• Газеты, часопісы і г.д.
  • Планета людзей  Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Планета людзей

    Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 1984
    88.45 МБ
    Свяціла сонца. Яго цёплае мядовае святло залівала таполі на другім беразе і ўсю даліну да самага далягляду. Мы ўсё болып і больш весялелі, хоць па-ранейшаму не разумелі чаму. Проста ў прыродзе сонца было свяціць, у прыродзе ракі — цячы, трапезы — быць трапезай, воднікаў — адказаць на наш покліч і служанкі — абслугоўваць нас з такой бязмежнай прыязнасцю, нібыта яна вяла нейкае вечнае застолле. Мы ўпіваліся асалодай міру, нас ахоўвала ад уварвання хаосу ўся дасканаласць цывілізацыі. Нас перапаўняла нейкае невымоўнае задавальненне, спраўдзіліся ўсе нашы жаданні, нам ужо не было чаго хацець яшчэ. Мы адчувалі сябе чыстымі, шчырымі, светлымі і паблажлівымі. Мы не змаглі б адказаць, якая ісціна паўстала перад намі ва ўсёй відавочнасці. Але пачуццё, якое апанавала намі, было пачуццём упэўненасці. Амаль ганарлівай пэўнасці.
    Так праз нас выяўляўся добры пачатак сусвету. Стварэнне туманнасцей, зацвярдзенне планет, зараджэнне першых жывых клетак, грандыёзная работа жыцця, якая прывяла ад амёбы да чалавека,— усё
    шчасліва знітавалася, каб расцвісці ў нас гэтай незвычайнай радасцю! Гэта было немалой удачай.
    Так мы ўпіваліся асалодай ад маўклівага ўзаемаразумення і амаль рэлігіёзнай урачыстасці нашай трапезы. Нас закалыхвалі свяшчэннадзейныя рухі служанкі, і мы чокаліся з воднікамі, быццам прыхільнікі аднаго культу, хоць мы і не змаглі б сказаць якога. Адзін з воднікаў быў галандзец. Другі немец. Ён некалі ўцёк ад нацыстаў, якія праследавалі яго як камуніста, ці трацкіста, ці католіка, ці яўрэя. He магу ўжо прыпомніць, пад якой этыкеткай падвяргаўся ганенням гэты чалавек. Ён быў сама сутнасць. I толькі гэтая чалавечая сутнасць мела значэнне. Ён проста быў сябар. I паміж намі, сябрамі, панавала згода. Ты быў згодны. Я быў згодны. Воднікі і служанкі былі згодныя. Згодныя ў чым? У выбары перно? У разуменні сэнсу жыцця? У адчуванні пяшчоты дня? Мы не змаглі б адказаць на гэтыя пытанні. Але гэтая згода была такая поўная, такая трывалая і глыбокая, яна адносілася да нейкага запавету, такога відавочнага ў сваёй сутнасці, хоць і нявыказанага словамі, што мы ахвотна згадзіліся б умацавацца ў гэтым бараку, і вытрымалі б тут асаду, і прынялі б смерць са зброяй у руках — дзеля выратавання гэтай сутнасці.
    Якой сутнасці?.. Вось тут і паспрабуй вытлумачыць! Спрабуючы выказаць тое, што мне хочацца, я баюся перадаць не галоўнае, а толькі яго водбліск. Бязрадныя словы могуць не ўхапіць маю ісціну. Я рызыкую быць незразуметым, калі скажу, што мы ахвотна прынялі б бой дзеля выратавання своеасаблівай усмешкі воднікаў, і тваёй усмешкі, і маёй, і ўсмешкі служанкі — гэтага цуду, створанага сонцам, якое столькі мільёнаў гадоў шчыравала, каб у нас магла нарадзіцца своеасаблівая ўсмешка — даволі ўдалае завяршэнне ягонай працы.
    Галоўнае часцей за ўсё бязважкае. Тут самае га-
    лоўнае нібыта ўвасаблялася ва ўсмешцы. Усмешка часта бывае самым галоўным. Усмешкай расплачваюцца. Усмешкай дзякуюць. Усмешкай вяртаюць да жыцця. Часам з-за ўсмешкі ідуць на смерць. I таму, што гэтая асаблівая ўсмешка вызваляла нас ад страху перад часам і абдорвала нас пэўнасцю, надзеяй, мірам, мне трэба сёння намагчыся як мага лепей выказаць свае думкі, прыгадваючы гісторыю другой усмешкі.
    IV
    Гэта адбылося ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе я працаваў тады рэпарцёрам. Я меў неасцярожнасць без адпаведнага дазволу прысутнічаць а трэцяй гадзіне ночы на адной з таварных станцый пры пагрузцы нейкай сакрэтнай тэхнікі. Мітусня і паўзмрок, здавалася, спрыялі маёй нясціпласці. Але я здаўся падазроным анархісцкім міліцыянерам-апалчэнцам.
    Усё адбылося надзвычай проста. Я і апамятацца не паспеў, як яны ціха, крадком падышлі і цесна абступілі мяне, быццам заціснулі ў кулак. Дула карабіна злёгку ўперлася мне ў жывот, і цішыня паказалася мне шматзначнай. Я падняў рукі.
    Я заўважыў, што іх погляды прыкаваны не да майго твару, а да гальштука (мода анархісцкага прадмесця не прызнавала гэтай раскошы). Цела маё сцялося. Я чакаў стрэлу,— гэта былі часы, калі суд і расправа чыніліся на месцы. Але стрэлу не паследавала. Прайіпло некалькі секунд абсалютнай пустаты, мне здавалася, што брыгада грузчыкаў у нейкім іншым свеце выконвае казачны балет,— і мае анархісты лёгкім кіўком галавы загадалі мне ісці паперадзе іх, і мы нетаропка пайшлі цераз пад’язныя пуці. Мой арышт адбыўся пры поўнай цішыні і надзвычайнай скупасці рухаў. Гэтак паводзіць сябе падводная фауна.
    Неўзабаве мяне прывялі ў склеп, перароблены ў
    каравулку. Пры цьмяным святле нягеглай керасінавай лямпы некалькі апалчэнцаў драмалі на лаўках, заціснуўшы ў каленях карабіны. Абыякавымі галасамі яны абмяняліся некалькімі словамі з маімі канвойнымі. Адзін з іх мяне абшукаў.
    Я гавару па-іспанску, але каталонскай мовы не ведаю. Аднак я зразумеў, што яны патрабуюць мае паперы. Я забыўся іх у гатэлі. Я растлумачыў: «Гатэль... Журналіст...» — без аніякай упэўненасці, што мае словы ім што-небудзь скажуць. Апалчэнцы з рук у рукі перадавалі мой фотаапарат — як рэчавы доказ. Некалькі апалчэнцаў з тых, што расслаблена драмалі на кульгавых лаўках, з позяхам усталі і з выглядам дакукі прыперліся плячыма да сцяны.
    Бо тут панавала дакука. Дакука і санлівасць. Пільнасць гэтых людзей, як мне здалося, была вычарпана дарэшты. Я, бадай, узрадаваўся б праяўленню нават варожасці як знаку чалавечага стасунку. Але яны не ўганаравалі мяне ніякім праяўленнем гневу ці хоць бы асуджэння. Некалькі разоў я намагаўся выказаць па-іспанску свой пратэст. Але мае пратэсты падалі ў пустату. Ніяк не рэагуючы, апалчэнцы глядзелі на мяне, быццам на кітайскую рыбку ў акварыуме.
    Яны чакалі. Чаго яны чакалі? Вяртання аднаго з сваіх? Світання? Я падумаў: «Можа, яны яшчэ не прагаладаліся?..»
    I яшчэ я думаў: «Яны гатовы зараз учыніць несусветнае глупства! Смех, дый годзе!..» Пачуццё, якое адчуваў я, было не так страх, як агіда да бяссэнсіцы таго, што мелася адбыцца. Я думаў: «Калі яны раскачаюцца, калі ім захочацца дзейнічаць, яны стрэляць!»
    Ці мне сапраўды пагражала небяспека, ці не? Ці яны ўсё яшчэ сумняваліся, што я не дыверсант, не шпіён, а журналіст? Што мае паперы ў гатэлі? Ці яны ўжо прынялі нейкае рашэнне? Тады — якое?
    Я нічога не ведаў пра іх, апрача таго, што яны без асаблівых згрызот сумлення расстрэльвалі людзей. Авангардысты, да якой бы яны партыі ні належалі, палююць не на людзей (чалавек у яго сутнасці для іх не мае значэння), а на сімптомы. Ісціна, якая пярэчыць іхняй догме, успрымаецца імі як заразная хвароба. Пры выяўленні сумніцельнага сімптому, заразнага адпраўляюць у ізалятар. На могілкі. Вось чаму мне падаўся такім злавесным допыт, які яны ўсчыналі зноў і зноў і з якога я ніяк не мог уцяміць, што ім ад мяне трэба. Маё жыццё разыгрывалася ў рулетку. I вось чаму ўва мне раптам узнікла дзіўная патрэба супрацьпаставіць усяму гэтаму хоць нешта рэальнае, выказаць сябе хоць бы крыкам, каб яны прызналі Ma­ne ў маёй сапраўднай сутнасці. Сказаць, напрыклад, колькі мне гадоў! Гэта ж так важна — узрост чалавека! Гэта вынік усяго яго жыцця. Сталасць — яна прыходзіць з гадамі. Яна ствараецца шляхам пераадолення столькіх цяжкіх немачаў, шляхам столькіх перажытых пакут, пераадоленых адчаяў, у змаганні са столькімі небяспекамі, болыпасць з якіх засталася нават неўсвядомленай. Яна з’явілася вынікам столькіх жаданняў, надзей, жаляў, забыванняў, каханняў. О, гэта такі ўнушальны багаж вопыту і ўспамінаў — узрост чалавека! Нягледзячы на пасткі, калдобіпы і ўхабіны, чалавек, як добра зладжаны вазок, рухаўся наперад. I вось дзякуючы ўпартаму збегу шматлікіх шчаслівых абставін ён апынаецца тут — перад вамі. Яму трыццаць сем гадоў. I гэты вазок, калі дасць бог, пацягне і далей цяжар успамінаў. Я думаў: «Вось да чаго я дажыўся. Мне трыццаць сем гадоў...» Я хацеў бы даць адчуць маім суддзям усю важнасць такога прызнання... Але яны ні пра што больш не пыталіся ў мяне.
    Вось тут і адбыўся цуд. 0, цуд выключна непрыкметны. У мяне не аказалася цыгарэт. Адзін з маіх
    канвойных курыў, і я жэстам папрасіў у яго цыгарэту, пры гэтым ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Чалавек спачатку выпрастаўся, павольна правёў рукой па лбе, потым паглядзеў ужо не на мой гальштук, а мне ў твар і, на бязмежнае маё здзіўленне, усміхнуўся таксама. Гэта было як світанне.
    Гэты цуд не тое каб развязаў драматычную сітуацыю, ён проста растварыў яе, як сонечнае святло растварае начны змрок. Ніякай драматычнай сітуацыі больш не існавала. А разам з тым, знешне гэты цуд нічога не зыначыў. Цьмяная карасінавая лямпа, стол з растрэсенымі на ім паперамі, людзі каля сцяны, колер рэчаў, пахі — усё засталося ранейшае. Але кожная рэч аказалася зыначанай у самой сваёй сутнасці. Гэтая ўсмешка азначала маё вызваленне. Гэта быў знак, такі ж вырашальны, такі ж відавочны па сваіх бліжэйшых выніках, такі ж беспаваротны, як усход сонца. Ён адкрываў новую эру. Нішто не змянілася, і змянілася ўсё. Стол з параскіданымі на ім паперамі стаў жывы. Карасінавая лямпа стала жывая. Сцены сталі жывыя. Дакука, што нібы волкасць, пакрывала ўсе рэчы ў мёртвым склепе, выпарылася, чарадзейна знікла. Быццам узнавілася невідочная цыркуляцыя крыві, якая знітавала ўсе рэчы ў адзінае цэлае і вярнула сэнс кожнай з іх у паасобку.
    Ніхто не крануўся з месца, аднак людзі, якія яшчэ секунду назад здаваліся мне болей далёкімі, чым дапатопныя страшыдлы, раптам напоўніліся блізкім зместам. Мяне ахапіла незвычайнае пачуццё наяўнасці. Наяўнасці чалавека! I пашай роднасці.
    Канвойны, які мне ўсміхнуўся і які за секунду да гэтага быў усяго толькі нейкай функцыяй, прыладай, нейкім пачварным насякомым, раптам аказаўся трошкі нязграбным, амаль бянтэжлівым, падкупальна бянтэжлівым юнаком. He тое што гэты тэрарыст стаў меней грубы, чым любы іншы, але абуджаны ў ім чала-
    век так хораша выявіў ягоную безабароннасць! Мы, мужчыны, часта нацягваем на сябе маску непарушнай упэўненасці, але ў глыбіні душы кожнаму з нас вядомы і нерашучасць, і сумненні, і туга...
    Яшчэ не было сказана ні слова. Аднак усё было ўжо вырашана. Калі апалчэнец падаў мне цыгарэту, я ўдзячна паклаў руку яму на плячо. Лёд быў раскрышаны, і другія апалчэнцы таксама сталі проста людзі, і я ўвайшоў у іхнія ўсмешкі, як у новую, разнасцежаную мне краіну.