Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
16 мая.— Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, ці хутчэй нейкі гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлівае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекі, страх перад блізкім няшчасцем, набліжэннем смерці, і адчуванне гэтае — вынік дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.
18 мая.— Толькі што я схадзіў да свайго лекара, бо апошнімі начамі я не мог заснуць. Ён выявіў у мяне пачашчаны пульс, пашырэнне зрэнкаў, паслабленне нерваў, але не ўбачыў ніякіх трывожных сімптомаў і параіў мне прымаць душ і піць бромісты калій.
25 мая.— Ніякіх зменаў! Мой стан сапраўды вельмі дзіўны. 3 набліжэннем вечара мяне апаноўвае незразумелая трывога, быццам ноч тоіць у сабе страшную небяспеку. Я хутка вячэраю, пасля спрабую чытаць, але не разумею ніводнага слова, я ледзь распазнаю літары. Я ўстаю і пачынаю хадзіць па пакоі, мяне гняце нейкі няясны і неадчэпны страх, я баюся спаць, баюся класціся ў ложак.
Недзе а дзесятай гадзіне я паднімаюся ў спальню. Увайшоўшы, я замыкаюся на два абароты, зачыняю дзверы на засаўкі. Я баюся... Чаго?.. Дагэтуль я не баяўся нічога... Я адчыняю шафу, заглядаю пад ложак, слухаю... Ці не дзіўна, што нейкая маленькая немач, парушэнне кровазвароту, раздражненне нервовай сістэмы, лёгкі прыліў крыві да галавы, зусім незаўважнае парушэнне ў дзейнасці нашага недасканалага і далікатнага арганізма можа зрабіць найвесялейшага з людзей меланхолікам, найсмялейшага — баязліўцам? Пасля я кладуся ў ложак і чакаю сну, як асуджаны на смерць чакае ката. 3 жахам чакаю я яго прыходу, сэрца маё б’ецца, ногі дрыжаць, усё маё цела
сціскаецца пад цёплай коўдрай аж да моманту, калі я раптам падаю ў сон — гэтаксама ныраюць у вір, каб утапіцца. Я ўжо нават не заўважаю, як сон прыходзіць да мяне. Ён падступна хаваецца недзе побач, пільнуе, каб схапіць мяне за галаву, заплюшчыць мне вочы, знішчыць мяне.
Я сплю доўга — дзве ці тры гадзіны,— пасля мяне пачынае душыць жах. Я добра адчуваю, што ляжу і сплю... Я гэта адчуваю і ведаю гэта... Я адчуваю таксама, як нехта падыходзіць, глядзіць на мяне, абмацвае мяне, залазіць у ложак, кленчыць у мяне на грудзях, бярэцца рукамі за шыю і сціскае, сціскае з усяе моцы, каб задушыць мяне.
Я спрабую адбівацца, але мяне нібы звязвае тое страшнае бяссілле, што паралізуе нас у сне, я хачу закрычаць — і не магу, хачу паварухнуцца — і не магу, нялюдскімі намаганнямі, задыхаючыся, я спрабую павярнуцца, скінуць гэтую істоту, што душыць, расціскае мяне — і не магу!
I раптам я прачынаюся, ледзь не звар’яцелы, увесь у поце. Я запальваю свечку — у пакоі нікога няма.
Пасля гэткага прыступу, які паўтараецца кожнае ночы, я спакойна засынаю да раніцы.
2 чэрвеня.— Мой стан пагоршыўся. Што ж са мной робіцца? Бромісты калій не памагае, душ не памагае. Неяк, каб трошкі стаміцца, хоць я і без гэтага быў вельмі стомлены, я вырашыў прагуляцца ў Румарскім лесе. Спачатку я думаў, што чыстае, лёгкае і мяккае лясное паветра, поўнае пахаў траваў і лісця, напоўніць мае жылы новай крывёю, а маё сэрца — новаю сілаю. Я ішоў па шырокай дарозе, пасля збочыў на вузенькую сцежку, што вяла ў Лябуй. Абапал сцежкі два доўгія рады незвычайна высокіх дрэваў распасціралі нада мною сваю густую зялёную, амаль чорную лістоту, закрываючы неба.
Раптам я здрыгануўся, не ад холаду, а ад нейкага незразумелага страху.
Я прыспешыў хаду, спалохаўшыся невядома чаго, нейкага глупства, ці, можа, маёй глыбокай самоты. Я баяўся застацца адзін у гэтым лесе. I раптам мне здалося, што за мной нехта ідзе, зусім побач, ледзь не наступаючы на пяткі, здаецца, вось-вось схопіць.
Я рэзка павярнуўся. Нікога не было. Я ўбачыў за мною толькі простыя шырокія прысады — яны былі высокія і пустыя, да жаху пустыя. Я паглядзеў у другі бок — гэткія ж самыя пустыя, вусцішныя прысады, якія вядуць у бясконцую даль.
Я заплюшчыў вочы. Нашто? I пачаў круціцца на пятцы, хутка-хутка, як ваўчок. Ледзь не ўпаў. Пасля расплюшчыў вочьі — дрэвы скакалі, зямля плыла. Я сеў. I, о божа! зразумеў, што не ведаю, з якога боку я прыйшоў! Дзіва! Такое дзіва! Я напраўду зусім заблытаўся. Пайшоў урэшце ў правы бок і выйшаў на дарогу, па якой я быў зайшоў у лес.
3	чэрвеня.— Ноч была невыносная. Мне трэба на пару тыдняў некуды з’ездзіць. Маленькае падарожжа павінна мне пайсці на дабро.
2	ліпеня.— Я вярнуўся. Здаровы. Зрэшты, вандроўка была выдатная. Я пабачыў гару Сэн-Мішэль, дзе я ніколі яшчэ не быў.
Якое відовішча адкрываецца вачам вандроўніка, які прыязджае ў Аўранш надвячоркам! Сам горад стаіць на ўзгорку. Мяне правялі ў гарадскі парк у самым канцы горада, і там я ўскрыкнуў ад захаплення. Перада мною, як скінуць вокам, распасціралася вялізная бухта між двух берагоў, якія адыходзілі ў далячынь і знікалі ў смузе. Пасярэдзіне гэтай вялікай жоўтай бухты пад зіхатліва залацістым небам змрочна ўздымалася сярод пяскоў дзіўная спічастая гара. Сон-
ца ўжо зайшло, і на вячэрнім гарызонце вырысоўваўся сілуэт гэтай фантастычнай скалы з не менш фантастычнай будынінай на вяршыні.
Як толькі развіднела, я накіраваўся да яе. Быў адліў, як і напярэдадні. Я паволі набліжаўся да гары, і перада мною вырастаў дзівосны кляштар. Праз некалькі гадзін я прыйшоў да гары — вялізнай крушні камянёў. На ёй была маленькая вёсачка, а над усім высілася вялікая царква. Я падняўся вузенькай вулкай і ўвайшоў у гэтую самую прыгожую гатычную пабудову на зямлі, вялікую, як горад, поўную нізенькіх пакояў, амаль расціснутых пад скляпеннямі і высокімі галерэямі, якія трымаліся на далікатных калонах. Я ўвайшоў у гэты велізарны гранітны палац, лёгкі, нібы карункавы, з безліччу вежаў, зграбных званічак, куды вядуць стромкія сходы. Яны ўздымаюць у блакіт дня або ў цемрадзь ночы свае незвычайныя галоўкі, абсыпаныя хімерамі, д’ябламі, фантастычнымі жывёламі, пачварнымі кветкамі і злучаныя між сабою тонкімі аркамі.
Калі я дабраўся да вяршыні, я сказаў манаху, што ішоў побач са мною: «Мой ойча, як вам тут добра!»
Ён адказаў: «Тут надта дзьме вецер, пане». Мы гаварылі, гледзячы, як прылівае мора — яно набягала на пясок і адзявала бераг у сталёвы панцыр.
I манах пачаў апавядаць мне паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі, старадаўнія легенды.
Адна асабліва мяне ўразіла. Мясцовыя людзі, што жывуць на гары, сцвярджаюць, што ўночы можна пачуць, як у пясках крычаць дзве казы — адна мацней, другая цішэй. Недаверлівыя кажуць, што гэта крычаць марскія птушкі, часам іх крыкі нагадваюць бляянне, а часам — чалавечы стогн. Але рыбакі, якія позна вяртаюцца дадому, клянуцца, што сустракалі ў дзюнах старога пастуха. Твару яго ніхто ніколі не бачыў, бо ён ходзіць, увярцеўшыся з галавою ў плашч.
Ён пасвіць казла з тварам мужчыны і казу з тварам жанчыны. У абаіх доўгая белая воўна, яны безупынна гавораць адно з адным, спрачаюцца на невядомай мове, а часам пачынаюць бляяць што стае моцы.
Я спытаўся: «I вы ў гэта верыце?»
«Не ведаю»,— прамармытаў ён.
Тады я зноў спытаўся: «Але каб на зямлі апроч нас жылі яшчэ нейкія іншыя стварэнні, дык няўжо ж мы за гэтулькі часу іх не зведалі б? Няўжо б вы іх не ўбачылі? Няўжо б я іх не ўбачыў? »
Ён адказаў: «Ці ж бачым мы хоць бы стотысячную частку таго, што існуе вакол нас? Вось, прыкладам, вецер, наймагутнейіпая сіла ў прыродзе, што збівае з ног людзей, бурыць дамы, вырывае з коранем дрэвы, узнімае ў моры вадзяныя горы, валіць скалы і разбівае ўшчэнт вялікія караблі. Вецер забівае, свішча, стогне, раве, але ці бачылі вы яго, ці можаце вы яго ўбачыць? I аднак ён існуе!»
Мне не было чаго адказаць на гэты просты доказ, і я замаўчаў. Мудры быў гэты чалавек ці, наадварот, дурны, не буду сцвярджаць. Але я замаўчаў. Бо я і сам часта думаў пра тое, што ён сказаў.
3	ліпеня.— Спаў я кепска. Напэўна, гэтыя мясціны заражаныя, бо мой фурман хварэе на тое самае, што і я. Учора, калі я вярнуўся, я заўважыў яго незвычайную бледнасць. Я спытаўся ў яго:
— Што з вамі, Жан?
— А тое, пане, што я не магу спаць уночы. Mae ночы з’ядаюць мае дні. Як вы паехалі, пане, дык на мяне як нейкае насланнё найшло.
Аднак усе астатнія слугі здаровыя, але я вельмі баюся, што сам зноў захварэю.
4	ліпеня.— Я папраўдзе захварэў зноў. Mae колішнія страхі вярнуліся. Сёння ўночы я адчуваў, як нехта
на мне сядзеў і, прысмактаўшыся да майго рота, цягнуў з мяне жыццё. Клянуся, ён смактаў з майго горла, як п’яўка. Напіўшыся, ён устаў, а я прачнуўся такі змучаны, спустошаны, разбіты, што не мог нават варухнуцца. Калі гэта паўторыцца яшчэ некалькі разоў, то мне трэба будзе зноў некуды з’ехаць.
5	ліпеня.— Можа, я звар’яцеў? Тое, што адбылося, тое, што я пабачыў мінулай ноччу, такое дзіва, што ў мяне ад адной згадкі пра гэта кружыцца галава!
Я замкнуў дзверы на ключ — цяпер я раблю гэта кожнага вечара. Пасля мне захацелася піць, і я выпіў паўшкляцкі вады і выпадкова заўважыў, што графін быў поўны аж да крышталёвага корка.
Пасля я лёг і заснуў звычайным жахлівым сном. Праз дзве гадзіны яшчэ агіднейшы жах абудзіў мяне.
Уявіце сабе чалавека, які спіць, якога забіваюць і які прачынаецца з нажом у грудзях, ён сплывае крывёй, хрыпіць, не можа дыхаць, ён хутка памрэ — але нічога не разумее.
Урэшце я апамятаўся і зноў захацеў піць. Я запаліў свечку і падышоў да стала, дзе стаяў графін. Я падняў яго, нахіліў над шклянкай, але вада не палілася. Графін быў пусты! Зусім пусты! Спачатку я нічога не зразумеў, пасля раптам я так расхваляваўся, што мусіў сесці, я проста ўпаў на крэсла! Пасля я ўскочыў і агледзеўся! Зноў сеў перад празрыстым крышталём графіна, збянтэжаны ад здзіўлення і страху. Я глядзеў на графін не адрываючыся, шукаючы разгадку. Рукі мае дрыжалі. Значыцца, гэтую ваду нехта выпіў? Хто? Я? Ну, вядома ж, я. Апроч мяне ніхто больш не мог. Значыцца, я лунацік, я жыў, сам таго не ведаючы, таямнічым дваістым жыццём. Мімаволі пачынаеш думаць, ці не жывуць у нас адразу дзве асобы або, можа, нейкая іншая істота, чужая, незразумелая і нябачная, што пасяляецца тады, калі душа спіць, у на-
шае цела, бярэ яго ў палон, і яно падпарадкоўваецца яму, як нам самім, нават больш, як нам самім.
Але хто зразумее мой невыказны страх? Хто зразумее пачуццё нармальнага, разумнага чалавека, які з жахам у вачах глядзіць на графін, з якога знікла трохі вады, пакуль ён спаў!