Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Дзень канчаўся; свежы вецер дыхаў прахалодай, ад яго павеваў гойдаўся папяровы абраз, прыколаты дзвюма шпількамі да сцяны; фіранкі на акне, калісьці белыя, а цяпер палінялыя і заседжаныя мухамі, трапяталіся, матляліся, рваліся ў паветра, імкнуліся паляцець гэтаксама, як і душа старой.
Анарэ вярнуўся ў прыцемках. У ложку ён заўважыў яшчэ жывую маці і спытаўся:
— Як маешся?
Ён і раней так казаў, калі той нездаровілася.
Адаслаў Рапэ, загадаўшы:
— Заўтра а пятай, не спазніцеся.
Тая паўтарыла:
— Заўтра,а пятай.
I праўда, яна прыйшла досвіткам.
Перад працай у полі Анарэ сілкаваўся звараным ім самім крупнікам.
Наймічка спыталася:
— Ну, памерла ваша маці?
Ён хітра ўсміхнуўся аднымі вачыма і адказаў:
— Ёй нават палепшала.
I пайшоў з хаты.
Занепакоеная Рапэ падышла да старой, якая ляжала ў нязменнай позе — з расплюшчанымі вачыма, сціскаючы рукамі коўдру, абыякава церпячы пакуты.
Кабета зразумела, што так можа цягнуцца два, тры дні, ці нават тыдзень, і яе хцівае сэрца сціснулася ад страху, а ў душы ўсхадзіўся гнеў на хітруна, які пасмяяўся з яе, і на старую, што не памірае.
Тым не менш яна ўзялася за работу і чакала, не адводзячы вачэй ад зморшчанага твару цёткі Бантан.
Анарэ вярнуўся абедаць, здавалася, ён задаволены, ледзь не вясёлы. Неўзабаве ён зноў пайшоў. Што і казаць, яго ўраджай не прападзе.
Рапэ ціха шалела ад злосці; цяпер кожная мінута здавалася ёй крадзеным часам, крадзеным грошам. Ёй хацелася, ёй карцела ўпіцца ў горла гэтай старой руіне, гэтай учэпістай бабе, гэтай упартай калодзе і, пакрысе сціскаючы яго, спыніць кароткія ўздыхі, што крадуць яе час і яе грошы.
Але зрабіць так было небяспечна, і іншая думка прыйшла ёй у галаву. Яна стала каля ложка:
— Вы яшчэ не бачылі д’ябла?
Матухна Бантан прашаптала: «Не».
Тут кабета пачала расказваць розныя страхі, каб збіць з розуму хворую.
За некалькі хвілін да смерці, казала яна, чорт з’яўляецца кожнаму. У руцэ ў яго мятла, на галаве чыгунок, і крычыць як рэзаны. Калі бачыш яго, жыць застаецца імгненне. I яна пералічыла ўсіх, каму сёлета паказаўся чорт: Жазэфэн Луазэль, Эўлалі Рацье, Сафі Паданнё, Серафіна Грап’е.
Нарэшце матухна Бантан захвалявалася, заварушылася, засоўгала рукамі і паспрабавала павярнуць галаву, каб зазірнуць у цёмныя куткі ў хаціне.
Раптам Рапэ знікла за білам ложка. Яна выцягнула з шафы нейкі сувой, укруцілася ў яго; начапіла на галаву чыгун з крывымі ножкамі, падобнымі на рогі; у правую руку ўзяла дзяркач, у левую — бляшанае вядро і знянацку падкінула яго ўгору, каб яно з ляскатам бразнулася на падлогу.
Вядро нарабіла страшэннага грукату. Наймічка ўскочыла на крэсла, адхінула шырму, што закрывала ложак, і, як вятрак, закруціла рукамі, заскавытала і завішчала ў чыгун на галаве, замахала на старую дзеркачом, быццам той чорт у тэатры марыянетак.
Напалоханая, ашалелая, старая зрабіла нечалавечае намаганне, каб устаць і ўцячы; яна аж да пояса высунулася з-пад коўдры... і з цяжкім апошнім уздыхам адкінулася на падушку. Усё было скончана.
A Рапэ пачала няспешна прыбірацца: дзяркач кінула ў кут, сувой запхнула ў шафу, чыгун паставіла на печ, вядро на паліцу, а крэсла каля сцяны. Пасля прафесійнымі рухамі закрыла вылупленыя вочы нябожчыцы, паставіла на ложак талерку і наліла ў яе свянцонай вады, памачыла самшытавую галінку, што вісела на цвіку над камодай, укленчыла і пачала казаць шчырыя пацеры, якія ведала на памяць.
I калі надвячоркам прыйшоў Анарэ і заспеў яе на каленях, ён хуценька падлічыў, што страціў дваццаць су, бо яна даглядала толькі тры дні і адну ноч, што каштавала пяць, а не шэсць франкаў, якія ён мусіў заплаціць.
ГОРНЫ ГАТЭЛЬ
Падобны да ўсіх драўляных гатэльчыкаў, якіх шмат параскідана ў Верхніх Альпах, каля падножжа ледавікоў, у скалістых і голых калідорах між белых горных вяршыняў, гатэль Шварэнбах дае прытулак вандроўнікам, што перапраўляюцца цераз перавал Жэмі.
Шэсць месяцаў ён застаецца адчынены, у ім жыве сям’я Жана Хаўзэра, а пасля, калі навальвае столькі снегу, што ён забівае лагчыну і цалкам перакрывае спуск у Лёэш, Хаўзэры — жанчыны, бацька і тры сыны — адыходзяць, пакінуўшы сцерагчы будынак старога правадніка Гаспара Хары, маладога Ульрыха Кюнсі і Сэма, вялізнага горнага сабаку.
Два мужчыны і сабака застаюцца да вясны ў гэтай
снежнай турме, маючы перад вачыма адно вялізны белы схіл Бальмхорна. 3 усіх бакоў іх акаляюць бледныя зіхатлівыя вяршыні, скаваныя, заваленыя, пахаваныя пад снегам, што грувасціцца вакол іх, ахутвае, душыць, расціскае маленькі дамок, навальваецца на дах, даходзіць аж да вокнаў і заносіць дзверы.
Таго дня сям’я Хаўзэраў збіралася вярнуцца ў Лёэш, бо набліжалася зіма і спуск рабіўся небяспечны.
Паперадзе тры сыны вялі трох мулаў, нагружаных розным ладункам. Маці, Жана Хаўзэр, і дачка Луіза селі на чацвёртага мула і таксама рушылі ў дарогу.
За імі ішоў бацька, а з ім разам абодва вартаўнікі, што павінны былі правесці сям’ю да месца, дзе пачынаецца спуск.
Спачатку яны ішлі берагам невялічкага, замерзлага ўжо возера, якое ляжала на дне вялізнай западзіны між скалаў, што распасцерлася перад гатэлем. Пасля яны выйшлі ў белую, як прасціна, лагчыну, над якой узвышаліся з усіх старон снежныя вяршыні.
Сонечныя промні шчодра ліліся на гэтую зіхатлівую застылую белую пустэлыпо, запальвалі яе асляпляльным і халодным полымем. Здавалася, што ў гэтым снежным акіяне не было ніякіх знакаў жыцця, у гэтай непамернай адзіноце не было ніводнага руху, ніводны гук не парушаў глыбокае цішы.
Малады праваднік Ульрых Кюнсі, высокі даўганогі швейцарац, пакінуў ззаду Хаўзэра-бацьку і старога Гаспара Хары і дагнаў мула, на якім сядзелі жанчыны.
Маладзейшая глядзела, як ён набліжаецца, і, здаецца, клікала яго сумным позіркам. Гэта была маленькая бялявая дзяўчына з бледнымі шчокамі і валасамі, нібы пабляклымі ад доўгага жыцця сярод ільдоў.
Дагнаўшы мула, ён паклаў руку яму на крыж і сцішыў хаду. Пані Хаўзэр пачала з ім размаўляць, пералічваючы да апошняе дробязі ўсе інструкцыі, што
датычыліся зімавання. Ён заставаўся наверсе ўперпіыню, а стары Хары перазімаваў ужо чатырнаццаць разоў пад снегам у гатэлі Шварэнбах.
Ульрых слухаў, але нічога не разумеў і толькі неадчэпна глядзеў на дзяўчыну. Часам ён адказваў: «Так, пані Хаўзэр». Але думкі яго былі недзе далёка, і яго спакойны твар заставаўся безуважны.
Яны падышлі да возера Доб. Вялізная лядовая роўнядзь распасціралася перад імі на дне лагчыны. Справа ўзнімаліся ўгору чорныя спічастыя скалы Добэрхорна, а побач з імі — вялізныя зломкі Лёмэрнскага ледавіка з велічным Вільдструбэлем.
Калі яны наблізіліся да перавалу Жэмі, дзе пачынаецца спуск у Лёэш, перад імі нечакана адкрыліся далягляды Валейскіх Альпаў, ад якіх аддзяляла іх глыбокая і шырокая даліна Роны.
Удалечыні віднеліся белыя вяршыні, няроўныя, абламаныя, вострыя, піто зіхацелі ў сонечных промнях: двухрогі Мішабэль, магутны масіў Вайсхорна, цяжкі Брунэгхорн, высокая і злавесная людабойчая піраміда Сэрвэна і Дан-Блянш — Белы Зуб — падступны і пагрозлівы.
Пасля нарэшце яны ўбачылі далёка ўнізе, у вялізнай прорве, на дне страшнай бездані мястэчка Лёэш. Маленькія дамочкі здаваліся пясчынкамі, немаведама кім рассыпанымі на дне гэтай вялізнай цясніны, што была закрытая з аднаго боку перавалам Жэмі, а з другога, далёка ўнізе, выходзіла да самай Роны.
Мул спыніўся каля сцежкі, што вілася, як змяя, дзіўна і фантастычна выкручваючыся ўздоўж стромага схілу гары, і апускалася аж да падножжа, да маленькага, амаль нябачнага мястэчка. Жанчыны саскочылі ў снег.
Падышлі абодва старэйшыя мужчыны.
— Ну,— сказаў Хаўзэр-бацька,— трымайцеся, сябры, да пабачэння ў наступным годзе.
Хары кіўнуў:
— Да наступнага года.
Яны пацалаваліся. Пасля падставіла шчочку пані Хаўзэр, а за ёй — дзяўчына.
Калі чарга развітацца дайшла да Ульрыха, ён шапнуў на вуха Луізе: «Не забывайце тых, хто застаецца наверсе». Яна адказала: «Не забуду», але так ціха, што ён хутчэй здагадаўся, чым пачуў.
— Ну, да пабачэння,— паўтарыў Жан Хаўзэр.— Бывайце здаровыя.
I, мінуўшы жанчын, ён пачаў спускацца.
Хутка ўсе трое зніклі за першым паваротам.
Абодва праваднікі накіраваліся ў бок гатэля Шварэнбах.
Яны ішлі павольна, плячо ў плячо, і маўчалі. Усё скончана, яны застануцца адны, сам-насам, на чатыры ці пяць месяцаў.
Пасля Гаспар Хары пачаў апавядаць пра леташняе зімаванне. Ён быў тады разам з Мішэлем Канолем, які цяпер быў ужо занадта стары, каб заставацца тут на зіму, бо ці мала што можа здарыцца падчас гэткай доўгай адзіноты. Яны, зрэшты, не сумавалі. Галоўнае — добра пачаць з самага першага дня, тады ўсё пойдзе добра, знойдзецца і занятак, і гульні.
Ульрых слухаў яго, апусціўшы вочы, і заставаўся ў думках разам з тымі, хто цяпер спускаўся да мястэчка па серпантынах перавалу.
Хутка яны ўбачылі гатэль — маленькую чорную кропку на фоне бясконцай снежнай роўнядзі.
Калі яны расчынілі дзверы, Сэм, вялікі кудлаты сабака, пачаў скакаць вакол іх.
— Ну, сынку,— сказаў стары Гаспар,— жанчын у нас болей няма, трэба гатаваць вячэру самім. Ану, абяры бульбы.
I абодва, седзячы на драўляных услончыках, елі хлеб, мачаючы яго ў булён.
Наступная раніца здалася Ульрыху доўгаю. Стары Хары курыў і пляваў у камін, а маладзён глядзеў праз акно на гару, што сляпуча ззяла пад сонцам насупраць дома.
Па абедзе ён выйшаў з дому і, паўтараючы шлях, пройдзены днём раней, спрабаваў шукаць сляды капытоў мула, што вёз жанчын. Дайшоўшы да перавалу Жэмі, ён лёг на жывот каля краю прорвы і стаў глядзець на Лёэш.
У мястэчку, што ляжала нібы ў калодзежы сярод скалаў, снегу яшчэ не было. Снег абступіў яго з усіх бакоў, але сасновыя лясы надзейна баранілі мястэчка і ваколіцы ад белай навалы. Нізенькія дамы былі падобныя да каменьчыкаў, раскіданых па лузе.
Луіза Хаўзэр цяпер была недзе там, у адным з гэтых шэрых будынкаў. У якім? Ульрых быў занадта далёка, каб дэталёва разгледзець дамы. Як бы ён хацеў спусціцца, пакуль было яшчэ не позна!
Але сонца знікла за вялізнай вяршыняй Вільдструбэля, і хлопец вярнуўся. Дзядзька Хары курыў, як і раніцай. Заўважыўшы, што кампаньён вярнуўся, Хары прапанаваў яму згуляць у карты, і яны селі за стол.
Гулялі яны доўга, пасля, павячэраўшы, паклаліся спаць.