Навелы
Гі дэ Мапасан
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1987
Як толькі стары адчуў, што ляжыць у пасцелі, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, і на ўсім яго здаволеным абліччы вымаляваўся рашучы намер спаць.
Доктар разглядваў яго з растучай зацікаўленасцю.
— Значыць, ён ходзіць на маскарады, каб прыкідвацца там юнаком? — перапытаў ён.
— Ніводнага не прамінае, пане, а раніцаю вяртаецца ў такім стане, што і ўявіць немагчыма. А ўсё ад рос-
пачы! I ляцець туды ён мусіць, і на свой твар гэтую кардонку напінаць мусіць. Ад роспачы, што ён ужо не той, які быў, і што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалі!
Стары цяпер ужо спаў і нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго і прадаўжала:
— О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такім, што і не падумаў бы, пане! Болыпым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакі ды генералы!
— Няўжо? Чым жа ён займаўся?
— О, вас гэта, канешне, можа здзівіць, тым болей што вы не былі знаёмыя з ім у яго маладосці. Мы ўпершыню сустрэліся таксама на балі, ён адвеку любіў іх. Калі я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, які ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такія валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя і вялізныя — бы вокны! Дзівосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, і я засталася з ім назаўжды, ніколі і на дзянёк не кінула, нягледзячы ні на што! А колькі ўсяго перажыць давялося!..
— Вы павянчаліся? — запытаўся доктар.
— Канешне, пане, інакш ён і мяне кінуў бы, як іншых кідаў,— проста адказала яна.— Я была яму і жонка, і служанка, і — усім, усім, кім ён толькі хацеў... Колькі слёз я праліла з-за яго. Але пры ім я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзіла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...
— Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабіў?
— Ой, праўда!.. Я і забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны — другога такога на ўсім свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзіну...
— Мартэль? Хто такі Мартэль?
— Цырульнік, пане, знакаміты цырульнік оперы, у яго прычэсваліся ўсе актрысы. Усе-ўсенькія, нават самыя шыкоўныя жадалі, каб прычоску рабіў ім Амбруаз, а потым адвальвалі яму такія чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калі яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчьіну, дьік ідуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта і так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... He мог — і ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ і расказаць каму-небудзь пра гэта — дык, можа, нават яшчэ большая асалода!
Калі ён вечарам вяртаўся дахаты, трохі бляднейшы, чым звычайна, такі самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: «Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапіў». Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было і другое: не ведаць нічога, не даць яму гаварыць пра гэта, калі пачне. I мы толькі паглядвалі адно на адно.
Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па ім, такі ён быў смеіпны ў сваім намаганні, каб я сама ўсё зразумела. «Я такі ўсцешаны сёння, Мадлен!» — гаварыла ўсё яго аблічча. Я прыкідвалася, што нічога не заўважаю, не здагадваюся; я ставіла на стол вячэру, сядала насупраць яго...
У такія хвіліны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камяні і разбіваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму і не ў галаве было, ён і не здагадваўся; яму трэба было падзяліцца з кім-небудзь, пахваліцца, паказаць, як усе падаюць за ім... А дзяліцца не было з кім, адна я была ў яго, адна я... Вось і... Мусіла выслухоўваць, мусіла каўтаць усё, як атруту...
Ён браўся вячэраць, а потым казаў:
— У мяне новенькая, Мадлен.
А я думала: «Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! I навошта толькі я яго спаткала?!»
А ён прадаўжаў:
— Новенькая і — дужа прывабненькая...
I гэта была якая-небудзь актрысачка з вадэвіля ці з вар’етэ, а потым пайшлі і важнейшыя, і самыя знакамітыя пані. Ён называў мне іхнія імёны, абмалёўваў іх спальні і ўсё іншае, усё дарэшты, пане... Такія драбніцы, што як толькі трывала маё сэрца. А ён перабіраў іх, зноў і зноў прыгадваў усё ад пачатку да канца, і гэтакі быў усцешаны, што я мусіла смяяцца, каб ён не зазлаваўся на мяне.
Можа, не ўсё там было праўда! Ён так любіў павыхваляцца, што мог і навыдумляць усё! А можа, і праўда ўсё! Бо выгляд у яго тады быў стомлены, пасля вячэры ён адразу ішоў спаць. Вячэралі мы позна, пане, каля адзінаццаці, бо ён ніколі не вяртаўся раней: вечарамі ў цырульні асабліва шмат работы было.
Выгаварыўшыся, ён закурваў, пахаджаў туды-сюды па пакоі, і гэтакі прыгожы быў са сваімі вусамі ды кучарамі, што я думала: «Канешне, усё гэта праўда, што ён расказвае. Калі страціла галаву я ад гэтага мужчыны, дык чаму яшчэ нехта не можа вар’яцець праз яго?» Пакуль ён курыў, я прыбірала са стала і ледзьве стрымлівалася, каб не загаласіць, залямантаваць, збегчы адсюль, выкінуцца праз акно!.. А ён шырока пазяхаў, каб паказаць мне, які ён стомлены, і потым, калі ўжо клаўся слаць, усё прыгаворваў: «Ну і спаць буду сёння — як забіты!»
Я не дакараю яго, ён жа зусім не ведаў, як ён мяне мучыў! Ды і не павінен быў гэтага ведаць! Ён гэтак любіў выхваляцца сваімі перамогамі над жанчынамі, бы паўлін — хвастом сваім. Ён шчыра верыў, што ўсе любуюцца з яго і ўсе прагнуць яго.
Яшчэ нясцерпней стала, калі ён пастарэў.
Ах, пане, калі я першы раз заўважыла ў яго сівы
волас, я ледзьве не самлела ад страху! А потым мяне ахапіла такая радасць — подлая, але такая вялізная, бязмежная радасць! «Вось і ўсё,— падумала я,— вось і ўсё!..» Мяне быццам з турмы выпусцілі! Нарэшце ён будзе толькі мой, бо другім ён будзе ўжо не патрэбен!
Тым ранкам я прачнулася першая. Ён яшчэ спаў, і я нахілілася, каб пабудзіць яго пацалункам, і раптам заўважыла ў яго кучарах на скроні маленькую нітачку, якая зіхацела, як серабро. А божачкі! Быць не можа! Мне і ў галаву не прыходзіла, што такое быць можа! Спачатку я хацела вырваць яе, каб ён і не бачыў, але, калі прыгледзелася, вышэй заўважыла яшчэ адну. Сівыя валасы! Ён ужо сівее! Сэрца маё калацілася, ажно ў пот кінула ад страху, але ў глыбіні душы я вельмі, вельмі цешылася!
Нягожыя былі мае думкі, праўда, але тады я з радасцю займалася сваімі хатнімі справамі, яго не будзіла. Калі ж ён сам расплюшчыў вочы, я сказала:
— Ведаеш, што я выявіла, пакуль ты спаў?
— Што?
— Што ў цябе ўжо ёсць сівыя валасы.
Яго ажно падкінула на ложку ад прыкрасці, ён усхапіўся, быццам яго ўшчыкнулі, і злосна крыкнуў:
— Няпраўда!
— Праўда. На левай скроні. Чатыры валаскі.
Ён ускочыў з пасцелі і падбег да люстэрка. Глядзіць, шукае, а не знаходзіць. Тады я паказала яму той валасок, што быў найніжэй, тоненькую такую завітупіку, і заўважыла:
— Пры такім жыцці, як у цябе, гэта і не дзіва. Гадьі праз два будзеш белы як лунь.
I што ж вы думаеце, пане? Як у ваду глядзела. Праз два гады яго нельга было пазнаць. Як хутка жыццё мяняе чалавека! Ён быў яшчэ прыгожы дзяцюк, але колішняй свежасці ўжо не было, і жанчыны сталі астываць да яго. Ах, што я толькі не зажыла ў тыя гады!..
Які жорсткі быў ён са мною!.. I тое яму не гэтак, і гэта не так... Пакінуў сваю цырульню, узяўся капелюхі рабіць, ды ўсе грошы на гэтым і прамантачыў. Потым яму зарупіла стаць акторам — нічога з гэтага, вядома, не выйшла. А пасля зачасціў на ўсялякія гулянні. Добра, што хапіла розуму хоць трохі зберагчы грошай, на іх і жывём цяпер. He дужа разгонішся, вядома, але на пражытак хапае. А гэта ж падумаць толькі, што некалі ён быў амаль багацеем!
Цяпер самі бачыце, што з ім сталася. Як утрапенец нейкі. Мусіць, годзе быць маладым, танцаваць з жанчынамі ў парфумах ды памадах. Ах ты, бедны мой дзядулька!
Расхваляваная, са слязьмі на вачах глядзела яна на свайго сівага мужа, які ўжо моцна хроп. Потым ціха наблізілася да яго і пацалавала ў галаву. Доктар устаў і моўчкі падаўся да выхаду: не мелася слоў перад абліччам гэтых дзіўных старых.
Ён быў ужо каля дзвярэй, калі старая спыніла яго.
— Ці не далі б вы мне ваш адрас на ўсялякі выпадак? — папрасіла яна.— А раптам яму пагоршае? Тады я паслала б па вас.
КАМЕНТАРЫІ
С. 4. Руан — вялікі горад і гістарычная сталіца Нармандыі.
С. 6. ...як у часы гераічнага змагання...— маецца на ўвазе аблога горада ў 1418 годзе англійскімі войскамі. Руанцы гераічна супраціўляліся болей за шэсць месяцаў, каля 30 000 жыхароў загінула ад голаду.
С. 6. ...афіцэры блакітных гусараў...— маюцца на ўвазе блакітныя мундзіры некаторых палкоў прускіх гусараў.
С. 7. Гаўр — вялікі партовы горад у Нармандыі.
Дзьеп — партовы горад на беразе Ла-Манша.
С. 10. ...«птушачка лётае»...— гульня словаў паводле асацыяцыі з назвай дзіцячай гульні «голуб лётае». «L’oiseau vole» («птупіка лётае») гучыць гэтаксама, як і «Loiseau vole» («Люазо крадзе»).
С. 11. ...афіцэр Ганаровага легіёна...—• ордэн Ганаровага легіёна, заснаваны Напалеонам I у 1802 годзе, мае пяць ступеняў: кавалер, афіцэр, камандор, гранд-афіцэр і вялікі крыж.
Генеральны савет — выбарны адміністрацыйны орган, які ажыццяўляе ўладу ў дэпартаменце.
...у часы Імперыі...— маецца на ўвазе Другая Імперыя (1851—1870).
Генрых (Анры) IV — кароль Францыі (1584—1610).
Арлеанісцкая партыя — партыя прыхільнікаў дынастыі Луі-Філіпа Арлеапскага (1788—1850), які быў пасаджаны на трон фінансавай арыстакратыяй у 1830 годзе і скінуты рэвалюцыяй 1848 года.
С. 12. Чацвёртага верасня — 4 верасня 1870 года, дзень звяржэння Напалеона Ш і абвяшчэння Трэцяй рэспублікі.
С. 14. Тот — горад за 28 кіламетраў ад Дзьепа.
С. 19. Бадэнге — пагардлівая мянушка Напалеона III паводле прозвішча аднаго муляра, у якога будучы імпе-
ратар пазычыў вопратку, калі ўцёк у 1846 годзе з турмы, дзе ён быў увязнены за спробу захапіць уладу.
С. 29. Бэртран дзю Геклэн (1320—1380) — славуты французскі палкаводзец, пад прыводствам якога ў англічан былі адваяваныя амаль усе іх валоданні ў Францыі.
Наследны прынц — сын Напалеона III Эжэн-Луі (1856— 1879).
С. 38. Лукрэцыя і Сэкст — паводле падання, старажытнарымская арыстакратка Лукрэцыя, зганьбаваная царскім сынам Сэкстам, скончыла жыццё самагубствам. Імя Лукрэцыі стала сімвалам жаночае цноты.