — Багіра, пантэра, а не забаўка чалавека. Адным ударам лапы я зламала гэты недарэчны замок і ўцякла. I таму, што я ведаю чалавечыя звычкі, у джунглях мяне баяцца больш, чым Шэр-Хана. Хіба гэта няпраўда?
— Праўда,— сказаў Маўглі,— усе джунглі баяцца Багіры, усе, апрача Маўглі.
— О, ты — чалавечае дзіцяня,— сказала чорная пантэра вельмі пяшчотна.— I як я вярнулася ў свае джунглі, так і ты павінен урэшце вярнуцца да людзей, да сваіх братоў, калі толькі цябе не заб’юць на Радзе.
— Але за што камусьці забіваць мяне? — спытаў Маўглі.
— Зірні на мяне,— сказала Багіра.
I Маўглі пільна паглядзеў ёй у вочы.
Вялікая пантэра не вытрымала і адвярнулася.
— Вось за што,— сказала яна, і лісце зашамацела пад яе лапай.— Нават я не магу глядзець табе ў вочы, а я ж нарадзілася сярод людзей і люблю цябе, Маленькі Брат. Другія цябе ненавідзяць за тое, што не могуць вытрымаць твой позірк, за тое, што ты разумны, за тое, што ты выцягваеш у іх стрэмкі з лап,— за тое, што ты чалавек.
— Я нічога гэтага не ведаў,— панура прамовіў Маўглі і насупіў густыя чорныя бровы.
— Што гаворыць Закон Джунгляў? Спачатку стукні, потым падавай голас. Па адной тваёй бестурботнасці яны пазнаюць, што ты чалавек. Будзь жа разважлівы і асцярожны. Сэрца падказвае мне, што калі Акела дасць маху на наступным паляванні — а яму з кожным разам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй забіваць, ваўкі перастануць слухацца яго і цябе. Яны збяруць на Скале Рады Народ Джунгляў, і тады... тады... Я ведаю, што рабіць! — крыкнула Багіра і падхапілася.— Ідзі хутчэй уніз, у даліну, у хаціны людзей, і дастань у іх Чырвоную Кветку. У цябе будзе тады саюзнік дужэйшы за мяне, і за Балу, і за тых ваўкоў Чарады, якія любяць цябе. Дастань Чырвоную Кветку!
Чырвонай Кветкай Багіра называла агонь, бо ніводзін звер у джунглях не назаве агонь яго сапраўдным іменем. Усе звяры смяртэльна баяцца агню і прыдумваюць сотні імёнаў, абы толькі не называць яго сапраўдным іменем.
— Чырвоную Кветку? — сказаў Маўглі.— Яна расце перад хацінамі на змярканні. Я дастану яе.
— От гэта гаворыць дзіця чалавека! — з гордасцю сказала Багіра.— He забудзь, што гэтая кветка расце ў маленькіх гаршках. Раздабудзь яе як мага хутчэй і трымай пры сабе, пакуль яна не спатрэбіцца.
— Добра! — сказаў Маўглі.— Я іду. Але ці ўпэўнена ты, о мая Багіра,— ён абвіў рукою яе цудоўную шыю і зазірнуў глыбока ў вялікія вочы,— ці ўпэўнена ты, што ўсё гэта хітрыкі ШэрХана?
— Так, клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, Маленькі Брат!
— Тады клянуся буйвалам, што выкупіў мяне, я заплачў за гэта Шэр-Хану спаўна, а можа, нават і з лішкам,— сказаў Маўглі і памчаўся прэч.
«Вось чалавек! У гэтым відаць чалавек,— сказала сама сабе Багіра і легла зноў.— О Шэр-Хан, не ў добрую часіну надумаўся ты паляваць на Жабянятка дзесяць гадоў назад!»
А Маўглі быў ужо далёка-далёка ў лесе. Ен бег з усіх ног, і сэрца ў ім палала. Ен дабег да пячоры, калі ўжо слаўся вячэрні туман. Маўглі спыніўся, каб адсапціся, і паглядзеў уніз, у даліну. Ваўчанят не было дома, але Маці Ваўчыха па дыханні свайго Жабяняці зразумела, што Маўглі нечым усхваляваны.
— Што здарылася, сынок? — спытала яна.
— Шэр-Хан, нібы кажан, разносіць плёткі,— абазваўся ён.— Я іду сёння на паляванне на ўзараныя палеткі.
I ён рынуўся ўніз, праз кусты, да ракі на дне даліны, але адразу спыніўся, бо пачуў выццё Чарады, якая выйшла на паляванне. Ен пачуў і стогн загнанага аленя, і яго пырханне, калі алень павярнуўся, каб абараняцца. Потым пачулася злоснае, лютае дзяўканне маладых ваўкоў:
— Акела! Акела! Няхай воўк-адзінец пакажа сваюсілу! Дарогу Важаку Чарады! Скачы, Акела!
Мусіць, воўк-адзінец скочыў і прамахнуўся, бо Маўглі пачуў, як ляснулі яго зубы, і кароткі віск, калі алень збіў Акелу з ног пярэднім капытом.
Маўглі больш не чакаў, а кінуўся бегма ўперад. Неўзабаве пачаліся засеяныя палеткі, дзе жылі людзі, і выццё ззаду ў яго чулася ўсё слабей і слабей, усё болып глуха і глуха.
— Багіра казала праўду,— прашаптаў ён, задыхаючыся, і скруціўся ў клубок на кучы травы пад акном хаціны.— Заўтра рашаючы дзень і для мяне і для Акелы.
Потым, прытуліўшыся тварам да акна, ён пачаў глядзець на агонь у ачагу. Ен бачыў, як жонка аратага ўставала ўночы і падкладвала ў агонь нейкія чорныя кавалкі, а калі надышла раніца і над зямлёй папоўз халодны белы туман, ён убачыў, як дзіця ўзяло аплецены гаршчок, абмазаны знутры глінаю, напоўніла яго вугалямі і, накрыўшы коўдрай, пайшло карміць жывёлу ў хляве.
I ўсяго толькі? — сказаў Маўглі.— Калі нават такое малое гэта ўмее, дык баяцца няма чаго.
I ён павярнуў за вугал, насустрач хлопчыку, выхапіў гаршчок у яго з рук і знік у тумане, a хлопчык заплакаў з перапуду.
— Людзі вельмі падобныя на мяне,— сказаў Маўглі і пачаў раздзьмухваць вугалі, як гэта рабіла жанчына.— Калі Чырвоную Кветку не карміць, яна памрэ.— I Маўглі накідаў галінак і кавалачкаў сухой кары на чырвонае вуголле.
На паўдарозе пад гару ён сустрэў Багіру. Ранішняя раса паблісквала на яе шкуры, нібы месячныя каменьчыкі.
— Акела прамахнуўся,— сказала яму пантэра.— Яны забілі б яго ўчора ўночы, але ім патрэбен яшчэ і ты. Яны шукалі цябе на ўзгорку.
— Я быў на ўзараных палетках. Я гатовы. Глядзі! — Маўглі падняў над галавою гаршчок з вугалямі.
— Добра! Вось што: мне даводзілася бачыць,
як людзі соваюць туды сухую галіну, і на яе канцы расцвітае Чырвоная Кветка. Ты не баішся?
— He! Чаго мне баяцца? Цяпер я прыпамінаю, калі толькі гэта не сон: як я яшчэ не быў ваўком, я часта ляжаў каля Чырвонай Кветкі, і мне было добра і цёпла.
Увесь гэты дзень Маўглі правёў у пячоры; ён пільнаваў гаршчок з агнём і соваў у яго сухія галінкі, правяраючы, што атрымаецца. Ён знайшоў такую галіну, якою застаўся задаволены, і ўвечары, калі Табакі падышоў да пячоры і вельмі груба сказаў, што Маўглі патрабуюць на Скалу Рады, ён засмяяўся і смяяўся гэтак доўга, што Табакі ўцёк. Тады Маўглі, усё яшчэ смеючыся, падаўся на Раду.
Акела, воўк-адзінец, ляжаў каля сваёй скалы ў знак таго, што месца важака Чарады вольнае, а Шэр-Хан са зграяй сваіх прыхвасняў разгульваў узад і ўперад, яўна задаволены. Багіра ляжала побач з Маўглі, а Маўглі трымаў паміж каленяў гаршчок з вугалямі. Калі ўсе сабраліся, Шэр-Хан пачаў гаварыць, на што ён ніколі б не адважыўся, калі б Акела быў у росквіце сілы.
— Ён не мае права! — шапнула Багіра.— Так і скажы. Ен сабачы сын, ён спалохаецца.
Маўглі ўсхапіўся на ногі.
— Вольны Народ! — крыкнуў ён.—Хіба ШэрХан Важак Чарады? Хіба тыгр можа быць нашым важаком?
— Месца ж важака яшчэ не занята, а мяне прасілі гаварыць... — пачаў Шэр-Хан.
— Хто цябе прасіў? — сказаў Маўглі.— Няўжо мы ўсе шакалы, каб поўзаць перад гэтым мясніком? Чарада сама выбера важака, гэта чужых не датычыцца.
Пачуліся крыкі:
— Маўчы, чалавечае дзіцяня!
— He, няхай гаворыць! Маўглі захоўваў наш Закон!