Навелы  Гі дэ Мапасан

Навелы

Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
81.23 МБ
Я так і праседзеў да раніцы, не наважваючыся вярнуцца ў ложак.
6	ліпеня.— Я вар’яцею. Сёння ўночы нехта зноў выпіў поўны графін ці хутчэй — я выпіў!
Але ці я гэта? А калі не?
Хто ж гэта? Хто?
О божа! Я вар’яцею!
Хто мяне выратуе?
10	ліпеня.— Я зрабіў некалькі доследаў, і яны далі дзіўныя вынікі.
Папраўдзе, я звар’яцеў!
6	ліпеня, перад тым, як класціся ў ложак, я паставіў на стол віна, малака, вады, хлеба і суніц.
Нехта — напэўна я — выпіў усю ваду і трохі малака. Віно і суніцы засталіся нечапаныя.
7	ліпеня я паўтарыў той самы дослед, і ён даў такі самы вынік.
8	ліпеня я прыняў ваду і малако. Астатняе засталося нечапанае.
Урэшце 9 ліпеня я зноў паставіў на стол вады і малака, але навязаў рыльцы графінаў белай муслінавай тканінай і прывязаў коркі. Пасля я нацёр вусны, бараду і рукі чорным грыфелем і лёг спаць.
Мяне ахапіў непераможны сон, за ім прыйшло жахлівае абуджэнне. Я ні да чога не дакрануўся — нават бялізна ў ложку засталася чыстая. Я кінуўся да стала — на тканіне, што абцягвала графіны, плямаў не
было. Я развязаў завязкі, дрыжучы ад страху. Нехта выпіў усю ваду! Нехта выпіў усё малако! О божа!..
Я неадкладна еду ў Парыж.
12	ліпеня.— Парыж. Апошнімі днямі я зусім страціў розум! Напэўна, я зрабіўся цацкай маёй знерваванай фантазіі, а можа, я і напраўду быў лунацік або стаў ахвярай тых усім вядомых, але невытлумачальных уплываў, якія называюць сугестыяй. Ва ўсялякім разе мой стан набліжаўся да вар’яцтва, і дваццаць чатыры гадзіны ў Парыжы дадалі мне ўпэўненасці ў сабе.
Учора, скончыўшы ўсе візіты, якія напоўнілі маю душу новым, жыццядайным паветрам, я прабавіў вечар у Французскім тэатры. Ставілі п’есу Аляксандра Дзюма-сына, і яе бадзёры і здаровы дух канчаткова мяне вылечыў. Напэўна, адзінота вельмі небяспечная людзям інтэлектуальнай працы. Нам трэба, каб вакол нас былі людзі, якія думаюць, размаўляюць. Калі мы на доўгі час застаёмся адны, мы запаўняем пустку вакол нас прывідамі.
Вельмі вясёлы, я вяртаўся ў гатэль бульварамі. Прадзіраючыся праз натоўп, я згадваў з лёгкай іроніяй мае жахі, мае думкі мінулага тыдня. Як я мог верыць у тое, што нейкая нябачная істота жыве разам са мною пад адным дахам! Які ўсё ж слабы наш розум — ён затуманьваецца, як толькі нас уражвае нейкая нават самая маленькая незразумеласць.
Замест таго каб зрабіць простую выснову: «Я не разумею, бо не магу вызначыць прычыны», мы адразу пачынаем уяўляць сабе жудасныя таямніцы і звышнатуральныя сілы.
14	ліпеня.— Дзень Рэспублікі. Я гуляў па вуліцах і цешыўся, як дзіця, з ракет і сцягоў. Вельмі недарэчна, калі людзі радуюцца ў пэўны, вызначаны дзень, паводле ўрадавага загаду. Народ — гэта дурны натоўп,
які часам бязглузда церпіць, а часам жорстка паўстае. Яму кажуць: «Радуйся!» Ён радуецца. Яму кажуць: «Ідзі біся з суседам». I ён ідзе біцца. Яму кажуць: «Галасуй за імператара». I ён галасуе. Пасля кажуць: «Галасуй за рэспубліку». I ён галасуе за рэспубліку.
Тыя, хто кіруе народам, таксама дурныя, але яны падпарадкоўваюцца не людзям, а прынцыпам. А прынцыпы гэтыя бязглуздыя, няслушныя і нікому не патрэбныя, хоць бы толькі таму, што яны — прынцыпы, гэта значыць ідэі, што лічацца слушнымі і непахіснымі. Непахіснымі ў гэтым свеце, дзе нельга ні ў чым быць пэўным, бо нават святло — ілюзія, гук — ілюзія.
16	ліпеня.— Учора я пабачыў рэчы, якія мяне глыбока ўразілі.
Я вячэраў у маёй кузіны, пані Сабле, муж якой камандуе 76-м стралковым палком у Ліможы. Апроч мяне былі запрошаныя яшчэ дзве маладыя жанчыны. Муж адной з іх, доктар Паран, шмат займаецца нервовымі хваробамі і некаторымі незвычайнымі з’явамі. Цяпер ён праводзіць доследы ў галіне гіпнозу і сугестыі.
Ён доўга расказваў нам пра плённыя вынікі доследаў англійскіх вучоных і лекараў Нансійскай школы.
Рэчы, пра якія ён гаварыў, здаліся мне такімі дзіўнымі, што я адмовіўся ў іх паверыць.
«Мы знаходзімся на шляху,— казаў ён,— да адкрыцця адной з найвялікшых таямніц прыроды, ці, лепей кажучы, найвялікшых таямніц у гэтым свеце, бо ёсць напэўна і іншыя, на іншых планетах. 3 таго часу, як чалавек навучыўся думаць, з таго часу, як ён навучыўся выказваць думкі словамі або пісьмова, ён адчувае, што побач з ім існуе нейкая таямніца, недаступная яго грубым і недасканалым органам пачуццяў. Чалавек імкнецца кампенсаваць слабасць пачуццяў напружаннем свайго розуму. Калі гэты розум быў
яшчэ ў зародкавым стане, залежнасць чалавека ад нябачных з’яў прыняла проста жахлівыя формы. Якраз тады нарадзіліся народныя вераванні ў звышнатуральнае, легенды, духі, феі, гномы, прывіды. Я б дадаў сюды і легенду пра бога, бо нашыя ўяўленні пра творцу, з якой рэлігіі яны б ні паходзілі,— гэта самыя пасрэдныя, самыя бязглуздыя, самыя непрымальныя прадукты розуму напалоханых істот. Лепей за ўсіх сказаў Вальтэр: «Бог стварыў чалавека паводле свайго падабенства, але чалавек адплаціў яму тым самым».
Але вось ужо трохі болей за стагоддзе адчуваецца набліжэнне адкрыцця чагосьці новага. Месмер і некаторыя іншыя вывелі нас на нечаканы шлях, і мы дасягнулі, асабліва за апошнія чатыры-пяць гадоў, незвычайных вынікаў».
Мая кузіна, таксама вельмі недаверлівая, усміхнулася. Доктар Паран сказаў ёй:
— Хочаце, я паспрабую вас усыпіць?
— Ну, вядома.
Яна села ў фатэль. I ён пачаў пільна глядзець ёй у вочы, гіпнатызуючы яе. Раптам я адчуў нейкае хваляванне, сэрца маё забілася, горла сціснулася. Я бачыў, як павекі ў пані Сабле цяжэюць, вусны сціскаюцца, дыханне робіцца перарывістае.
Праз дзесяць хвілін яна ўжо спала.
— Сядзьце за ёй,— сказаў лекар.
Я сеў за ёй. Ён даў ёй у рукі візітную картку і сказаў:
— Гэта люстэрка. Што вы ў ім бачыце?
Яна адказала:
— Я бачу свайго кузена.
— Што ён робіць?
— Ен падкручвае вус.
— А цяпер?
— Ён дастае з кішэні фотакартку.
— Хто на здымку?
— Ён сам.
Гэта была праўда! I здымак гэты я атрымаў у той самы вечар, у гатэлі...
— Які ён на гэтым партрэце?
— Ён стаіць з капелюшом у руцэ.
Яна і праўда глядзела на картку, на кавалак белага кардону, як у люстэрка.
Напалоханыя жанчыны ўсхапіліся: «Досыць! Даволі! Хопіць!»
Але доктар загадаў: «Заўтра вы ўстанеце а восьмай гадзіне, пойдзеце ў гатэль да вашага кузена і папросіце, каб ён вам пазычыў пяць тысяч франкаў, якія чакае ад вас муж і якія ён ад вас патрабуе на сваё чарговае падарожжа».
Пасля ён яе абудзіў.
Вяртаючыся ў гатэль, я думаў пра гэты дзіўны сеанс, і мяне апаноўвала сумненне. Маёй кузіне я верыў, бо ведаў яе з дзяцінства, і яе выключная сумленнасць была вышэйшая за ўсе падазрэнні, а вось доктар, магчыма, быў махляром. Ці не схаваў ён у руцэ ў кузіны, калі яна спала, акрамя візітнай карткі яшчэ і люстэрка? Прафесійныя фокуснікі здатньтя яшчэ і не на такое.
Я вярнуўся і лёг спаць.
А ўранку, а палове дзевятай, слуга пабудзіў мяне і сказаў:
— Пані Сабле хоча неадкладна з вамі пагаварыць.
Я хутка адзеўся і сустрэў яе.
Яна села. Вельмі хвалюючыся, апусціўшы вочы, не здымаючы вуалі, яна сказала:
— Мой дарагі кузен, я прашу зрабіць мне вялікую ласку.
— Якую, мая кузіна?
— Мне вельмі няёмка вам пра гэта казаць, і ўсё ж трэба. Мне патрэбныя, вельмі патрэбныя пяць тысяч франкаў.
— Вам?
— Ага, мне ці, правільней, майму мужу, гэта ён папрасіў мяне іх знайсці.
Я быў так уражаньі, што здолеў толькі нешта прамармытаць у адказ. Ці не насміхаюцца яны з мяне разам з гэтьім доктарам Паранам, можа, усё гэта — звычайны жарт, падрыхтаваны загадзя і вельмі добра праведзены.
Але калі я ўважліва на яе паглядзеў, усе мае сумненні развеяліся. Яна дрыжала ад страху, учынак гэты быў ёй вельмі балючы, яна была гатовая расплакацца.
Я ведаў, што яна даволі багатая, і сказаў:
— Як гэта ваш муж не мае на свае патрэбы пяць тысяч франкаў? Ну, падумайце самі. Ці вы верыце, што ён даручыў вам папрасіць іх у мяне?
Яна нейкі час вагалася, быццам шукала ў сваёй памяці, пасля адказала:
— Я веру.
— Ён вам напісаў?
Яна зноў задумалася. Я здагадаўся пра пакутлівыя намаганні яе розуму. Яна не ведала. Яна ведала толькі, што павінна пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў мужу.
I яна наважылася зманіць.
— Ага, ён мне напісаў.
— Калі ж гэта? Учора вы мне нічога пра гэта не казалі.
— Я атрымала ліст сёння раніцай.
— Вы можаце мне яго паказаць?
— He... не... не... у ім ёсць інтымныя рэчы... вельмі асабістыя... я... я спаліла яго.
— Тады, значыцца, у вашага мужа ёсць даўгі.
Яна трохі падумала і сказала:
— Я не ведаю.
I я нечакана заявіў:
— Справа ў тым, што ў гэты момант у мяне няма пяці тысяч франкаў, мая дарагая кузіна.
У яе з грудзей вырваўся пакутлівы крык.
— О! О, я прашу вас, прашу вас, знайдзіце іх...
Яна вельмі расхвалявалася і сашчапіла рукі, быццам папраўдзе ўпрошвала мяне! Я адчуў, як змяніўся тон яе голасу. Яна плакала, гаварыла запінаючыся, яна пакутавала пад уладай няўмольнага загаду.
— О! Я прашу вас... каб толькі ведалі, як я пакутую... яны патрэбныя мне сёння.
Я злітаваўся над ёй.
— Зараз яны ў вас будуць, я вам прысягаю.
Яна закрычала:
■— О, дзякую, дзякую! Які вы добры.
Я спытаўся:
— Ці памятаеце вы, што адбылося ў вас учора?
— Памятаю.
— Памятаеце, як доктар Паран вас усыпіў?
— Памятаю.
— Дык вось, ён загадаў, каб вы прыйшлі еёння раніцай пазычыць у мяне пяць тысяч франкаў, і ў гэты момант вы дзейнічаеце пад гіпнозам.
Яна трошкі падумала і адказала:
— Але гэтыя грошы патрэбныя майму мужу.
Цэлую гадзіну я спрабаваў яе пераканаць, але не здолеў.
Калі яна пайшла, я пабег да доктара. Ён выйшаў да мяне і выслухаў з усмешкай. Пасля спытаўся:
— Цяпер вы верыце?
— Напэўна, веру.
— Хадземце да вашай кузіны.
Яна, стомленая, драмала ў шэзлонгу. Лекар намацаў пульс, паднёс руку да яе вачэй і нейкі час глядзеў на яе. Яна павольна заплюшчыла вочы, скарыўшыся непераможнай магнетычнай сіле.
Як толькі яна заснула, доктар сказаў:
— Вашаму мужу болып не патрэбныя пяць тысяч франкаў. Забудзьцеся, што прасілі вашага кузена пазычыць іх, а калі ён вам пра гэта нагадае, вы нічога не зразумееце.
Пасля ён абудзіў яе. Я выцягнуў з кішэні бумажнік:
— Вось, мая дарагая кузіна, тое, што вы ў мяне прасілі сёння раніцай.
Яна так здзівілася, што я не наважыўся настойваць. I ўсё ж я паспрабаваў нагадаць ёй пра яе просьбу, але яна ўпарта адмаўляла, думаючы, што я з яе насміхаюся, і ўрэшце ледзь не раззлавалася.