Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Наступныя дні, сонечныя, халодныя і бясснежныя, былі падобныя да першага. Стары Гаспар бавіў вечары, сочачы за арламі і іншымі рэдкімі птушкамі, што наважваліся залятаць на ледзяныя вяршыні, a Ульрых штодня прыходзіў да перавала, каб паглядзець на мястэчка. Пасля яны гулялі ў карты, у косці, у даміно, выйгравалі і прайгравалі адзін аднаму розныя дробныя рэчы, каб цікавей было гуляць.
Аднойчы раніцай Хары, які прачнуўся першы, абудзіў кампаньёна. Пышнае, глыбокае, лёгкае, рухомае воблака белага шуму бязгучна падала на іх, вакол іх,
хаваючы іх пад тоўстай і цяжкай пярынаю. Так цягнулася чатыры дні і чатыры ночы. Трэба было вызваляць з-пад снегу дзверы і вокны, пракопваць калідор і высякаць прыступкі, каб выбрацца з гэтай ледзяной турмы, бо за дванаццаць гадзін марозу снег зрабіўся цвярдзейшы за граніт.
I яны сталі жыць, як вязні, не наважваючыся асабліва вылазіць са свайго жытла. Яны падзялілі між сабою ўсе абавязкі і старанна іх выконвалі. Ульрых прыбіраў, мыў, рабіў усё, што забяспечвала чысціню ў гатэлі. Ён таксама калоў дровы. Гаспар Хары шчыраваў на кухні і пільнаваў агонь. Іхняя заўсёдная нудлівая праца перарывалася часам партыяй у карты ці ў косці. Яны ніколі не сварыліся, абодва былі спакойныя і пакорлівыя. Ніколі не выказвалі нецярплівасці, благога настрою, ніколі не лаяліся, бо загадзя скарыліся лёсу перад гэтым зімаваннем сярод гор.
Часам стары Гаспар браў стрэльбу і ішоў паляваць на сарнаў, калі-нікалі прыносіў здабычу. Тады ў горным гатэлі Шварэнбах было свята і ладзіўся банкет са свежым мясам.
Аднойчы раніцай ён выйшаў як звычайна. Тэрмометр паказваў васемнаццаць градусаў ніжэй нуля. Сонца яшчэ не ўзышло, і стары меркаваў заспець дзічыну на подступах да Вільдструбэля.
Застаўшыся адзін, Ульрых спаў да дзесятай гадзіны. Ён увогуле любіў паспаць, але ніколі б на такое не адважыўся, калі б у доме застаўся стары праваднік, што ўставаў заўсёды вельмі рана.
Ён не спяшаючыся паснедаў з Сэмам, які таксама цэлыя дні і ночы спаў перад агнём. Пасля яму зрабілася сумна і нават боязна на адзіноце, ён засумаваў па штодзённай партыі ў карты.
Тады ён выйшаў з дому, каб пайсці насустрач свайму кампаньёну, які павінен быў вярнуцца а чацвёртай гадзіне.
Снег зраўнаваў усю глыбокую даліну, забіў расколіны, схаваўшы абодва возеры, ахутаўшы скалы. Цяпер паміж высачэзнымі вяршынямі засталася вялізная белая западзіна, аднастайная і сляпучая.
Ужо тры тыдні Ульрых не хадзіў да краю прорвы, адкуль ён глядзеў на мястэчка. I таму, перш чым палезці па стромых схілах Вільдструбэля, ён завярнуў туды. Лёэш цяпер патанаў у снезе, будынкі, схаваныя пад белым футрам, ужо немагчыма было разгледзець.
Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавіка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кійком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пільна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.
Каля ледавіка ён спыніўся, разважаючы, ці пайшоў стары менавіта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркім, неспакойным крокам.
Сонца садзілася, снег рабіўся ружовы. Сухі марозны вецер прабягаў раптоўнымі парывамі па крыштальнай роўнядзі. Ульрых моцна пагукаў. Голас паляцеў у мёртвую цішу, дзе спалі горы; ён панёсся далёка над нерухомымі і глыбокімі хвалямі лядовага шумавіння, як птушыны крык над марскімі хвалямі, і ўрэшце заціх. Ніхто не адазваўся.
Ён пайшоў далей. Сонца ўжо села за горнымі вяршынямі, яшчэ ружовымі ад апошніх водбліскаў. Тым часам дно ў лагчыне пачало шарэць, і хлопец раптам спалохаўся. Яму здалося, што цішыня, адзінота, смяротны холад гор авалодваюць ім, спыняюць і студзяць кроў, скоўваюць цела, робяць з яго нерухомую ледзяную істоту. I ён пабег у бок гатэля. Стары павінен быў ужо вярнуцца, пакуль ён хадзіў. Напэўна, ён прыйшоў другою дарогай і цяпер сядзіць каля агню, а побач ляжыць забітая сарна.
Хутка ён убачыў гатэль. Дыму не было. Ульрых
пабег хутчэй, адчыніў дзверы. Сэм кінуўся яму насустрач. Гаспар не вярнуўся.
Напалоханы хлопец азірнуўся навокал, быццам спадзяваўся ўбачыць свайго кампаньёна ў адным з кутоў. Пасля ён распаліў агонь і згатаваў суп. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што стары вернецца.
Час ад часу ён выходзіў з дому, каб паглядзець, ці не вяртаецца Хары. Тым часам настала ноч, цьмяная, бледная горная ноч, з краю неба яе блякла асвятляў тонкі жоўты маладзік, што быў гатовы, здавалася, упасці з неба і знікнуць за вяршынямі.
Хлопец вяртаўся ў дом, садзіўся, грэў ногі і рукі, перабіраючы ў думках усе няшчасці, што маглі здарыцца.
Гаспар мог зваліцца ў яму, спатыкнуцца і падвярнуць ці нават зламаць нагу. Тады б ён застаўся ляжаць у снезе, пакуль не змерзне, з роспаччу ў душы, загублены ў белай пустэльні. Можа, ён будзе прасіць ратунку, гукаючы ў начной цішы.
Але дзе? Горы навокал такія вялікія, такія жорсткія, такія небяспечныя, асабліва гэтаю парою, што спатрэбілася б дзесяць ці нават дваццаць праваднікоў, якія шукалі б чалавека тыдзень у гэтым бязмежжы.
Ульрых Кюнсі вырашыў, аднак, пайсці шукаць разам з Сэмам, калі Гаспар Хары не вернецца да першае гадзіны ночы.
Ён пачаў збірацца.
Ён паклаў у наплечнік харчоў на два дні, узяў сталёвыя крукі, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай і моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кіёк і сякерку, якою высякаюць прыступкі ў лёдзе. Пасля ён стаў і азірнуўся. У каміне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, ціхенька сапучы, вялікі сабака. Гадзіннік пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.
Ён чакаў, уважліва прыслухоўваючыся да далёкіх
гукаў, і ўздрыгваў кожнага разу, калі лёгкі вецер прабягаў па даху і сценах.
Прабіла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад і страх, ён паставіў на агонь ваду, каб перад адыходам папіць гарачай кавы.
Калі гадзіннік прабіў адну гадзіну, ён устаў, абудзіў Сэма, адчыніў дзверы і пайшоў у бок Вільдструбэля. Пяць гадзін ён узбіраўся на скалы з дапамогай крукоў, прасякаў лёд, ішоў наперад, часам падцягваючы на вяроўцы сабаку, які не мог сам адолець занадта стромыя схілы. Прыблізна а шостай гадзіне ён дабраўся да месца, дзе Гаспар звычайна паляваў на сарнаў.
Ён стаў чакаць, пакуль развіднее.
Неба ў яго над галавою пачало бляднець. Раптам нейкае дзіўнае святло, што ўзялося невядома адкуль, асвятліла ўвесь гэты велізарны лес бледных вяршыняў, што ўзвышаліся з усіх бакоў. Здавалася, што гэтае няяснае святло ішло ад самога снегу і разлівалася ў паветры. Паступова найвышэйшыя з далёкіх вяршыняў зрабіліся светла-ружовыя, і з-за цяжкіх волатаў Бернскіх Альпаў паказалася чырвонае сонца.
Ульрых пайшоў далей. Ён ішоў, як паляўнічы, прыгнуўшыся, высочваючы сляды, загадваючы сабаку: «Шукай, дарагі, шукай».
Цяпер ён ужо спускаўся з гары, углядаючыся ў цясніны, і часам моцна гукаў, але голас хутка гінуў у нямым бязмежжы. Тады ён прыкладаў вуха да зямлі і ўслухоўваўся. Яму здавалася, што ён чуе нечы голас, ён бег, зноў крычаў, але, не дачакаўшыся адказу, садзіўся ў роспачы і безнадзейнасці. Апоўдні ён паабедаў і пакарміў Сэма, таксама вельмі стомленага.
Пасля ён зноў падаўся на пошукі.
Калі настаў вечар, ён яшчэ ішоў, хоць за спінай было ўжо пяцьдзесят кіламетраў горных сцежак. Ён быў занадта далёка ад дому, каб вярнуцца, і занадта стомлены, каб ісці далей, таму ён выкапаў яму ў снезе
і лёг у яе разам з сабакам, увярцеўшыся ў коўдру, якую ён нёс з сабой. Так яны і ляжалі, прытуліўшыся адзін да аднаго, чалавек і жывёліна, грэючы адзін аднаго сваім целам, і ўсё роўна страшэнна мерзлі.
Ульрых зусім не спаў, яго розум мучылі жахі, яго цела дрыжала ад холаду.
Калі ён устаў, пачынала днець. Ногі здранцвелі і зрабіліся цяжкія, як жалезныя бэлькі, душа так аслабела, што хацелася крычаць ад роспачы, сэрца так білася, іпто, пэўна, разарвалася б, калі б ён пачуў хоць які гук.
Раптам прыйшла думка, што і ён гэтаксама памрэ ад холаду ў гэтай снежнай пустэльні, і страх такой смерці абудзіў у ім энергію, аднекуль знайшлася сіла.
Ён пачаў спускацца ў кірунку гатэля, падаючы і паднімаючыся зноў, а далёка за ім кульгаў на трох лапах Сэм.
Яны давалакліся да Шварэнбаха толькі а чацвёртай гадзіне папаўдні. Дом быў пусты. Хлопец распаліў агонь, паеў і заснуў, ачмурэлы да таго, што ўжо ні пра вошта не думаў.
Спаў ён доўга, вельмі доўга, непрабудным сном. Але раптам нечы голас, нечы крык «Ульрых!» парушыў яго глыбокае зняменне, і ён ускочыў. Ці яму гэта прымроілася? Ці быў гэта той дзіўны вокліч, што час ад часу ўрываецца ў сны нервова неспакойнага чалавека? He, ён усё яшчэ чуў гэты пранізлівы крык, што ўвайшоў праз вушы ў цела і, здавалася, запоўніў яго аж да кончыкаў пальцаў. Пэўная рэч, нехта крычаў, нехта клікаў: «Ульрых!» Нехта быў тут, побач з домам. Ён у гэтым не сумняваўся. Ён расчыніў дзверы і закрычаў што ставала моцы: «Гэта ты, Гаспар?»
Ніхто не адгукнуўся, ніякага гуку, ніякага шэпту, ніякага стогну, нічога. Стаяла цёмная ноч. Бледна пабліскваў снег.
Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбі-
вае камяні і не пакідае нічога жывога сярод гэтых забытых богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былі больш высушлівыя і смяротныя, чым пякучы вецер пустыні. Ульрых зноў закрычаў: «Гаспар! Гаспар! Гаспар!»
Ен пачакаў. Горы маўчалі! I тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачыніў дзверы, замкнуўся на замок і ўпаў у ліхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клікаў яго падчас канання.
Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два дні і тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокіх, некранутых яроў, бель якіх страпінейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два дні і тры ночы і памёр толькі што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькі вызвалілася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, і паклікала яго, падпарадкоўваючыся той таямнічай і страшнай сіле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развітання, апошні папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.
I Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусім блізка, за сцяною, за дзвярыма, якія ён толькі што зачыніў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б’ецца крыламі аб шыбіны асветленага акна, a хлопец, ужо зусім ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсці. Ён не наважваўся і больпі ніколі не наважыцца выйсці, бо прывід будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень і ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога правадніка і не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлі на могілках.