Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багіры і Балу. Малпы рухаліся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглі іх дагнаць і вельмі адставалі. Уніз не варта было і глядзець — яму відаць былі толькі верхнія бакі сукоў,— таму ён пачаў глядзець угору і ўбачыў высока ў сіні неба каршуна Чыля, які лунаў над джунглямі, апісваў кругі, чакаючы чыёй-небудзь смерці. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, і спусціўся ніжэй, каб разведаць, ці не прыдатна іх
ноша для яды. Ен свіснуў ад здзіўлення, калі ўбачыў, што малпы валакуць па верхавінках дрэў Маўглі, і пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: «Мы з табой адной крыві, ты і я!» Разгайданыя вяршаліны закрылі ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слізгануць да бліжняга дрэва, і перад ім зноў вынырнуў маленькі смуглы твар.
— Прыкмячай маю дарогу! — крыкнуў Маўглі.— Паведамі Балу з Сіянійскай Чарады і Багіры са Скалы Рады!
— Пра каго, Брат? — Чыль яшчэ ні разу дагэтуль не бачыў Маўглі, хоць, вядома, чуў пра яго.
— Пра Жабянятка Маўглі. Мяне завуць Чалавечае Дзіцяня! Прыкмячай маю даро-огу-у!
Апошнія словы ён выгукнуў, летучы ў паветры, але Чыль кіўнуў яму і ўзняўся так высока, што здаваўся не большым за пылінку, і, лунаючы ў вышыні, сачыў сваімі зоркімі вачамі за разгайданымі верхавінкамі дрэў, па якіх, нібы віхор, імчаліся вартавыя Маўглі.
— Яны не забяруцца далёка,— сказаў ён пасміхаючыся.— Малпы ніколі не робяць да канца тое, што задумалі. Заўсёды яны хапаюцца за штонебудзь новае, гэтыя Бандар-Логі. На гэты раз, калі я не сляпы, яны нажывуць сабе бяду: Балу ж не птушаня, ды і Багіра, наколькі мне вядома, умее забіваць не толькі коз.
I, лунаючы ў паветры, ён пагойдваўся на крылах, падкурчыўшы ногі, і чакаў.
А ў гэты час Балу і Багіра былі самі не свае ад раз’юшанасці і гора. Багіра залезла на дрэва гэтак высока, як не залазіла ніколі, але тонкія галіны ламаліся пад яе цяжарам, і яна саслізнула ўніз з поўнымі кіпцюрамі кары.
— Чаму ты не папярэдзіў Маўглі? — забурчала яна на небараку Балу, які прыпусціў нязграбнай рыссю, спадзеючыся дагнаць малпаў.— Якая карысць біць дзіця ледзь не да смерці, калі ты не папярэдзіў яго?
— Хутчэй! О, хутчэй! Мы... мы яшчэ дагонім іх, можа! — задыхаўся Балу.
— Гэткаю хадою? Ад яе не стамілася б нават параненая карова. Настаўнік Закону, мучыцель дзяцей, калі ты будзеш гэтак перавальвацца з боку на бок, дык лопнеш, не прайшоўшы і мілі. Сядзь спакойна і падумай! Трэба нешта вырашыць. Зараз не час для пагоні. Яны могуць кінуць Маўглі, калі мы падыдзем занадта блізка.
— Арала! By! Яны, можа, ужо кінулі хлопчыка, калі ім абрыдла яго несці! Хіба можна верыць Бандар-Логам! Кажан мне на галаву! Карміце мяне аднымі гнілымі косткамі! Спусціце мяне ў дупло да дзікіх пчол, каб яны закусалі мяне да смерці, і пахавайце мяне разам з гіенай! Я самы няшчасны сярод звяроў! Ара-лала! Ва-у-у! О Маўглі, Маўглі, чаму я не папярэдзіў цябе пра Малпін Народ, чаму я цябе біў па галаве? Я, можа, выбіў сённяшні ўрок з яго галавы, і хлопчык цяпер адзін у джунглях і забыўся Запаветныя Словы!
Балу абхапіў галаву лапамі і са стогнам заківаўся ўзад і ўперад.
— He так даўно ён сказаў мне правільна ўсе словы,— сярдзіта прамовіла Багіра.— Балу, ты нічога не памятаеш і не паважаеш сябе. Што падумалі б джунглі, калі б я, чорная пантэра, качалася і выла, скруціўшыся ў клубок, як дзікабраз Сахі?
— Які мне клопат да таго, што падумаюць джунглі! Хлопчык, можа, памёр ужо!
— Калі толькі яны не кінуць яго з дрэва дзеля пацехі і не заб’юць ад няма чаго рабіць, я не баюся за дзіцяня. Яно разумнае і ўсяму навучанае, а галоўнае, мае такія вочы, якіх баяцца ўсе джунглі. Але ўсё ж (і гэта вельмі кепска) яно ў палоне ў Бандар-Логаў, а яны не баяцца нікога ў джунглях, бо жывуць высока на дрэвах.— Багіра ў задуменні аблізала пярэднюю лапу.
— Ну і дурань жа я! О тоўсты буры дурань, паядальнік карэння! — прастагнаў Балу раптам, выпрастаўся і сцепануўся.— Праўду кажа дзікі слон Хатхі: «У кожнага свой страх», а яны, Бандар-Логі, баяцца Каа, горнага ўдава. Ен умее ла-
зіць па дрэвах не горш за малпаў. Уночы ён крадзе ў іх дзіцянят. Ад аднаго гуку яго імені дрыжаць іх агідныя хвасты. Хадзем да яго!
— Чым можа Каа дапамагчы нам? Ён не нашага племені, бо бязногі, і вочы ў яго вельмі злосныя,— сказала Багіра.
— Ен вельмі стары і вельмі хітры. Апрача таго, ён заўсёды галодны,— з надзеяй сказаў Балу.— Паабяцаем яму многа коз.
— Ен спіць цэлы месяц, пасля таго як наесца. Можа, спіць і цяпер, а калі не спіць, дык, можа, і не захоча ўзяць ад нас коз у падарунак.
Багіра кепска ведала Каа і таму ставілася да яго недаверліва.
— Тады мы з табой разам маглі б угаварыць яго, старая паляўнічая.
Тут Балу пачухаўся аб Багіру выцвілым бурым плячом, і яны ўдваіх рушылі на пошукі горнага ўдава Каа.
Удаў ляжаў, расцягнуўшыся на ўсю даўжыню на выступе скалы, нагрэтым сонцам, і любаваўся сваёй прыгожай новай скурай: апошнія дзесяць дзён ён правёў на адзіноце — мяняў скуру, і цяпер быў ва ўсёй сваёй прыгажосці. Яго вялікая тупаносая галава совалася па зямлі, трыццаціфутавае цела звівалася ў дзівосныя вузлы і фігуры, язык аблізваў губы, смакуючы абед, што чакаў яго наперадзе.
— Ен яшчэ нічога не еў,— з палёгкай уздыхнуў Балу, як толькі ўбачыў прыгожы стракаты ўзор на яго спіне, карычневы з жоўтым.— Асцярожна, Багіра! Ён кепска бачыць, пасля таго як зменіць скуру, і кідаецца адразу.
Каа не меў ядавітых зубоў — ён нават пагарджаў ядавітымі змеямі за іх баязлівасць,— уся яго сіла была ў хватцы, і калі ён абвіваў каго-небудзь сваімі кольцамі, дык гэта ўжо быў канец.
— Добрага палявання! — крыкнуў Балу і прысеў на заднія лапы.
Як усе змеі яго пароды, Каа быў глухаваты і не
адразу пачуў, што яму крыкнулі. Ен згарнуўся ў кальцо і прыгнуў галаву, на ўсякі выпадак падрыхтаваўся накінуцца.
— Добрага палявання ўсім нам! — адказаў ён.— Ого, Балу! Што ты тут робіш? Добрага палявання, Багіра. Аднаму з нас не пашкодзіла б паабедаць. Ці няма паблізу спуджанай дзічыны? JiaHi або хоць казляняці? У мяне ўнутры пуста, як у перасохлай студні.
— Мы зараз на паляванні,— абыякава зазначыў Балу, бо ведаў, што Каа не варта прыспешваць: ён занадта грузны.
— А можна мне пайсці з вамі? — спытаў Каа.— Для вас, Багіра і Балу, зрабіць на адзін удар больш ці менш нічога не значыць, а я... мне даводзіцца цэлымі днямі падпільноўваць на лясных сцежках або паўночы лазіць па дрэвах, чакаць, ці не трапіцца маладая малпа. Пс-с-шоў! Лес цяпер ужо не той, што ў часы маёй маладосці. Адно гніллё ды сухія сукі!
— Можа, гэта таму, што ты стаў вельмі цяжкі? — сказаў Балу.
— Так, я і праўда даволі-такі вялікі... даволі вялікі,— не без гонару адказаў Каа.— Але ўсё ж маладыя дрэвы нікуды не варты. Мінулы раз' на паляванні я ледзь-ледзь не зваліўся! — нашумеў, саслізнуўшы з дрэва, бо кепска зачапіўся хвастом. Гэты шум пабудзіў Бандар-Логаў, і яны абзывалі мяне самымі брыдкімі словамі.
— Бязногі жоўты земляны чарвяк! — нібыта прыпамінаючы, шапнула Багіра сабе ў вусы.
— Ссссс! Хіба яны так мяне называюць? — спытаў Каа.
— Штосьці накшталт гэтага яны крычалі нам мінулы раз. Але ж мы ніколі не звяртаем на іх увагі. Чаго толькі яны не гавораць! Нібыта ў цябе выпалі ўсе зубы і нібыта ты ніколі не нападаеш на дзічыну, большую за казляня, бо нібыта (такія бессаромныя хлусы гэтыя малпы!) баішся казліных рагоў,— лісліва закончыла Багіра.
Змяя, асабліва хітры стары ўдаў, такі, як Каа, ніколі не пакажа, што злуецца, але Балу і Багіра прыкмецілі, як надзімаюцца і перакочваюцца вя лізныя мускулы пад сківіцай Каа.
— Бандар-Логі змянілі месца палявання,— сказаў ён спакойна.— Я грэўся сёння на сонцы і чуў, як яны гарланілі ў верхавінах дрэў.
— Мы... мы гонімся зараз за Бандар-Логамі,— сказаў Балу і папярхнуўся, бо ўпершыню, як ён сябе помніў, жыхару джунгляў даводзілася прызнавацца, што ён мае нейкі інтэрас да малпаў.
— I, вядома, не якая-небудзь дробязь прымусіла дваіх такіх паляўнічых — важакоў у сябе ў джунглях — ісці па слядах Бандар-Логаў,— пачціва адказаў Каа, хоць яго распірала ад цікаўнасці.
— Дапраўды,— пачаў Балу,— я ўсяго толькі стары і падчас неразумны настаўнік Закону ў Сіянійскіх Ваўчанят, а Багіра...
— ...ёсць Багіра,— сказала чорная пантэра і закрыла пашчу, ляснуўшы зубамі: яна не прызнавала пакоры.— Вось у чым бяда, Каа: гэтыя зладзеі, што крадуць арэхі і знішчаюць лісце на пальмах, выкралі ў нас чалавечае дзіцяня, пра якое ты, магчыма, чуў.
— Я чуў штосьці ад Сахі (іголкі надаюць яму нахабства) пра дзіцяня, якое прынялі ў Воўчую Чараду, але не паверыў. Сахі слухае адным вухам, а потым перакручвае ўсё, што чуў.
— He, гэта праўда. Такога дзіцяняці яшчэ не было на свеце,— сказаў Балу.— Самае лепшае, самае разумнае і самае смелае чалавечае дзіцяня, мой вучань, які праславіць імя Балу на ўсе джунглі, з канца ў канец. Ды, апрача таго, я... мы... любім яго, Каа!
— Тс! Тс! — адказаў Каа, варочаючы галавой направа і налева.— Я таксама зведаў, што такое любоў. Я мог бы расказаць вам не адну гісторыю.
— Гэта лепш пасля, як-небудзь яснай ночкай, калі мы ўсе будзем сытыя і здолеем ацаніць расказ
па заслугах,— хуценька адказала Багіра.— Наша дзіцяня цяпер у руках у Бандар-Логаў, а мы ведаем, што з усяго ЬІарода Джунгляў яны баяцца аднаго Каа.
— Яны баяцца аднаго мяне! I нездарма,— сказаў Каа.— Балбатухі і дурныя выхвалякі, дурныя выхвалякі і балбатухі — вось хто гэтыя малпы! Але ваша дзіцяня не можа чакаць ад іх дабра. Яны рвуць арэхі, а калі надакучыць, шпурляюць іх уніз. Цэлы дзень яны гойсаюць з галінай, быццам абысціся без яе не могуць, а потым ломяць яе папалам і кідаюць. Вашаму дзіцяняці не пазайздросціш... Апрача таго, яны абзывалі мяне... жоўтай рыбінай, здаецца?
— Чарвяком, чарвяком. Земляным чарвяком,— сказала Багіра,— і яшчэ рознымі мянушкамі. Мне сорамна нават паўтараць.
— Трэба іх правучыць, каб не забываліся, калі гавораць пра свайго ўладара! Ааа-ссп! Каб як след памяталі! Дык куды ж яны пабеглі з дзіцянём?
— Адны толькі джунглі ведаюць. На захад, я думаю,— сказаў Балу.— А мы ж лічылі, што табе гэта вядома, Каа.