• Газеты, часопісы і г.д.
  • Надбярэзінцы  Фларыян Чарнышэвіч

    Надбярэзінцы

    Фларыян Чарнышэвіч

    Зпампаваць
    1.18 МБ
    Зпампаваць
    3.18 МБ
    Зпампаваць
    2.67 МБ
    — Ну, цяпер яму ў задняе вуха ўжо не пахукаеш, — з’едліва прашыпеў Косцік.
    — А куды ж яго халера падзела?! — усклікнуў Стах. — Не мог жа ён за такі кароткі час развязаць сябе і ўцячы. Ён павінен быць недзе ў пакоі. Глядзі: вокны ўсе цэлыя і зброя на месцы. Давай шукаць!
    Свецячы ліхтарыкам, пачалі шукаць — і знайшлі пад ложкам. Мішка заўзята грыз вязьмо ў сябе на руках.
    — А чаго ж ты, Пеця, туды залез? — спытаў Стах, свецячы на яго ліхтарыкам.
    — Панове! Не забівайце мяне! — заенчыў ён па-польску.
    — А ты сам людзей літаваў?
    — Няма калі разважаць! — крыкнуў Косцік. — Давай мне ліхтарык, я з ім сам разбяруся, а ты збірайся давай! Надзявай ягоныя боты і шынель, а гэтыя свае бабскія шмоткі кідай тут да д’ябла, бо калі хочаш свайго каханка пакінуць жывым, яны ўжо непатрэбныя. І вінтоўку з набоем здымі: калі, не дай Божа, нешта здарыцца — бараніцца будзем да апошняй кулі, да апошняга ўздыху!
    Не пазней як праз дзесяць хвілінаў Мішка, добра звязаны і з заткнутым ротам, ціха і нерухома ляжаў на падлозе, а Косцік са Стахам, патушыўшы лямпу, адмыкалі акно ў сад.
    У гэты момант нехта гучна пастукаў у дзверы.
    — Вось табе і маеш! — балюча прастагнаў Стах. — Хто ж гэта там, каб яго ліха ўзяла?
    — Небяспечна вылазіць — заўважыў Косцік, — раптам увесь дом абкружаны.
    — Відаць, не лёс нам выбрацца адсюль жывымі, браце.
    Стукалі ўсё мацней, праз хвіліну пачалі малаціць кулакамі. Абодва падышлі да дзвярэй.
    — Таварышч ваенны камісар! Таварышч ваенны камісар! — далятаў голас з сянец. — Пільныя тэлеграмы прыйшлі!
    — Якія тэлеграмы? — спытаў Стах, пераймаючы Мішкаў голас.
    — Дзве пільныя тэлеграмы: адна са штабу дывізіі, друга — з ГубЧК. Тут кажуць, што двое затрыманых спекулянтаў — мужчыны, і іх шукаюць на ўсім заходнім фронце як небяспечных польскіх шпіёнаў. Матвей пабег у мястэчка па старшыню ЧК, а я сюды, да вас, таварыш ваенны камісар! Ізвініце!
    — Трэба яго тут прыстукнуць ды абкласці чым, — прашаптаў Косцік. — Ідзі ты, Стах, туды, за шырму, а як пачуеш, што я адчыніў дзверы, крыкні адтуль, каб ішоў да цябе.
    Калі Стах адышоў, Косцік адчыніў дзверы і схаваўся збоку.
    — Хадзі, таварышч, сюда, — адгукнуўся з-за шырмы голас, надзіва падобны да Мішкавага.
    Армеец пераступіў парог і ад удару жалезным Косцікавым кулаком зарыўся носам у падлогу. Для большай пэўнасці Косцік падняў ахвяру высока ўгору і стукнуў ёй, бы калодай, аб зямлю.
    Яны зачынілі дзверы, каб пазбегнуць пагоні, выскачылі праз акно і пабеглі. Трэба было прабрацца праз некалькі ўчасткаў, таму ім даводзілася пералазіць праз парканы і частаколы, перабягаць праз двары. Сабакі паднялі пякельны брэх. У адным доме пільны гаспадар, абуджаны брэхам сабак, выйшаў на падворак і пачаў крычаць:
    — Ату іх! Ату! Хапайце іх!
    «Каб на цябе ў старасці дзеці твае так атукалі, — падумаў Стах. — Сну на цябе няма, ёлуп ты велікодны!»
    Яны беглі, пераскоквалі цераз вялікія перашкоды з такім спрытам, нібыта замест чалавечых касцей мелі сталёвыя спружыны.
    Апынуўшыся на загуменным завулку ля поля, яны спыніліся, самі не ведаючы, што рабіць: бегчы ў поле ці зашыцца ў нейкай стадоле, у саломе на якія суткі. Ноч была ясная, пагодная, таму калі б рана пачалася пагоня, іх лёгка б заўважылі і дагналі на конях па гразкім снезе. Але заставацца ў Грэблі магло быць яшчэ больш небяспечна.
    Яны бездапаможна стаялі на месцы. Сабакі прачнуліся ва ўсім мястэчку і, як на ліха, брахалі.
    — Слухай, у тым баку, здаецца, сані скрыпяць, — сказаў Косцік, прыслухоўваючыся да сабачага галасу.
    — Ага, скрыпяць, — пацвердзіў Стах.
    Яны абодва напружылі зрок: уздоўж шэрагу жардзінаў, што тырчалі па-над іншымі ў плоце, то паказвалася, то знікала дуга.
    — Нехта едзе! Далібог, нехта едзе да нас завулкам! — радасна закрычалі яны.
    Яны павярнуліся і пайшлі вытаптанай сцежкай. Стах схаваў пад шынялём вінтоўку.
    — Гэй, там, рабяты! Убок! — загрымеў мужчынскі голас з саней.
    Яны адступіліся на розныя бакі сцежкі, а калі сані наблізіліся, ускочылі на іх.
    — Падвязі нас, дзядзька! — папрасілі яны хорам барадатага мужыка, адзінага пасажыра ў санях.
    — Спачатку сядаеце, а пасля просіце дазволу! — запратэставаў селянін, не заўважыўшы, што адзін з дакучлівых спадарожнікаў у вайсковай вопратцы. — Хто вас так навучыў? Не падвязу, злазьце! Не бачыце, што мая каняка ажно павальней пайшла? — дадаў ён, хітра манеўруючы лейцамі. Убачыўшы, аднак, што Стах дастае з шыняля вінтоўку і пачынае правяраць, колькі там набою, знямеў.
    — Каняка твая павальней пайшла, бо не ўмееш павозіць! — закрычаў Косцік. Ён узяў лейцы і пугу, пацягнуў пад жывот, і яны панесліся так, што за імі ажно закурылася.
    
    * * *
    Праз паўгадзіны яны былі на ўскрайку сасновага лесу. Косцік спыніў загнанага каня, аддаў лейцы гаспадару і, паклаўшы яму руку на плячо, сказаў:
    — Вяртайся, чалавеча, у Грэблю і…
    — І нікому нічога не казаць? — перарваў яго селянін, рады, што яго адпускаюць жывым.
    — Акурат кажы. Табе ж лепей будзе. Вяртайся ў Грэблю, зайдзі ў сельсавет або да ваеннага камісара і раскажы ўсё як было: што мы цябе спынілі ў завулку, селі ў твае сані і прыехалі ажно сюды, у лес. За намі гоняцца савецкія ўлады, дык калі следства высветліць, што ты нас сюды прывёз, то абвінавацяць у супрацоўніцтве з намі. Разумееш?
    — Разумею, — адказаў той, разварочваючы каня.
    Косцік са Стахам кінуліся адзін аднаму у абдымкі з радасным крыкам:
    — Мы жывыя, братка! Жывыя, сябар ты мой родны! Дачакаемся вясны!
    — Дачакаемся, дружа, і ўбачу я яшчэ сваю Былінку!
    
    
    XXIII
    
    У сваю старонку
    
    Пасля Трох Каралёў, праз некалькі дзён пасля прыгодаў нашых выведнікаў у Грэблі, надвор’е сапсавалася, і непагадзь трывала больш за тыдзень. Пачалося ўсё з завеі, якая бушавала амаль два дні і дзве ночы. На ўскрайках лясоў, у падлесках, у нізінах і ля платоў наваліла снегу ажно па грудзі росламу чалавеку. У вёсках беднякам у іх маленькіх хатках пазавальвала вокны. Пасля завірухі раптоўна пачалася адліга. Павеялі цёплыя паўднёва-заходнія вятры, паплылі цёмныя дажджавыя хмары, пасыпаў дробны дождж. Снег раставаў, падаў з дрэваў, злазіў са стрэхаў, асядаў на полі і ў лясах. Нізіны і рэкі пасінелі вадой. Бездарожжа — з хаты не выйсці. На самых раз’езджаных дарогах пад конскім капытом вада ажно вылівалася з каляінаў. Там-сям пазнікалі брады. Людзі баяліся, што рэкі выйдуць з берагоў.
    Але не выйшлі — дзякуй Богу, абышлося.
    На шосты дзень вярнуліся сухія халодныя вятры з поўначы, разагналі хмары, і гэтак жа раптоўна, як пасля завірухі прыйшла адліга, стукнуў мароз. Воды і размяклыя ад вады снягі зноў замерзлі, пакрыліся ледзяной коркай, і зямля ператварылася ў суцэльны гранітны мост. Можна было ісці ці ехаць на кані куды толькі заманецца, нават не гледзячы на дарогу.
    Косцік і Стах усю непагадзь прабавілі ў сваёй кватэры, спалі па дванаццаць гадзінаў на суткі, вылежваліся ў ложку аж да болю ў баках, прыгадвалі і абмяркоўвалі самыя важныя падзеі з выведкі і выправу ў Смалярню, куды збіраліся рушыць, як толькі дарогі замерзнуць. Косцік так захапіўся ідэяй убачыць родную старонку, а найперш — сваю галубку, што ў апошнія дні слаты не мог ні есці, ні спаць, ні месца сабе знайсці. Кожныя пятнаццаць хвілінаў ён выходзіў на двор, глядзеў на неба, лаяўся і праклінаў усё на свеце.
    Калі ўрэшце распагодзілася, яны распаролі свой матрац, дасталі адтуль срэбныя манеты і царскія паперкі — выключна «кнак»18, — атрыманыя з кантрабанды солі, і пайшлі ў горад на закупы. Косцік купіў для Карусі хромавыя загатоўкі на чаравікі, чатыры аршыны сіняга сукна на спадніцу, тры аршыны белага ядвабу на кашулю, дзве пекныя хусткі ў турэцкія кветкі на галаву, адну вялікую хустку з кутасікамі на плечы, пяць нізак пацерак, тузін прыгожых грабеньчыкаў і некалькі кавалкаў духмянага мыла, а таксама крыху драбязы для родных. Стах таксама купіў шмат падарункаў для сваёй сям’і. Апрача таго, для іншых сваякоў і смалярскіх гаспадароў ды іх дзяцей, з якімі Стах і Косцік мелі добрыя стасункі, яны разам купілі два пуды дробнай солі, галаву цукру, два фунты моцнага, далікатнага тытуню, тузін люлек, сто пачак папяроснай паперы, сто бляшаных арлоў і сто паштовак з выявай Кіраўніка дзяржавы, польскіх каралёў, правадыроў і гістарычных будынкаў. Тавары яны выбіралі выключна польскія і найвышэйшага гатунку, каб паказаць сваім родным і землякам дзяржаву ў найлепшым святле, абудзіць да яе большую павагу, узмацніць веру і далучыць іх да яе хаця б праз ужыванне і сузіранне польскіх рэчаў.
    На наступны дзень яны выйшлі за горад і, упэўніўшыся, што дарога ў выдатным стане, накіраваліся да свайго начальніка, узялі пяцідзённы адпачынак, зайшлі ў цырульню, пастрыгліся па-чалавечы, а Косцік яшчэ і бараду пагаліў, пасля зайшлі ў мужчынскую лазню, памыліся, а ўвечары спакавалі рэчы. Спаць леглі раней, чым звычайна, бо збіраліся выйсці ў дарогу на досвітку. Будзільнік завялі на другую гадзіну ночы.
    Усталі акурат як і планавалі. Апрануліся па-святочнаму, абуліся ў боты, надзелі кароткія кажушкі, новыя чорныя шапкі з аўчыны, засунулі за пояс лапаткі, закінулі за плечы торбы з рэчамі і выйшлі.
    На двары іх сустрэў пасланец.
    — Фух, паспеў! — радасна ўскрыкнуў ён. — Начальнік вас кліча. Трэба ісці на службу.
    — Як гэта на службу? — здзівіліся яны. — У нас жа адпачынак.
    — Не. Справа неадкладная. Вам загадалі з’явіцца, і ўсё тут.
    Яны вылаяліся ў думках, але вярнуліся ў кватэру, пакінулі торбы і пайшлі. Начальнік ажно здзівіўся іх зусім новаму выгляду, асабліва Косцікаву, якога без вусаў было не пазнаць.
    — Калі б я сустрэў вас на вуліцы сярод людзей, далібог, не пазнаў бы! — ускрыкнуў ён, калі хлопцы ўвайшлі. — Зусім іначай выглядаеце. Слухайце, хлопцы! Адпачынак ваш адкладаецца на два дні. Тэлефануюць з Кісялевічаў з эскадрыллі, што ў Кунцэвічы з усходу накіроўваецца бясконца доўгі ваенны абоз. Скочце туды і даведайцеся, што там насамрэч адбываецца. А потым ідзіце куды збіраліся.
    — Будзе выканана, пане начальнік! — адрапартавалі яны і пайшлі.
    Яны не маглі змірыцца з тым, што запланаванае падарожжа ў Смалярню адкладаецца, таму, вярнуўшыся на кватэру, забралі свае торбы і пайшлі на выведку з думкай, што калі хутка разбяруцца са справай і не будзе нічога важнага, то проста з Кунцэвічаў пойдуць у сваю старонку, пагатоў было па дарозе. Дарога была добрая, таму а восьмай раніцы яны апынуліся ўжо на знаёмым хутары Прынта, які ляжаў усяго за тры вярсты ад Кунцэвічаў. Яго ўладальнік, радавіты літовец, спачуваў польскай справе і неаднойчы ім дапамагаў.