Мова SK
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 264с.
Мінск 2014
Я сядзеў і маўчаў, агаломшаны. Гаспадыня сціснула мне далонь і, перад тым як прыбраць руку, запыталася са здзекам:
А ты, дурань, думаў, што мы тут наркотыкамі гандлюем?
ДЖАНКІ
Беларуская культура? He, не чуў! Беларуская літаратура? А вам самім не смешна? Беларуская дзяржава? Ну так, некалькі месяцаў у 4616 (1918) годзе, пад нямецкім «дахам». Потым прыйшлі саветы. Было яшчэ непіта незразумелае з 4689 (1991) года, Часы Смутку, але даволі хутка прыйшлі кітайцы. I навялі парадак і духоўнасць.
Я не спецыяліст па гісторыі балотаў, але сёе-тое прыгадаць магу. Ну так, была нейкая Саюзная Дзяржава Паўночна-Заходніх тэрыторый і Расіі. Кажуць, тут, у Мінску, узнік свой смешны дыялект, які складаўся са скаверканых лексемаў рускай і польскай моў. Якая краіна, такое і маўленне, а чо?
На дыялекце балбаталі змагары і адраджэнцы, то бок патэнцыйныя эмігранты і вытворцы магніцікаў на лядоўню. Усе іншыя імкнуліся да чысціні рускай мовы і рускай нацыі. Пушкін, «Любэ», Стас Міхайлаў. Земфіра, Верка Сярдзючка. Яшчэ былі нейкія крайнія нацыяналісты. Піва «Аліварыя», берцы, хакі, фа, антыфа. Слава нацыі смерць варагам. Але варагі тут гістарычна складаюць этнічную большасць, таму нацыяналісты павыводзіліся, бы матылі, якія аб’явілі вайну вераб’ям.
ГІотым Расія запрасіла ў мытную дамову Кітай, каб прасцей было супрацьстаяць беспрынцыпнаму і смярдзючаму Захаду. Прыкладна праз пяць гадоў пасля гэтага ніякай Расіі ўжо не было, толькі Кітай. Для таго местачковага мінскага дыялекту не засталося месца на геапалітычнай мапе кантынента. Тутэйшыя маладзёны, якія імкнуліся да каштоўнаснай нішы «city intellectual» ці «upper middle», вучылі кітайскую. Усе астатнія цудоўна разумеліся на літаратурнай рускай.
Вы пытаецеся пра культуру? Ну дык я скажу вам сваю думку пра культуру.
Кітайцы пераймаюць японцаў. Глядзяць японскае анімэ, апранаюцца як японцы, адгадоўваюць доўгія кудлы, як японцы. Купляюць усе гэтыя дзівацкія японскія цацкі: па-
кемоны, шымаджыра*, ракоба**, чабурашкі. Увесь час дэманструюць хваравіты японскі dedication. Вешаюць паўсюль сцяжкі і стыкеры з дэвізамі. Пры гэтым кіёцкі менеджар са скінам «расціснуць продажы Мінамота да канца года» на працоўным планшэце выглядае прывабна і сапраўдна, а кітаец з прылепкай «хачу добра зарабляць да наступнага цыклу Месяца» на сценцы кухні, на якой разбірае курыныя вантробы, робіцца фэйкам і карыкатурай. Бо ўжо па тым, як ён працуе без запалу, гультаявата, відаць, што абвальваць яму тое мяса да канца жыцця. Варыянт чысціць рыбу (уздым кар’еры). I спадзявацца, што сцяжок «хачу добра зарабляць да наступнага цыклу Месяца» калі-небудзь «падзейнічае».
Кітайцы п’юць сваю зялёную гарбату, якая не такая добрая, як японская, з такімі ж, чорт яго бяры, медытатыўнымі тварамі, як японцы. Яны нават могуць зладзіць чайную цырымонію, падчас якой з покерфэйсам*** будуць лічыць прыбыткі за месяц, у адрозненне ад японцаў, якія цалкам аддадуцца працэсу гатавання і спажывання напою.
Але мы, рускія, яшчэ горшыя. Мы пераймаем кітайцаў, бо кітайцы нам бліжэйшыя і больш зразумелыя. Мы думаем, што кітайцы такія адданыя справе і задуменна-загадкавыя. He разумеючы, што мы бачым толькі адлюстраванне адлюстравання.
Мы у культурнай дупе, прычым гэтая дупа не нашая, а кітайская. А вы кажаце, «беларуская культура»!
БАРЫГА
Я сядзеў моўчкі і спрабаваў асэнсаваць пачутае. «Мова», «наркотыкі», «трыяды», Дзяржнаркакантроль усё гэта ліхаманкава круцілася ў галаве.
* Сімадзіра «туалетнае тыграня» цацка, якая вучыць японскіх дзяцей карыстацца ўнітазам.
** Электронныя гаджэты, якія сімулююць хатніх жывёл, рэагуючы на голас і дотык.
*** Ад анг. pockerface бесстаронні выраз.
Хочаш ліпавага цвету? запыталася Цётка.
А што гэта? я ніколі не чуў пра такі пачастунак.
Гэта тое, што пілі тут, тым часам як кітайцы цешыліся зялёнай ды чырвонай гарбатай.
Гаспадыня ўзяла вялікі медны імбрык і паставіла яго на агонь.
He трэба! спыніла яна Майстра духмянасцяў, які кінуўся быў ёй дапамагаць. He трэба, Чу Лінь! Я ведаю, што на аўдыенцыі кожны мае свой цырыманіяльны абавязак, і гатаваць гарбату для госця твая дзялянка. Але гэта, па-першае, не гарбата. Па-другое, у нас тут, на гэтай зямлі, свае спрадвечныя паняцці аб гасціннасці. 1 дазволь мне запарыць ліпавы цвет самой.
Чу Лінь паднёс Цётцы срэбны куфэрак з жоўтымі ссохлымі пялёсткамі. Яна кінула ў імбрык шчодра, адразу некалькі жменяў. Я тым часам знайшоў у сказаным Цёткай адну неадпаведнасць.
Пачакайце. Але ж «прыход» ад скруткаў сапраўды ёсць. I ён моцны. Каб яго не было, ніхто б мовы не купляў.
Можа быць, можа быць, паціснула плячыма гаспадыня. Мы з Рогам усё жыццё толькі на мове размаўляем. I таму ніякага замутнення ў галаве, чытаючы тэксты, ніколі не адчувалі.
Аднак адкуль псіхадэлічны эфект, калі, як вы кажаце, мы на мове раней проста размаўлялі?
Цётка зноў пачала гаварыць вельмі горача:
А ты паспрабуй узяць нацыю, навязаць ёй іншы моўны кшталт і цалкам забараніць спрадвечныя словы. Мову, на якой нацыя ўзгадаваная. Словы, якімі маці спявала песні, калі ты быў у калысцы. Пасля гэтага дай нарадзіцца і пасталець аднаму пакаленню цалкам без мовы. I вось гэтаму пакаленню без радзімы і каранёў прадай фрагменты родных пісанак за грошы, з-пад крыса, з пагрозай арышту на 10 гадоў «за наркотыкі». «Кайф» узнікне сам сабою, ад сутыкнення падсвядомасці з тым кодам, у адпаведнасці з якім структуравана бессвядомае.
Я не зразумеў складанага слова «бессвядомае», і таму вырашыў прамаўчаць. Цётка, падумаўшы, удакладніла:
Hi ў адным месцы на зямлі не было такога вар’яцкага эксперыменту. Нават у Ірландыі часоў панавання ангельскай адміністрацыі, нават на Шры-Ланцы! Ніхто і ніколі не ставіў задачы поўнага вынішчэння слоў, якімі гавораць людзі. А таму хто яго ведае! Каб ангельцам забаранілі размаўляць па-ангельску і гэтая забарона пратрымалася цэлую генерацыю, можа, наступная генерацыя ўжо п’янела б ад ангельскай, як ад наркатычнага рэчыва!
Імбрык закіпеў і пачаў плявацца кіпнем. З’явіліся парцалянавыя кубачкі на плеценым падносе з лазы. Яна ўзяла імбрык і наліла мне ўзвару. Вадкасць была празрыстай, амаль без колеру. Я глынуў, апякаючы вусны і гартань. Ніякага прысмаку. Амаль як простая вада. I тут, на другім глытку, узнік і пачаў распускацца ў роце прыемны травяны водар. Гэта было падобна да акварэльнага малюнку, у параўнанні з якім звычайная кітайская гарбата грубы, насычаны ды бліскучы алей.
Прыгожа, не вытрымаў я. Менавіта так. He смачна, а прыгожа.
Яна глынула са свайго кубачка і задаволена нахілілася да мяне праз падлакотнік фатэля:
А ты б яшчэ маёй гарбаты са святаянніку пакаштаваў. Яна цёмная атрымліваецца, з гаркавінкай.
Вы казалі, што я магу вам нечым дапамагчы, нагадаў я, бо мне падалося, што я занадта затрымліваю яе. He злавіць бы потым ад Майстра духмянасцяў па печані.
Цётка памаўчала, мабыць збіраючыся з думкамі.
Разумееш, Сярожа. Ідзе вайна. Нябачная. Мы ваюем за кожны скрутак, за кожную старонку. Нашыя людзі працуюць па замежных бібліятэках, робяць копіі таго, што яшчэ не скрадзена, а скрадзена амаль усё, прычым не намі і не тымі, хто стыхійна гандлюе. Крадуць і нішчаць нашыя ворагі. Іх веды пра мову перавышаюць нашыя веды. Кажуць, у іх там, у галоўным будынку, за бетоннымі сценамі і электроннымі сістэмамі аховы, бібліятэка на чатыры тысячы
тамоў, і кожны з іх унікальны, бо аналагі старанна вынішчаны. Як збяруць усё спаляць. Ці не будуць нішчыць, a захаваюць у падземным сховішчы назаўсёды, гэткім музеем забароненай спадчыны. Мова, на якой не гавораць і на якой нават чытаць не ведаюць як, мёртвая мова. I тады ў нас не застанецца нічога. Нават успамінаў.
Яна вылавіла некалькі ліпавых суквеццяў са свайго кубачка і кінула іх у вогнішча.
Ідзе вайна, паўтарыла яна. I мы ў ёй не гандляры. I не марадзёры, якія нажываюцца на людской бядзе. Мы ратавальнікі. Гуманітарная місія ААН. Мы ратуем словы. Вышукваем, складаем вопісы. Ёсць свая бібліятэка і ў нас але, на жаль, адна палічка, толькі адна палічка друкаванак. Розных гадоў і месцаў выдання. Дванаццаць поўных томікаў, два без вокладкі, яшчэ два сабраныя па старонках і зноў склееныя. Ну і, вядома ж, горы разрозненых фрагментаў: абзацы тэксту з невядомых кніг назаўсёды страчаных аўтараў. Хто іх напісаў і калі цяпер ужо высветліць немагчыма. Нашыя лінгвісты працуюць з гэтым багаццем: разбіраюць, супастаўляюць, каталагізуюць. Дагэтуль няма ніводнага поўнага падручніка іх шукалі і нішчылі ў першую чаргу, бо яны самыя «небяспечныя».
Нам бы замест гэтых смаркачоў тры ўзводы салдат на тэлебачанне кінуць! падаў голас ззаду Сварог. За дзесяць хвілінаў мову б вярнулі. I амаль без крыві!
Бачыш, даверліва знізіла голас гаспадыня, у нас няма адзінага меркавання пра аптымальныя шляхі нашай працы. Сярод безразважных армейскіх генералаў наспявае радыкальны сілавы варыянт. Які мне падаецца касмічнай дурасцю.
Сварог бяспечных шляхоў не шукае, заўважыў я, з паважлівай усмешкай павярнуўшыся да яго. Брутальны мужчына! Сапраўдны палкоўнік!
Гэтае страшыдла табе сказала, што яго Сварогам завуць? Цётка дурасліва скрывіла губы. Сварог? Рог, ты яму Сварогам прадставіўся?
Я ўважліва паглядзеў на Чырвогана слупа. Той побач з гэтай жанчынай выглядаў як пашкуматаны жыццём хударлявы ваўчына. Нават глядзеў ён, як той няшчасны сабака, спадылба. Адно што хвастом не матляў па баках, жаласліва і даверліва. I куды падзеўся ўвесь ягоны крыважэрны шарм шызоіда з гранатай, бультэр’ера без намордніка?
Ну так, Цётачка! Я ж і ёсць у пэўным сэнсе Сварог, паспрабаваў ён мякка абараніцца. Славянскі бог неба. I нябеснага полымя.
Дык я табе скажу. На Сварога ён пакуль не цягне, гаспадыня павярнулася да мяне і працягнула высцёбваць калегу. Можа быць, як яшчэ тузін дурных подзвігаў здзейсніць, як яшчэ жменю куляў целам зловіць, тады стане Сварогам. А пакуль ён Рог. Рог, а не Сварог! Просты, упарты, нягнуткі. Рог з каровы. He, нават не з каровы у каровы рогі што трэба, можа добра баднуць! А гэты рог з казла! Старога такога казла!
Трэба было бачыць, з якой пяшчотай яна з яго кпіла. Так старэйшая сястра здзекуецца з малодшага брата. Сварог ажно збарвавеў ад публічных кепікаў, але зласлівыя позіркі кінуў толькі ў мой бок і бок Чу Ліня, незадаволены тым, што мы сталі сведкамі яго грамадскага лінчавання. Я зразумеў, што натурай ён больш мядзведзь, чым бультэр’ер. Мядзведзь або зубр. Здаровы, касматы, перакачаны, але добры сэрцам. Калі ўвогуле знойдзеш тое сэрца за поўсцю і бранёй. Цётка зноў пасур’ёзнела.